Вы тут

Абітурыент-2023. Шанцы стаць студэнтам павышаюцца…


Прыёмная кампанія 2023 года пройдзе ў новым для абітурыентаў фармаце. Але для многіх адзінаццацікласнікаў усе хваляванні ўжо засталіся ў мінулым. Сярод іх, напрыклад, пераможцы ўнутрыўніверсітэцкіх алімпіяд, якія завяршыліся ў рэгіянальных ВНУ яшчэ ў лютым. А ў сакавіку сталі вядомыя імёны пераможцаў, якія былі рэкамендаваныя да залічэння ў студэнты яшчэ да заканчэння школы. Іх больш як 800 чалавек. Канешне, хтосьці з іх можа яшчэ перадумаць, бо да падачы дакументаў у ВНУ застаецца час. Але ў Міністэрстве адукацыі лічаць новы механізм адбору таленавітай і адоранай моладзі магутным стымулам для таго, каб выпускнікі доўга не разважалі, ці трэба ім выбраць той ці іншы рэгіянальны ўніверсітэт, тую ці іншую спецыяльнасць, а скарысталіся дадзеным шанцам. Дарэчы, спецыяльнасці, куды змогуць паступаць пераможцы такіх алімпіяд, ВНУ вызначалі самастойна, зыходзячы з патрэб рынку працы ў сваіх рэгіёнах.

У сакавіку завяршыўся і апошні этап рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах. Іх пераможцы таксама могуць смела лічыць сябе без пяці хвілін студэнтамі. Увогуле, сёлета з'явілася шмат дадатковых траекторый для паступлення ў ВНУ моладзі, якая прымала ўдзел у інтэлектуальных, творчых, спартыўных спаборніцтвах, для школьных выдатнікаў, навучэнцаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, выпускнкоў профільных класаў і гэтак далей. Але аб усім па парадку.


Фота Лізаветы Голад.

Перспектывы для пераможцаў алімпіяд

Так, паводле новых Правіл прыёму, без уступных іспытаў маюць права паступаць у ВНУ пераможцы міжнародных алімпіяд і рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму (уладальнікі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў). Іх чакаюць на спецыяльнасцях, для якіх дадзены вучэбны прадмет вызначаны першым ці другім прадметам профільнага іспыту, за выключэннем спецыяльнасцяў «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права», «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Дзяржаўнае кіраванне і права» і «Лінгвакраіназнаўства».

Трэба заўважыць, што раней пераможцы рэспубліканскай алімпіяды маглі арыентавацца толькі на першы профільны прадмет. Цяпер жа выбар для іх значна пашырыўся. А пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд па інфарматыцы і астраноміі змогуць паступаць без экзаменаў на групы спецыяльнасцяў «Матэматычныя навукі і інфарматыка», «Фізічныя навукі» і профіль адукацыі «Тэхніка і тэхналогіі».

Без уступных іспытаў змогуць паступаць у творчыя ВНУ пераможцы (уладальнікі Гран-пры, дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў) міжнародных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў і фестываляў, алімпіяд у сферы культуры, праведзеных у год прыёму або ў годзе, які папярэднічае году прыёму. Пералік конкурсаў і фестываляў вызначаецца Міністэрствам культуры па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі. Гэта катэгорыя абітурыентаў паступае без экзаменаў на спецыяльнасці кірункаў «Мастацтва выяўленчае. Мастацтва дэкаратыўна-прыкладное», «Мастацтва музычнае», «Мастацтва сцэнічнае і экраннае», «Народная творчасць», якія адпавядаюць намінацыям творчых конкурсаў і фестываляў або алімпіяд у сферы культуры.

Паступаць без экзаменаў ёсць магчымасць і ў абітурыентаў, узнагароджаных у год прыёму або на працягу двух гадоў, якія папярэднічаюць году прыёму, нагрудным знакам «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў» за высокія дасягненні ў асобных прадметных сферах, якія адпавядаюць выбранай спецыяльнасці. Аналагічная прывілея ёсць і ва ўладальнікаў нагруднага знака «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі», калі іх творчыя дасягненні ў сферы культуры адпавядаюць абранаму профілю (кірунку) адукацыі.

Права паступлення без экзаменаў атрымалі і пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства (дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў) у адпаведнасці з пералікам, які ўстанаўліваецца Міністэрствам адукацыі, калі тыя праводзіліся ў год прыёму або ў годзе, які папярэднічае году прыёму. Галоўнае, каб кампетэнцыя, у якой яны дасягнулі высокага выніку, адпавядала абранаму профілю (кірунку) адукацыі.

Ёсць прывілеі і ў пераможцаў (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеняў) трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай у бягучым навучальным годзе. Яны могуць без экзаменаў паступаць у рэгіянальныя ВНУ на спецыяльнасці, для якіх дадзены вучэбны прадмет вызначаны прадметам профільнага іспыту (за выключэннем спецыяльнасцяў «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права», «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Дзяржаўнае кіраванне і права», «Лінгва-
краіназнаўства»).

