Вы тут

Спецыялісты — аб праблемах водна-каналізацыйнай гаспадаркі


Цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння абсталяваны амаль сем тысяч населеных пунктаў краіны, дзесяць тысяч (у асноўным мястэчкі, дзе пражывае менш за 50 чалавек) карыстаюцца калодзежамі. У 80 % паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення аказваюць арганізацыі ВКГ, аднак водныя праблемы рознага роду існуюць ва ўсіх спажыўцоў. Якасць пітной вады, бескантрольна зробленыя свідравіны, кошт паслуг водазабеспячэння і водаадвядзення, шахтавыя калодзежы — усе гэтыя і шмат якія іншыя акалічнасці работы водна-каналізацыйнай гаспадаркі (ВКГ) Беларусі абмяркоўвалі спецыялісты галіны падчас тэматычнага семінара ў Віцебску.


Аднолькавы кошт для ўсіх дзеля сацыяльнай справядлівасці

Падчас Паслання беларускаму народу і парламенту Прэзідэнт адзначыў, што сацыяльная справядлівасць — адна з галоўных умоў суверэніту і незалежнасці краіны. Сацыяльная справядлівасць у галіне водазабеспячэння і водаадвядзення — гэта роўны доступ да атрымання і карыстання паслугамі па аднолькавым кошце, адзначыў Андрэй Хмель, міністр ЖКГ:

— Аб'ём паслугі водазабеспячэння для насельніцтва складае 339 млн м3 у год, а паслугі водаадвядзення — 291 млн м3. З гэтага вынікае, што вялікая частка сцёкавых вод вывозіцца асенізацыйным транспартам ці не вывозіцца ўвогуле. Сёння паслугу па вывазе сцёкавых вод аказваюць не толькі арганізацыі ВКГ, але і індывідуальныя прадпрымальнікі і перавозчыкі (апошнія ўжо занялі траціну рынку). У сувязі з гэтым у краіне існуюць праблемы кантролю за месцамі зліву сцёкавых вод і цэнаўтварэння на гэтую паслугу.

Кошт вывазу аднаго кубаметра сцёкавых вод вар'іруецца ад пяці да адзінаццаці рублёў, бывае, даходзіць і да 15. Пры гэтым тарыф паслугі водаадвядзення — 1,12 рубля. Разам з тым першы крок для стварэння роўных умоў грамадзянам ужо зроблены ў Крупках, дзе была прыкмета цэнтралізаванай сістэмы водаадвядзення, аднак тарыфы вызначаліся такія, нібыта сцёкавыя воды вывозіліся асенізацыйным транспартам. Адпаведныя змены ўнеслі ў пастанову Саўміна № 571 аб парадку, і сёння жыхары атрымліваюць паслугу водаадвядзення па тарыфах, паведаміў міністр:

— Гэтыя затраты мы дазволілі ўнесці ў агульны сабекошт і раскідаць на аб'ём паслугі, каб атрымаць цану, якая, хай і нязначна даражэйшая, але ж аднолькавая для ўсяго рэгіёна. І падобную работу трэба працягнуць. Неабходна скласці тэхнічную і фінансавую мадэль і ацаніць магчымасць вывазу сцёкавых вод асенізацыйным транспартам арганізацый ВКГ па тарыфах водаадвядзення. Пры гэтым павінна існаваць нарміраванне аб'ёму вывазу і аднясенне затрат па вывазе на сабекошт паслугі водаадвядзення. Гэта неабходна, каб ацаніць, наколькі падаражэе паслуга водаадвядзення для людзей па краіне, калі яе зрабіць роўнай для ўсіх.

Неабходна таксама развіваць сеткі водазабеспячэння на ўзроўні з сістэмамі каналізацыі. Інакш ствараюцца ўмовы, каб людзі выкарыстоўвалі септыкі, што таксама не вельмі добра, упэўнены камунальнікі.

Патэнцыял аб'ёму рэалізацыі

— За апошнія пяць гадоў аб'ём рэалізацыі вады арганізацыямі ВКГ, у тым ліку шматпрофільнымі, знізіўся на 1 % і цяпер складае 442 млн м3 у год, а рэалізацыя паслугі водаадвядзення зменшылася на 2,5 % — да 441 млн м3. Такія аб'ёмы ўплываюць і на аб'ёмы прамысловай вытворчасці, і гэта таксама паказчык развіцця сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, — канстатаваў міністр.

Ён бачыць перспектыву павелічэння аб'ёму рэалізацыі вады мінімум на 28 млн м3 за кошт развіцця сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення і ў наступным — падключэння новых спажыўцоў. Аднак з боку некаторых арганізацый (Мінскай і Магілёўскай абласцей) ЖКГ назіраецца адсутнасць зацікаўленасці ў развіцці ўласных сетак водазабеспячэння і водаадвядзення. Таму Андрэй Хмель прапанаваў у перспектыве адным з крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці работы ВКГ вызначыць рост колькасці паслуг, якія аказваюцца, спажыўцам. А адказнасць за невыкананне гэтага ўскласці на кіраўніка прадпрыемства праз дэпрэміраванне. Аднак рост павінен быць не ў аб'ёме, а ў прыросце спажыўцоў.

