Вы тут

Старадаўні абрад «Лука» прайшоў у аграгарадку Маркава Маладзечанскага раёна


Стала традыцыяй, што гэты абрад праводзіцца ў першы Велікодны дзень. Сёлета гэта 16 красавіка. Як кажуць месцічы, гэтаму абраду прыкладна сто год, але яго сцэнарый быў страчаны. І адроджана традыцыя была толькі напачатку 2000-х. Месцам правядзення былі лукі — так называлі пойму ракі Гадзея і само ўрочышча каля ракі, дзе ладзілася дзея. Гэтыя лукі і далі назву абраду. Затым месца правядзення некалькі разоў пераносілі — на рынак, да царквы, у залежнасці ад таго, колькі збіралася людзей. Сёлета абрад зладзілі ля царквы Святой Жывапачатковай Троіцы.


Фота: bel.sputnik.by

Пасля велікоднай службы каля храма пачалі збірацца не толькі жыхары аграгарадка, але і з навакольных вёсак. Многія ўдзельнікі свята прыехалі з райцэнтра.

Як правіла, пачынаў карагод чалавек, які першым выйшаў з храма, затым да яго далучаліся іншыя. Жанчыны, дзяўчаты, мужчыны трымаліся за рукі, стваралі ланцужок. У сярэдзіне стаялі дзеці, так званыя качаны. Лічылася, што дзеці — сімвал жыцця, і ў будучым іх чакае шчасце. Адна са старэйшых жанчын праводзіла ўдзельнікаў карагода паміж малымі, выбудоўваючы ўзоры. Падчас правядзення абраду ў выкананні народнага фальклорнага ансамбля «Маркаўчанка» гучала песня «Лука». Адрасавалася яна 46-гадоваму Сяргею, які хоча ажаніцца, але не можа знайсці сабе пары. Яго імя ўпаміналі ў песні. А ён за гэта частаваў удзельнікаў абраду.

Пасля такога рытуалу, запэўніваюць маркаўчане, хлопец знойдзе сваё каханне і хутка ажэніцца.

У даўнішнія часы «вадзіць Луку» дазвалялася толькі жанчынам. Цяпер правілы змякчылі. У абрадзе могуць прыняць удзел усе ахвотныя.

Як адзначаюць спецыялісты, абрад з’яўляецца ўстойлівым элементам мясцовай культуры. У Мінскай вобласці такога нідзе больш не праводзяць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.