Вы тут

Валянцін Губараў: «Маіх персанажаў увесь час сустракаюць у метро ці ў чарзе каля касы...»


Карціны гэтага мастака пазнаеш адразу... Яны прымушаюць усміхацца, настальгіраваць, задумвацца над сэнсам жыцця... Яны адначасова і ўтульныя — недарэмна іх любяць змяшчаць у інтэр'ерах кватэр і кавярань, і дзёрзкія, і філасофскія — гледзячы, хто на якую глыбіню зможа ў іх зайсці. Хтосьці кажа пра Босха і Брэйгеля... Хтосьці залічвае да наіўнага мастацтва... Што ж, мастацтвазнаўцы абгрунтуюць любы цэтлік. А мастак з хітраватай усмешкай сузірае і занатоўвае... І не вельмі любіць тлумачыць свае карціны. І праўда, навошта? Валянцін Губараў проста стварае свой свет... Але наколькі ён просты і зразумелы?


— Чаго больш у вашых адносінах да сваіх герояў: гумару, сатыры, шкадавання, мізантропіі, любові?

— Толькі любоў і гумар. Катэгарычна ніякай сатыры, жалю і мізантропіі. Наадварот, ёсць спачуванне і давер.

— Ці часта здаралася, што нехта пазнаваў сябе на вашых карцінах і крыўдаваў?

— І сябе маляваў, і сваіх суседзяў, сваякоў. Чалавек, які ўпершыню знаёміцца з маёй творчасцю, успрымае свет маіх герояў і іх саміх як выдуманых, не ад гэтага свету. Але людзі, якія ведаюць маю творчасць, не раз казалі, што ўвесь час сустракаюць маіх персанажаў у метро, у чарзе ў крамах, на сваёй лесвічнай пляцоўцы.

— Нешта не магу згадаць вашага аўтапартрэта...

— Ёсць адзін, напісаў даўно. Але ён не парадны. Я там з забінтаваным горлам — хварэў, сядзеў у пакоі, горла балела. Я там калматы такі, з бінтам... Партрэт рэалістычны, не падобны на маю творчасць.

— Вашы героі нагадваюць герояў Шукшына, мройнікаў, дзівакоў, якія мараць пра шчасце і іх не разумее асяроддзе... Вы, вядома, неяк казалі, што любіце простых людзей. Але ці такія простыя вашы персанажы? І колькі ў іх ад вас?

— І, вядома, усе мае персанажы надзелены тымі якасцямі, якія я шаную ў людзях. Яны прастадушныя і спагадныя, у іх няма каменя за пазухай, у зносінах яны не ўмеюць быць з'едлівымі, але з лёгкасцю адгукаюцца на жарт. Яны крыху фаталісты і ўсе жыццёвыя нягоды прымаюць як непазбежнае, як прыродныя з'явы, тыпу дажджу ці смугі. Тым самым яны захоўваюць у сваім сэрцы добрыя і наіўныя адносіны да людзей і жыцця ў цэлым.

— Неяк вы распавядалі, што ваша супрацоўніцтва з вядомай французскай галерэяй Les Tournesols пачалося выпадкова... Ці шмат у творчай кар'еры залежыць ад выпадку? Ці справядліва выбудоўваецца іерархія імёнаў унутры свету мастацтва?

— Так, выпадак у біяграфіі творчага чалавека часам шмат мяняе ў яго жыцці. Але ўсё ж гэта не чароўная палачка. Гэта ўдалы збег абставін, які можа выпасці адзін ці два разы ў жыцці. Іншая справа, калі творцам займаюцца мэтанакіравана, калі ўдалым маркетынгам ствараецца прывабнае паблісіці. Але гэта заўсёды рызыка. Бо мыльныя бурбалкі маюць уласцівасць лопацца. Таму я вельмі паблажліва гляджу як на прызы ў выглядзе асобнага выпадку, так і на агрэсіўную раскрутку. Я веру ў сапраўдны талент і адданасць абранаму шляху.

— Хто з сусветных мастакоў вам бліжэйшы? Можа, Босх? Ці Брэйгель, з якім вас параўноўваюць?

