Вы тут

Ён мог загінуць даўно і нават не раз, але адзначыў сваё стагоддзе!


Ён мог загінуць даўно і нават не раз, але адзначыў сваё стагоддзе!

У ваенных дакументах стагадовага Алега Назаравіча Пліндова захаваліся выпіскі з загада па 195 гвардзейскім артылерыйскім палку 91-й гвардзейскай Духаўшчынскай дывізіі. Адна з іх аб тым, што Пліндоў з рызыкай для жыцця пад агнём праціўніка правёў прывязку назіральных пунктаў і агнявых пазіцый дывізіёна і штаба батарэі, другая — што дзякуючы яго дакладнай карэкціроўцы агню ўдалося падавіць апорны пункт немцаў, трэцяя — што працягнуў тэлефонную лінію...


— Гэта была мая звычайная франтавая работа, — кажа Алег Назаравіч і, крыху памаўчаўшы, дадае: — Нічога не зробіш — вайна...

Для студэнта Магілёўскага педінстытута яна пачалася з паходу ў ваенкамат, з просьбы запісаць яго дабравольцам, з павесткі з'явіцца на прызыўны пункт. З 12 ліпеня хлопец-франтавік стаў весці дзённік.

«Тут праўда і толькі праўда»

 Папярэджвае ветэран. — Усё, што бачыў, што перажываў, я стараўся запісваць.

Чытаем разам: «Бесталкова рухаліся па Смаленскай вобласці. Ішлі, ехалі прасёлачнымі дарогамі. Затым — панічна пабеглі: начальнікам усюды мроіліся дыверсанты...»

«У паветры толькі нямецкія самалёты. На вачах, трохі збоку, бесперапынныя бамбёжкі».

«На станцыях — саставы. У адным, насупраць нашых казарм — спірт і вартавы не нічога не можа зрабіць, страляе ў паветра. Хлопцы вёдрамі, кацялкамі носяць спірт...»

«На пярэдні край абароны на світанні наляцелі абрынуліся варожыя аўтаматчыкі. Атака была адбіта... Давялося ўбачыць магутны налёт нашай артылерыі...»

«Уступіў у камсамол. Пры мне прымалі кандыдатамі ў партыю. З 25 чалавек ніводзін не назваў усіх пастоў Сталіна. Паўшчуваюць, напэўна, і прымуць пазней...»

«Выдалі вінтоўкі, імператарскія, выпуск 1905 года...»

Смерць ішла па пятах

Але ж хлопцам давялося не толькі ваяваць: ладная група з выпускнікоў школ і студэнтаў стала курсантамі Варонежскага вучылішча сувязі. Праз паўтара месяца менавіта іх, «зялёных», каля горада Яльца кінулі супраць узброеных да зубоў немцаў. Адбіваліся звычайнымі вінтоўкамі і гранатамі. Страты былі жахлівыя. Алег, шчыра кажучы, не спадзяваўся выжыць, але яму пашчасціла.

Прычым не толькі тады. На Валдаі атрымаў загад тэрмінова даставіць важнае данясенне ў штаб палка, які размяшчаўся досыць далёка. Аднак баец ведаў, што гэты шлях можна скараціць, калі і метраў семдзесят адолець пад прыцэльным агнём снайпераў.

Ну, вядома ж, рызыкуючы, то хаваючыся за дрэвамі, то ныраючы ў кусты і варонкі ад снарадаў, Алег Пліндоў, пачаў кароткія перабежкі і такі абдурыў ворага!

Далейшая дарога ляжала ўздоўж шумлівай рачулкі, за паваротам байцу трэба было перайсці яе. Але ж спачатку, ратуючы ад вады аўтамат, Алег перавесіў яго за плечы. І амаль тут жа як быццам спатыкнуўся...

На процілеглым беразе, зняўшы зброю, убачыў, што смерць ішла за ім па пятах: прыклад аўтамата быў расколаты разрыўной куляй...

Пашчасціла байцу і ў вулічных баях у горадзе Вялікія Лукі, калі побач, за нейкія тры-чатыры метры ўпаў, але не ўзарваўся снарад буйнога калібру, калі ўжо на радзіме, пад Лёзна, ён адлучыўся з назіральнага пункта, каб набраць крынічнай вады, і, азірнуўшыся, убачыў, што той пункт у адно імгненне знішчаны гарматным залпам. Два чалавекі тады загінула, Алега толькі кантузіла.

...Іншымі словамі, шмат выпрабаванняў чакала байца на франтавых дарогах: на яго вачах гінулі аднапалчане і найлепшыя сябры, а вясной 1944-га пад Віцебскам ён быў цяжка паранены сам. Тры месяцы тады правёў у палявых шпіталях, інвалідам вярнуўся дамоў у Круглянскі раён.

