Вы тут

Выправіліся ў рэйд і даведаліся, як ухіляюцца ад аплаты праезду


Многія з нас хоць аднойчы ў жыцці праязджалі ў грамадскім транспарце без аплаты, імкнучыся ці то ўхапіць крыху адрэналіну, ці то сэканоміць капейчыну. Аднак не заўсёды такія азартныя вандроўкі заканчваюцца добра, часцей прынцыповыя кантралёры ўручаюць нядобрасумленным пасажырам пастановы. Карэспандэнт «Звязды» выправілася ў рэйд з работнікамі ДП «Аператар перавозак» па Віцебску і даведалася, якімі спосабамі грамадзяне ўхіляюцца ад аплаты праезду.


Павышаны кантроль

У горадзе на Дзвіне ўзмацнілі кантроль за аплатай праезду ў грамадскім транспарце. У звычайным рэжыме работы па вобласці курсіруюць 18 кантралёраў: 9 — па Віцебску, 9 — па Оршы і Полацку. Акцыю, або, дакладней, прафілактычнае мерапрыемства дзяржаўнае прадпрыемства «Аператар перавозак» праводзіць з мэтай павышэння ўзроўню адказнасці пасажыраў і вяртання іх да культуры паводзінаў у грамадскім транспарце. «Кантралёры выходзяць на лініі штодзённа, аднак цяпер з мэтай павышэння рэнтабельнасці некаторых маршрутаў і праверкі якасці аплаты праезду грамадзянамі па горадзе будуць працаваць 19 чалавек. Штраф за безбілетны праезд складае ад 0,5 да 1 базавай велічыні», — адзначыў дырэктар ДП «Аператар перавозак» Аляксей Доўгі.

Кожны дзень толькі ў Віцебску на лініі выходзяць 400 адзінак транспарту: трамваі, тралейбусы, аўтобусы, маршрутныя таксі. Шукаць «зайцоў» кантралёры будуць пачынаючы з 5.00 і да 24.00. Асаблівая ўвага — да ранішніх і вячэрніх гадзін пік.

Пра асаблівасці прафесіі

На маршрут мы выходзім а чацвёртай гадзіне дня разам з кантралёрамі Любоўю Верамеенкай і Інай Гарбачовай. За плячыма ў жанчын багаты стаж: чатыры і тры гады адпаведна толькі на прадпрыемстве, а да гэтага — доўгая біяграфія на пасадзе кандуктараў. Сказаць, што прафесія кантралёраў салодкая — катайся сабе і правярай білецікі — значыць моцна памыліцца і пасля некалькіх гадзін працоўнага дня забраць свае словы назад.

Пры звычайным рэжыме работы яны працуюць пазменна: з 6.00 да 15.00, з 8.00 да 17.00, апошняя змена доўжыцца з 14.00 да 23.00. Сем-восем гадзін жанчыны (якіх у штаце пераважная большасць) знаходзяцца на нагах, балансуючы ў вагонах і салонах. І гэта, паверце, дробязь у параўнанні са штодзённай камунікацыяй з людзьмі! Ад «зайцоў», якія ў 99 працэнтах выпадкаў даказваюць сваю невінаватасць, у бок кантралёраў сыплюцца не толькі нецэнзурныя словы, але і праклёны, а часам і ўдары. Але пра тое пазней.

Кантралёры сочаць не толькі за білетамі: інфармацыя пра афармленне прыпынкаў, наяўнасць у транспартным сродку паказальнікаў «уваход» і «выхад», звесткі пра кіроўцу і кандуктара, гукавыя аб'явы, нумар транспартнага сродку, наяўнасць выпіскі з правілаў перавозкі пасажыраў, схема маршруту. Тыя ці іншыя недахопы фіксуюцца прыладай відэазапісу і перадаюцца ў «Віцебскаблаўтатранс».

