Вы тут

Чаму мы сварымся?


Паспрабуем разабраць канфлікт «па костачках», зразумець, што яго спараджае, абвастрае, як ён развіваецца і як яго можна вырашыць ці мінімізаваць. Дапаможа ў гэтым псіхолаг Таццяна Шаранда.


Анатомія канфлікту

— У аснове любой сваркі ляжыць барацьба інтарэсаў, — падкрэслівае Таццяна Шаранда. — Мы ступаем на сцежку міжасобаснай вайны з-за таго, што не можам або не хочам пераадолець адзін з чатырох бар’ераў: сэнсавы, эмацыянальны, маральны ці бар’ер чужога жадання.

  • Бар’ер чужога жадання. Напрыклад, муж хоча купіць новую машыну, а жонка, якая знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, стамілася ад клопатаў аб траіх малых і ад паўсядзённага быту, марыць пра адпачынак на моры. Процілеглыя жаданні ствараюць канфліктную сітуацыю.
  • Сэнсавы бар’ер. Адны і тыя ж словы, паняцці, падзеі маюць для розных людзей свае сэнсавыя адрозненні. Напрыклад, нечаканы візіт мамы ў сям’ю дачкі зяць можа ўспрыняць як непрыемнасць, парушэнне планаў на выхадныя. А для дачкі — гэта свята.
  • Эмацыянальны бар’ер заключаецца ў розніцы пачуццяў і выкліканых імі станаў. Скажам, муж, не папярэдзіўшы жонку, пасля карпаратыву вярнуўся дадому нападпітку, у цудоўным настроі, яму хочацца «працягу банкета». А жонка ў гэты дзень вельмі стамілася: у яе было шмат работы, мноства хатніх спраў, ёй хочацца абмеркаваць праблемы, якія ўзніклі ў дзяцей. Розныя станы могуць справакаваць сямейны скандал.
  • Маральны бар’ер. Розныя ўяўленні аб паводзінскіх, маральных нормах — спрыяльная глеба для канфліктаў. Дзяўчына, выхаваная ў сістэме строгіх правілаў, высокіх маральных патрабаванняў, шматлікіх абмежаванняў, і хлопец, які вырас у сям’і, дзе нічога падобнага не было, наўрад ці змогуць лёгка прыняць лад жыцця і кодэкс паводзін адно аднаго.

6 этапаў канфлікту

Канфлікт мае сваю эвалюцыю.

  • Першы — узнікненне канфліктнай сітуацыі. Агучванне розных жаданняў (муж хоча купіць новую машыну, а жонка лічыць самым важным — з’ездзіць адпачыць усёй сям’ёй на мора) — гэта ўжо прычына для ўзнікнення канфлікту.
  • Другі — усведамленне канфлікту. Кожны з бакоў асэнсоўвае сутыкненне і прадумвае адпаведную лінію паводзін. Яна можа быць канструктыўнай: муж згаджаецца, што зараз адпачынак вельмі патрэбны. Альбо дэструктыўнай: упарта настойвае на рэалізацыі толькі свайго жадання як прыярытэтнага. На гэтым этапе важную ролю адыгрывае ацэнка дзеянняў «праціўніка» як наўмысна варожых.
  • Трэці — праяўленне канфліктных паводзін. Пераходзяць да дэманстрацыйных дзеянняў. Муж пачынае абмяркоўваць куплю машыны са сваім асяроддзем, не хаваючы гэта ад жонкі, а жонка, не тоячыся, шукае ў інтэрнэце прыдатныя варыянты адпачынку.
  • Чацвёрты — эскалацыя канфлікту. Вылучэнне патрабаванняў. Скажам, жонка заяўляе спадарожніку жыцця: «Калі ты не саступаеш, я забіраю дзяцей, сыходжу да мамы і жыву ўсё лета з імі на дачы». І чуе ў адказ: «Калі ты супраць набыцця машыны, то з заўтрашняга дня дабірайся ўсюды пешшу». Асноўная задача бакоў — ускладніць дасягненне мэт «праціўніка» і рэалізаваць уласныя інтарэсы.
  • Пяты — канкрэтныя дзеянні. Жонка збірае рэчы і кажа дзецям, што нейкі час яны пажывуць з татам асобна. А муж заяўляе, што машына — у рамонце, і таму падвезці яе да мамы не атрымаецца.
  • Шосты — вырашэнне супярэчнасцяў. Завяршэнне канфлікту магчымае з розных прычын: усведамленне, што прычыны неістотныя і не вартыя разбуральных для сям’і наступстваў; з’яўленне трэцяга зацікаўленага боку (сваякоў ці сяброў); вычэрпванне рэсурсаў аднаго з бакоў (няма больш сіл тлумачыць сваю пазіцыю і даказваць сваю праўду).

