Свайго роду выступленне-справаздача старшыні праўлення Нацыянальнага банка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі — адна з традыцый, закладзеная абноўленай Канстытуцыяй. Згодна з Асноўным Законам краіны, парламентарыі будуць заслухоўваць даклад старшыні праўлення Нацбанка, як і генеральнага пракурора, і старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю, штогод.
Дзейнасць Нацыянальнага банка, як і любога іншага інстытута эканамічнай улады, накіравана на дасягненне ключавой мэты сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны — забеспячэнне ўстойлівага росту дабрабыту і павышэння якасці жыцця грамадзян. Асноўны ўклад Нацыянальнага банка ў дасягненне названай мэты заключаецца ў фарміраванні належных умоў развіцця нацыянальнай эканомікі.
Разам з тым, як адзначыў на пачатку выступлення Павел Калаур, макраэканамічная сітуацыя мінулага года запатрабавала пэўнага зрушэння акцэнтаў і прыняцця дадатковых мер па адаптацыі нацыянальнай эканомікі да змен аперацыйнага асяроддзя. Для гэтага быў задзейнічаны ўвесь існуючы інструментарый. Па-першае, працэнтная палітыка. «З сярэдзіны мінулага года яна насіла ярка выражаны стымулюючы характар, — адзначыў старшыня праўлення Нацыянальнага банка. — Пасля ўвядзення маштабных санкцый у мэтах недапушчэння дэстабілізацыі на ўнутраным рынку, а таксама стрымлівання інфляцыйных працэсаў Нацыянальны банк павысіў стаўку рэфінансавання. З 1 сакавіка мінулага года яна павялічылася з 9,25 да 12% гадавых і да канца года захоўвалася нязменнай. У сваю чаргу, банкі ў сакавіку — красавіку павялічылі даходнасць па зберажэннях у нацыянальнай валюце. Ужо ў маі 2022 года па меры стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным рынку працэнтныя стаўкі пачалі зніжацца. Як вынік, сярэдні кошт новых рублёвых крэдытаў, прадастаўленых банкамі і Банкам развіцця юрыдычным асобам, у канцы мінулага года склаўся на ўзроўні 9,7% гадавых. У сакавіку бягучага года — 8,97% гадавых».
Па-другое, падтрымцы эканамічнай актыўнасці ў краіне садзейнічаў курсавы фактар. Павел Калаур нагадаў, што за мінулы год рэальны эфектыўны курс беларускага рубля знізіўся на 2,2%, што павысіла цэнавую канкурэнтаздольнасць беларускіх экспарцёраў на знешніх рынках. Па-трэцяе, з мэтай пашырэння магчымасцяў банкаў па фінансаванні прадпрыемстваў быў прыняты шэраг новых контрцыклічных мер, што дазволіла банкам узяць на сябе дадатковыя рызыкі. Фінансаванне рэальнага сектара эканомікі ажыццяўлялася пераважна ў нацыянальнай валюце, што было абумоўлена зменай знешнегандлёвых плыняў і валют разлікаў. Адначасова была захавана крэдытная падтрымка насельніцтва.
Па-чацвёртае, для арганізацыі бесперашкоднага праходжання знешніх плацяжоў былі выпрацаваны механізмы ўзаемадзеяння банкаў і іх кліентаў, аказання апошнім усебаковай кансультацыйнай дапамогі. Па-пятае, дзякуючы інтэграцыі нацыянальных сістэм перадачы фінансавай інфармацыі Нацыянальнага банка і Банка Расіі забяспечаны бесперабойны абмен фінансавымі паведамленнямі ў любой валюце паміж рэзідэнтамі Беларусі і Расіі. Акрамя таго, урадам і Нацыянальным банкам быў прыняты шэраг рашэнняў па ўрэгуляванні праблемных пытанняў ажыццяўлення экспартна-імпартных аперацый, у тым ліку па правядзенні разлікаў у знешнегандлёвай дзейнасці за наяўную замежную валюту.