Асабістыя свідравіны на прадпрыемствах і падворках

Пастановай Саўміна № 746 аб будаўніцтве водазаборных збудаванняў прадугледжана магчымасць прыняцця мясцовымі органамі дазволу прабурыць свідравіну для юрыдычных асоб пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці ўжываць ваду з цэнтралізаванай сістэмы водазабеспячэння. І «Магілёўхімвалакно», напрыклад, вырашыла, што яму танней карстацца сваёй свідравінай, чым атрымліваць ваду ад камунальнікаў, прывёў прыклад міністр:

— Гэта прывядзе да зніжэння рэалізацыі вады ў аб'ёме 548 тысяч м3, а гэта валавы рэгіянальны прадукт (1,2 млн рублёў), зменшыць загрузку водазаборных забораў і пакіне ў рэзерве водазабор зеляніцкі, які і будаваўся для забеспячэння гэтага прадпрыемства вадой. Будзе не задзейнічана 9,5 кіламетра вадавода. Гэта зменшыць фінансавыя паказчыкі Магілёўскага водаканала. Пры гэтым прадпрыемства не збіраецца адразаць сябе ад гэтых сетак, кажучы, што гэта іх рэзерв магутнасці. Таму мы прапануем унесці ў заканадаўства змены, каб прыняцце такога рашэння абмяркоўвалася з улікам інтарэсаў усіх зацікаўленых, інакш у будучыні гэта прывядзе да стратнасці ВКГ. А прадпрыемства няхай аплачвае затраты на ўтрыманне сетак, якія засталіся ў рэзерве.

Бескантрольна робяць сёння і свідравіны на прыватных падворках, аднак калі існуе сістэма цэнтралізаванага водазабеспячэння, а яшчэ і каналізацыі, то атымліваецца, што людзі ваду са сваёй свідравіны ўзялі, а ў нашу каналізацыю злілі і ні за што не заплацілі. Так што трэба, пэўна, як мінімум, абмяжоўваць бурэнне такіх свідравін, дзе ёсць цэнтралізаваныя сістэмы, лічыць міністр.

— Адносна каналізацыі ў сельскай мясцовасці варта перайсці на фіксаваны тарыф на існаванне рэзервовай магутнасці, таму што чалавек падключаны да каналізацыі, — пагадзіўся Анатоль Сівак, намеснік прэм'ер-міністра, з прапановай міністра ЖКГ і задаўся пытаннем: — Чаму спецыялісты ВКГ не прыходзяць на дачы і не прапануюць людзям узяць іх сістэмы на баланс? Нават калі сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення збудаваны самімі прадпрыемствамі ці таварыствамі, гэтыя сеткі ўласнікі імкнуцца перадаць на баланс ЖКГ, калі з імі пачынаюцца праблемы.

Ёсць ва ўласнасці жыхароў, у прыватнасці садовых таварыстваў, сістэмы водазабеспячэння, якія яны стваралі самастойна і за станам якіх фактычна ніхто не сочыць, а пасля людзі скардзяцца на якасць пітной вады. Так што будаўніцтвам і эксплуатацыяй сістэм водазабеспячэння павінны займацца спецыялізаваныя арганізацыі ВКГ. Аднак садовыя таварыствы не з'яўляюцца населенымі пунктамі, таму заканадаўча немагчыма абслугоўваць іх сеткі, і неабходны змены ў закон аб пітным водазабеспячэнні.

З грашыма людзей і расходам на пажаратушэнне

Грамадзяне гатовыя ўдзельнічаць у будаўніцтве водных сетак, аднак арганізацыі воднай гаспадаркі разглядаюць гэтае пытанне не як першачарговае, расказала Ірына Роўба, намеснік генеральнага дырэктара «Белводаканала».

— Яскравы прыклад гэтага — падыход Баранавіцкага водаканала да будаўніцтва каналізацыі. Замест комплекснага падыходу па паслядоўным развіцці квартала індывідуальнай жылой забудоўлі водаканал выдаў асобным грамадзянам толькі тэхнічныя ўмовы (ТУ) на праектаванне адасобленых участкаў сетак. Людзі мусілі самастойна распрацоўваць праектную дакументацыю на будаўніцтва асобных участкаў вулічных сетак, у тым ліку з узвядзеннем магістральных сетак за іх кошт. Згодна з пастановай урада № 788, ТУ выдаюцца грамадзянам на далучэнне жылога дома да існуючых сетак водазабеспячэння і водаадвядзення ў межах адміністрацыйнай працэдуры. Вулічныя і магістральныя сеткі будуюцца на падставе дазвольнай дакументацыі. А водаканал у парушэнне гэтага выдаў грамадзянам ТУ на будаўніцтва размеркавальных і магістральных сетак. Каб не дапусціць падобных сітуацый, ва Указ № 488 аб будаўніцтве водных сетак неабходна ўнесці наступныя змены. Вызначыць заказчыкам-забудоўшчыкам будаўніцтва размеркавальных вулічных сетак арганізацыі ВКГ і ўстанавіць, што фінансаваць будаўніцтва будзе ВКГ з прыцягненнем сродкаў грамадзян і наступным абслугоўваннем арганізацый ВКГ. А для пералічэння грошай стварыць кааператывы.