Такім чынам, поспех на абласным этапе дае права залічэння без экзаменаў у абласныя ВНУ, на рэспубліканскім — ва ўсе без выключэння.

Педагагічныя і востра запатрабаваныя спецыяльнасці

Пры паступленні на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці без уступных іспытаў будуць залічвацца пераможцы (уладальнікі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў) трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай у навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму, школьныя медалісты, уладальнікі дыпломаў аб сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адзнакай.

Пералік найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў быў вызначаны пастановай Міністэрства адукацыі. Ёсць два пералікі: для падрыхтоўкі спецыялістаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. У пералік найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў, па якіх рыхтуюць у ВНУ, увайшлі 53 спецыяльнасці: «Дашкольная адукацыя», «Камп'ютарная фізіка», «Матэматыка», «Радыёсістэмы і радыётэхналогіі», «Аўтамабілі, трактары, мабільныя і тэхналагічныя комплексы», «Нанатэхналогіі і нанаматэрыялы», «Інжынерна-педагагічная дзейнасць», «Тэхналогіі і праектаванне адзення і абутку», «Меліярацыя і водная гаспадарка», «Водныя біярэсурсы і аквакультуры», «Ветэрынарная медыцына» і іншыя.

Па-за конкурсам на месцы на найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях могуць залічвацца ўдзельнікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, узнагароджаныя пахвальным водгукам, і асобы, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу і маюць рэкамендацыі воінскіх часцей ці органаў пагранічнай службы, калі яны паступаюць на завочную форму атрымання адукацыі. І першыя, і другія павінны мець у дакуменце аб адукацыі адзнакі не ніжэй за «6» балаў па прадметах уступных выпрабаванняў.

У школьных медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай ёсць права паступаць без здачы экзаменаў (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі) на педагагічныя спецыяльнасці, пералік якіх устанаўліваецца Міністэрствам адукацыі.

Таксама на педагагічныя спецыяльнасці без уступных іспытаў могуць паступаць пераможцы трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, калі дадзены вучэбны прадмет быў вызначаны прадметам профільнага іспыту. Ім таксама трэба мець рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі.

Выпускнікі профільных педагагічных класаў і груп паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў па гутарцы пры захаванні наступных умоў: у дакуменце аб адукацыі — адзнакі не ніжэй за «8» балаў па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць прадметам профільных выпрабаванняў, і адзнакі, не ніжэйшыя за «7» балаў, — па ўсіх астатніх вучэбных прадметах. Таксама яны павінны мець рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы, якую скончылі, і быць гатовымі пасля заканчэння навучання адпрацаваць па размеркаванні не менш як пяць гадоў у сістэме адукацыі.

На такіх жа ўмовах змогуць паступаць на групу спецыяльнасцяў «Фізічная культура і спорт» і «Падрыхтоўка педагогаў у галіне фізічнай культуры» абітурыенты, якія прайшлі навучанне ў профільных класах і групах спартыўна-педагагічнай накіраванасці. Яны таксама павінны быць гатовыя пасля атрымання вышэйшай адукацыі адпрацаваць па размеркаванні не менш як пяць гадоў.

Таксама без выпрабаванняў на завочную форму навучання ў ВНУ змогуць паступіць абітурыенты, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную педагагічную адукацыю, калі яны плануюць працягваць навучанне на педагагічнай спецыяльнасці ў вышэйшай школе.

Сувораўцы, кадэты і ліцэісты

Шэраг ільгот прадугледжаны і для тых, хто будзе паступаць у ВНУ сілавых ведамстваў. Так, без экзаменаў будуць паступаць выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, якія скончылі ў год паступлення дадзеную ўстанову з адзнакамі «7» і вышэй балаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана і былі накіраваныя ў рамках плана размеркавання сувораўцаў для далейшага навучання ва ўстановы вышэйшай адукацыі Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і на ваенныя факультэты (ваенны інстытут).

Выпускнікі Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і кадэцкіх вучылішчаў, якія скончылі ў год паступленні дадзеныя ўстановы з адзнакамі «7» і вышэй балаў па ўсіх прадметах навучальнага плана, без уступных іспытаў паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства абароны і на ваенныя факультэты (акрамя спецыяльнасцяў для органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю), у колькасці да 30 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму.

У гэтым годзе з'явіліся яшчэ дзве новыя катэгорыі абітурыентаў, якім дадзена права паступаць у ВНУ без уступных іспытаў. Выпускнікі трох ліцэяў (Ліцэя БДУ, Ліцэя Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта і Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта), якія маюць у дакуменце аб адукацыі адзнакі не ніжэй за «9» балаў па вучэбных прадметах, што адпавядаюць прадметам профільных іспытаў, і адзнакі не ніжэй за «8» балаў па ўсіх астатніх вучэбных прадметах, будуць залічаны ў адпаведныя ВНУ без экзаменаў.

