Вы тут

«Прымакі». Што новага старая п’еса можа сказаць пра нас, сённяшніх?


На сталічную сцэну вярнуўся, без перабольшання, адзін з найважнейшых твораў у гісторыі беларускага драматычнага мастацтва — у Новым драмтэатры адбылася прэм’ера спектакля «Прымакі» паводле аднайменнага сцэнічнага жарту Янкі Купалы. Пастаноўшчыкам стракатай фолк-рок-камедыі выступіў малады творца Арцём Пінчук, які зарэкамендаваў сябе як таленавіты рэжысёр спектаклямі «Лялечны дом» (Г. Ібсен), «Лялька. Фікус. Крама» (Я. Пуліновіч) і «Дзень» (С. Мрожак). Паглядзім жа, ці атрымалася ў аўтараў пастаноўкі знайсці шлях да сэрца гледача і што новага старая п’еса можа сказаць пра нас сённяшніх?


Забыты скарб

Напісаная класікам нацыянальнай літаратуры Янкам Купалам яшчэ ў 1913 годзе, камедыя «Прымакі» часцяком незаслужана заста­ецца ў цяні больш вядомых суседак па жанры — завершанай годам раней «Паўлінкі» ўсё таго ж Купалы і «Пінскай шляхты» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Асмелімся сцвярджаць, аднак, што гэты сціплы на першы погляд «сцэнічны жарт у адной дзеі» (паводле аўтарскага вызначэння) варты нашмат большай увагі, бо займае не менш значнае месца ў гісторыі беларускай драматургіі, а ў нечым нават і апярэджвае прыведзеныя творы. Нездарма да гэтай пары «Прымакі» не сыходзяць з афіш тэатральных устаноў па ўсёй краіне (ад сціплых местачковых вар’етэ да паважаных тэатраў абласнога ды рэспубліканскага значэння).

За апошнія два з лішкам дзесяцігоддзі п’еса перажыла не адну рэінкарнацыю. Сярод найбольш яскравых можна назваць пастаноўкі 2007 года ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы (рэж. Валянціна Янавец) і Гродзенскім абласным драматычным тэатры (рэж. Аляксандр Гарцуеў), прымеркаваныя да 125-годдзя Песняра. Ставілі п’есу і ў Слонімскім драматычным тэатры (рэж. Віктар Бутакоў, 2002), і ў Мазырскім драматычным тэатры імя І. Мележа (рэж. Раман Цыркін, 2017), і зусім нядаўна — у Магілёўскім абласным драматычным тэатры (рэж. Таццяна Пацай, 2022), асабліва ж даспадобы твор прыйшоўся, што паказальна, рознага кшталту самадзейным калектывам. Разам з тым жыхарам сталіцы на пастаноўкі не шчасціла: больш чым за дваццаць гадоў мінскія тэатралы ўбачылі ад сілы пару версій «Прымакоў» — і тыя на гастролях.

Аляксандр Вергуноў у ролі Максіма Кутаса.

Трэба прызнаць, аднак, што тэатральны ландшафт сучаснага Мінска многім абавязаны п’есе. Так, атрымаўшы сваё першае ўвасабленне ў 1936 годзе намаганнямі трупы Беларускага другога дзяржаўнага тэатра (сёння Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску), аднаактовы сцэнічны жарт праз восем гадоў быў пераўвасоблены ў томскай эвакуацыі ўжо калектывам Беларускага першага дзяржаўнага тэатра (сёння Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Побач са згаданай вышэй «Паўлінкай» відовішча ўвайшло ў праграму «Вечара беларускіх вадэвіляў». У такой спайцы «Прымакі» не заўсёды пачуваліся арганічна, таму праз некалькі гадоў паказаў канчаткова саступілі сваё месца ў рэпертуары знакамітай папярэдніцы.

Уласна кажучы, як многія з чытачоў, напэўна, ведаюць, менавіта папярэдніцы (то-бок «Паўлінцы») было наканавана стаць візітоўкай Купалаўскага і на доўгія дзесяцігоддзі наперад — аж да самага сённяшняга дня — зрабіцца гваздом яго тэатральнай праграмы. Тады як пра «Прымакоў» чамусьці папросту… забылі. Прынамсі, у Мінску. Прынамсі, на колькі гадоў… Нарэшце аддаць належнае ўнікаль­наму матэрыялу адважыліся ў Новым драматычным тэатры, і атрымалася вельмі няблага.

Далоў сцены!

Тое, што выбар тэксту для інсцэніроўкі выпаў менавіта на «Прымакоў» Янкі Купалы, — не проста збег абставін. Перш за ўсё, перад намі густоўна напісаны тэкст, кожны радок якога сочыцца хараством, а кожнае слоўка ёсць ні больш ні менш сапраўднае чараўніцтва. Але куды важней, што ён ідэальна кладзецца на рэпертуарную палітыку Новага драматычнага, выяўляючы тыя, з дазволу сказаць, народніцкі дух і непасрэднасць, якімі чапляюць тутэйшыя спектаклі, калі задумацца, ажно з часоў эксперыментальнай «Дзе-Я?».

