Вы тут

Экалогія — прыярытэт дзяржаўнай палітыкі


13-14 красавіка ў Таўрычаскім палацы Санкт-Пецярбурга праходзіла вясновая сесія Міжпарламенцкай асамблеі краін СНД. На пленарным паседжанні асноўнай тэмай было заканадаўства ў сферы экалогіі. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава ў сваім выступленні прадставіла беларускую пазіцыю па гэтым пытанні.


Паводле яе слоў, глабальныя працэсы перабудовы светаўладкавання закранулі і прыродаахоўную сферу: «У міжнародных адносінах робяцца спробы дапаўнення галоўных сэнсаў глабалізацыі — эканамічных і ваенна-палітычных — экалагічнымі. У сувязі з гэтым „экалагізацыя“ нацыянальных эканомік выкарыстоўваецца ў якасці інструмента барацьбы з канкурэнтамі на сусветным рынку. Набірае абароты экалагічны прэсінг нараўне са „звыклымі“ палітычнымі і эканамічнымі санкцыямі. Па сутнасці нівелююцца шматгадовыя намаганні міжнароднай супольнасці ў сферы экалогіі».

У такой сітуцыі, заўважыла Наталля Качанава, экалагічнае развіццё Садружнасці бачыцца не ў папулізме, які шмат у чым уласцівы ЗША і так званаму калектыўнаму Захаду, а ў рэальнай абароне прыроднага набытку. «Наша першачарговая задача — заканадаўчае забеспячэнне ўкаранення на практыцы сучасных прынцыпаў экалагічнай палітыкі Садружнасці», — адзначыла яна.

Парламентарыі краін СНД павінны сказаць тут сваё важкае слова, лічыць спікер Савета Рэспублікі. Не толькі прыняццем вывераных профільных законаў. «Не менш значным павінен быць уклад парламентарыяў у выкананне паслядоўнага, рашучага і безумоўнага забеспячэння экалагічнай бяспекі тэрыторыі СНД і насельніцтва нашых краін. І ў гэтых пытаннях наш голас павінен гучаць гучна і пераканаўча», — сказала Наталля Качанава. У гэтым кантэксце выклікаюць занепакоенасць факты размяшчэння біялабараторый і іншых экалагічна небяспечных аб’ектаў у непасрэднай блізкасці ад межаў нашых дзяржаў, контрпрадуктыўная санкцыйная палітыка, які нарастае ў шэрагу краін свету эканамічны, энергетычны і харчовы крызіс. Наталля Качанава прывяла ў прыклад сітуацыю на граніцы з Польшчай і Прыбалтыйскімі краінамі: «Краінамі так званага калектыўнага Захаду парушаны ўсе міжнародныя экалагічныя канвенцыі па унікальным, сусветнага значэння, прыродаахоўным комплексе „Белавежская пушча“ — польскім бокам узведзена раздзяляльная бетонная сцяна. Уздоўж граніц з Беларуссю Латвіяй і Літвой устаноўлены ў тры рады „спіралі Бруна“. Кожны дзень гінуць мігруючыя жывёлы. А ў асяроддзі вельмі актыўных у свой час „абаронцаў прыроды“ на Захадзе — цішыня, нягледзячы на нашы неаднаразовыя звароты.»

Наталля Качанава запэўніла прысутных, што экалогія традыцыйна ўваходзіць у лік прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі Беларусі. Паводле яе слоў, наш Прэзідэнт дакладна вызначыў канцэптуальныя падыходы беларускай дзяржавы. да прыроднай спадчыны: «Прырода — гэта абсалютны прыярытэт. Гэта прыярытэт прыярытэтаў. Ёсць прырода — ёсць жыццё. Няма прыроды — няма жыцця». «Наша краіна з’яўляецца ўдзельніцай большасці ўніверсальных і рэгіянальных прыродаахоўных пагадненняў, актыўна ўзаемадзейнічае па пытаннях стварэння міжнароднай прававой сістэмы ў гэтай галіне, — паведаміла Наталля Качанава. — На нацыянальным узроўні сфарміравана адпаведная заканадаўчая база, прыняты стратэгіі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, развіцця геалагічнай галіны і інтэнсіфікацыі рацыянальнага асваення мінеральна-сыравіннай базы. Дакладна вывераныя і паслядоўныя крокі дзяржавы ў сферы экалогіі і прыродакарыстання дазваляюць захоўваць значную частку прыродных месцапражыванняў у першародным выглядзе і паспяхова забяспечваць экалагічны дабрабыт асвоеных тэрыторый. У сілу гэтага Беларусь выгадна адрозніваецца прыроднай унікальнасцю ў межах, як мінімум, еўразійскай экалагічнай сістэмы. Мы па праве можам ганарыцца дасягненнямі ў галіне навядзення парадку на зямлі, водаачысткі, развіцця аднаўляльнай энергетыкі і электратранспарту, укаранення ў эканоміку нізкавугляродных і энергаэфектыўных тэхналогій. Выбудавана і паспяхова функцыянуе сістэма лесаразвядзення і лесааднаўлення. Ліквідуюцца дысбалансы ў правядзенні меліярацыйных мерапрыемстваў. На навуковай аснове захоўваюцца і аднаўляюцца балотныя комплексы — лёгкія Еўропы».

У Беларусі напрацаваны сур’ёзны вопыт аднаўлення тэрыторый, якія пацярпелі ад радыеактыўнага забруджвання ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, акцэнтавала ўвагу Наталля Качанава. «Сёння яны актыўна выкарыстоўваюцца для прасоўвання экалагічнай адукацыі і навукі, „зялёнай“ энергетыкі і іншых грамадска карысных мэт, — сказала яна. — Нашай краінай пройдзены асаблівы шлях па развіццю мірнага атама. Беларуская АЭС — не проста крыніца таннейшай і рэсурсазберагальнай электраэнергіі. Гэта экалагічны выбар, арыентаваны на стрымліванне кліматычных змен і вырашэнне праблем забруджвання навакольнага асяроддзя. А колькі было крытыкі ад нашых нядобразычліўцаў! Але сёння многія з іх плануюць рэалізаваць такія праекты».

«Уласцівая тэрыторыям нашых краін прыродная ўнікальнасць абавязвае нас дзейнічаць на доўгатэрміновую перспектыву. Мэта пабудовы экалагічнага міждзяржаўнага аб’яднання можа стаць часткай сучаснай палітыка-ідэалагічнай платформы Садружнасці Незалежных Дзяржаў,» — рэзюмавала Наталля Качанава.

Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».