Вы тут

Зварот у рэдакцыю. З правам на сонца? Ці без...


«У мінулыя выхадныя мае суседзі-дачнікі адкрылі сезон: уздоўж нашай агульнай мяжы на адлегласці метра-паўтара ад сеткі-рабіцы пасадзілі штук 20 туй. Дрэўцы пакуль невялічкія, але ж у нас у тым месцы грады... Стала казаць людзям, што праз некалькі гадоў іх жывая агароджа можа стварыць непраглядны цень, што мае памідоры ды агуркі хутчэй за ўсё застануцца без сонца, аднак слухаць мяне суседзі не сталі.

Хто з нас мае рацыю? Як я магу абараніць свае правы?

В. КРЭПСКАЯ

Шаркаўшчынскі раён.


— Сёння ў сваёй рабоце мы кіруемся будаўнічымі нормамі СН 3.01.03-2020, зацверджанымі пастановай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь 27 лістапада 2020 г. № 94, — кажа начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Шаркаўшчынскага райвыканкама Валянцін БУКА. — Згодна з п. 6.3.13 гэтага дакумента, высакарослыя (вышынёй больш за тры метры) расліны можна садзіць на адлегласці не менш за тры метры ад граніц суседняга зямельнага ўчастка. Сярэднярослыя (вышынёй да трох метраў) — на адлегласці не менш за два метры, нізкарослыя (вышынёй да двух метраў) — на адлегласці не менш за метр.

Такім чынам, усё залежыць ад сорту туі, бо яны, як вядома, бываюць розныя. Калі суседзі высадзілі жывую агароджу з нізкарослых дрэўцаў (вышынёй да двух метраў), то яны нічога не парушылі. Калі ж туі вышэйшыя, то вы маеце рацыю: адступіць трэба было як мінімум на два метры...

Аднак і тут ёсць адзін нюанс. Вышыню жывой агароджы з туй можна рэгуляваць. Калі суседзі абяцаюць рэгулярна падстрыгаць свае дрэўцы, гарантуюць, што яны не перавысяць двух метраў, то перасаджваць нічога не прыйдзецца.

Іншымі словамі, кожную спрэчную сітуацыю трэба разглядаць індывідуальна. Здараецца, чалавек выконвае ўсе нормы закона, але яго суседзі ўсё роўна незадаволены: як ні круці, а любыя дрэвы ў той ці іншай ступені ствараюць цень. Таму ў ідэале людзі павінны імкнуцца паставіць сябе на месца іншага і, каб захаваць добрыя адносіны, ісці на кампрамісы.

Дарэчы, закон прадстаўляе магчымасць пасадзіць дрэвы і кусты бліжэй да агульнай мяжы, чым прадпісана будаўнічымі нормамі. Але для гэтага трэба атрымаць пісьмовую згоду суседзяў. Калі ж такой не было, то сваё права на сонца чалавек можа адстойваць: звяртацца па абарону правоў у аддзел архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі мясцовага райвыканкама. Спецыялісты выедуць на месца з праверкай. І калі правы сапраўды парушаны, выпішуць суседзям прадпісанне.

У выпадку нязгоды з вердыктам прадстаўнікоў мясцовай улады чалавек мае права звярнуцца ў суд.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?