Існуе таксама праблема неабгрунтаванасці норм праектавання для патрэб пажаратушэння. На адзін кіламетр сістэм водазабеспячэння сёння прыходзіцца два пажарныя гідранты. Аднак будаўнічымі нормамі прадугледжана, што гідрант неабходны на кожныя 260 метраў. У населеных пунктах з жыхарамі да тысячы чалавек нормамі ўвогуле не прадугледжаны нормы расходу на пажаратушэнне. Акрамя таго, пры праектаванні сістэм водазабеспячэння закладваюцца завышаныя нормы расходу вады. Усё гэта вядзе да павелічэння капітальных затрат на будаўніцтва аб'ектаў. А абслугоўванне 70 тысяч пажарных гідрантаў, якія сёння знаходзяцца на балансе арганізацый ВКГ, складае каля сямі мільёнаў у год. Так што нормы супрацьпажарнага водазабеспячэння варта перагледзець, лічаць воднікі.

Міні-станцыі абезжалезвання і кампост з асадкаў сцёкавых вод

У плане якасці вады павінны стварацца роўныя ўмовы і ў горадзе, і ў сяле, перакананы Аляксей Хвалько, дырэктар «Віцебскаблводаканала», які расказаў, што за апошняе пяцігоддзе (2018-2022 гг.) на водазабеспячэнне і водаадвядзенне ў вобласці было накіравана 116 мільёнаў рублёў:

— Працуючы над якасцю, мы будуем станцыі абезжалезвання (за пяцігоддзе ў буйных населеных пунктах вобласці іх з'явілася 136), пракладваем сеткі. У вобласці пітной вадой нарматыўнай якасці зараз забяспечаны 98 % насельніцтва. Да 2025-га мяркуем скончыць гэтую работу — збудаваць яшчэ 81 станцыю ў буйных населеных пунктах, а ў невялікіх мястэчках, з колькасцю жыхароў да 150 чалавек, — яшчэ 150 міні-станцый абезжалезвання (яны малой вытворчасці, аднак не такія дарагія, як класічныя станцыі). Тады ўсе жыхары Віцебшчыны, у тым ліку сяльчане, будуць атрымліваць якасную пітную ваду.

Сярод іншых задач воднікаў вобласці на найбліжэйшы час — будаўніцтва шасці ачышчальных збудаванняў, замена каля 350 кіламетраў сетак водазабеспячэння і 50 кіламетраў — водаадвядзення.

Пасля абмеркавання праблем воднай гаспадаркі і прапаноў па іх вырашэнні ўдзельнікі семінара азнаёміліся з вопытам забеспячэння якаснай вадой малых населеных пунктаў вобласці і практыкай выкарыстання асадкаў сцёкавых вод. Гэта эксплуатацыя міні-станцыі абезжалезвання на водазаборы ў вёсцы Дабрэйка Віцебскага раёна. Вытворчасць яе — 4 м3/гадзіну. Падобных станцый у вобласці 54, аднак яны больш кампактныя і ўстанаўліваюцца ў павільёне свідравіны і маюць меншую вытворчасць. Гэта найбольш аптымальны варыянт для забеспячэння пітной вадой населеных пунктаў да 100 чалавек.

Каб забяспечыць людзей вадой у мястэчках ад 10 да 15 чалавек, выкарыстоўваюць прынцып падвозу вады. Гэта ёмістасць аб'ёмам 5 м3, ваду ў якую падвозіць машына, калодзеж з помпай і водаразборная калонка. Эксплуатаваць яе можна круглы год як асноўную крыніцу водазабеспячэння, а таксама пры аварыях. Практыкуюць тут і абезжалезванне вады ў ваданосным пласце, для чаго патрэбны дзве свідравіны.

А асадкі сцёкавых вод гарадскіх ачышчальных збудаванняў, якіх у Віцебску штогод утвараецца каля 30 тысяч тон, віцябляне з 2021 года кампастуюць. Такая ўтылізацыя памяншае аб'ём адходаў і дазваляе штогод вырабляць 24 тысячы м3 гатовага кампосту, які выкарыстоўваецца для азелянення, раслінаводства, лесааднаўлення, засыпкі кар'ераў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.