Вы тут

Чаму на Святым возеры ў Магілёве гінуць чайкі


У панядзелак у магілёўскіх сацсетках з’явіліся драматычныя кадры: гібель чаек на Святым (Грабянёўскім) возеры ў Магілёве. Паведамлялася, што птушкі выглядалі хворымі, сядзелі прама на зямлі, цяжка дыхалі і хутка паміралі. Бераг усыпаны пёрамі. Некаторыя чайкі былі з крывавымі ранамі на галаве, а на пяску віднеліся кроплі крыві. На месцы пабывалі ўсе зацікаўленыя службы, у тым ліку і спецыялісты Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


— Пакуль нічога дакладнага сказаць не можам, — паведамілі там. — Лабараторнае даследаванне птушак, якія загінулі, яшчэ праводзіцца.

Прыродаахоўнікі нагадваюць, што чапаць як мёртвых, так і жывых птушак або жывёл, якія жывуць у дзікай прыродзе, не варта — гэта прафілактычная рэкамендацыя распаўсюджваецца на любых прадстаўнікоў дзікай фаўны, незалежна ад абставін і ад таго, выглядаюць яны здаровымі ці не.

Між тым народ ужо ставіць дыягназы адзін страшнейшы за другі: пачынаючы ад інтрыг замежных санлабараторый недружалюбных нам краін і заканчваючы прагнозамі небяспечных хвароб накшталт Ньюкасла — віруснага захворвання птушак, якое характарызуецца пнеўманіяй, энцэфалітам і множнымі кропкавымі гемарагічнымі паразамі ўнутраных органаў.

Супрацоўнікі «Магілёўзелянбуда» працягваюць збіраць памерлых птушак у поліэтыленавыя пакеты і перадаваць Спецаўтапрадпрыемству для далейшай утылізацыі.

— Такая сітуацыя з чайкамі ў нас паўтараецца вясной штогод, — паведамілі там сваю версію. — Пасярод возера ёсць вялікі востраў, дзе яны прывыклі сяліцца. Чайкі вяртаюцца дадому і кожны раз вядуць барацьбу за гэты востраў. Пасля пералёту яны аслабленыя і ў сутычках за месца пражывання шмат хто гіне. Таму іх трупы на беразе прыходзіцца прыбіраць кожную вясну. Сёлета з-за высокай павадкі востраў амаль цалкам знаходзіцца пад вадой. Птушак прыляцела больш, чым раней, і яны знясіленыя, а сяліцца ім няма дзе, вось яны і вядуць баявыя дзеянні на беразе. І трупаў сапраўды нашмат больш.

Дарэчы, летась праблему папулярнага калісьці ў Магілёве месца адпачынку — Святога возера, якое закрытае для наведвання з 2015 года, асвятляла на сваіх старонках і «Звязда». У матэрыяле рабілася спасылка на словы мэра Магілёва Аляксандра Студнева, што ў бліжэйшы час пачнецца ачыстка возера і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі — праект ужо распрацаваны. «Для таго каб поўнасцю прывесці і сам вадаём, і пляж у парадак, спатрэбіцца каля двух гадоў,» — адзначаў мэр на сустрэчы са студэнцкім актывам вышэйшых устаноў Магілёва, прадстаўнікі якога звярнуліся да яго з такім пытаннем.

Нелі Зігуля

Фота mogilev.online

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».