«У сваім педкалектыве я быў ледзь не прафесарам!»

У райкаме партыі яму, 23-гадоваму, прапанавалі стаць дырэктарам Цяцерынскай сямігодкі. «Не па Сеньку шапка. Лепей на дзот», — сказаў ён сакратару. — «Ну давай тады хоць намеснікам — па ваенна-спартыўнай рабоце?». Пліндоў згадзіўся і пачынаў з таго, што да новага навучальнага года рыхтаваў саму школу.

З дапамогай сельсавета ўдалося арганізаваць рамонт класаў, а паралельна — «вытворчасць» лавак і вучнёўскіх сталоў. «З адным курсам інстытута я ў педкалектыве быў ледзь не прафесарам, — успамінае ветэран. — Мяркуйце самі: беларускую мову выкладала выпускніца вячэрняй школы, нямецкую — пажылая яўрэйка, матэматыку — камісаваны сапёр»...

Менавіта ў школе Алега Назаравіча заспела вестка аб Перамозе. «Мы адразу ж разаслалі вучняў па навакольных вёсках, запрасілі ўсіх прыйсці на мітынг, — успамінае ветэран. — Самі вывесілі на ганку чырвонае палотнішча, вынеслі партрэт Сталіна... Былі выступленні, хапала слёз і ад радасці, і ад гора».

Інстытут Алег Назаравіч скончыў завочна, больш за паўвека працаваў на ніве народнай адукацыі. Ён ветэран педагагічнай працы, адзначаны медалём «За працоўную доблесць».

«Я б мог погибнуть в сорок третьем...»

Верш з такім радком баец Пліндоў напісаў у той дзень, калі варожая куля раструшчыла прыклад аўтамата.

А паэзіяй стаў захапляцца яшчэ ў школе, друкаваўся ў абласной газеце, разам з іншымі паэтамі-пачаткоўцамі меў шчасце прачытаць свае творы нашым класікам Янку Купалу і Якубу Коласу, падзівіцца іх даступнасці, іх прастаце ў зносінах з людзьмі.

На вайне Алег Пліндоў пісаў нататкі і лірычныя вершы, досыць вострую сатыру на Гітлера ды яго паплечнікаў у дывізіённую газету. І як жа ўзрадаваўся, калі яго запрасілі на сустрэчу з ваенным карэспандэнтам і паэтам Аляксандрам Твардоўскім!

Аўтар славутай паэмы «Васіль Цёркін» расказаў тады, як яна стваралася, быў усцешаны тым, што многія байцы носяць твор у сваіх заплечніках, чытаюць па памяці.

Пацікавіўся Твардоўскі і тым, ці ёсць сярод байцоў беларусы? Алег і яшчэ некалькі хлопцаў паднялі рукі. Паэт павітаў іх, паганарыўся тым, што яго дзядуля родам з Магілёўскай губерні.

...З 2002 года ветэран жыве ў Гомелі, часта выступае перад школьнікамі, навучэнцамі гімназій і каледжаў, перад студэнтамі, чытачамі бібліятэк. Ён узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны, двума медалямі «За адвагу».

«Сакрэты» ветэрана Пліндова

— Алег Назаравіч, у вас за плячыма досыць пакручастая стогадовая дарога. Ёсць, магчыма, нейкія сакрэты ў вашым доўгажыхарстве? — пытаю на развітанне.

— Не, ніякіх! Я проста заўсёды верыў у сябе і не баяўся цяжкасцяў, нікому ні ў чым не зайздросціў, не пераходзіў дарогу, стараўся рабіць дабро і не спрачацца з дурнямі (ім жа ўсё роўна нічога не дакажаш!).

Запісаў Уладзімір ПЕРНІКАЎ

г. Гомель


«Няспынны бег, шалёны бег. Ён з кожным годам нарастае...»

Каб зачапіць, зацікавіць чытача ўстрывожаным (у гэтым выпадку) «Што ж далей?», вершу мала быць дасканалым па форме — ён павінен быць шчырым па змесце, а пісаць так могуць, на жаль, нямногія. Наш зямляк Мар'ян Дукса мог.

Сёлетняй вясной ён — аўтар больш чым дзясятка паэтычных зборнікаў, лаўрэат літаратурных прэмій, ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна — адзначыў бы 80. Але сышоў раней: сышоў (як, дарэчы, і жыў...) ціха ды незаўважна. І таму, вядома ж, застаўся мудрым настаўнікам, верным захавальнікам роднай мовы.