Спосабы вырашэння праблемы

Спецыялісты вылучаюць чатыры спосабы вырашэння канфліктаў: супрацоўніцтва, кампраміс, прыстасоўванне, пазбяганне.

  • Супрацоўніцтва прадукцыйнае на этапе зараджэння канфлікту (пакуль эмоцыі не захапілі розум), яно дазваляе прыйсці да прымірэння без шкоды для кожнага з бакоў. Перагаворы, пошук пунктаў судакранання вядуць да ўсведамлення агульнай мэты. У нашым выпадку муж і жонка хочуць, каб ім самім і дзецям было лепш. Добрая спраўная машына дапамагае аператыўна вырашаць шматлікія пытанні, гарантуе бяспеку. Адпачынак на моры ўмацоўвае здароўе ўсіх членаў сям’і. Як не ўшчаміць інтарэсы абодвух бакоў? Напрыклад, узяць крэдыт у банку, пазычыць грошы ў сваякоў.
  • Кампраміс таксама мае на ўвазе, што бакі чуюць адно аднаго і не вымушаюць ахвяраваць сваімі жаданнямі. На прыкладзе таго ж канфлікту з аўтамабілем і адпачынкам, разумныя сужэнцы напэўна пайшлі б на кампраміс, вырашыўшы, што адпачыць усё-ткі трэба, але абралі больш бюджэтны варыянт, каб зэканоміць сродкі і не адкладваць набыццё машыны на працяглы тэрмін.
  • Прыстасоўванне. Калі адзін з бакоў адмаўляецца ад сваіх інтарэсаў дзеля згоды ў сям’і. Верагодна, астыўшы, муж мог бы сказаць: «Добра, бог з машынай. Едзем на мора». Або жонка, падумаўшы, прыйшла б да высновы, што лепш не з сварыцца: няхай муж набывае машыну.
  • Пазбяганне. Бакі адыходзяць ад якіх-небудзь дзеянняў, пад рознымі падставамі зацягваюць прыняцце рашэнняў. Праблема не вырашаецца, а толькі зацягваецца і ўскладняецца.

Сцэны з сямейнага жыцця

Прыклад канфлікту паміж сужэнцамі. Жонка — глыбока рэлігійная. Муж — свецкі чалавек. Ён не супраць, каб яго спадарожніца жыцця рэгулярна хадзіла ў царкву, далучала дзяцей да праваслаўнай веры. Але з часам жанчына захацела, каб яе спадарожнік жыцця таксама стаў вернікам. Муж запрацівіўся. Яго пазіцыя — «Я табе не перашкаджаю прытрымлівацца сваіх поглядаў, ты не перашкаджай мне. У нядзелю я хачу ісці не ў царкву, а ў гараж рамантаваць машыну». Перыяды перамір’я ўсё часцей чаргуюцца ў сужэнцаў са скандаламі, ад гэтага пакутуюць дзеці.

