Вы тут

Пераможцаў міжнароднага чытальнікаў «Пад зоркай Венеры» ўзнагародзілі ў Мінску


У Мінскай обласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна адбылося святочнае ўганараванне пераможцаў міжнароднага анлайн-конкурсу чытальнікаў «Пад зоркай Венеры», які праходзіў у межах абласнога праекта «Пісьменнікі — ураджэнцы роднага краю».


Юрый Макушын віншуе Кацярыну Швед, пераможцу ў дадатковай намінацыі.

Міжнародны анлайн-конкурс чытальнікаў «Пад зоркай Венеры» праводзіўся ў леташнім снежні, да ўдзелу запрашаліся дзеці да 18 гадоў. З мэтай далучэння моладзі да літаратурнай творчасці, пошуку неардынарных, крэатыўных форм выступленняў было задумана правесці гэты конкурс як абласны праект, каб не толькі ўшанаваць памяць вялікага паэта Максіма Багдановіча, але і прыцягнуць увагу шырокай аўдыторыі да чытання і вывучэння беларускай літаратуры, а таксама стымуляваць творчую актыўнасць вучняў школьных і пазашкольных устаноў.

Актыўнасць і вялікая колькасць удзельнікаў стала найлепшым доказам таго, што творчасць Максіма Багдановіча выклікае цікавасць у дзяцей і моладзі. Арганізатарам выступіла Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна сумесна з партнёрамі: Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурным музеем Максіма Багдановіча, Выдавецкім домам «Звязда» (газета «Літаратура і мастацтва»), Мінскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатрам юнага гледача, каналам «Культура» Беларускага радыё, Прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Аргкамітэтам конкурсу было створана журы для падвядзення яго вынікаў. Улічваючы апошнія тэндэнцыі ў адносінах да дзіцячых літаратурных кон­курсаў, чакалі, што творчых прац будзе шмат. Таму ішлі з прапановай да людзей, якія найбольш кампетэнтна дапамогуць ацаніць плён удзельнікаў. У склад журы ўвайшлі дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача Вера Палякова-Макей — старшыня журы; дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі Наталля Вашчыла; старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос; загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі; аўтар і выканаўца ўласных песень, рэжысёр, мастацкі кіраўнік народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» Алеся Сівохіна; кіраўнік Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Юрый Макушын.

Удзельнікі і пераможцы.

Апошнім часам анлайн-конкурсы чытальнікаў становяцца вельмі папулярнай і найбольш запатрабаванай формай, якую мэтазгодна выкарыстоўваць сярод дзяцей. Яе актуальнасць пачала назірацца падчас пандэміі. Адыграла ролю камп’ютарызацыя. Аддаленае чытанне не на публіку набірае папулярнасць. Разам з тым добрае чытанне на камеру яшчэ не з’яўляецца паказчыкам таго, што чалавек добра чытае ўжывую. Хоць конкурс праходзіў у рамках абласнога праекта «Пісьменнікі — ураджэнцы роднага краю», адразу планавалася зрабіць яго міжнародным і далучыць дзяцей з іншых рэгіёнаў і замежжа. Таму перад пачаткам ініцыятывы праводзілася рэкламная кампанія, рассылаліся лісты з запрашэннямі па ўсёй Беларусі і найбліжэйшым замежжы.

На адрас конкурсу адразу паступала шмат творчых прац. Усяго налічвалася каля 1800 удзельнікаў з Беларусі і найбліжэйшага замежжа. Для выразнага чытання выбіраліся розныя творы Максіма Багдановіча. Самымі папулярнымі сталі вершы: «Зорка Венера», «Здароў, марозны, звонкі вечар…», «Слуцкія ткачыхі», байка «Варона і чыж», «Край мой родны, як выкляты богам», «Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы…», «Панад белым пухам вішняў», «Летапісец» і іншыя. Сябры журы звярталі ўвагу на літаратурнае чытанне, успрыманне твора ўдзельнікам, на правільную расстаноўку акцэнтаў.

Усе творчыя працы размяшчаліся на афіцыйнай старонцы УоuTubeканала Мінскай абласной бібліятэкі, дзе можна было лёгка знайсці відэазапіс, прагаласаваць за любое творчае выступленне. Сярод іх — як вельмі прафесійна створаныя відэа з выразнай падачай і артыстычнасцю, старанна падабранымі касцюмамі і дэкарацыямі, вынаходлівым мантажом і выкарыстаннем храмакея, так і дамашнія відэа, зробленыя дзецьмі і іх бацькамі.

Пераможца Арына Рубановіч.

