Вы тут

Для новага жыцця непатрэбны красавіцкі панядзелак


Вясна — выдатны час. Час адраджэння, пара года, якая дае нам усім шанц пачаць усё з нуля. Раскрыцца, расцвісці! Але ці трэба насамрэч чакаць вясну для таго, каб змяніць сваё жыццё?


Кажуць, што другі квартал года — ідэальны час для кахання. З кожным днём я ўсё больш раблюся рэалісткай. Мары, фантазіі растаюць, як сакавіцкі снег. Але так і ёсць. Задумайцеся, хіба для таго, каб закахацца ці будаваць адносіны, патрэбна пэўная пара года? Гэта тое самае, што пачынаць новае жыццё з панядзелка.

Вядома, вясна бударажыць нас. Прачынаюцца новыя пачуцці. Жаданне жыць, дыхаць на поўныя грудзі ўзмацняецца.

Мне для новага жыцця не патрэбен красавіцкі панядзелак. Мне цікава жыць і ў снежным снежні, і ў дажджлівым лістападзе.

Больш за ўсіх вясне радуюцца бяздомныя каты і мужчыны. Першыя — таму што, нарэшце, скончацца іх халодныя, галодныя будні. Другія — таму што, у адрозненне ад дрэў, якія будуць апранацца ў лістоту, прадстаўніцы прыгожага полу пачнуць, наадварот, адзенне скідаць. Якой прыгожай ні была б ваша душа, ногі ў тонкіх калготках значна прывабней.

— Андрэй, глядзі на дарогу! — Раз-пораз крычу я кіроўцу па дарозе ў камандзіроўку.

— Аня, гэта немагчыма! Яны пачалі распранацца! Люблю вясну, — прыцмокваючы, кажа ён.

Наступную рэшту дарогі я кантралюю, каб кіроўца кантраляваў дарогу, а не распранаў вачамі мінчанак, якія беглі па справах.

Воклічы сакавіцкіх катоў я пачула ў першыя дні месяца, калі нарэшце нехта вывесіў сонца на небе. Яны агідна крычалі ў мяне пад акном. На гэтым іх канцэрт не спыніўся. У наступны раз я пачула іх у трубцы тэлефона і прачытала ў паведамленнях у мэсенджарах і сацыяльных сетках. Яны атакавалі зграяй. Прачнуліся ўсе: рудыя, паласатыя, схуднелыя пасля зімы і хатнія з ідэальнай поўсцю. На гарызонце замаячылі і зніклыя год-паўтара таму. Яны мяўкалі мне ў тэлефонных размовах, напяваючы песні аб маёй прыгажосці, мудрасці і аб жаданні пабачыцца са мной. Найбольшую актыўнасць праяўлялі хатнія каты. Магчыма, вясновы цёплы вецер прадзьмуў ім мозг, таму яны часова забыліся аб сваіх жонках-кошках. У прынцыпе, ён дзьме ім у галаву круглы год. Гэта, ведаеце, ёсць такая парода «кот-нягоднік». Ён не прывязаны да хаты, гуляе, дзе жадае, але потым усё роўна, падціснуўшы хвост, увечар паўзе дадому. З такімі экземплярамi ў мяне зараз кароткая размова. Ці я ўвогуле з імі не размаўляю.

...Нядаўна ўвечары, зноў вярнуўшыся позна з працы, зрабіўшы мільён хатніх спраў, пабыўшы маці, гаспадыняй і жанчынай, я нарэшце заварыла запаветную каву і села ў крэсле перад акном. Задумалася аб вясне, мужчынах і жыцці. Я ўзяла тэлефон і перачытала апошнюю «смс» ад мужчыны, якому відавочна сімпатызавала. На маім твары праслізнула сумная ўсмешка.

— Што робіш?

— Прыйшла з працы, гатую вячэру.

— А позна чаго так?

— Я шмат працую.

— А я валюся на канапе. Хочаш, навучу цябе лайдачыць?

Я цяжка ўздыхаю, адводзячы погляд ад тэлефона і разглядаючы кухонны інтэр’ер.

— Я дам табе майстар-клас! Я профі ў ляжанні і лайдацтве, — на экране зноў з’яўляецца тэкст.

У мяне ствараецца ўражанне, што для далейшага дыялогу мая прысутнасць неабавязковая. Ён працягвае. Перакажу коратка. Ён расказвае, што пасля працы ён любіць ляжаць. З дзяўчынамі на зіму адносіны замарозіў, лянота за імі заязджаць, вазіць кудысьці. Лепш дома пабыць. А зараз вясна надыходзіць, і ляжачы марафон можна паставіць на паўзу. Мусіць, да восені. А потым зноў ляжаць. Ну, гэта я ўжо дадумваю.

Мая парада: знаёміцца з мужчынамі вясной небяспечна. Вам здаецца, што ён такі жывы, энергічны і здольны на штодзённыя подзвігі. Вы нават не здагадваецеся, які сюрпрыз вас чакае ўвосень, калі ён пачне абкопвацца і рабіць бярлогу на вашай канапе. І ўсё. Далей — асенне-зімовая спячка. І вы зноў адна. Без кахання, дапамогі і падтрымкі.

Жадаю дадаць адну важную думку: слухайце, што кажуць вам мужчыны. Не ідэалізуйце іх. Калі ён у першыя дні знаёмства кажа, што яго вольны час — канапа, што спорт — гэта не яго, што посуд ён мые раз у тыдзень, ды і сам наведвае душ толькі па нядзелях... Ведайце — гэта праўда! Мы, жаночы пол, дапушчаем тактычную памылку: думаем, што ён зменіцца побач з намі, што гэта ён так жартуе. Ён не жартуе!

Але мы ўсё роўна ўступаем у адносіны і наступныя за гэтым гады сумеснага жыцця ненавідзім яго, спрабуем перарабіць. А ён адразу сказаў вам праўду. І быў выбар: згаджацца на наступную сустрэчу ці выдаліць яго нумар з тэлефона і працягваць жыць, верачы, што аднойчы вы сустрэнеце таго, хто гэтак жа, як і вы, кахае жыццё і ў залатым кастрычніку, і ў ледзяным лютым.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.