Вы тут

Наведалі Сацыяльна-педагагічны цэнтр для дзяцей


Ёсць журналісцкія заданні, падчас выканання якіх на вочы наварочваюцца слёзы. Гэта — з іх ліку. У прытулку, які я наведала днямі, дзеткам створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця. Чыстая пасцельная бялізна, прыгожае адзенне, смачная і цёплая ежа, шмат цацак у гульнявым пакоі, сучасны камп'ютарны клас... Але, калі прыглядаешся, у вачах хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца паміж домам і дзіцячым домам, чытаюцца непадробныя сум і роспач... Трапілі яны сюды не ад добрага жыцця. Тым не менш, як гэта ні парадаксальна, усе хочуць да мамы, якая б яна ні была...


Калі бацькі «накасячылі»

Прыехала я ў Сацыяльна-педагагічны цэнтр Маскоўскага раёна Мінска ў другой палове дня. Якраз у гэты час старэйшыя дзеці вярнуліся са школы і разам з выхавацелькай клеілі калажы на тэму здаровага ладу жыцця. Дашкольнікі ж паверхам ніжэй будавалі вежы з кубікаў ды складалі пазлы. На момант майго прыходу ў прытулку знаходзілася 18 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усіх іх аб'ядноўвае цяжкая псіхічная траўма, нанесеная самымі блізкімі людзьмі на свеце...

— Вось Ніна ў нас даўжэй за ўсіх тут. Дамоў, напэўна, хочаш? — пытаецца Таццяна Пятроўна Ізотава, дырэктар установы і дзяржаўны апякун.

— Не, — матляе галавой дзесяцікласніца. — Я тут засталася б назаўсёды.

— Ну, тады табе трэба закончыць педуніверсітэт і прыйсці сюды працаваць.

— Па льготах яна праходзіць у педклас, — уступае ў размову выхавацелька. — Усё рэальна, было б жаданне.

— А вось гэта Макар, ён літаральна тыдзень у нас. Як ты адаптаваўся, нармальна? (Дзевяцікласнік ківае галавой.) Раскажы, чаму ты тут?

— «Накасячылі» бацькі...

— Мама яшчэ не прыходзіла?..

— Пакуль не. Ну, у яе ж работа. Яна да 21.00 працуе...

Ужо потым, калі мы выйшлі з класа, дырэктар прытулка распавяла мне ва ўсіх падрабязнасцях гісторыі сваіх выхаванцаў. Вось у Макара, напрыклад, ёсць яшчэ малодшыя брацік і сястрычка. Іх мама ўжо аднойчы пазбаўлялася бацькоўскіх правоў. Дзеці былі ў бабулі на апецы. Потым маці аднавілася ў правах, і брацікі з сястрычкай вярнуліся дадому. Але неўзабаве жанчына зноў запіла-загуляла... Дзеці чарговы раз апынуліся ў прытулку...

— Не ад добрага жыцця яны тут. Але да апошняга апраўдваюць сваіх бацькоў. Калі да іх, каб праверыць умовы пражывання, прыходзяць настаўнікі са школы, могуць сказаць, што мамы дома няма, яна выйшла ў краму па прадукты. Ці ў яе ўкралі кашалёк, таму цяпер няма грошай на рамонт. Многія дзеці пераносяць віну на сябе. Маўляў, я прапускаў урокі, дрэнна вучыўся, таму настаўнікі сталі хадзіць да мамы. Гэта я вінаваты, што яе пакаралі, што мяне адабралі... У нашых выхаванцаў шмат праблем, у тым ліку і з самаацэнкай, таму з дзецьмі з першых дзён працуе педагог-псіхолаг.

Нявызначанасць — самае цяжкае для іх. Вось Ніна, напрыклад, паўгода таму трапіла ў прытулак разам са сваімі дзвюма сястрычкамі. Іх мама двойчы выходзіла замуж, таму ў дзяўчынак розныя таты. Літаральна днямі быў суд. Маму, якая злоўжывае алкаголем, пазбавілі бацькоўскіх правоў. Айчым Ніны сваіх дачок адразу забраў да сябе. Ніна да апошняга спадзявалася, што ён і яе забярэ разам з сястрычкамі. У судзе яна сказала, што, паколькі яе мара не ажыццявілася, хацела б, каб яе таксама забраў родны тата. Той жыве ў вёсцы разам са сваёй маці і старэйшай дачкой. На першым судовым пасяджэнні мужчына сказаў, што забярэ Ніну. Але ўжо на другім пасяджэнні пры ўсіх заявіў, што не гатовы. Самае цікавае, што пасля суда гэты тата падышоў да дачкі, як быццам нічога ніякага, абняў яе і сказаў: «Ну, бывай, Нінуся». Такое адчуванне, што ён нават не разумеў, што ў гэты момант рабілася ў душы дзіцяці ад такіх паводзін дарослых. Дзяўчынка адчувае сябе наогул нікому непатрэбнай...