У сувязі з вялікай колькасцю творчых работ было прынята рашэнне правесці два туры адбору сярод удзельнікаў. Першы, падчас якога экспертнае журы праглядзела ўсе работы, праходзіў 20 студзеня — 19 лютага. Трэба адзначыць складанасць вылучэння з такой колькасці выдатных прац найлепшых. З усіх удзельнікаў былі выбраны каля 200 чытальнікаў, якія прайшлі на наступны, фінальны, этап конкурсу.

Мы атрымлівалі добрыя водгукі пра конкурс і неабходнасць такіх ініцыятыў. Хочацца прывесці адзін з іх: «Паважаныя арганізатары конкурсу “Пад Зоркай Венеры”, шаноўнае журы! Дзякуй вам за тытанічную працу! Прагледзець амаль 2000 ролікаў — гэта трэба столькі часу і цярпення! А галоўнае — любові да роднай культуры! Бо нічым іншым не растлумачыць і такі наплыў удзельнікаў, і такую самааддачу арганізатараў. Я ўпэўнена, што падобныя конкурсы нам вельмі патрэбныя. <…> Беларуская культура гаворыць вуснамі дзяцей. Багдановіч гучыць сучасна, і кожны прадстаўляе асабістае прачытанне яго твора. І ў кожнага застанецца памяць аб удзеле ў гэтым конкурсе і цяпло ўнутры. І ўжо ніхто не забудзецца аўтара, які напісаў “Здароў, марозны звонкі вечар”...» (Юлія Аленькава, г. Магілёў).

З фіналістаў былі адзначаны 40 пераможцаў: ва ўмовах высокай канкурэнцыі іх працы вылучаліся большай арыгінальнасцю задумкі і выканан­ня, дзякуючы чаму заслужана занялі прызавыя месцы. 28 лютага на сайце бібліятэкі і ў сацсетках былі агучаны пераможцы конкурсу, сярод якіх былі вылучаны 17 дзяцей з Мінскай вобласці і двое з г. Мінска.

Акрамя гэтага, партнёры анлайн-конкурсу «Пад зоркай Венеры» адзначылі асобныя работы ўдзельнікаў дадатковымі намінацыямі, гэтыя дзеці таксама былі запрошаны на выніковае мерапрыемства для ўручэння ўзнагарод.

Напрыканцы сакавіка Мінская абласная бібліятэка сустрэла пераможцаў анлайн-конкурсу чытальнікаў «Пад зоркай Венеры», якія прыехалі на мерапрыемства ў суправаджэнні бацькоў, настаўнікаў і бібліятэкараў школ з розных куткоў Беларусі. Замежныя пераможцы Анастасія Еніна, Эвеліна Капітонава і Дар’я Канавалава разам з загадчыцай філіяла «Цэнтр беларускай культуры “Музей М. Багдановіча”» ў Яраслаўлі Наталляй Прохаравай далучыліся да мерапрыемства праз анлайн-эфір і пажадалі далейшых поспехаў пераможцам конкурсу.

Падчас цырымоніі пераможцы атрымалі ганаровыя дыпломы і памятныя прызы, а таксама білеты на самыя папулярныя спектаклі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача. Узнагароды ўручалі кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Юрый Макушын, кіраўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі, рэжысёры і кіраўнікі народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» Алесь Мойскі і Алеся Сівохіна, журналіст газеты «Літаратура і мастацтва» Таццяна Барадуля.

Узнагароды.

Яркімі акцэнтамі святочнага мерапрыемства сталі выступленні прафесійных музыкантаў і акцёраў: аркестра заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Музычная капэла “Санорус”» пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Вячаслава Ларына; салістаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Уладзіслава Даніловіча і Ганны Янкоўскай Беларускай дзяржаўнай філармоніі, якія выконвалі рамансы на вершы Максіма Багдановіча. Сваім арыгінальным чытаннем парадавалі ўдзельнікі народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» пад кіраўніцтвам Алеся Мойскага і Алесі Сівохінай. Зразумела, што святочная праграма не магла абысціся без выступленняў саміх лаўрэатаў конкурсу — вершы Максіма Багдановіча прачыталі ўдзельніца ўзорнага дзіцячага тэатра «Вясёлка» Палаца культуры г. Барань Аршанскага раёна Арына Рубановіч і навучэнец сярэдняй школы № 3 імя У. Караткевіча г. Оршы Максім Голубеў.

Аргкамітэт і члены журы віншуюць пераможцаў анлайн-конкурсу чытальнікаў «Пад зоркай Венеры»! Арганізатары выказваюць удзячнасць усім, хто адгукнуўся і прыняў удзел у конкурсе, — усе вашы намаганні былі заўважаны! Не спыняйцеся, працягвайце развіваць і ўдасканальваць свае таленты і навыкі! Жадаем усім удзельнікам дасягнення новых вышынь!

Таццяна ЛАЎРЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.