Асабісты вопыт спасціжэння Бога, занепакоенасць лёсам народа, нацыянальнай культуры, Айчыны, любоў да чалавека, якая перамагае ўсё, — вось асноўныя лейтматывы большасці вершаў. Адчуванне сваёй мізэрнасці ў Сусвеце («Ці ўзвысіцца мой кволы галасок над гімнамі пушчанска-баравымі?») і адначасова аптымістычная ўпэўненасць у сіле чалавечага духу («Агонь твой не, не дагарыць, // яшчэ пасвеціць яркай зоркаю. // Ты праўду будзеш гаварыць — салодкую ці вельмі горкую»), канстатацыя сваёй бездапаможнасці перад націскам гвалту («Навокал пакуты, на пласе — галовы...») і пратэст супраць бездухоўнасці («А сыплецца з вачэй людскіх гарох, // як пачынаюць спрэчку фарысеі») чаргуюцца з лірычнымі строфамі і вытанчаным метафарычным гумарам аўтара.

Вельмі шмат у Мар'яна Дуксы рытарычных пытанняў. Імі пачынаюцца ці завяршаюцца многія вершы, асобныя нават складаюцца:

Няспынны бег, шалёны бег.

Ён з кожным годам нарастае.

Што з гэтага? Душа пустая.

Што мы ўхапілі? Грэх і смех.

Куды пусціліся так хутка?

На газ абцасамі — смялей!

Хай набягае вёрст накрутка,

Тэмп вар'яцее... Што далей?..

Мар'ян Дукса, разважаючы пра месца паэта ў сучасным свеце, сцвярджае, што вершы — не легкадумная пацеха на вясёлай вечарынцы: паэзія, як сястра філасофіі, павінна вучыць жыццю па самых высокіх мерках чалавечай адказнасці, быць паходняй, што асвятляе дарогу праз змрок, быць духоўнай ежай, што сілкуе розум маладым і надае душэўнай раўнавагі сталым.

Ала СТРАШЫНСКАЯ

г. Смаргонь


Можна спадзявацца на міліцыю...

Летась на рыбалцы мне вельмі пашчасціла: са спінінгам ішоў па беразе Нёмана і ўбачыў шчупака. Ён застыў у траве на мелкаводдзі, ён цалкам зліваўся з зеленкаватай афарбоўкай раслін, але ж я заўважыў яго!

Тут жа ў хлопчыка-вяскоўца, што рыбачыў непадалёк, выпрасіў акунька, насадзіў на трайнік — падкінуў шчупаку пад нос. Разлічваў, што ён адразу клюне! Аж не: нуль увагі!..

Карацей, не так хутка, як спадзяваўся, але ж рыбіну я злавіў! Трохі патрымаў на беразе, палюбаваўся яе прыгажосцю і адпусціў назад у ваду.

Не ўсе, напэўна, мяне зразумеюць, але я скажу, што для мяне, шчырага і даўняга аматара рыбалкі, галоўнае — зусім не ўлоў, а сам працэс, само сузіранне прыгажосці і велічы прыроды. Пах травы і вады, спевы птушак, усход і заход сонца, месцы і часіны, дзе ўдыхаеш не столькі паветра, колькі само шчасце!

Цэлымі гадзінамі магу прападаць на нейкім беразе, сядзець і глядзець на паплавок. А калі яшчэ і паклёўка...

Не бяруся казаць за іншых, — мне тады яшчэ болей хочацца жыць, яшчэ мацней любіць сваю краіну, сваю зямлю.

І для мяне, паверце, гэта зусім не гучныя словы, а найперш справы, бо, па вялікім рахунку, любіць — значыць клапаціцца.

Мой дзядуля некалі казаў, што ў лесе ўсе дрэвы розныя, а ў жыцці — усе людзі.

З гэтым і сапраўды не паспрачаешся: ёсць, на жаль, тыя, што грабуць пад сябе ўсё, што трэба і нават не трэба і тым самым непапраўна шкодзяць зямлі. Хто іх можа спыніць? Міліцыя? Рыбнагляд? Інспекцыя па ахове прыроды?

Можна спадзявацца на іх, але ж трэба і нам, людзям свядомым, не саромецца — рабіць заўвагі «сейбітам» рознага смецця і браканьерам, правільна выхоўваць сваіх дзяцей і ўнукаў, даводзіць ім спрадвечны дэвіз сапраўдных рыбакоў: злавіў рыбу — адпусці! І ты не прайграеш.

Аляксандр КАРЧЭЎСКІ

г. Навагрудак


Перад выбарам: пасадзіць? Ці пасядзець?

Думала схадзіць да сяброўкі ў госці. Сказала, каб трохі пазней: сёння няма дзе сесці.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».