— Я не магу, зыходзячы са сваіх сімпатый, расставіць мастакоў па рангу. Іх шмат, я любуюся і захапляюся іх талентам, вучуся ў іх. І спіс гэтых імёнаў такі вялікі, што не хопіць чарнілаў, каб усіх пералічыць. А з Брэйгелем мяне параўналі першы раз у Францыі. У мяне там з галерэяй эксклюзіўны кантракт ужо, уяўляеце, 27 гадоў... Назвалі артыкул «Беларускі Брэйгель». І гэта падхапілі. Якія кропкі судакранання з Брэйгелем? «Сапраўдны» мастак пярэдні план малюе выразна, а тое, што далей, — сфумата, дымка... А я нібыта аб гэтым нічога не ведаю, і задні план малюю гэтак жа выразна і на паветраную, і лінейную перспектывы нібыта забыўся... І ў Брэйгеля гэтак жа.

— А з прозай Венечкі Ерафеева не адчуваеце падабенства? Захопленасць жыццём, а за гэтым іронія, настальгія...

— Так, але ў Ерафеева «Масква-Петушкі» бліжэйшая да сатыры. А сатыра і гламур — не маё. Я не малюю карыкатуры. І гісторыі ў мяне не гламурныя... Павінна быць проста душэўна... Як музыка фартэпіяна...

— Вы, дарэчы, заўсёды ставіце сабе ў майстэрні для фону класічную музыку, як цяпер?

— Не заўсёды. Так, класіку люблю, Шапэна. Але ж вельмі люблю і джаз. За сучаснай музыкай сачу, але яна стала нейкая папсовая...

— Аляхновічы, што пад Мінскам, вы называеце «мае Аляхновічы». Чым дарагая для вас гэтая мясціна, чым адметная?

— Я вельмі шчаслівы, што ў маім жыцці ёсць Аляхновічы. Гэта як падарунак Бога. Мне, асабліва гарадскому хлапчуку, раптам апынуцца ў гэтым хутарскім свеціку, з курамі, кацянятамі, з каровамі і парсючкамі, пчоламі і мёдам, са сланечнікамі, з парэчкай і агрэстам, яблыкамі, бульбай, сенам, з хатнім тварагом і кумпякамі, з ходзікамі, што цікаюць на шпалерах у кветкі, з квадратным тэлевізарам «Гарызонт» і праграмай «Час». З каханай, маладой жонкай і клапатлівай цешчай, з выдатнымі застоллямі на Вялікдзень, з душэўнымі песнямі румяных Шуплячых, Зяневічых, Сашак і Віцек... Гэта было сапраўднае жыццё, асалода для сэрца, душы, якая апладняла мяне як мастака сваімі жыватворнымі сокамі.

— А як вы трапілі ў Аляхновічы?

— Гэта называецца «пайшоў у прымы». Пазнаёміўся з дзяўчынай, калі вучыўся ў Маскве ў паліграфінстытуце, яна там вучылася на завочным. Вяселле наша таксама было ў Аляхновічах. Мне вельмі спадабалася — не дарожкай чырвонай, а па ўзгорках ідзём, па траве, нявеста ў белым вэлюме... Я ўсіх людзей там любіў. Мне здавалася, гэтыя людзі — проста анёлы, бабулькі, дзядулькі...

— На вашых малюнках Аляхновічы ёсць?

— Я ствараю нейкі абагулены вобраз. Адзінае, для мяне ідэальны горад — гэта калі дрэвы вышэйшыя за дамы, калі побач кветкі, коткі, сабакі...

— Калі вы малюеце карціну, гэта для вас цэлая гісторыя з распрацаваным сюжэтам, накшталт літаратурнага апавядання, ці нешта на ўзроўні вобразаў снабачання? Вы спрабавалі калі-небудзь запісваць свае карціны словамі?

— Сюжэт карціны з'яўляецца зусім выпадкова. Для гэтага не трэба напружвацца, спрабуючы аднавіць у памяці нейкую жыццёвую калізію або перадсвітальныя мроі. Гэта як у Ахматавай — невядома з якога смецця. Але сюжэт пасяляецца ў табе і пачынае развівацца. Я яго складаю ў сабе. Але вось у самым пачатку 1990-х гадоў пачаў пісаць дзённік і працягваю да гэтага часу.

— Памятаю, на вашай выстаўцы стаяць людзі перад карцінай «Адкрываючы новыя сусветы», на якой у небе ў выглядзе касмічнага карабля — адкрывалка для кансерваў, і гадаюць, што гэта сімвалізуе...