Заходзім у новенькі 12-ы тралейбус, які толькі сёння выйшаў на маршрут. Адразу ў кандуктараў правяраем БУЛ — білетна-ўліковы ліст, дзе адзначаны час прыбыцця на канцавыя станцыі і нумары білетаў. Дарэчы, менавіта па апошніх лічбах на шэрым білеціку мае вопытныя калегі Любоў Уладзіміраўна і Іна Віктараўна адразу ўбачаць, калі «мухлюе» кандуктар. Такія выпадкі здараліся, але даўно, калі кандуктары прадавалі пасажырам пакінутыя або знойдзеныя білеты міма касы. Праходзім па салоне — усё ў парадку.

У маршрутных таксі правяраюць больш кіроўцаў, чым пасажыраў, бо, як правіла, «прашмыгнуць» міма аплаты ў чалавека не атрымаецца. На білетах уважліва глядзяць на час, калі ён быў прабіты (каб не застаўся з мінулых рэйсаў), перавозчыка і цану. Але маршрутчыкі вызначаюцца асаблівай нелюбоўю да кантралюючых службаў.

Асаблівая ўвага аддаецца транспартным сродкам з бескандуктарнай сістэмай, дзе аплата праезду непасрэдна залежыць толькі ад сумлення грамадзян. Такі спосаб уведзены толькі ў некаторых трамваях 3-га і 6-га маршрутаў. У іх абавязкова павінны быць аб'явы пра тое, што білет трэба набыць у кіроўцы і пракампасціраваць, а таксама гукавое суправаджэнне. І, вядома, усе кампосцеры павінны быць у рабочым стане.

Пры выяўленні безбілетніка складаецца пастанова. Калі пасажыр згодны з парушэннем, яму выпісваюць штраф у памеры 0,5 базавай велічыні — 18,5 рубля на сённяшні дзень. Яго можна аплаціць на месцы ў кантралёраў або на працягу месяца ў банку, аднак за пратэрміноўку нават на адзін дзень зверху прыйдзецца дадаць яшчэ дзве базавыя. Вось і пракаціўся на адрэналіне! Калі пасажыр не згодны, яго выклікаюць у кантралюючы орган і прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці, сума штрафу можа павялічыцца да адной базавай.

Білетны веер і іншыя варыянты

Заходзім у шосты трамвай, ён якраз працуе без кандуктара. Праходзім па вагоне — і адразу дзве жанчыны трапілі ў рукі кантралёраў. Вядома, загадзя заўважыць работнікаў цяжка — у іх адсутнічаюць сінія камізэлькі з салатавай паласой, выдаюць кантралёраў толькі бэйдж і прылада відэазапісу «Дазор». Дзве жанчыны працягнулі нам нешчаслівыя (як потым аказалася) білецікі — адбітак трамвайнага кампосцера не супаў з тым, што быў на білетах. Але віну сваю прызналі і выйшлі на прыпынку афармляць пастанову.

На чарзе «тройка», таксама з бескандуктарнай сістэмай аплаты. На гэты раз «зайцам» аказаўся мужчына пенсіённага ўзросту, які ехаў з работы дадому. Сітуацыя аднолькавая: дзірачкі на білеце ёсць, але не тыя. Запэўніўшы кантралёраў у тым, што ён прабіў білет на канкрэтным кампосцеры некалькі прыпынкаў таму, стаў чакаць. Фокус не атрымаўся, тады мужчына спакойна дастаў з кішэні цэлы веер білетаў з рознымі адбіткамі і пачаў шукаць патрэбны, параўноўваючы з арыгіналам. Я назіраю за гэтым, ледзь стрымліваючы смех, і разважаю пра арыгінальны падыход да сітуацыі. У выніку штраф быў аплочаны на месцы.

«Такі спосаб «аплаты» — адзін з самых частых. Людзі, якія штодзень ездзяць па адным маршруце, збіраюць пракампасціраваныя білеты з розных вагонаў, бо ў кожным трамваі ўзор атрымліваецца розны. А потым падчас кантролю блытаюцца ў сваёй «калекцыі». Некаторыя з пасажыраў нават ручкай падпісваюць нумар вагона на білеце, каб выцягнуць патрэбны, і спадзяюцца на тое, што кантралёры не заўважаць. Некаторыя трымаюць новы білет напагатове і прабіваюць на нашых вачах, гэта таксама лічыцца безбілетным праездам», — расказвае Іна Гарбачова.