На першым месцы... алкаголь

Дзеці, якія знаходзяцца ў прытулку, не маюць статусу сіраты. Яны часова адабраныя ў бацькоў. Апошнім даецца шанц на рэабілітацыю, каб спыніцца і задумацца над сваім жыццём. Праўда, карыстаюцца ім, на жаль, далёка не ўсе мамы і таты.

— Калі бацькі хочуць вярнуць дзяцей, гэта відаць з першага дня. Часта ж мамы прыходзяць праз месяц і пачынаюць расказваць, як яны любяць сваіх крывіначак... За 16 гадоў, што ўзначальваю прытулак, я навучылася патрабавальна ставіцца да бацькоў, мяне не правядзеш казкамі пра «заўтра» альбо «не было такога». Мяркую толькі па канкрэтных учынках.

— Якія прычыны адабрання дзяцей у бацькоў?

— Часам у прытулак трапляюць брацікі і сястрычкі, бацькі якіх — наркаманы. Ніколі не забудуся, як некалькі гадоў таму забіралі ў нарказалежных мамы і таты чацвярых дзяцей-пагодак. Пра тое, што там было ў кватэры, не расказаць. Абадраныя шпалеры, разбітыя дзверы ў пакоі... Мы не маглі знайсці, у што адзець тых дзяцей. Яны хадзілі па кватэры голенькія ці ў памперсе, які быў настолькі поўны, што цягаўся па падлозе. Склалася адчуванне, што дзеці ніколі не былі на вуліцы. Хоць старэйшым было па 3-4 годзікі, яны зусім не размаўлялі, быццам Маўглі. Жавальны рэфлекс у іх быў на ўзроўні бутэлечкі. У прытулку яны вельмі хутка адаптаваліся і загаварылі. І потым іх забрала пад апеку бабуля. Як толькі да нас паступае дзіця, мы адразу вывучаем усе сваяцкія сувязі. Бо часам бацькі ўтойваюць, што ў іх забралі дзяцей, нават ад бабуль і дзядуляў, калі тыя жывуць у вёсцы. На сёння ў нас каля 140 апякунскіх сем'яў. Я заўсёды радуюся, калі ў дзетак знаходзяцца блізкія сваякі, якія маглі б і хацелі пра іх паклапаціцца.

Яшчэ адна, даволі рэдкая, прычына адабрання дзяцей — гэта калі бацькі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі па сваіх разумовых здольнасцях.

— У нас зараз адзін такі хлопчык ёсць. Яго мама сама сірата. Атрымала сацыяльную кватэру. Выйшла замуж. Згодна з заключэннем урачэбна-кансультатыўнай камісіі, бацькі не ў стане выконваць свае абавязкі. Яны не разумеюць, ні як выхоўваць дзяцей, ні якое харчаванне патрэбна ім у адпаведнасці з іх узростам, ні як зрабіць рамонт у кватэры (жывуць у голых бетонных сценах). А дзяцей трое. Трохгадовы Росцік пакуль знаходзіцца ў нашым прытулку. Двое меншых знаходзяцца ў Доме дзіцяці.

Але гэта адзінкавыя выпадкі. Асноўная прычына, чаму дзеці трапляюць у прытулак, вядома, — п'янства бацькоў. Таццяна Ізотава прызналася, што сам працэс адабрання, калі практычна сілай адрываеш малечу ў слязах ад маці, якая ледзь трымаецца на нагах, вытрымаць складана. «З гадамі ж выпрацоўваецца імунітэт, мы проста разумеем, што для дзіцяці так будзе лепш».

— Да нас трапляюць у асноўным з тых сем'яў, дзе на першым месцы — алкаголь. Гора-бацькі нідзе не працуюць, жывуць за кошт грошай, якія дзяржава выплачвае на дзяцей. Апошнія ж пакутуюць... Хлопчыкі і дзяўчынкі жывуць у нас максімум шэсць месяцаў. Калі мы бачым, што бацькі нават і не спрабуюць нешта зрабіць, каб вярнуць дзіця, падаём іск у суд на пазбаўленне іх бацькоўскіх правоў. Калі рашэнне суда ўступае ў сілу, шукаем ім замяшчальныя сем'і. На працягу апошніх 15 гадоў мы не змяшчаем дзяцей з прытулку ў інтэрнатныя ўстановы. У нас у Маскоўскім раёне 17 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і сем прыёмных сем'яў, заўсёды знаходзіцца месца там. Але найлепшы варыянт — гэта апека. Як правіла, яе афармляюць бабулі, дзядулі, дзядзькі ці цёткі дзяцей, якія засталіся «сіротамі» пры жывых бацьках.