— Ну, з майго боку тут чысты сцёб. Я сам чалавек іранічны, вясёлы, хаця нехта з боку можа вырашыць, што я пануры. Памятаю, сустракаў жонку Ларысу з Японіі ў аэрапорце, яна спускаецца, а мне яе супрацоўніца кажа: «Ну, гэта ж твая жонка прыляцела, давай, усміхайся!» А я такі стаю, як мытнік... Мне спадабаўся вобраз: адкрывалка — гэта ж не толькі бляшанку можна адкрываць, але і сусвет! Часам словаспалучэнне нейкае парадаксальнае мяне захапляе. Некалькі разоў карціны нараджаліся менавіта ад такіх словаспалучэнняў. Напрыклад, мне не вядома, з чаго прыйшло ў галаву: «Жар-птушка, тушаная з грыбамі». Пафасная птушка, але ўсё адно — дзічына! І я напісаў такую карціну.

— У вашых творах я заўважаю часта матыў эскапізму: маленькі свет людзей, хатняя ўтульнасць абаронены некім бар'ерам — свет у чоўне, пад шкляным каўпаком, у палатцы, дзе адбываецца маленькае шчасце маленькіх людзей...

— Сапраўды так... Вось я вам пакажу зараз сваю работу, дзе я таксама змясціў цэлае жыццё ў абмежаванай прасторы: у вазоне з геранню! Герань — гэта ж сімвал хатняй цеплыні. Гэта ў ружах можа быць Палац шлюбаў... А ў герані — хатняе жыццё!

— Ці ёсць мяжа паміж інсітным мастацтвам, кічам і прафесійным мастацтвам і дзе яна?

— Ужо даўно ў мастацтве няма ніякіх меж. І я кажу ў агульным кантэксце, а не толькі пра выяўленчае мастацтва. На жаль, гэта закранула і штодзённае жыццё. Так, сціраюцца грані ў модзе, з'явіўся стыль унісекс, а ў некаторых краінах нават прыбіральні сталі агульныя. Што да выяўленчага мастацтва, то ўжо ніхто не супрацьпастаўляе кітч і прафесійнае мастацтва. І першае і другое — прафесійнае. Таму што кітч стаў адной з плыняў сучаснага мастацтва, а таленавітыя і разумныя мастакі, па-майстэрску жангліруючы характэрнымі асаблівасцямі гэтай масавай безгустоўнасці, сталі ствараць арыгінальныя і высокапрафесійныя творы ў гэтым стылі. Тым больш што гэта ўжо не так актуальна, таму што на аснове гэтага нарадзіўся новы стыль кэмп, які спецыяльна стварае эстэтыку вульгарнага, пахабнага, вычварна пачуццёвага. І гэта таксама прафесійнае мастацтва.

— Ці праўда, што па вашых карцінах быў пастаўлены спектакль?

— Я рады, што мая творчасць мае другое жыццё. Яна працягваецца ў афармленні кніг, музычных дыскаў і нават на тэатральных падмостках. Так дзяржаўны тэатр у Казані паставіў на сваёй сцэне спектакль «Зімовая казка для дарослых» на аснове маіх карцін. Быў прыдуманы аб'яднальны сюжэт, напісаны тэкст і пашыта адзенне, у якім жывуць мае героі на карцінах. Мяне запрасілі на прэм'еру, і было вельмі цікава бачыць, як мае крыху недарэчныя і добрыя персанажы ажылі і загаварылі. Напрыклад, ёсць у мяне карціна: немаладая пара сядзіць і глядзіць тэлевізар. У спектаклі ў іх вусны ўклалі такі тэкст: «— Як ты думаеш, Зяма, мы едзем у Ізраіль ці не едзем?» — «Усе едуць, і нам трэба ехаць».

— Ці ёсць такая ваша карціна, у якой вы хацелі б пасяліцца?

— У большасці маіх работ жыццёвая прастора суцэльна гарманічная для чалавечага пасялення. Там няма абуральнай раскошы, нейкага багацця або райскіх шатаў. Але мне мілая такая шчырая простасць. На маіх палотнах асяроддзе і чалавек — адно і тое ж.

— Адны творцы імкнуцца ў прарокі, другія абіраюць долю блазнаў і менестрэляў... Трэція проста працуюць як рамеснікі. Якім, па-вашаму, павінна быць месца мастака ў сучасным свеце?

— Час усё расставіць па сваіх месцах. Ён не будзе ўлічваць тыя граматы і рэгаліі, якія творца набыў пры жыцці. Таму трэба проста сціпла рабіць тое, што ў цябе добра атрымліваецца, і дзякаваць Божаньку за магчымасць жыць і ствараць!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.