У новай пастаноўцы артысты пайшлі яшчэ далей і выплюхнулі неўтаймоўную стыхію п’есы наўпрост на галовы гледачоў, канчаткова разбурыўшы ўяўную сцяну паміж імі і сцэнай. Акцёры зусім не саромеюцца глядзець у вочы гледачам, не баяцца авансцэны і разпораз спускаюцца з падмосткаў, тым ці іншым чынам кантактуючы з наведвальнікамі. Хто б што ні казаў, але магчымасць пакруціць галавой падчас відовішча прыемна разбаўляе прагляд дый прымушае не аслабляць увагу. Тым больш што п’еса сама спрыяе разбурэнню нябачных меж: узяць хаця б удала падкрэслены на сцэне дасціпны аўтарскі жарт пра павуцінне ў трох кутах замест прывычных чатырох.

Непрывычныя куты (са «Страшным судом» у адным з іх) сустракаюць селяніна Максіма Кутаса (Аляксандр Вергуноў або Ігар Мікалаеў) у хаце кумы Даміцэлі (Таццяна Жданава або Святлана Гусарава), дзе мужчына апынаецца па­сля начной папойкі. Тым часам недзе ў іншай хаце муж Даміцэлі Трахім Сініца (Сяргей Шырочын або Валерый Глазкоў) прачынаецца на ложку Паланеі (Наталля Капітонава або Людміла Баталава), жонкі яго сябра Максіма Кутаса. Высвятляецца, што за дзень да гэтага, паспрачаўшыся на п’яную галаву, чыя жонка горшая, мужчыны вырашылі памяняцца «прымамі». Далікатная акалічнасць ускладняецца тым, што дзеці небарак — Мацейка (Эдуард Вайніловіч або Багдан Карташоў) і Кацярынка (Ксенія Вайніловіч або Анастасія Аляксеева) — кахаюць адно аднаго, а пад канец вырашаюць заручыцца.

Ксенія Вайніловіч у вобразе Кацярынкі.

Хоць кароткаму тэксту п’есы на шляху да гледача і пашчасціла пазбегнуць значных скарачэнняў, сякіятакія праўкі ў яго, натуральна, уносіліся. Адным з вынікаў падобнай нюанснай (вельмі, трэба адзначыць, акуратнай) рэдактуры стала пашырэнне камічных сцэн, а таксама павелічэнне іх колькасці. (А часам звычайныя, здавалася б, рэплікі становяцца смешнымі дзякуючы адной удалай паўзе, зымправізаванай акцёрам.) Да таго ж асабліва пікантнае гучанне ў новай рэдактуры набыла алькоўная тэма. Ад пурытанскага жадання папракнуць аўтараў у адсутнасці дзе-нідзе пачуцця меры спыняе разуменне, што ўсе падобныя праўкі, пэўна, толькі пайшлі на карысць фінальнаму рэзультату. У рэшце рэшт нічога, што супярэчыла б маральна-этычным нормам, у спектаклі не адбываецца.

Гітара — напагатоў!

Аповед шчодра прыпраўлены народнымі прыпеўкамі ды песнямі. Стваральнікі найноўшай пастаноўкі хваляцца, што не выкінулі ніводнага куплеціка, хоць звычайна драматычныя тэатры абыходзяць ноты за кіламетр. Гэткае рашэнне рэжысёра Арцёма Пінчука, за чыімі плячыма не самы маленькі пеўчы досвед, дазволіла стварыць напалову музычны спектакль, галоўныя вакальныя нумары ў якім належаць Мацейку і Кацярынцы (працу Эдуарда і Ксеніі Вайніловічаў хацелася б вылучыць тут асобна). Уся ж акампаніятарская нагрузка лягла на плечы гукарэжысёра Сяргея Суміна. Чарговае новаўвядзенне «Прымакоў» у НДТ — гукарэжысёр на сцэне… у вобразе… Дамавіка… Узброены электрагітарай, маўклівы дамавічок трапна каменціруе падзеі кароткімі музычнымі фразамі, звычайна дамагаючыся камічнага эфекту.

Рок-дамавік Сяргей Сумін.

Напісаная кампазітарам Леанідам Бяляевым партытура пасуе агульнай «кірмашовай» танальнасці гісторыі. Разам з тым танцавальна-песенныя нумары (за харэаграфію адказвала Ксенія Вайніловіч) задаюць даволі жвавы рытм, які не спадае амаль да самага канца, не даючы засумаваць ні на секунду. Усё названае ў суме стварае ўражанне народнага балагану альбо кірмашовага відовішча. Варта ж артыстам увайсці ў стос, і ты перастаеш заўважаць час, а той амаль «вясельны» кураж, што дэманструюць выканаўцы, заражае.

Бернард ЗАТЫЛКІН

Фота Аляксея МОЛЧАНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?