Віцебскіх кантралёраў моладзь ведае ў твар, а фота жанчын, зробленыя цішком, рассылаюць сярод сяброў у сацыяльных сетках з мэтай папярэджання. Безнаяўная сістэма «Аплаці» дазваляе за некалькі секунд зрабіць аплату, пакуль кантралёры пройдуць праз салон, — «фішка» працуе безадмоўна. Калі людзі паказваюць праязныя, часта закрываюць пальцам тэрмін яго дзеяння. А некалькі гадоў таму былі распаўсюджаны падробленыя праязныя, аднак і іх вопытныя кантралёры выяўлялі. Любоў Уладзіміраўна ўспамінае, што зусім нядаўна ёй трапіўся пасажыр, які замест білета пракампасціраваў накрыўку ад пакунка для цыгарэт і з сур'ёзным тварам даказваў, што ён лічыць гэта аплатай.

Мароз, міліцыя і зламаны нос

Калі разважаць пра цяжкасці работы кантралёраў, то, акрамя фізічнай стомленасці, гэта цяжкі псіхалагічны прэсінг. Мужчыны-безбілетнікі сыплюць на работніц адборныя мацюкі, жанчыны шлюць праклёны. Звыкнуцца з такой камунікацыяй і абстрагавацца ўдаецца нямногім, таму працуюць тут сапраўды загартаваныя людзі. Адна з маіх суразмоўніц успамінае, што ў яе бытнасць кандуктарам кіем па галаве яе моцна ўдарыла пажылая жанчына. Гэта адна з самых запамінальных гісторый, калі не лічыць шматлікіх штуршкоў.

Вяртаемся да асаблівай нелюбові кіроўцаў маршрутных таксі да кантралюючых органаў: на прадпрыемстве здарыліся два рэзанансныя выпадкі, калі чарговая праверка скончылася цялеснымі пашкоджаннямі. У адным маршрутчык галавой ударыў мужчыну-кантралёра ў твар, зламаўшы нос. У другім — жанчына толькі падышла да адчыненых дзвярэй маршруткі і ўхапілася за ручку, як кіроўца пачаў рух, працягнуўшы кантралёра па асфальце. Такія сітуацыі і патрабуюць выходзіць на змену парамі ў мэтах бяспекі.

Пастановы «зайцам» выпісваюць, як правіла, на прыпынку, дзе няма камфортных умоў. Да гэтага яшчэ дададзім вецер, дождж або гарачыню. Любоў і Іна ўспамінаюць, як неаднойчы на марозе выпісвалі штраф задубелымі рукамі. А раніцай узімку, калі на вуліцы яшчэ цёмна, даводзіцца карыстацца персанальнымі ліхтарыкамі. Самае цікавае, што раней штраф выпісвалі толькі па імені і прозвішчы, а цяпер — толькі пры наяўнасці пашпарта. Калі ў чалавека адсутнічае дакумент, кантралёры выклікаюць нарад міліцыі, які высвятляе асобу грамадзяніна. Тады працэдура на прыпынку расцягваецца на гадзіну і даўжэй у любое надвор'е, у некаторых выпадках кантралёры разам з безбілетнікам едуць у аддзел міліцыі.

У завяршэнне

Мэты выпісаць як мага больш штрафаў у кантралёраў няма, як і плана выканання дадзенай працэдуры. Галоўнае — вярнуць пасажыраў да культуры аплаты праезду як абавязку. На жаль, нашы грамадзяне забываюць, што аплаціць праезд, як і пакупку ў магазіне, — справа абавязковая. Рэгулярныя прафілактычныя акцыі стануць яшчэ адным крокам на шляху да абуджэння сумлення кожнага.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».