Вы тут

Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды суддзям Вярхоўнага Суда


Сімвалічна, што высокія ўзнагароды з рук кіраўніка дзяржавы суддзі атрымалі напярэдадні знамянальнай для ўсёй судовай сістэмы даты — векавога юбілею Вярхоўнага Суда.


«Судовая галіна ўлады сфарміравалася структурна і функцыянальна» 

«Стогадовая гісторыя станаўлення і развіцця вышэйшага судовага органа нашай дзяржавы багатая на падзеі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Яна беражліва захоўвае памяць аб кіраўніках, суддзях Вярхоўнага Суда, многіх іншых яго работніках, якія аддалі ўсе сілы і веды служэнню закону. Некаторыя з іх не толькі вяршылі правасуддзе, але і ў гады Вялікай Айчыннай вайны са зброяй у руках абаранялі сваю Радзіму ад фашысцкага нашэсця. Вопыт, веды, грамадзянская мужнасць, адказнасць вашых папярэднікаў заўсёды дапамагалі нашай краіне правільна выбіраць шлях свайго развіцця».

Па словах Прэзідэнта, судовая сістэма Беларусі не аднойчы перажывала змены. «Дзякуючы вам, — удакладніў ён, звяртаючыся да суддзяў, адзначаных высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. — Але глабальныя пераўтварэнні ў яе ўмацаванні звязаны з набыццём нашай краінай дзяржаўнага суверэнітэту. Многія з прысутных тут суддзяў былі ўдзельнікамі гэтага працэсу нашага рэфармавання».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што судовая галіна ўлады ў яе цяперашнім абліччы сфармавалася структурна і функцыянальна. Ён нагадаў, што створана адзіная сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі пад кіраўніцтвам Вярхоўнага Суда. Па словах беларускага лідара, надзяленне судоў паўнамоцтвамі па судовым адміністрыраванні і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні замацавала іх самастойнасць.

«Дзяржава ўдзяляе сур’ёзную ўвагу судовай сістэме, зацікаўлена ў яе пастаянным развіцці, адзначае ўсе дасягненні і поспехі судзейскага корпуса, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Узнагароджанне шэрагу суддзяў высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі з’яўляецца не толькі асаблівай прыкметай і павагай асабістых заслуг. Гэта ацэнка дзейнасці вашай прафесійнай супольнасці».

«Беларускае правасуддзе дынамічна ўдасканальваецца»

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падзеі апошніх гадоў сталі яшчэ адным сур’ёзным выпрабаваннем на стойкасць і трываласць усёй судовай сістэмы. «Беларускія суды ўпершыню ў сучаснай гісторыі сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным інфармацыйным і псіхалагічным ціскам, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І гэты ціск нікуды не сышоў, ён працягваецца дагэтуль. Галоўнай мэтай усяго гэтага было дэстабілізаваць работу судоў, унесці дысбаланс у згуртаванасць судзейскага корпуса».

Па словах Прэзідэнта, прысутныя на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод годна вытрымалі гэтыя выпрабаванні, засталіся вернымі закону і прафесіі. Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць гасцям Палаца Незалежнасці, а таксама ў іх асобе ўсім суддзям Беларусі за патрыятызм, стойкасць і вытрымку, якую вы праявілі.

Прэзідэнт расказаў суддзям, аб чым гаварыў падчас сустрэчы з кіраўнікамі вышэйшых судоў замежных дзяржаў. «Дзелячыся вопытам з кіраўніцтвам судоў, якія да нас прыехалі, я ім сказаў, што мы нічога не ламалі, — перадаў дэталі сустрэчы беларускі лідар. — Гэта нашы прынцыпы асноўныя. Мы ўсё ўдасканальвалі, мы памятаем, што стаім на плячах гігантаў. І тая спадчына, якая нам дасталася ад савецкага правасуддзя, што мы, вынаходзячы, атрымлівалі першыя гады нашага суверэнітэту і незалежнасці, мы спакойна ўдасканальвалі, рэфармуючы нашу судовую сістэму. Але гэта не мая заслуга, як там сёння казалі. Гэта заслуга перш за ўсё ваша. Вы заўсёды ініцыявалі перад Прэзідэнтам тыя ці іншыя навацыі, новаўвядзенні. А я ніколі вам не адмаўляў». Такім чынам, беларусы прайшлі тры этапы рэфармавання судовай сістэмы.

«Пры ўсёй нашай „дыктатуры“ з вамі ў гэтым плане з 52 або 54 тысяч „сядзельцаў“ на пачатак майго прэзідэнцтва сёння 24 — вось і ўся „дыктатура“, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта ў два разы скарачэнне за той перыяд, які мы з вамі прайшлі. Гэта сведчыць аб тым, што без залішняй гуманізацыі, як гэта прынята ў вас казаць, мы зрабілі гуманнай краіну і гуманным наша правасуддзе». 

Кіраўнік дзяржавы абсалютна перакананы, што прадстаўнікі судовай сістэмы і далей будуць абараняць сваю краіну, сваю Радзіму. «Для вас Радзіма, як і для мяне, яна вялікая, яна ўся, — удакладніў ён, звяртаючыся да судовага корпуса. — Ад усёй душы я жадаю вам здароўя, міру, дабрабыту, далейшых поспехаў у вашай прафесійнай дзейнасці. Няпростай».

