Вы тут

Сэрца Мінска і краіны. Чым жыве Маскоўскі раён сталіцы


Маскоўскі раён адзін з самых густанаселеных у Мінску. Умоўна яго можна падзяліць на дзве часткі — тую, што знаходзіцца ў цэнтры горада, дзе ёсць мноства гісторыка-культурных аб'ектаў, і так званы «спальны раён» — кварталы шматпавярховай жылой забудовы. А яшчэ тут ёсць праспект, названы ў гонар нашай газеты. Аб тым, як сёння жыве Маскоўскі раён Мінска, карэспандэнту «Звязды» расказала кіраўнік яго адміністрацыі Таццяна Калядка.


— Маскоўскі раён сталіцы за апошнія гады перажывае актыўны рост. Жылы фонд імкліва павялічваецца. Як у такой сітуацыі адміністрацыя вырашае пытанні развіцця сацыяльнай, транспартнай, жыллёва-камунальнай інфраструктуры, бытавыя і іншыя праблемы грамадзян?

— Сапраўды, Маскоўскі раён — адзін з найбуйнейшых раёнаў горада Мінска. На яго тэрыторыі пражывае звыш 310 тысяч чалавек. Пры гэтым раён працягвае расці і па плошчы, і па колькасці насельніцтва. Літаральна за мінулы год узведзена 87 тыс. кв. м жылля. А за апошнія пяць гадоў уведзена ў эксплуатацыю больш як 815,9 тыс. кв. м жылля.

Адкрыты новыя сацыяльныя аб'екты: дзве паліклінікі (адна дзіцячая і адна для дарослага насельніцтва), сем устаноў адукацыі: пяць дзіцячых садкоў і дзве школы, пабудаваны басейн. Праведзена рэканструкцыя галоўнага корпуса з прыбудовай кардыяхірургічнага аперблока і блока трансплантацыі ствалавых клетак Мінскага гарадскога навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі па вуліцы Сямашкі. Пабудаваны новы тэрапеўтычны корпус 4-й гарадской клінічнай бальніцы і лабараторны корпус Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Уведзены ў эксплуатацыю два новыя спартыўныя аб'екты.

Вялікая ўвага ўдзяляецца будаўніцтву жылога комплексу «Пятроўскія верфі» ў межах вуліц Сямашкі і Пятроўшчына. Работы тут вядуцца ў рамках 1-й чаргі будаўніцтва Санкт-Пецярбургскага квартала — гэта будзе комплекс з дзевяці шматкватэрных жылых дамоў з убудаванымі аб'ектамі грамадскага прызначэння і абслугоўвання.

Зараз у раёне ідзе будаўніцтва новых карпусоў 4-й гарадской клінічнай бальніцы, таксама будуецца дыягнастычны, палатны і аперацыйна-рэанімацыйны корпус РНПЦ «Кардыялогія».

Вельмі значны адукацыйны і навуковы патэнцыял. Сістэма адукацыі, якая склалася ў раёне, дазваляе не толькі ўлічваць інтарэсы, здольнасці і асаблівасці развіцця дзяцей, але і на працягу апошніх гадоў займаць раёну лідзіруючую пазіцыю па якасці адукацыі.

Створаная за дзесяцігоддзі спартыўная інфраструктура дае магчымасць далучыць усе сацыяльныя і ўзроставыя групы насельніцтва да актыўных заняткаў фізічнай культурай і масавых відаў спорту, актыўна падтрымліваць дзіцяча-юнацкі спорт, рыхтаваць рэзерв нацыянальных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь.

Не страчвае актуальнасці і работа па азеляненні тэрыторый. За апошнія некалькі гадоў высаджана больш за 14,7 тысячы дрэў і 63,5 тысячы кустоў, устаноўлена каля 300 малых архітэктурных форм. У раёне два паркі і 12 сквераў агульнай плошчай звыш 70 гектараў. Адно з самых любімых месцаў адпачынку гараджан — парк імя М. Я. Паўлава: на тэрыторыі плошчай 29 га — вялікі вадаём, каля 4 тыс. дрэў.

Сёння гэта галоўная пляцоўка для правядзення раённых культурна-масавых мерапрыемстваў і народных гулянняў, месца для пешых, веласіпедных прагулак, заняткаў спортам. Парк працягвае ўдасканальвацца — у выніку комплекснай рэканструкцыі ён ператворыцца ў сучасны добраўпарадкаваны цэнтр адпачынку з захаваннем прыродна-ландшафтных асаблівасцяў.