Калі ёсць хоць маленькі шанц...

— Але ж ведаю выпадкі, калі гора-бацькі адумваюцца і выпраўляюцца...

— Кожнаму такому выпадку мы радуемся разам з дзеткамі. У прыватнасці, у нас зараз жыве хлопчык. Яго мама зрабіла ў кватэры рамонт. Сужыцеля, які садзейнічаў распіццю спіртных напояў, выгнала. Таму мы плануем у найбліжэйшы час вярнуць Сашу маме. Я не сказала б, што гэта жанчына была моцнай п'яніцай, яна і працавала (хоць зарабляла і няшмат). Але калі яны з сужыцелем запівалі, то халадзільнік быў пусты. А калі хлопчык захварэў, нават грошай на лекі не было.

Мама Барыса таксама не моцна п'е. У цэлым жа прычынай адабрання дзіцяці стала тое, што хлопчык цэлы год не хадзіў у школу. Яна ніяк не магла ці не хацела на гэта паўплываць. А потым Барыс украў электрасамакат... Зараз хлопчык ходзіць у 8 клас. Спачатку было складана, але паступова прывык, раззнаёміўся, знайшоў сяброў, і паводзіны ў яго на ўроках неблагія. Мама ж усвядоміла сваю памылку, пастаянна прыходзіць яго праведваць і ўсё робіць для таго, каб сына забраць.

Па статыстыцы, 40 працэнтаў дзяцей вяртаецца ў біялагічную сям'ю.

— Але, на жаль, з гэтых 40 працэнтаў, напэўна, працэнтаў 15 дзяцей трапляюць да нас зноў... Памятаеце, калі заходзілі ў гульнявы пакой, бачылі двух брацікаў, трох і шасці гадоў. Яны такія самастойныя, вельмі перажываюць за сваю маму. Перад Новым годам ёй паставілі ўмову: альбо яна праходзіць курс лячэння, альбо ў яе забіраюць дзяцей. Жанчына тры тыдні ляжала ў бальніцы. Дзеці ўвесь гэты час жылі ў прытулку. Якраз быў Новы год. Ім надарылі столькі падарункаў, што, калі мама прыехала іх забіраць, я жартавала, маўляў, вам трэба самазвал выклікаць, каб іх вывезці. І, што думаеце, не прайшло і месяца, як яна зноў запіла. Дзеці зноў апынуліся ў прытулку, але ўжо па пастанове камісіі па справах непаўналетніх... Але нядаўна жанчына закадзіравалася, прыходзіць праведваць хлопчыкаў кожны дзень. Але алкагалізм — каварная хвароба, трэба вялізная сіла волі, каб з ёй справіцца. А яны яшчэ жывуць у камунальнай кватэры, там агульная кухня на тры сям'і, і ўсе — п'яніцы. Як хлопчыкам жыць у такой атмасферы?.. Разам з тым сёння падстаў, каб не вяртаць дзяцей маме, няма. Я ўвесь час стараюся чапляцца за любую магчымасць, каб толькі захаваць сям'ю для дзіцяці.

Сёння ў Маскоўскім раёне сталіцы 405 дзяцей стаяць на ўліку як тыя, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Работнікі прытулка стараюцца як мага раней выяўляць неспрыяльныя сем'і і часова ізаляваць малых. Па-першае, таму што маленькія дзеці, у адрозненне ад падлеткаў, лягчэй адаптуюцца да новых умоў, для іх прасцей знайсці замяшчальную сям'ю. Позняе выяўленне дрэннае яшчэ і тым, што дзеці, якім 15+, на жаль, часам становяцца копіяй сваіх гора-бацькоў. І тады дапамагчы ім стаць на правільны шлях вельмі складана... Ды і ў бацькоў, пакуль маладыя, больш шанцаў своечасова адумацца і выкараскацца з «багны». Бо, як вядома, залежнасць ад алкаголю з часам толькі ўзмацняецца...

...Калі я выходзіла з прытулка, на першым паверсе сустрэла смуглявую Мар'яну з вялікім белым бантам, якую прыйшла праведаць мама. Дзяўчынка мяне не заўважыла, бо сядзела, утаропіўшыся ў мабільны. Яе ж даволі маладая мама знаходзілася як быццам побач, але глядзела кудысьці ўдалечыню... Увесь вечар мне не даваў спакою той далёкі позірк, а таксама поўныя надзеі словы шасцігадовага Даніка: «Хачу дадому і каб мама хутчэй паправілася...» Як жа хочацца, каб яна пачула...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота носіць ілюстрацыйны характар

P. S. Імёны дзяцей змененыя па этычных меркаваннях

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.