Вы тут

Як правільна стрыгчы і абразаць расліны. Карысныя парады


У любым садзе заўсёды ёсць што абрэзаць: прыбраць непатрэбную галінку, паправіць форму куста ці дрэва, аблягчыць крону, зменшыць вышыню, падраўнаваць жывую агароджу — падстаў узяцца за прыладу вялікае мноства. Але над усімі правіламі і тэхнічнымі прыёмамі абрэзкі стаіць прынцып: не нашкодзь. Перш чым узяцца за зброю, памятайце — дрэвы і кусты жывыя!


Фота: pixabay.com

Перад тым як распачаць рашучыя дзеянні, давайце разбяромся ў тэрміналогіі:

  • Стрыжка мае на ўвазе зняцце зялёнай масы па прыросце бягучага года.
  • Абразанне — гэта выдаленне асобных галін або ствалоў.

Напрыклад, падраўнаваць жывую агароджу — значыць падстрыгчы. Прарэдзіць крону дрэва — зрабіць абрэзванне.

Калі казаць пра фігурную стрыжку, тут варта памятаць: адны культуры растуць так хутка, што для падтрымання зададзенай формы неабходна працаваць нажніцамі ўсё лета, іншыя, наадварот, так павольна, што чакаць напаўнення формы давядзецца гадамі.

Важна: маладая расліна, якая актыўна расце, хутка страціць штучную форму, а дарослая — будзе трымаць доўга.

Ідэальная форма для расліны — падабенства з яе прыроднай. Калі абрысы кроны першапачаткова імкнуцца да шара — падкрэсліце гэтую акругласць.

З шарападобнай кроны таксама добра атрымліваюцца кубы. Калі форма кроны выцягнутая, нібы ракета, лепш абраць цыліндр або выцягнуты конус. Калі выконваеш прынцып падабенства — стрыжка і трымаецца добра, і выглядае арганічна.

Калі стрыгчы?

Абрэзванне можна рабіць, калі сярэднясутачная тэмпература паветра большая за -4°С. Але і тут не ўсё так адназначна. Напрыклад, іглічныя можна стрыгчы практычна ўвесь сезон, за выключэннем невялікага перыяду актыўнага смолацячэння, якое ў некаторых відаў назіраецца ранняй вясной.

Лісцвяныя ў большасці сваёй нельга стрыгчы ў перыяд актыўнага руху соку, калі прачынаюцца пупышкі і распускаецца лісце. Стрыжка ў такі час можа скончыцца нават гібеллю расліны. Напрыклад, дрэвападобныя і мяцёлчатыя гартэнзіі будуць так моцна «плакаць», калі іх крануць у гэты перыяд, што, хутчэй за ўсё, высахнуць. Таму, як толькі дрэвы і кусты пайшлі ў рост, лепш не рызыкаваць і даць ім цалкам раскрыць новую лістоту.

Пладовыя дрэвы лепш не чапаць у перыяд распускання лісця, а вось улетку, калі спее ўраджай, можна займацца і стрыжкай, і абрэзкай. Так, пры гэтым частка пладоў загіне, затое тыя, што застануцца, будуць буйнейшымі і больш салодкімі.

Восеньская стрыжка патрабуе аналізу стану прыросту, пачынаць працэдуру варта, калі новы прырост паспее адрасці і адраўнець.

Кардынальнае абрэзванне і стрыжку, якая фармуе, варта перанесці на вясну, а ўвосень лепш абмежавацца ўмеранай абрэзкай прадстаўнікоў лісцвяных парод.

Важна: вясновае абрэзванне стымулюе ўтварэнне парасткаў, а летняе — тармозіць.

Для стрыжкі і абрэзвання варта абраць неэкстрэмальнае надвор'е. Нельга выконваць гэткую работу ў моцную спякоту, моцны вецер і пад моцным дажджом.

Як стрыгчы?

Памятайце: за адзін раз можна прыбіраць да адной траціны зялёнай масы расліны. Здаровыя асобіны з такой «стратай вагі» справяцца без цяжкасці, а вось хворыя і аслабленыя лепш наогул не чапаць. Пасля стрыжкі і кусты, і дрэвы трэба добра паліць і падкарміць угнаеннямі па сезоне.

Для таго каб зрэз зацягнуўся хутка і праз пашкоджаную паверхню не трапіла інфекцыя, значна большае значэнне мае якасць зрэзу ці спілу, а не наступная яго апрацоўка.

  • Па-першае, калі выдаляеце шкілетныя галіны, нельга пакідаць пянькі без пупышак. Зрэз павінен быць выкананы пад правільным вуглом.
  • Па-другое, зрэз павінен быць гладкі, без шчарбін, а зрабіць такі можна толькі вельмі вострай прыладай.

Варта памятаць і тое, што некаторыя садовыя расліны могуць выдзяляць ядавіты сок пры стрыжцы. Напрыклад, туя заходняя або ядловец казацкі. Таму пры рабоце з імі варта засцерагчы адкрытыя ўчасткі цела вопраткай, а пасля працэдуры — старанна вымыць рукі з мылам.

Фармаванне расліны

У куста ў міжвузеллі размешчаны дзве пупышкі. Калі мы хочам, каб ён не быў разгалісты, а, наадварот, трымаў форму, то выдаляем парастак з вонкавай пупышкі. Калі мы хочам, каб куст быў больш пышным і разгалістым, выдаляем парастак, які ідзе з унутранай пупышкі.

Для пладовага дрэва важна, каб яго галіны былі гарызантальнымі, тады яно лепш пладаносіць. І можна надаць напрамак галінам за кошт правільнага абрэзвання. Мы абразаем парастак, які ідзе наверх. Абрэзванне на ўнутраную пупышку добра выкарыстоўваць, калі расліны пачынаюць перашкаджаць адна адной. Мы надаём галінам патрэбны напрамак.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.