Сімвалічна, што ў той час як на тэрыторыі ўсёй краіны праходзіць рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу», якая сёлета будзе доўжыцца ўвесь красавік, у Палаце прадстаўнікоў у першым чытанні разглядаюць змяненні ў Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Новаўвядзенні закрануць тэрміналогію, звязаную з лясной гаспадаркай, віды шкоды, нанесенай лясным угоддзям, паўномоцтвы службовых асоб дзяржаўнай лясной аховы.
Акрамя таго, праектам Закона замацоўваецца кампетэнцыя кіраўніка дзяржавы на вызначэнне адносін у галіне выкарыстання, аховы, абароны і ўзнаўлення лясоў у лясным фондзе, які выкарыстоўваецца ў мэтах нацыянальнай бяспекі, а таксама на ўстанаўленне парадку ажыццяўлення дзейнасці на ўчастках ляснога фонду, які выкарыстоўваецца ў мэтах нацбяспекі.
Як паведаміла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Жана Чарняўская, Лясны кодэкс быў падпісаны ў 2015 годзе, у яго ўжо ўносіліся змяненні і дапаўненні, аднак наспела неабходнасць некаторых новаўвядзенняў. «Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы надзяляюцца паўнамоцтвамі аднясення да пэўных катэгорый ляснога фонду або пераводу з адной катэгорыі ў іншую, — удакладніла дэпутат. — Для службовых асоб, якія надзелены паўнамоцтвамі дзяржаўнай аховы ляснога фонду, з’яўляецца магчымасць спыняць транспартныя сродкі, затрымліваць тых асоб, якія здзейснілі злачынства або адміністрацыйнае правапарушэнне. Таксама супрацоўнікі дзяржаўнай лясной аховы могуць выкарыстоўваць або прымяняць фізічную сілу, зброю або спецыяльныя сродкі, выкарыстоўваць спецыяльны транспарт для таго, каб ажыццяўляць сваю дзейнасць. Міністэрства лясной гаспадаркі надзяляецца такімі паўнамоцтвамі, якія будуць накіраваны на рацыянальнае выкарыстанне ляснога фонду».
Пэўныя змяненні ў бліжэйшы час закрануць і медыйную сферу. У прыватнасці, у новых умовах будуць працаваць замежныя сродкі масавай інфармацыі, які ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі нашай краіны, а таксама інтэрнэт-рэсурсы і навінавыя агрэгатары.
Законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», адобраны парламентарыямі ў першым чытанні, накіраваны на забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі, абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, нацыянальнай бяспекі ў галіне масавай інфармацыі.
— Сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі з’яўляюцца наймагутнейшым фактарам уплыву на насельніцтва, пры гэтым медыйнае поле Рэспублікі Беларусь застаецца дастаткова насычаным і разнастайным, — падкрэсліў, прадстаўляючы законапраект «Аб сродках масавай інфармацыі», міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. — Сёння ў краіне зарэгістравана 955 друкаваных СМІ, 189 тэлерадыёвяшчальных, сем інфармацыйных агенцтваў, 43 сеткавыя выданні. Беларуская інфармацыйная прастора таксама застаецца адкрытай для замежных СМІ, якія выконваюць патрабаванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У нас распаўсюджваецца 1786 замежных газет, часопісаў, больш за 225 замежных тэлеканалаў. Таксама ў дзяржаўны рэестр уключана 458 распаўсюджвальнікаў друкаваных СМІ. У дзяржаўны рэестр распаўсюджвальнікаў тэле- і радыёвяшчальнік — 184 аператары электрасувязі і пастаўшчыкоў паслуг.
Па словах кіраўніка ведамства, усё гэта дае магчымасць развіваць нацыянальную інфармацыйную прастору. «Разам з тым з улікам глабальных геапалітычных змяненняў, новых эканамічных, тэхналагічных рэалій, выклікаў і пагроз наспела неабходнасць унясення змяненняў у заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, — Уладзімір Пярцоў. — Як мы ведаем, далёка не заўсёды сетка інтэрнэт служыць развіццю грамадства і дзяржавы. Віртуальнае асяроддзе стала інструментам інфармацыйных войн, накіраваных на разбурэнне грамадскіх асноў, маральных каштоўнасцяў, а часам і цэлых дзяржаў. Даступнасць інтэрнэту шырокай аўдыторыі надае гэтай праблеме глабальны, сусветны характар. Імклівае развіццё грамадскіх адносін у сетцы інтэрнэт запатрабавала сур’ёзнага падыходу да вырашэння праблем, якія ўзнікаюць».
