Вы тут

У якіх выпадках варта «прытарможваць» альтруізм і ахвярнасць?


Ёсць людзі, якія заўсёды гатовы дапамагчы. Часта яны выклікаюць захапленне. Але не заўсёды і не ва ўсіх. Інакш псіхолагі не казалі б пра «сіндром Чыпа і Дэйла», які, на іх думку, не ўкладваецца ў паняцце нормы і мае патрэбу ў карэкцыі.

Аб гэтым цікавым чалавечым феномене гутарым з псіхолагам Таццянай Шаранда.


— Таццяна Міхайлаўна, давайце ўсё ж удакладнім, што ж такое «сіндром Чыпа і Дэйла»? Чаму здаровае і нават высакароднае імкненне прыйсці на выручку псіхолагі часам расцэньваюць як анамалію?

— Жаданне дапамагаць закладзена ў чалавеку першапачаткова, гэта біялагічная норма, уплеценая ў маральныя асновы грамадства, — дзякуючы ёй прасцей выжываць. Але часам гэтая асаблівасць становіцца гіпертрафіраванай, набывае нездаровы характар. Тады і гавораць аб «сіндроме Чыпа і Дэйла». У папулярнай псіхалогіі яго яшчэ называюць «сіндром ратавальніка»: гэта пра тых, хто кідаецца на дапамогу незалежна ад таго, прасілі яго пра гэта ці не.

— Па якіх прыкметах норму можна адрозніць ад анамаліі?

— Асноўныя прыкметы «сіндрому Чыпа і Дэйла» — пачуццё ўласнай значнасці і адчуванне ўлады над іншым чалавекам. «Ратавальнікі» адчуваюць задавальненне, умешваючыся ў чужыя справы, вырашаючы нечыя праблемы, праяўляючы актыўнасць, шчырую цікавасць і спачуванне. Праўдзівы «ратавальнік» становіцца ў нейкай ступені вяршыцелем лёсаў. «Разрульваючы» чужыя канфлікты, садзейнічаючы і падтрымліваючы, ён узнімае сваю самаацэнку, гадуе ў сабе пачуццё ўласнай выключнасці.

— Значыць, «ратавальнікі» маюць патрэбу ў павышэнні самаацэнкі?

— Не толькі. Сярод іх ёсць і тыя, хто проста не здольны адмовіць іншым у дапамозе, а адмовіўшы, адчувае віну. Гэта людзі, якія не ўмеюць выбудоўваць уласныя межы, няздольныя абараняць ад замахаў асабістую тэрыторыю. Часам стаць «ратавальнікам» прымушае страх не атрымаць зваротную падтрымку, і ў выніку чалавек аказваецца схаванай «ахвярай». Існуе меркаванне, што «сіндром Чыпа і Дэйла» характэрны для высокачуллівых мужчын і жанчын. Гэтага нельга выключаць. Але часта гэты феномен тлумачыцца не столькі тонкай душэўнай арганізацыяй, колькі няздольнасцю сказаць «не»: чалавек заняты жыццём іншых, дзеля іх забываецца на свае інтарэсы, узвальвае на сябе чужую адказнасць, лічыць, што павінен усіх засцерагчы і ашчаслівіць. Тут вельмі тонкая грань паміж сапраўдным пачуццём спагады і некаторай псіхалагічнай дэфармацыяй.

— Якія прафесіі часцей за ўсё выбіраюць людзі з «сіндромам Чыпа і Дэйла»? Ці здольны род дзейнасці абвастрыць пэўныя асаблівасці і прывесці да хранічнай формы гэтага сіндрому?

— Людзі з індывідуальна-тыпалагічнымі рысамі ратавальніка часта становяцца псіхолагамі, урачамі, адвакатамі, супрацоўнікамі МНС. У сваю чаргу, і род дзейнасці адбіваецца на фарміраванні спецыфічна-прафесійнага тыпу асобы, вядзе да прафдэфармацыі. У такіх выпадках праявы «сіндрому Чыпа і Дэйла» маюць месца не толькі на службе, але і дома, у найбліжэйшым асяроддзі. Каб не ператварыцца ў хранічнага «ратавальніка», трэба ўвесь час трымаць «руку на пульсе» — памятаць пра свае межы і межы навакольных.