Якія спосабы выйсця з канфлікту тут выкарыстаць? Жанчына выключае і супрацоўніцтва, і кампраміс. Застаецца прыстасоўванне або пазбяганне. Пасля кансультацыі ў псіхолага муж паабяцаў адзін раз на месяц прысутнічаць на нядзельнай службе, каб зменшыць эмацыянальны напал адносін. Але ўвогуле канфлікты на рэлігійнай глебе вельмі складаныя для ўрэгулявання, і ў тых сем’ях, дзе яны ўзнікаюць, вельмі вялікая верагоднасць разводу. Рэлігійныя жанчыны часта гатовыя адмовіцца ад мужа, калі ён не падзяляе іх перакананні.

Чым вызначаюцца аматары сварыцца

У тым, як часта і наколькі бурна працякаюць канфлікты, прыкметную ролю адыгрываюць нашы асабістыя якасці. Не любіце сварак, не хочаце пастаянна ступаць на сцежку вайны — пазбягайце канфліктных тыпаў асобы, якія прывыклі прыгнятаць і абражаць свайго апанента, ціснуць на яго слабыя бакі, правакаваць на эмоцыі, запалохваць, пагражаць.

  • Дэманстрацыйны тып. Такія людзі любяць быць у цэнтры ўвагі, выклікаць цікавасць. Не ўхіляюцца ад канфліктаў, а нават кайфуюць ад сваіх пакут. Для іх характэрныя лжывасць, прытворства. Пры гэтым яны артыстычныя, лёгка выбудоўваюць адносіны.
  • Рыгідны тып. Запальчывыя, крыўдлівыя людзі, падазроныя, якія не церпяць крытыку. Дзейнічаюць па прынцыпе: «Я сказаў і гэта не абмяркоўваецца». Заўсёды хочуць, каб апошняе слова заставалася за імі, не ўмеюць праяўляць гібкасць, паглядзець на падзеі, з’явы, рэчы з пазіцый іншага.
  • Некіравальны тып. Імпульсіўны, рэзкі чалавек, часта непрадказальны ў сваіх дзеяннях. У сваіх няўдачах і промахах абвінавачвае ўсіх, акрамя сябе. Яго адметныя рысы — агрэсіўнасць і нізкі самакантроль.
  • Звышдакладны тып. Педантычны, скрупулёзны перфекцыяніст, які патрабавальны ў працы і ў жыцці. Часта з-за гэтага раздражняецца, не ўмее кантраляваць эмоцыі. Ён вызначаецца высокай трывожнасцю, падазронасцю і крытычнасцю.

Браты і сёстры: бітва за спадчыну

— Браты і сёстры часта сварацца на глебе дзяльбы спадчыны, — адзначае Таццяна Шаранда. — Родныя па крыві людзі з-за кватэр, дач, машын часам цалкам разрываюць адносіны. За імкненнем адваяваць сабе большую частку бацькоўскай нерухомасці стаіць інстынкт выжывання, імкненне засцерагчы сябе, забяспечыць у будучыні гарантыі нябеднага існавання. Вельмі тыповая сітуацыя. Пасля смерці бацькоў дзве сястры аб’ядналіся супраць брата, імкнучыся адваяваць сабе большую частку нерухомасці, аргументуючы свае прэтэнзіі тым, што яны абедзве разведзеныя, ім цяжка, а брат вельмі заможны, умее зарабляць, у яго ўсё ёсць. Але — дазвольце: ён жа такое ж дзіця сваіх бацькоў, як і дочкі. Чаму ён павінен адмаўляцца ад сваёй долі? Таму што ў жыцці сясцёр не ўсё склалася ўдала, і яны не навучыліся зарабляць, як ён? Асабіста я перакананая: лепшае, што могуць зрабіць бацькі і маці для прафілактыкі «бітваў» паміж дзецьмі пасля іх сыходу, — гэта пры жыцці скласці завяшчанне і падзяліць «усё, што нажыта непасільнай працай» пароўну паміж сынамі і дочкамі. А калі не пароўну, а так, як лічаць патрэбным, то сумленна і адкрыта растлумачыць спадчыннікам сваю пазіцыю. На жаль, вельмі часта бацькі прытрымліваюцца пазіцыі: «Пасля маёй смерці няхай разбіраюцца самі». Вось яны і разбіраюцца. Родныя браты і сёстры нярэдка надзеленыя розным духоўным інтэлектам, прытрымліваюцца розных маральных, этычных нормаў. Голас крыві часта «замаўкае», калі чалавек перакананы, што яму ў жыцці пашанцавала менш, і таму ён мае права на большую частку бацькоўскага капіталу. Пры адсутнасці завяшчанняў найлепшы спосаб вырашыць маёмасныя спрэчкі так, каб захаваць роднасныя адносіны, — гэта кампраміс.