Як звярнула ўвагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч, ніколі раней не быў такім высокім узровень пагроз нацыянальнай бяспецы. Новаўвядзенні ў заканадаўства аб СМІ, па словах парламетарыя, абумоўлены правапрымяняльнай практыкай, тэхналагічнымі змяненнямі, якія пастаянна адбываюцца ў нацыянальнай інфармацыйнай прасторы. «Тыя навацыі, якія ёсць у законе, фактычна адлюстроўваюць рэальны стан тых умоў, у якіх працуе інфармацыйная прастора нашай краіны, — падкрэсліла намеснік старшыні камісіі. — Мы робім усё дзеля таго, каб закон меў тыя палажэнні, якія дазволяць Міністэрству інфармацыі аператыўна і адэкватна рэагаваць на праяўленне дэструктыўных выклікаў і пагроз».
Законапраектам вызначаюцца асаблівасці функцыянавання навінавых агрэгатараў і прававы статус іх уладальнікаў. Пашыраецца пералік падстаў для анулявання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі і абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання, навінавага агрэгатара. Дэталізуюцца патрабаванні да дзейнасці ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць прадукцыю тэлевізійных і (або) радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі. Удакладняецца парадак дзейнасці замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі. Замацоўваецца магчымасць прымянення адказных мер у адносінах да замежных сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсаў, журналістаў замежных медыя.
— Уводзіцца пэўныя навацыі, звязаныя з абаронай інфармацыйнага поля і грамадскай думкі ў перыяд электаральнай кампаніі, — удакладніла Лілія Ананіч. — Мы памятаем, як «праславутыя 3%» выкарыстоўваліся для таго, каб маніпуляваць грамадскай свядомасцю. Таму ўводзіцца норма закона аб забароне распаўсюджання інфармацыі грамадска-палітычнага характару ў перыяд электаральнай кампаніі ад арганізацый, якія праводзяць сацдаследаванні без атрымання адпаведных акрэдытацый.
У першым чытанні дэпутацкім корпусам разгледжаны законапраект «Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь «Аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў». У прыватнасці, прадугледжваецца дапаўненне пераліку звестак, якія падлягаюць рэгістрацыі і ўліку ў адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях, звесткамі аб пастанаўленнях (вызначэннях) суда касацыйнай інстанцыі. Прапануецца, што пасля вынясення рашэння аб адмене пастановы аб адміністрацыйным правапарушэнні, якая ўступіла ў законную сілу, і спыненні такой справы, звесткі аб правапарушэнні выдаляюцца з адзінага дзяржаўнага банка даных аб правапарушэннях. Пашыраецца пералік дзяржаўных органаў, якім прадастаўляецца абмежаваны доступ да звестак аб правапарушэннях, якія ўтрымліваюцца ў адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях.
Як заўважыў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Іван Мамайка, змяненні ў заканадаўства выкліканы абноўленай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі, папраўкамі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, а таксама інфарматызацый і лічбавізацыяй грамадства. «У прыватнасці, пашырана кола фізічных асоб, якія дапушчаны да напісання заявы аб атрыманні інфармацыі з гэтай базы даных, — удакладніў дэпутат. — Раней было неабходна, каб сама асоба, у адносінах да якой рыхтуецца інфармацыя аб правапарушэннях, асабіста прыбывала ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў або пісала заяву па электроннай пошце, адпаведна асабіста ёй на рукі выдаваліся гэтыя звесткі. Цяпер у кампетэнтныя органы можа звярнуцца любая асоба, але інфармацыя будзе выдавацца толькі таму грамадзяніна, які запрасіў гэтыя звесткі».
