Вы тут

Лукашэнка: Светлае добрае свята, калі хочацца проста жыць спакойна


Па традыцыі ў самае галоўнае свята кіраўнік дзяржавы разам з вернікамі ў храме запальвае свечку. Сёлета Прэзідэнт наведаў Спаса-Праабражэнскую царкву ў Шклове. Будаўніцтва храма пачалося ў канцы XVIII стагоддзя фаварытам Кацярыны ІІ Сямёнам Зорычам, а скончана было ў другой палове ХІХ стагоддзя на сродкі веруючай жыхаркі Шклова Агаф’і Сідаравай, якая лічыцца заснавальніцай гэтай святыні. Царква дзейнічала ў гады атэізму і Вялікай Айчыннай вайны. Сёння храмавы комплекс уключае Спаса-Праабражэнскі храм, нядзельную школу і прытчавы дом.


«Для мяне сённяшні дзень — асаблівы. Я заўсёды з вялікім хваляваннем прылятаючы з працяглых камандзіровак, або прыязджаючы сюды, з хваляваннем з паветра гляджу на гэтую добрую зямлю. Вы для мяне людзі асаблівыя, вы гэта ведаеце. Менавіта з вас, з вашых бацькоў усё некалі пачалося ў нас з вамі, у маім жыцці. Калісьці вы юнаму чалавеку паверылі і адправілі мяне з гэтай зямлі ў доўгую дарогу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён асобна звярнуўся да моладзі, прызнаўшыся, што тады не разумеў, як з часам цягне дадому. «Рана ці позна мы ўсё вернемся дадому. Таму я з асаблівым хваляваннем бываю тут. Вы, мабыць, заўважылі, што ў Шклове я спыняюся рэдка. Можа быць, і адбіваецца гэтае хваляванне. Але прыходзіць час, калі цябе асабліва цягне дадому, на радзіму. Гавораць, калі табе нешта часта сніцца, трэба туды прыехаць. Таму я прыехаў сёння да вас, да сваіх блізкіх добрых людзей, каб найперш падзякаваць за тое, што вы зрабілі ў маім жыцці. Не скажу, што яно было для мяне вельмі салодкім. Але так ужо здарылася. Падзякаваць за тую веру, якую вы падарылі мне шмат гадоў таму», — адзначыў Прэзідэнт. 

Па яго словах, Вялікдзень — вялікае, добрае свята, з якім у плане чакання можа параўнацца хіба Новы год. Па словах кіраўніка дзяржавы ўсе святы духоўныя і свецкія вельмі каштоўныя для беларускага народа: «Хто скажа, што Дзень Перамогі для нас не каштоўнае свята? І Раство Хрыстова для нас добрае светлае свята. Але ніякія іншыя святы, як Новы год і Вялікдзень у нашых сем’ях не чакаюць. Таму сёння адно з гэтых двух вельмі шануемых і чаканых свят», — падкрэсліў беларускі лідар, — «Светлае добрае свята, калі хочацца проста жыць спакойна. Нічога не гаварыць і слухаць цішыню. У мяне так, мабыць, так і ў многіх. Хоць пасля працяглага посту людзі рыхтуюцца да яго... Гэта дзень асаблівы, дзень шанаваны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«З гэтага старажытнага храма я хачу павіншаваць нашых беларусаў, усіх, хто нас сёння ўбачыць. Яшчэ раз хачу, падзякаваўшы, павіншаваць вас з гэтым добрым светлым святам. Самае галоўнае — міру і здароўя. Усё астатняе мы знойдзем, а калі не знойдзем — купім», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў сітуацыі, якая разгортваецца вакол, патрабуюцца каласальныя намаганні, каб захаваць гэты мірны астравок. «Калі кожны будзе займацца сваёй справай, мы захаваем. Мы зробім неверагоднае, у гэтай сітуацыі, мы захаваем мір на гэтай зямлі, калі вакол усё бурліць і шуміць. Многія, не ведаючы, не разумеючы, не плануюць нейкія далёкія перспектывы, не ведаюць, што будзе заўтра. Заўтра будзе ўсё нармальна. Будзьце ў гэтым упэўненыя. Жывіце мірна, спакойна», — запэўніў ён. — Здароўя вам, асабліва вашым дзецям. Вы ведаеце, калі з дзіцем нешта не так, жыць не хочацца. Таму, каб хацелася жыць, трэба, каб была моцная сям’я і галоўнае — здаровыя дзеці. Шчасця, міру, дабра«, — пажадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка перадаў Спаса-Праабражэнскаму храму ікону «Гасподзь Уседзяржыцель», падкрэсліўшы, што гэта каштоўны для яго абраз. «Няхай будзе ў вас. Калі трэба будзе яшчэ — вы скажыце. Мне за апошнія дзесяць гадоў падарылі столькі ікон. Яны ў Палацы Незалежнасці, таму мы адтуль можам передаць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аўтар працы — іерэй Сергій Нежборт, кіраўнік іканапіснай майстэрні Свята-Елізавецінскага жаночага манастыра. Ікона «Гасподзь Уседзяржыцель» — адзін з самых старажытных і ўшанаваных у народзе тыпаў выявы Збавіцеля. На ёй ён паўстае ў вобразе Сусветнага Уладара і Суддзі, які аддае кожнаму па веры і дзеях. Гэтае ўвасабленне Найвышэйшага закона і справядлівасці — суровае і непадкупнае, але літасцівае і ўсёдаравальнае. На іконе бачныя пробліскі боскага святла, якія льюцца знутры Госпада, тым самым аўтар паказвае не проста фізічны стан, але і духоўную сутнасць, а значыць, раскрывае боскі пачатак Ісуса Хрыста. Ікона «Ісус Уседзяржыцель» дапамагае пазбавіцца ад розных цяжкасцяў, здабыць больш моцную веру і суцяшэнне. Гэта ікона з’яўляецца неад’емным элементам унутранага афармлення цэркваў.