11 табу ў псіхалогіі канфлікту. Калі вы не хочаце, каб канфлікт абвастраўся, то нельга:

  • Крытычна ацэньваць асобу партнёра. Можна гаварыць толькі пра яго дзеянні.
  • Інтэрпрэтаваць паводзіны, дзеянні партнёра як ганебныя і подлыя, не маючы на тое сур’ёзных аргументаў.
  • Дэманстраваць сваю перавагу.
  • Вінаваціць, перакладваць усю адказнасць за тое, што адбылося на іншага.
  • Цалкам ігнараваць інтарэсы іншага чалавека.
  • Бачыць усё толькі са сваёй пазіцыі.
  • Прымяншаць уклад і заслугі партнёра.
  • Перабольшваць свой уклад і заслугі.
  • Раздражняцца, крычаць, нападаць.
  • Закранаць болевыя кропкі, уразлівыя месцы апанента.
  • Прад’яўляць прэтэнзіі за ўсе мінулыя пралікі і памылкі.

Бацькі і дзеці: бітва за свой род

У аснове вечнага канфлікту бацькоў і дзяцей — інстынкт працягвання роду. Дзеці прыходзяць у гэты свет са сваімі імкненнямі, жаданнямі, місіямі. А бацькі хочуць трымаць іх пад кантролем дзеля свайго спакою.

Сын збіраецца ажаніцца з дзяўчынай, якая катэгарычна не задавальняе бацькоў: яны лічаць, што яна не адпавядае яму па ўзроўні адукацыі, выхавання, дастатку. Сын адстойвае сваё права на выбар абранніцы («Мне з ёй жыць, а не вам»), расцэньвае стаўленне бацькі і маці як прадузятае, няслушнае.

Канфлікт інтарэсаў у наяўнасці. Малады чалавек хоча быць шчаслівы, будаваць сям’ю з каханай дзяўчынай. Бацькі імкнуцца бачыць побач з сынам нявестку, якая павысіць іх сацыяльны статус, умацуе фінансавыя пазіцыі. Яны перакананыя: іх адзінае дзіця заслугоўвае лепшай спадарожніцы. Калі сын — моцная асоба, то бацькам верагодней за ўсё прыйдзецца прыстасавацца, прыняць яго выбар, усвядоміўшы, што пачуцці важнейшыя за сацыяльны статус. У адваротным выпадку гэта пагражае разрывам адносін.

Ці ёсць карысць ад сварак?

Канфлікты бываюць канструктыўнымі і неканструктыўнымі. Пры першых суразмоўцы не выходзяць за рамкі прыстойнасці, не апускаюцца да знявагі і грубіянства. Пры другіх удзельнікі канфлікту лічаць, што для перамогі ўсе сродкі добрыя, і наступствы такіх сутыкненняў могуць быць самымі драматычнымі.

Канструктыўныя канфлікты могуць прынесці несумнеўную карысць. Бакі выгаворваюцца, вучацца выказваць свае меркаванні найбольш даступна і дакладна, перастаюць баяцца гэта рабіць. Людзі набываюць вопыт супрацоўніцтва для вырашэння праблемных пытанняў, пошуку ўзаемна выгадных рашэнняў, якія з-за ўзаемнай зацікаўленасці хутчэй рэалізоўваюцца.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?