Па словах парламентарыя, гэта спросіць саму працэдуру — дэпутаты ўлічылі пажаданні грамадзян, якія звярталіся з такой прапановай. Акрамя таго, плануецца, што частковы доступ да адзінага дзяржаўнага банка даных аб правапарушэннях атрымаюць суб’екты грамадзянскай супольнасці, якія надзелены правам вылучэння дэлегатаў на Усебеларускі народны сход.
— Законапраект падрыхтаваны з мэтай удасканалення прававога рэгулявання адносін, звязаных з улікам і рэгістрацыяй правапарушэнняў, — адзначыў намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. — Змяненні і дапаўненні, якія ўносяцца праектам у закон, накіраваны на прывядзенне яго ў адпаведнасць з заканадаўчымі актамі, а таксама абумоўлены існуючай правапрымяняльнай практыкай. Прыняцце закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў» дасць магчымасць забяспечыць паўнату ўліку правапарушэнняў, удасканаліць парадак атрымання, захоўвання і прадастаўлення інфармацыі аб правапарушэннях, забяспечыць узгадненне яго норм з палажэннямі іншых заканадаўчых актаў і не запатрабуе выдзялення дадатковых бюджэтных сродкаў, звязаных з яго рэалізацыяй.
У прадстаўленым у другім чытанне праекце Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў» удакладняюцца падставы для прадастаўлення права на адтэрміноўку ад прызыву на воінскую службу, устанаўліваецца часовае абмежаванне на выезд з Беларусі асоб, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс. Акрамя таго, замацаваны парадак узгаднення выезду з Рэспублікі Беларусь кіраўнікоў дзяржаўных органаў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый і супрацоўнікаў, што ажыццяўляюць забеспячэнне дзейнасці і тэхнічнае абслугоўванне дзяржаўных органаў, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў.
— Што датычыцца пытання адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве для працягу адукацыі ва ўстановах адукацыі за мяжой, раней такая адтэрміноўка прадастаўлялася, — канкрэтызавала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валянціна Ражанец. — Аднак вывучэнне заканадаўства іншых краін прадэманстравала, што практычна нідзе такой ільготы няма. У Беларусі дзейнічае звыш 60 падстаў для прадастаўлення адтэрміноўкі. Тыя, хто навучаецца ў беларускіх ВНУ, гэтым правам карыстаюцца, але для навучання за мяжой цяпер адтэрміноўка прадастаўляецца толькі па дзяржаўных праграмах і па рэкамендацыях дзяржаўных органаў, арганізацый і ўстаноў. Часта пытаюцца, што будзе з тымі, хто ўжо паступіў і вучыцца за мяжой? Тыя, хто атрымаў адтэрміноўку, будзе карыстацца ёю да спынення падстаў яе атрымання — пакуль не скончыць сваю навучальную ўстанову. Адтэрміноўка прадастаўляецца адзін раз. Для тых, хто паступіў ва ўстанову адукацыі за мяжу ва ўзросце да 18 гадоў і на момант уступлення ў сілу закона навучаецца ў вочнай форме навучання, адтэрміноўка будзе захоўвацца.
Законапраектам «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь», адобранага ў першым чытанні, прапаноўваецца ўстанавіць у Падатковым кодэксе дзяржаўную пошліну для рэгістрацыі транспартнага сродку дыпламатычнага прадстаўніцтва, консульскай установы, іншага афіцыйнага прадстаўніцтва замежнай дзяржавы, прадстаўніцтва або органа міжнароднай арганізацыі, міждзяржаўнага ўтварэння, а таксама супрацоўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва, консульскай установы, і члена яго сям’і, ганаровага консула замежнай дзяржавы ў памеры чатыры базавыя велічыні, што адпавядае прынцыпам ўзаемнасці вылічэння плацяжоў. У цяперашні час памер дзяржаўнай пошліны за дзяржаўную рэгістрацыю транспартнага сродку з выдачай рэгістрацыйных знакаў аўтамабіля складае дзве базавыя велічыні.
Акрамя таго, у Палаце прадстаўнікоў разгледзелі шэраг міжнародных пагадненняў, якія датычацца супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй і Сірыйскай Арабскай Рэспублікай.
Вераніка КАНЮТА
Фота: белТБ
Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.
Якія прамашкі жанчын у адзенні выдаюць адсутнасць густу?
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?