Кажучы аб забеспячэнні цэнавай стабільнасці, старшыня праўлення Нацбанка адзначыў, што асноўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі на 2022 год было ўстаноўлена запаволенне інфляцыі да 6%. «Аднак фактычна прырост спажывецкіх цэн па выніках мінулага года склаў 12,8% супраць 10% у 2021 годзе, — заўважыў ён. — Высокі ўзровень гадавой інфляцыі шмат у чым быў сфарміраваны ў сакавіку мінулага года, калі з прычыны геапалітычных падзей цэны выраслі на 6,1%. У сакавіку бягучага года прырост спажывецкіх цэн у гадавым выяўленні знізіўся да 6%».
З мэтай забеспячэння ў мінулым годзе ўстойлівага функцыянавання валютнага і дэпазітнага рынкаў, якія з’яўляюцца найважнейшымі складнікамі фінансавай стабільнасці ў краіне, Нацыянальны банк працягнуў правядзенне курсавой палітыкі ў рэжыме плаваючага курсу. Дынаміка курсу беларускага рубля ў 2022 годзе ў многім вызначалася змяненнем курсу расійскай валюты, адлюстроўваючы значнасць расійскага рынку ў знешнім гандлі Рэспублікі Беларусь. За 2022 год афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да расійскага рубля знізіўся на 10,2%, да долара ЗША — на 7,4%, умацаваўся да кітайскага юаня на 3,4%. Гнуткасць валютнага курсу нароўні са спрыяльнымі тэндэнцыямі ў знешнім гандлі, па словах старшыні праўлення Нацбанка, дазволілі забяспечыць збалансаванасць валютнага рынку і не дапусціць звышпланавага зніжэння золатавалютных рэзерваў.
Як звярнуў увагу Павел Калаур, стабільная сітуацыя на валютным рынку і ўстойлівасць золатавалютных рэзерваў пазітыўна адбілася на дынаміцы зберажэнняў у нацыянальнай валюце. «Па выніках 2022 года аб’ём тэрміновых рублёвых дэпазітаў насельніцтва ў банкаўскім сектары павялічыўся на 25%, за I квартал бягучага года — на 6,1%, — паведаміў ён. — Пры гэтым на 1 красавіка 2023 года доля доўгатэрміновых дэпазітаў у агульным аб’ёме тэрміновых і ўмоўных укладаў насельніцтва склала амаль 72%. Такая дынаміка ўкладаў спрыяльна адбілася на рэсурсным патэнцыяле банкаўскага сектара, сфарміраваўшы базавыя ўмовы для яго ўстойлівага функцыянавання».
Адначасова Нацыянальным банкам вялася работа па ўдасканаленні прававых умоў для развіцця некрэдытных фінансавых арганізацый, павышэння якасці паслуг, якія імі аказваюцца. У прыватнасці, прымаліся меры па комплексным урэгуляванні пытанняў у сферы спажывецкага мікрафінансавання. Падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які дае права аператарам сотавай сувязі выдаваць нашым грамадзянам пазыкі на спажывецкія патрэбы ў суме, якая не перавышае 200 базавых велічынь.
— З аднаго боку, гэта дазволіць забяспечыць павышэнне доступу фізічных асоб да фінансаў, — патлумачыў Павел Калаур. — З іншага, прадастаўленне мікрапазык з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій, з правядзеннем адпаведнай ідэнтыфікацыі пазычальніка выведзе мікрафінансаванне на новы ўзровень, які адпавядае цяперашнім рэаліям.
Прыярытэтным напрамкам дзейнасці Нацыянальнага банка па-ранейшаму застаецца развіццё сістэмы валютнага маніторынгу. Для гэтага вядзецца паслядоўная работа па ўдасканаленні працэдур маніторынгу валютных аперацый і рэгістрацыі валютных дагавораў, пашырэнні ўзаемадзеяння Нацыянальнага банка з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, прадастаўленні ім доступу да інфармацыі аб рэгістрацыі валютных дагавораў.
У 2022 годзе было істотна абноўлена прававое поле ў сферы рынку плацежных паслуг — прыняты Закон «Аб плацежных сістэмах і плацежных паслугах» і распрацаваны пакет адпаведных нарматыўных прававых актаў. Па словах старшыні праўлення Нацбанка, новае заканадаўства дазволіла павысіць даступнасць і якасць плацежных паслуг, забяспечыць зніжэнне іх кошту ў сувязі са з’яўленнем ў краіне новых відаў такіх паслуг і прыцягненнем на рынак нябанкаўскіх арганізацый. «У рамках абароны правоў спажыўцоў плацежных паслуг забяспечана прадастаўленне плацельшчыку поўнай інфармацыі аб паслузе да яе прадастаўлення», — падкрэсліў Павел Калаур.