Не трэба будзе здаваць іспыты ў ВНУ і навучэнцам Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, калі яны абяруць профілі «Тэхніка і тэхналогіі» і «Прыродазнаўчыя навукі». Абітурыенты павінны прайсці навучанне ў тэхнапарку ў тым жа навучальным годзе, у якім плануюць паступаць у ВНУ. Таксама ім спатрэбіцца рэкамендацыя ад назіральнага савета тэхнапарка.

Чаму ЦТ лепш не прапускаць?

У Міністэрстве адукацыі падкрэсліваюць, што ўсе навелы ў парадку адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет абумоўлены духам часу і тымі працэсамі, што адбываюцца ў эканоміцы і ў сістэме адукацыі. Гэта і новыя асаблівыя падыходы да мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, якая, па сутнасці, з'яўляецца найбольш эфектыўнай формай заказу кадраў.

У 2023 годзе ў сілу ўвойдуць нормы аб павелічэнні ва ўстановах вышэйшай адукацыі гранічных квот у рамках мэтавай падрыхтоўкі: па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — да 70 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па медыцынскіх — да 80 працэнтаў і па іншых — да 60 працэнтаў.

Трэба разумець, што 60, 70 і 80 працэнтаў — гэта максімальная планка. Ці знойдзецца столькі заказчыкаў, гатовых пралічыць свае патрэбы ў кадрах на чатыры-пяць і больш гадоў наперад, мы даведаемся ўжо вельмі хутка. Гэтыя лічбы павінны быць даведзены да 1 мая. Адпаведная інфармацыя і інфармацыя аб заказчыках кадраў, з якімі можна будзе ў маі заключаць дагаворы, з'явіцца на сайтах вышэйшых навучальных устаноў.

Яшчэ адзін важны нюанс: тэрміны паступлення на мэтавую падрыхтоўку змяніліся. Залічэнне завершыцца яшчэ да старту ў краіне цэнтралізаванага тэсціравання. З гэтага года прэтэндэнты на мэтавую падрыхтоўку будуць здаваць унутраны экзамен па першым профільным прадмеце. Выпрабаванне пройдзе ў вуснай форме, акрамя спецыяльнасцяў творчага напрамку, а таксама звязаных са спортам, фізічнай культурай і шэрагу іншых. На сайце Міністэрства адукацыі можна знайсці пытанні да экзамену: іх 50 па кожным прадмеце.

І напрыканцы парада ўсім: варта мець на ўвазе, што колькасць бюджэтных месцаў фарміруецца зыходзячы з патрэб эканомікі. І абітурыентаў, якія карыстаюцца тымі ці іншымі прывілеямі, можа быць больш, чым гэтых месцаў. Таму ўсім катэгорыям абітурыентаў (і медалістам, і выпускнікам ліцэяў, і навучэнцам педагагічных класаў) лепш усё ж прайсці ЦТ для пашырэння магчымых траекторый для паступлення. Актуальная гэта рэкамендацыя і ў тым выпадку, калі асаблівыя ўмовы распаўсюджваюцца пры паступленні на пэўныя спецыяльнасці. Скажам, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка паступаюць без іспытаў толькі на два профілі. А пры жаданні навучацца па іншай спецыяльнасці ім таксама трэба здаваць ЦТ... Тое ж можна параіць і абітурыентам, якія плануюць паступаць на мэтавыя месцы. Калі абітурыенты не пройдуць па конкурсе (а такое магчыма, калі на адно месца будзе прэтэндаваць некалькі чалавек), яны змогуць паспрабаваць свае сілы пры паступленні на бюджэтную або платную формы навучання. Для гэтага выпускнікам бягучага года неабходна будзе здаць адзін прадмет на ЦТ, таму для падстрахоўкі ў маі на яго варта зарэгістравацца, каб не ўпусціць сваю магчымасць стаць студэнтам сёлета.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 109 «Аб кантролі за правядзеннем уступнай кампаніі»

Згодна з дакументам, у краіне створана дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўсіх этапаў уступнай кампаніі ў 2023 годзе, уключаючы цэнтралізаваны экзамен у рамках выніковай атэстацыі за курс сярэдняй школы.

Старшынёй камісіі прызначаны намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, а ў яе склад уключаны члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, кантралюючых органаў і грамадскіх арганізацый.

Уведзены рознаўзроўневы кантроль за ўступнай кампаніяй і персанальная адказнасць кіраўнікоў дзяржорганаў і мясцовай вертыкалі. Камітэт дзяржаўнага кантролю адказны за выкананне заканадаўства пры падрыхтоўцы і правядзенні ўступнай кампаніі. Прадстаўнікі дзяржорганаў, грамадскіх аб'яднанняў і педагагічныя работнікі — за экзамены непасрэдна ва ўстановах адукацыі.

Рэалізацыя ўказа дасць магчымасць забяспечыць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прыняць у выпадку неабходнасці аператыўныя меры рэагавання для выключэння парушэнняў заканадаўства.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.