— У чым, на ваш погляд, заключаюцца асноўныя адрозненні Маскоўскага раёна ад іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак сталіцы?

— 45 гадоў таму, у 1977-м, на карце Мінска з'явілася новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка — Маскоўскі раён. Гэта адна з самых маладых тэрыторый беларускай сталіцы, якая дынамічна развіваецца. За гэты час колькасць насельніцтва павялічылася больш чым у тры разы, перасягнуўшы 311 тысяч чалавек. Па гэтым паказчыку Маскоўскі — другі сярод дзевяці раёнаў сталіцы. Пры тым шчыльнасць насельніцтва складае 9484 чалавекі на 1 км2, што ў 1,7 раза вышэй, чым у цэлым па Мінску.

Раён цалкам апраўдана можна назваць сэрцам не толькі сталіцы, але і краіны: акрамя Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Мінскага гарадскога Савета, якія функцыянуюць на яго тэрыторыі, тут засяроджана нямала міністэрстваў і ведамстваў. А яшчэ на яго тэрыторыі знаходзіцца Дом урада, дзе працуюць Савет Міністраў і Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ адзін важны аб'ект забудовы праспекта — жылы комплекс «Студэнцкая вёска». Аналагаў яму няма ва ўсёй Беларусі. Размясціўшыся на плошчы 40 га, ён аб'ядноўвае дзевяць студэнцкіх інтэрнатаў кватэрнага тыпу, у якіх пражывае больш за 10 тысяч студэнтаў.

— Як спрацавалі буйныя прадпрыемствы раёна ў мінулым годзе? Які ўклад яны ўнеслі ў агульны бюджэт горада?

— У Маскоўскім раёне ажыццяўляюць дзейнасць больш за 8000 юрыдычных асоб і 12 000 індывідуальных прадпрымальнікаў. Неабходна адзначыць, што ўклад Маскоўскага раёна ў бюджэт горада складае каля 14 %, раён стабільна займае трэцяе месца сярод усіх раёнаў горада па паступленні ў бюджэт.

Асноўны ўклад у эканоміку раёна ўносяць такія сферы дзейнасці, як прамысловасць, гандаль, інфармацыя і сувязь, а таксама транспарт. Калі казаць аб прамысловых прадпрыемствах, аб'ём прамысловай вытворчасці штогод складае больш за 660 млн долараў ЗША, 43 % прадукцыі інавацыйнай, больш за 55 % прыпадае на экспарт.

Флагманамі з'яўляюцца РУП «Белмедпрэпараты», РУП «Завод электронікі і бытавой тэхнікі «Гарызонт», ЗАТ «Вітэкс», СП ТАА «Беліта», ААТ «Мінскі вагонарамонтны завод», на долю якіх прыпадае больш як 70 працэнтаў прамысловай прадукцыі ў раёне.

Асаблівым гонарам раёна з'яўляецца фармацэўтычны комплекс. Лекавыя сродкі вытворчасці РУП «Белмедпрэпараты», СААТ «Ферэйн» і РУП «Унітэхпрам БДУ», а таксама апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх ТАА «Рэспект-Плюс» асабліва запатрабаваны ва ўмовах пандэміі.

Трэба адзначыць, што пасля ўвядзення заходніх санкцый беларускія фармацэўтычныя заводы не спыніліся. Для пераадолення залежнасці ад заходняй сыравіны многія з іх узмацнілі стратэгію імпартазамяшчэння і стварылі свой канкурэнтаздольны тавар.

— Наколькі за апошні час павысіўся ўзровень жыцця людзей?

— Паляпшэнне дабрабыту насельніцтва з'яўляецца адной з найважнейшых задач сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Штогод забяспечваецца значны рост даходаў людзей. Так, летась сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў Маскоўскім раёне перавысіла 2200 рублёў (2227,5 рубля) і павялічылася на 12,2 працэнта да ўзроўню 2021 года. У цэлым па Мінску тэмп росту заработнай платы склаў 111,5 %.

Неабходна адзначыць, што Маскоўскі раён займае першае месца ў Мінску па колькасці працоўных, яго ўдзельная вага складае 15 %. Найбольшы рост заработнай платы адбыўся ў сферы прамысловасці, транспарту, грамадскага харчавання і гасцінічнага бізнесу.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота з архіва адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?