На 1 студзеня бягучага года ў рэестр пастаўшчыкоў плацежных паслуг уключаны 46 арганізацый, уключаючы НКФА АРІП. Як заўважыў старшыня праўлення Нацбанка, гэта ўнікальная сістэма, многія краіны зацікаўлены ў нашым вопыце. «Далейшае развіццё міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі садзейнічала павышэнню зручнасці яе выкарыстання, бяспекі і прывабнасці для кліентаў, — звянуў увагу Павел Калаур. — Больш за 6,8 млн. разоў грамадзяне і арганізацыі скарысталіся яе паслугамі ў мінулым годзе. Дарэчы, перапіс насельніцтва праводзіўся з выкарыстаннем гэтай сістэмы міжбанкаўскай ідэнтыфікацыі».
Старшыня праўлення Нацбанка паведаміў, што актыўна развівалася сістэма безнаяўных разлікаў па рознічных плацяжах. На канец 2022 года доля безнаяўнага грашовага абароту ў рознічным тавараабароце прырасла на 0.9% і дасягнула 51%. Для параўнання, у 2014 годзе яна складала менш за 19%.
На 1 студзеня 2023 года колькасць выпушчаных у абарачэнне банкаўскіх плацежных картак перавысіла 18 млн. адзінак. Пры гэтым колькасць картак БЕЛКАРТ у абарачэнні павялічылася за год на 49%. Запушчаны сэрвіс БЕЛКАРТ-Пэй. І да цяперашняга часу функцыянал плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ максімальна набліжаны да функцыяналу міжнародных картачных плацежных сістэм.
У мэтах зніжэння затрат арганізацый гандлю і сэрвісу на прыём безнаяўных плацяжоў за тавары (работы, паслугі) большасць банкаў прапануюць кліентам магчымасць ажыццяўлення плацяжоў з дапамогай мабільнага дадатку з выкарыстаннем QR-кодаў. Пры гэтым у аснове выкарыстоўваных тэхналогій, якія дазваляюць ініцыяваць плацяжы непасрэдна з банкаўскіх рахункаў або электронных кашалькоў, ляжаць нашы айчынныя распрацоўкі.
Спыніўся старшыня праўлення Нацыянальнага банка і на абароненасці насельніцтва ў фінансавай сферы. У рамках гэтай работы, па яго словах, прымаліся меры па ўдасканаленні сістэмы абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, стымуляванні фінансавых інстытутаў да правядзення сацыяльна адказнай дзейнасці, узмацненні кібербяспекі спажыўцоў фінансавых паслуг і супрацьдзеянні нядобрасумленным практыкам, павышэнні фінансавай пісьменнасці насельніцтва.
Пытанням кібербяспекі Нацыянальным банкам надаецца асаблівая ўвага. «Колькасць кіберзлачынстваў у фінансавай сферы за апошнія некалькі гадоў істотна вырасла, — падкрэсліў Павел Калаур. — Асноўная іх частка звязана з сацыяльнай інжынерыяй, калі грамадзяне самі даюць зламыснікам інфармацыю для доступу да сваіх рахункаў. У сувязі з гэтым на працягу мінулага года Нацыянальным банкам сумесна з праваахоўнымі органамі арганізавана шырокамаштабнае інфармаванне насельніцтва аб сучасных метадах і спосабах учынення кіберзлачынстваў, мерах па іх прафілактыцы. Зацверджаны патрабаванні па забеспячэнні абароны інфармацыі і забеспячэнні кібербяспекі пры аказанні плацежных паслуг».
Асобна Павел Калаур спыніўся на рабоце па гарманізацыі заканадаўства з Расійскай Федэрацыяй. «За Нацыянальным банкам замацавана сем саюзных праграм, якія датычацца банкаўскай сістэмы, — адзначыў ён. — На гэтым этапе поўнасцю рэалізаваны тры праграмы (у сферы валютнага рэгулявання, інфармацыйнай бяспекі і „антыадмывачнага“ заканадаўства). Астатнія чатыры знаходзяцца на завяршальным этапе (па пытаннях грашова-крэдытнай палітыкі, рэгулявання фінансавага рынку, у галіне абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг і ў плацежнай сферы)».