— Як усё ж такі разабрацца: калі падстаўляць плячо, працягваць руку дапамогі, а ў якіх выпадках лепш ад гэтага ўстрымацца?

— Усё вельмі індывідуальна, і нельга даць рэкамендацыю на кожны пэўны выпадак. Бываюць сітуацыі, калі няма часу разважаць, а трэба тэрмінова дзейнічаць незалежна ад таго, прасілі цябе ці не — на кон пастаўлена жыццё чалавека, ёсць рэальныя пагрозы яго здароўю, любое прамаруджванне можа абярнуцца непапраўнай трагедыяй. Нармальны спагадлівы чалавек не можа не дапамагчы. Усё ж астатняе, як правіла, — спробы перакласці чужую адказнасць за вырашэнне праблем на свае плечы.

— Гэта значыць, не варта адгукацца на заклікі аб дапамозе ў тых выпадках, калі няма пагрозы жыццю і здароўю чалавека?

— Калі да вас звяртаюцца першы раз, то можна адгукнуцца. Калі гэта паўтараецца трэці, тым больш дзясяты раз, то лепей устрымацца. Ёсць пэўная катэгорыя людзей з добра засвоенай і арганічнай для іх роллю просьбіта. Адна катэгорыя такіх людзей — відавочныя маніпулятары, якія ўсведамляюць сваю выгаду і робяць усё, каб атрымаць максімальныя «дывідэнды» з любой сітуацыі. Прычым неабавязкова ў грашовым эквіваленце, эмоцыі для іх мала чым саступаюць звону манет. Іншая катэгорыя — тыя, хто, аднойчы прымераўшы ролю просьбіта, неўсвядомлена загуляліся, і гэта стала ўжо патрэбай.

— Ці можна прывесці прыклад згубнай дапамогі «ратавальнікаў»?

— Самая распаўсюджаная сітуацыя, калі бацькі з лепшых памкненняў не даюць сталець сваім дзецям, забяспечваючы ўсе іх патрэбы і пазбаўляючы стымулу развівацца, заваёўваць уласнае месца пад сонцам. Мама і тата як ратавальнікі, на жаль, часта не бачаць згубных наступстваў сваёй апекі.

— Па якіх прыкметах можна распазнаць, што чалавек залішне самааддана дапамагае іншым?

— Калі на шкоду сваім інтарэсам, прафесійнай дзейнасці, сям'і ўсю энергію чалавек аддае іншым, жыве іх жыццём, забываючы пра сябе і блізкіх, — гэта ўжо сігнал трывогі. Нярэдка, вырашаючы чужыя праблемы, «ратавальнік» у нейкай ступені становіцца для блізкіх «энергетычным вампірам», за іх кошт аднаўляючы свае рэсурсы — эмацыянальныя і фізічныя. Часам хранічныя «ратавальнікі» пачынаюць адчуваць моцную ўнутраную спустошанасць, поўнае выгаранне. Яны ўсё радзей адчуваюць задавальненне ад жыцця, усё часцей упадаюць у дэпрэсію.

Калі дзіўным, містычным чынам да вас пачынаюць прыцягвацца падзеі і людзі, якія патрабуюць падтрымкі, — гэта сур'ёзны сігнал.

Пабудаваць сваё жыццё найлепшым чынам атрымліваецца пры ўмове, што мы лічымся з законамі логікі. Вельмі карысна аналізаваць свой унутраны стан, усведамляць, што рухае намі, разумець свае эмоцыі і ў выніку карэкціраваць свае паводзіны, фарміраваць канструктыўную мадэль узаемадзеяння са светам і людзьмі.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.