Вы тут

Да 80-годдзя Вячаслава Рагойшы была складзена і прадстаўлена біяграфія-эсэ


Асноўваючыся на назвах крытычных, літаратуразнаўчых, педагагічных, перакладчыцкіх і паэтычных твораў прафесара з біябібліяграфічнага паказальніка «Рагойша Вячаслаў Пятровіч: да 80-годдзя з дня нараджэння», была складзена і прадстаўлена творчая біяграфія-эсэ юбіляра.


Хоць «Ракаў — гэта не Кракаў, але…», што ні кажы, а сапраўдны «Пярсцёнак на Валожынскай руцэ» «Русакосай, сінявокай» прыгажуні Беларусі, дзе 5 чэрвеня 1942 года ў мястэчку Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці ў «Хаце на пляцы Волі», або па-цяперашняму — на плошчы Свабоды, з’явіўся на белы свет сапраўдны «Пан у сваёй хаце» — Вячаслаў Пятровіч Рагойша.

Але «На шляху да Парнаса» Вячаславу Пятровічу трэба было даволі шмат прайсці дарог і сцежачак. Крочыў ён у розны час і «Па дарозе ў Стоўбцы», і «Шляхамі паэта», праз церні навукі да зорак быў пракладзены ім «Шлях да Максіма Танка», шмат пройдзена і ўзважана «На шалях перакладу», каб урэшце «На скрыжаванні культур» быў усталяваны беларускі «Указальнік шляхоў дружбы».

Але менавіта самы першы «Шлях да БДУ пачаўся з хаты на пляцы Волі», каб потым у далёкай будучыні пайсці шукаць «Даўні след і новыя “Шаги”» да беларускай літаратуры і навукі.

А калі вылецеў «З-пад роднага крыла» БДУ і пачаў працаваць «Упоплеч з “Маладосцю”», то перш-наперш прапанаваў чытачам «Шырэй глядзець на свет», пачаўшы весці «Размову на ростанях» пра літаратурную падрыхтоўку філолагаў.

«Але чаму ж менавіта на філалагічны шлях ступіў Вячаслаў Пятровіч, а не на які іншы?» — спытаеце вы. А таму, як казаў сябар сям’і Фёдар Янкоўскі: «Хопіць для Рагойшаў і аднаго матэматыка».

Кажучы пра Вячаслава Пятровіча, нельга абысціся без «Некалькіх згадак пра “залаты час”» навучання ў БДУ. Так, калі студэнцкія гады сталі для яго залатым часам, а аспіранцкія ўжо, бясспрэчна, плацінавымі, то служба ў арміі была, безумоўна, не маліна, нягледзячы на накіраванне ў «элітную» спартыўную роту гранатамётчыкам.

Далей ён крочыў «Шляхамі купалаўскіх аўтографаў», каб урэшце сабраць усё тое, што было «Напісана рукой Купалы», бо «Напісанае — застанецца!» назаўсёды. А «Невядомы Уладзімір Караткевіч», а таксама «Невядомыя лісты Максіма Танка» з лёгкай рукі Вячаслава Пятровіча змянілі свой статус на «вядомыя».

На паэтычнай ніве компас яго сэрца заўжды быў скіраваны на «Полюс цяпла» — Беларусь, туды, дзе «Над белаю царквою — белая поўня», дзе «Гамоняць сосны Налібокаў», дзе гайдаюцца «Рабінкі на сценах Крэўскага замка», адрасуючы цяпло свайго сэрца і сваіх думак не толькі «Землякам», але і «Равеснікам», свайму «Студэнцкаму сябру», «Сябру-юрысту», «Сябру маленства», «Свату», усім «Беларускім жанчынам», бо «што ні дзяўчына ў нас — каралева, а што ні кабета — багіня», а таксама «Беларусам XXI стагоддзя» з пажаданнем ім усім «Аптымізму!»

Прысвяціў «Оду захаляўнай кніжцы», зрабіў «Надпіс на падарванай кніжцы», склаў «Песню», намаляваў «Світальны эцюд», распавёў з гумарам «Вершык-жарт», зачытваў «Радкі, напісаныя пасля вучэбнай трывогі», разважаў пра «Вопыт анегінскай страфы», «Пра рыфмы», больш за тое, склаў «Дзесяць саг пра Караткевіча».

Знаёміў з «Тэорыяй літаратуры ў тэрмінах», пачынаючы «Ад санета да вянка вянкоў санетаў», вёў навуковыя «Гутаркі пра верш», каб сарыентаваць кожнага «На (іх уласным) шляху да Парнаса», а яго вучэбныя дапаможнікі па «Беларускай літаратуры» служылі навігатарамі для школьнікаў у бяскрайнім кніжным моры.

Тры асноўныя «вяршыні» беларускай літаратуры XX стагоддзя былі пазначаны Вячаславам Пятровічам, як «Мой Трыглаў» — трохвяршынная найвышэйшая «гара» беларускай паэзіі. Першая вяршыня якой — Янка Купала — «Беларускай песні ўладар»; другая вяршыня — Якуб Колас, у творчасці якога «І гарматы гаварылі, і музы не маўчалі», а трэцяя вяршыня — Максім Багдановіч, бо, як ніхто, «Прыгожа літары выводзіў ён пяром».

Нягледзячы на тое, што філалагічны факультэт — гэта сапраўдная скарбніца нявест, але менавіта Вячаславу Пятровічу давялося замацавацца «На прыстані “Шчасце”» толькі пасля таго, як ён апынуўся «На скрыжаванні культур». У выніку «Каханне на канферэнцыі...»  прывяло да «Вяселля веку» Вячаслава Пятровіча Рагойшы з Таццянай Вячаславаўнай Кабржыцкай: да так званага «Шлюбу Львова й Іслачы-ракі».

Як бачым, калі ў сям’і «Два карані — адна крона», то атрымліваецца неблагі «сямейны падрад», якім былі закладзены вельмі дужыя «Карані дружбы» сярод братэрскіх літаратур, ствараючы разам «Спрадвечны летапіс дружбы», бо несумненна «Мае браты, мае суседзі». Так, ідучы поруч «Слядамі знічкі», ім давядзецца зведаць «Цяжкасці і радасці эўрыстычных пошукаў на шляху да Сяргея Палуяна» — беларускага «Званара адраджэння».

Вячаславам Пятровічам за доўгія гады жыцця былі сабраны дзве «Прыгаршчы светлых згадак». Першая жменя — згадкі прыватныя: пра «Радаслоўнае дрэва: некаторыя карані і галіны» роду Рагойшаў, пра сяброў, настаўнікаў і калег, якія пакінулі ў яго жыцці «След жывы і светлы», другая жменя — аб усім вядомых творчых асобах: пра «Пісьменніка трывожнага шчасця» Івана Шамякіна, пра «Тры ролі суседа Каляды», пра «Шлях да песняра Нарачы» — Максіма Танка і іншых.

Ганна АЛЬШЭЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.