У ходзе работы па рэалізацыі саюзных праграм бакамі адзначана падабенства інструментаў грашова-крэдытнай палітыкі, супастаўнасць рэгулявання банкаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. У плацежнай галіне забяспечана інтэграцыя плацежных сістэм БЕЛКАРТ і «Мір», нацыянальных сістэм перадачы фінансавай інфармацыі, а таксама сістэм імгненных плацяжоў. «Па выніку рэалізацыі інтэграцыйных дакументаў чакаецца павышэнне ўзроўню даступнасці, якасці і набору фінансавых паслуг, узмацненне добрасумленнай канкурэнцыі і рост дзелавой актыўнасці на фінансавым рынку», — рэзюмаваў старшыня праўлення Нацбанка.
Гаворачы аб задачах, якія стаяць перад банкаўскай сістэмай, Павел Калаур запэўніў, што ў найбліжэйшыя гады грашова-крэдытная палітыка захавае сваю пераемнасць. «Ключавой задачай бачыцца выхад на параметры па інфляцыі, прадугледжаныя пяцігадовай праграмай, і іх устойлівае замацаванне ў далейшай перспектыве, — акцэнтаваў увагу ён. — Нагадаю, што ў якасці сярэднетэрміновага арыенціра нізкай інфляцыі вызначана падтрыманне прыросту спажывецкіх цэн на ўзроўні каля 5%».
Па меры запаволення інфляцыі Нацыянальны банк ужо сёлета знізіў стаўку рэфінансавання на 1,5-працэнтнага пункта да 10,5% гадавых. Ацэньваецца, што ў сярэднім за год яе ўзровень складзе каля 10% гадавых. У цэлым, працэнтная палітыка Нацыянальнага банка захавае накіраванасць на падтрыманне працэнтных ставак у эканоміцы на станоўчым узроўні ў рэальным выяўленні.
Таксама ў мэтах фарміравання ўстойлівай рэсурснай базы банкаў, неабходнай для пашырэння крэдытавання, будуць прыняты меры па развіцці доўгатэрміновага дэпазітнага рынку, а таксама па павелічэнні долі рублёвых зберажэнняў. Працягнецца стымуляванне банкаў на пашырэнне падтрымкі інвестыцыйнай актыўнасці ў краіне. Прыярытэт будзе аддавацца эфектыўным праектам, а таксама стымуляванню экспарту і імпартазамяшчэння.
У сферы рэгулявання дзейнасці банкаў і нябанкаўскіх арганізацый па-ранейшаму будзе весціся сістэмная работа па ўдасканаленні заканадаўства. «У ліку прыярытэтных напрамкаў — абмежаванне мер адказнасці крэдытаатрымальнікаў за неналежнае выкананне абавязацельстваў па крэдытных дагаворах, а таксама забеспячэнне паўнаты раскрыцця інфармацыі і празрыстасці ўмоў пры ажыццяўленні крэдытавання фізічных асоб», — канкрэтызаваў Павел Калаур.
Асноўнымі напрамкамі далейшага ўдасканалення плацежнага рынку стануць стварэнне стымулаў для ўкаранення новых відаў плацежных інструментаў і сродкаў плацяжу, аказання новых відаў плацежных паслуг нябанкаўскімі арганізацыямі, фарміравання эфектыўных механізмаў і інструментаў процідзеяння кіберпагрозам і махлярству.
У 2023 годзе працягнецца ўдасканаленне сістэмы абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, у тым ліку яе прававога рэгулявання. «Асаблівая ўвага будзе ўдзелена распаўсюджванню добрасумленных практык прадастаўлення фінансавых паслуг, а таксама парадку разгляду скаргаў і іх урэгуляванню са спажыўцамі, — заўважыў старшыня праўлення Нацыянальнага банка. — Намечаны мерапрыемствы па развіцці ўзаемадзеяння Нацыянальнага банка з банкамі і дзяржаўнымі органамі ў галіне інфармацыйнай бяспекі. Мяркую, што паспяховая рэалізацыя Нацыянальным банкам усіх запланаваных мер будзе садзейнічаць фарміраванню ўмоў для ўстойлівага росту дабрабыту і павышэння якасці жыцця насельніцтва».
Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.