Вы тут

Прывітанне, пенсія!


Некалькі месяцаў таму давялося браць інтэрв'ю ў дэпутата вышэйшага заканадаўчага органа. Сустрэча адбылася адразу пасля прыёму грамадзян, які праводзіў народны выбраннік. Дык вось, на прыём да яго прыйшоў адзін пенсіянер з просьбай паспрыяць павелічэнню яго пенсіі. А для гэтага як мінімум патрабуецца перавесці грамадзяніна ў іншую катэгорыю асоб у плане сацыяльнага забеспячэння.


Дэпутат доўга і ветліва тлумачыў, што гэта не ў яго кампетэнцыі, такія пытанні рэгулюе закон. Але ж грамадзянін лічыць, што ў дачыненні да яго закон несправядлівы. Бо некалькі дзесяцігоддзяў кіраваў вельмі важнай структурай, а вось пенсію... як бы тое сказаць, адным словам, людзі і большую атрымліваюць. І чалавека зразумець можна: ён усё жыццё меў даволі вялікі даход, немалы адрэзак часу працаваў пасля дасягнення пенсіённага ўзросту, а тут застацца на адной пенсіі падалося нечым некамфортным. Хоць у большасці суайчыннікаў яна, мякка кажучы, крыху меншая.

Менавіта той выпадак прымусіў мяне пацікавіцца гісторыяй пенсіённага пытання. Хоць і без таго ведала, што нашы людзі ніколі не былі спешчаныя ў гэтым сэнсе, але ж не ўсе. Напрыклад, у Расійскай Імперыі па стане на 1914 год была даволі прыстойная сістэма пенсіённага забеспячэння. У цэлым, у сярэднім. Пенсія тады прызначалася не па ўзросце, а па выслузе гадоў. Вельмі добрае ўтрыманне ў старасці атрымлівалі чыноўнікі ўсіх рангаў, вайскоўцы, мытнікі, работнікі жандарскага корпуса. Права на пенсію мелі настаўнікі, урачы, сярэдні медыцынскі персанал, рабочыя казённых заводаў. А вось пенсія па інваліднасці належала і рабочым прыватных прадпрыемстваў. Цікава, што некаторыя ўстановы і арганізацыі выплачвалі сваім ветэранам пажыццёвае ўтрыманне з касы ўзаемадапамогі пры ўмове, што чалавек рабіў унёсак у гэтую касу не менш за дзесяць гадоў. Нічога не нагадвае ў сучасных рэаліях?

Пасля 1917 года бальшавікі адмянілі ўсе пенсіі. І да 1928 года ніхто ў старасці нічога не атрымліваў, за выключэннем інвалідаў войнаў і старых бальшавікоў. Але ў названым годзе ўсё ж прынялі закон аб пенсіённым забеспячэнні гегемона — рабочага класа, ды і то ў першыя гады пенсію атрымлівалі толькі рабочыя гарнаруднай і тэкстыльнай прамысловасці. У 1936 годзе пенсію сталі прызначаць і бюджэтнікам. На кавалак хлеба ў старасці пачалі атрымліваць выплаты былыя настаўнікі, урачы, іншыя катэгорыі гарадскіх работнікаў. Пра сялян, заўважце, у тых дакументах не згадваў ніхто — ні за царом, ні за савецкай уладай. Лічылася, відаць, што на зямлі чалавек з голаду не памрэ.

І толькі ў 1964 годзе Мікіта Хрушчоў ашчаслівіў людзей, якія дзесяцігоддзямі працавалі за «палачкі» ў калгасах, пенсіяй памерам у 12 рублёў. Ашчаслівіў — кажу без іроніі. Бо яны сапраўды пачувалі сябе шчаслівымі. Памятаю, як мая бабуля недзе ў першай палове 1970-х, калі ўжо атрымлівала не 12, а 24 рублі, гаварыла: «Гэта ж якое шчасце, які клопат пра нас: я нічога не раблю, а грошы плацяць!» Тое, што ўсё жыццё гібела на палях, была перадавой работніцай, нават на выставу са звяном-пераможцам ездзіла, у разлік не бралася. Ёй жа ніхто не казаў, што гэтыя грошы ёй не дарылі, яна іх зарабіла. А вось успрымала пенсіённыя выплаты, паводле слова памешчыка Райскага, як «ласкавы хлеб».

Аўтару гэтых радкоў у свой час давялося чытаць адзін вельмі цікавы дакумент — завяшчанне нашчадкам названага землеўладальніка з брэсцкіх ваколіц. Ён прадпісваў сваім дзецям і ўнукам выплачваць «ласкавы хлеб» — пажыццёвае ўтрыманне сялянам, парабкам, якія не маглі працаваць з прычыны старасці. Добры памешчык, што і казаць, але, думаю, такія былі далёка не ўсе. Састарэлы селянін на нашых землях да сярэдзіны 1960-х мог разлічваць хіба толькі на дзяцей. А ў каго дзяцей не было?.. Ну дык і сярэдняя працягласць жыцця тады была зусім невялікая.

Цяпер, асабліва ветэраны калгаснай працы, найчасцей задаволены сваімі пенсіямі, не раз чула пра тое ад іх падчас камандзіровак. Цяжэй пражыць пенсіянеру ў горадзе, асабліва калі ён застаецца адзін. Думаю, трэба станоўча ацаніць той факт, што апошнім часам з'явілася магчымасць адлічваць пэўную суму і назапашваць сабе на будучую пенсію. Нехта, магчыма, выбірае іншы спосаб стварэння асабістай «падушкі бяспекі». Галоўнае, каб былі работа і мірнае неба, а там — не паспееш азірнуцца, як наступіць пенсія. І тады стане актуальнай інфармацыя, што перыядычна з'яўляецца ў СМІ, вось як цяпер, што з 1 мая памер пенсіі павялічваецца.

...Майстар хлебапячэння з Высокага, пра якую нядаўна давялося пісаць для нашага сайта, вырашыла павіншваць сяброўку з днём нараджэння. Па традыцыі, спякла свой фірменны пірог, а паколькі сяброўцы спаўнялася 58 гадоў, напісала зверху: «Прывітанне, пенсія!» Імянінніца спачатку крыху пакрыўдзілася, а потым усё ж ацаніла дасціпнасць госці. Бо пенсія цяпер — не адзнака старасці, а найперш прызнанне працоўных заслуг.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».