Вы тут

А можа, дзверы лепш не адчыняць?..


Чаканне не заўсёды супадае з тым, што адбываецца ў рэчаіснасці. Гэта справядліва ў дачыненні да галоўнага героя спектакля «Вось я і прыйшла!», прэм'ера якога адбылася ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Але гэта справядліва і да гледачоў, якія збіраюцца яе паглядзець. Бо адна справа — літаратурны твор пад назвай «Старая», а зусім іншая — спектакль, які створаны «па матывах». Гэта значыць, усё, што не па Хармсу і нават з адыходам ад яго, — тая самая тэатральная гульня, якая пастаноўшчыкаў робіць аўтарамі сцэнічнага твора. Галоўнае тут — адпавядаць дзівацтву і дарыць здзіўленне, як гэта ўмеў Данііл Хармс на пачатку ХХ стагоддзя, вядомага сваімі творчымі эксперыментамі, у тым ліку літаратурнымі. А калі мог эксперыментаваць ён, то чаму стваральнікам і артыстам нельга? Тым больш што РТБД вылучаецца адмысловасцю, што, відаць, дапамагае яму трымацца на пазіцыях лідара па наведвальнасці і акупляльнасці сярод усіх тэатраў Беларусі (паводле вынікаў за мінулы год, агучаных Міністэрствам культуры).


Калі хто шукае, каб на сцэне было небанальна і дзіўнавата, то Хармс — самы той аўтар. У 20-я гады ХХ стагоддзя ён стаў адным з актыўных літаратараў-наватараў, і для нашага часу тыя эксперыменты ўяўляюць цікавасць, і не столькі з пункту гледжання нейкай адметнай эстэтыкі, колькі з-за асаблівага ўспрымання рэчаіснасці — нездарма ён меў дачыненне да заснавання «Аб'яднання рэальнага мастацтва». А рэчаіснасць кожны бачыць па-свойму. У тым ліку па-свойму ўвасабляе яе ў тэатры.

Пісьменнік — тут вывелі вобраз самога Хармса (артыст Максім Брагінец), уключыўшы ў тэкст спектакля нават яго дзённікавыя запісы — б'ецца ў творчых пакутах. А гэта сітуацыя сама па сабе стварае глебу для гульні ўяўлення. Да яго прыходзіць старая і памірае. Што рабіць? Сітуацыя жудасная і абсурдная — як у самога Хармса. Ну так, але гэты абсурд адкрывае такія магчымасці для інтэрпрэтацыі. Тут герой жыве ў хляве, хоць у пісьменніка быў пакой у кватэры. У Хармса была толькі адна старая. Малады рэжысёр Аляксандр Бародка палічыў, што для тэатральнага абсурду малавата — у спектаклі старых значна больш. Яны з'яўляюцца адна за адной і кпяць з пісьменніка ў творчым крызісе. Нават Сакердон Міхайлавіч (Сяргей Шымко), які вось толькі што быў не супраць выпіць гарэлкі з таленавітым аўтарам, па-здрадніцку пераходзіць на іншы бок рэальнасці. Ды і тая паненка, што можа стаць вытанчанай музай, у пэўны момант раскрывае сваю іншасць. А можа, усе гэтыя дзіўныя істоты, што пераследуюць творцу і ўводзяць яго ў шок, насамрэч і ёсць яго музы? Хто ведае, як яны насамрэч выглядаюць?..

Фантасмагорыя, трызненне чалавека са змененай свядомасцю альбо абсурдны сон, за якім назірае глядач, пераносіцца лёгка: нездарма жанр пазначаны як «камедыя парадоксаў». Зразумела, гледачы РТБД да ўсяго гатовыя — і да камедый, і да парадоксаў, у якія, дарэчы, адразу ўводзіць выгляд жанчын, якія наведваюць героя. Яны хоць і розныя, але нечым падобныя (пра што паклапацілася мастак па касцюмах Марына Алекна). Ужо са з'яўлення другой няма пытанняў наконт прыроды гэтых істот. Застаецца толькі сачыць за стасункамі герояў, лавіць іх словы, якія гучаць на цудоўнай беларускай мове (дзякуючы Марыі Пушкінай). А таксама ўслухоўвацца ў песні, створаныя паводле вершаў Данііла Хармса (аўтар музыкі Аляксандр Гембіцкі). Але гэта не матэрыялізацыя Хармса (хоць партрэт на сцэне будзе да гэтага схіляць), бо ў пісьменніка абсурд і парадаксальнасць — частка прыроды самой рэчаіснасці, у яго ўсе сітуацыі вельмі чалавечыя і рэалістычныя, нават старая, хіба што яе гадзіннік без стрэлак намякае на дзіва (але старыя ж бываюць дзіўнаватыя ў жыцці). Глядач спектакля адразу адчувае адыход ад рэчаіснасці — тут яна падкрэслена тэатральная, гучная і пазначана пэўнай колеравай гамай (мастак Юрый Саламонаў). Таму напружвацца і ламаць галаву: хто тут і чаму — не асабліва трэба, хіба што пасміхацца час ад часу, рэагуючы на сітуацыі і словы, Ну, і няхай. Бо камедыі бываюць розныя, а гэта з вэлюмам эстэцтва. І са згадкай пра тое, што бываюць розныя формы тэатра, як ёсць розныя варыянты ўспрымання рэчаіснасці. Пісьменнік (герой спектакля) яе не толькі аб'ектыўна выяўляе, але часам і суб'ектыўна канструюе. Зрэшты, гэта так ці інакш робяць усе, што і тлумачыць прыязную рэакцыю публікі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».