Дзржава трывала стаіць на нагах, калі знаходзіцца ў гармоніі з Богам

Настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма Андрэй Рыбакоў расказаў, што сёлета храм адзначае 160-годдзе. Ён падзякаваў Прэзідэнту за тое, што ён у сваім шчыльным графіку знайшоў час наведаць храм. «І мы хацелі б вам падзякаваць за магчымасць пад мірным небам адзначаць светлае свята Вялікадня. У гэтым храме заўсёды падчас літургіі гучыць малітва аб беларускім народзе. Шматвекавая гісторыя паказвае, што дзяржава трывала стаіць на нагах, калі яна знаходзіцца ў гармоніі з Богам і царквой, клапоцячыся аб духоўным і матэрыяльным дабрабыце свайго народа. Гасподзь заўсёды такі народ благаслаўляе мірам», — адзначыў Андрэй Рыбакоў. 

Настаяцель храма перадаў у дар кіраўніку дзяржавы ікону «Уваскрэсенне Хрыстова» з двунадзесятымі святамі, выкананы ў тэхніцы мініяцюрнага жывапісу метадам нанясення эмалі. Па перыметры абраза размешчаны невялікія вобразы, якія апісваюць асноўныя двунадзесятыя святы — дванаццаць найважнейшых (пасля Вялікадня) гадавых царкоўных свят, звязаных з Евангельскай гісторыяй і гісторыяй Царквы і прысвечаны падзеям зямнога жыцця Збавіцеля і Багародзіцы. На іконе «Уваскрэсенне Хрыстова» адлюстроўваецца падзея, да якой прымеркавана свята святога Вялікадня, калі распяты Збавіцель паўстаў з мёртвых на трэці дзень пасля жорсткага пакарання. Уваскрослы Хрыстос намаляваны ў цэнтры палатна ў зіхатлівым адзенні. Ззаду Збавіцеля — сіне-блакітная сфера, як сімвал Божай ласкі. Пад нагамі Хрыста намаляваны абломкі разбураных сцен пекла, як сімвал таго, што для ўсемагутнага Госпада не існуе перашкод. Знізу, па баках ад Хрыста намаляваны першыя грэшнікі, Адам і Ева, якія звяртаюць умольныя позіркі да Збавіцеля з маўклівай просьбай аб прабачэнні. Гасподзь адпускае ім грахі і бярэ тых, хто пакаяўся за рукі. Па абодва бакі ад фігуры Хрыста намаляваны святыя ўгоднікі і цары.

Валерыя СЦЯЦКО, г. Шклоў

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.