Прэзідэнт таксама заўважыў, што пры рэфармаванні судовай сістэмы новаўвядзенні спачатку замацоўваліся і апрабаваліся на ўзроўні нарматыўных прававых актаў. «А калі мы зразумелі, што тыя навацыі, якія мы прымянялі і апрабавалі праз указы і законы, мы пайшлі на радыкальнае рэфармаванне нават не судовай сістэмы, а сістэмы ўлады ў Рэспубліцы Беларусь, вывеўшы вас на самы высокі ўзровень, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Сёння ўжо Прэзідэнт не мае тых паўнамоцтваў, якія меў да змяненняў у Канстытуцыю. Вы будзеце выбірацца прадстаўнікамі народа на Усебеларускім народным сходзе. І гэта вельмі сур’ёзны крок. Ці перажываю я ў сувязі з гэтым? Так, крыху хвалююча, таму што судовая галіна ўлады ёсць судовая. Але я ўпэўнены, што мы справімся. Мы ўжо не тыя, што былі 20 — 25 гадоў таму. Мы справімся!»

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што ён вельмі хацеў бы, каб назапашаныя вопыт, веды і мудрасць паслужылі нашай Айчыне, каб мы стаялі на абароне правасуддзя і справядлівасці, каб нашы дзеці і ўнукі адчувалі сябе абароненымі, ганарыліся сваёй краінай.

Старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала ад імя суддзяў усёй краіны падзякаваў Прэзідэнту за тую ўвагу, якую ён удзяляе судовай сістэме краіны. «Вашы адносіны па-дзяржаўнаму строгія, патрабавальныя, але яны і ўважлівыя, чуллівыя і, можа быць, па-бацькоўску клапатлівыя, — заўважыў Валянцін Сукала. — Скажу шчыра, што многія замежныя калегі, якія наведвалі Вярхоўны Суд, знаёміліся з работай суда, па-добраму зайздросцяць нашаму Палацу правасуддзя, які сёння лічыцца адным з найлепшых у Еўропе, зайздросцяць той увазе, адносінам, якія вы, як кіраўнік дзяржавы, удзяляеце нам. І сапраўды, у самыя складаныя, пераломныя моманты станаўлення беларускага правасуддзя суддзі звярталіся да вас. Звярталіся да вас і заўсёды атрымлівалі добрую параду, падтрымку, разуменне, а, калі патрэбна, і абарону».

Па словах Старшыні Вярхоўнага Суда, кожны новы этап судовага будаўніцтва сёння канцэптуальна абмяркоўваецца кіраўніком дзяржавы з удзелам судзейскай супольнасці, да меркавання якой Прэзідэнт заўсёды прыслухоўваецца. «У нашай краіне створана сучасная, вельмі ўстойлівая і зразумелая судовая сістэма, якая здольная вытрымаць сёння сучасныя выклікі, пагрозы, якая забяспечыць судовую абарону правоў нашых грамадзян і годны ўзровень забяспечання грамадскага правапарадку. Увесь судзейскі корпус краіны правільна разумее задачы, якія стаяць перад ім, разумее ўзровень сваёй адказнасці і зробіць усё дзеля таго, каб у далейшым забяспечыць правапарадак і законнасць у нашай краіне». 

З нагоды юбілейнай даты Валянцін Сукала перадаў у падарунак кіраўніку дзяржавы эксклюзіўны экзэмпляр спецыяльнага выдання, прысвечанага гісторыі беларускага правасуддзя.

Аднымі з першых з дзяржаўнымі ўзнагародамі суддзяў Вярхоўнага Суда павіншавалі і карэспандэнты «Звязды»

Суддзя судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Валянціна Крывая атрымала з рук кіраўніка дзяржавы медаль «За працоўныя заслугі». Суддзя прызналася, што ўручэнне ўзнагароды — вялікі гонар для яе: «У гэты важны і ўрачысты дзень ад сябе і ўсіх сваіх калег хачу сказаць, што нам вельмі прыемна, што наша праца ацэнена такімі высокімі ўзнагародамі. Мы і далей будзем імкнуцца аддаваць усе свае веды, вопыт, талент на карысць нашай Радзімы, для яе росквіту».

Судовы стаж Валянціны Крывой складае практычна 28 гадоў. «Работа суддзі няпростая заўсёды, бо гэта лёсы людзей, — лічыць яна. — Калі гэта грамадзянскае судаводства, то гэта спрэчка. З катэгорыяй людзей, якія нечым незадаволены, складана працаваць ва ўсе часы. Нам дапамагае ўзаемная падтрымка, цярпенне, уменне спраўляцца са складанасцямі і спакой». 

Суддзя Вярхоўнага Суда Андрэй Алешчанка ўзнагароджаны Падзякай Прэзідэнта Беларусі. Суддзя прызнаўся, што адчувае самыя яркія эмоцыі: «Акрамя таго, што гэта ацэнка пэўных асабістых дасягненняў і заслуг, перш за ўсё гэта высокая ацэнка Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час Вярхоўны Суд забяспечвае той узровень правасуддзя, у якім маюць патрэбу наша дзяржава, наша грамадства».

Па словах Андрэя Алешчанкі, пасля апошняй судовай рэформы стала прасцей працаваць не толькі судоваму корпусу, а і ўдзельнікам судаводства. «Прычым не толькі прафесійным (адвакатам, пракурорам, юрыстам юрыдычных службаў прадпрыемстваў), а і простым грамадзянам, — удакладніў ён. — Гэта і лічбавізацыя, і больш шырокі доступ людзей да правасуддзя. А вынікі тых рэформаў, якія ў нас будуць, яшчэ больш павысяць гэты ўзровень. Гэта і тыя змяненні, якія ўнесены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс і ўступяць у сілу ў ліпені гэтага года, і Кодэкс грамадзянскага судаводства (неўзабаве будзе разгледжаны ў другім чытанні), які істотна пашырыць магчымасці бакоў і па звароце ў суд, і па абароне сваіх правоў і законных інтарэсаў, і па абскарджанні судовых пастаноў. Будзе значна ўзмоцнены прымірэнчы вектар правасуддзя. Усё гэта забяспечыць высокую яго эфектыўнасць і рэзультатыўнасць».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.