Вы тут

Куды ўкласці свае фінансы? Дэпазіты, новыя аблігацыі, золата і макарона...


Мінулы год быў дастаткова валатыльны для інвестараў. Куды ўкладваць грошы налета і як дыверсіфікаваць свой інвестыцыйны партфель так, каб знізіць рызыкі і атрымаць добрую прыбытковасць? Каманда беларускіх аналітыкаў разам з журналістам газеты падрыхтавала дайджэст перспектыўных інвестыцый на бягучы год.


Надзейная аснова для інвестара

Банкаўскія дэпазіты заўсёды застаюцца важнай часткай інвестыцыйнага партфеля. Гэта самая надзейная стратэгія размяшчэння свабодных грашовых сродкаў. На бягучы момант амаль усе банкі прапануюць уклады не занадта вялікай даходнасці. Як вядома, з 3 красавіка ў нашай краіне адбылося зніжэнне стаўкі рэфінансавання да 10,5 % гадавых. Таму менавіта ў красавіку было нязначнае зніжэнне ставак па дэпазітах у беларускіх рублях з той жа прычыны — значная частка ўкладаў прывязаная да ўзроўню стаўкі рэфінансавання.

Разгледзім спачатку прапановы самых надзейных сістэмных банкаў. Напрыклад, у Беларусбанку прапануюць пакласці свае грошы на 13 месяцаў на безадзыўны дэпазіт пад 13 % гадавых. Праўда, гэтая стаўка будзе зменнай, таму што яна становіцца гібкай у залежнасці ад стаўкі рэфінансавання Нацбанка. Ёсць у самым буйным банку краіны ўклад «Класік Безадзыўны» на адзін год пад фіксаваную стаўку. Яна трошкі меншая — 11,9 % гадавых. Гэта мы адшукалі ў згаданага банка самую вялікую прыбытковасць пры ўкладзе на год.

Памяншэнне тэрмінаў дэпазітаў аўтаматычна памяншае і саму працэнтную стаўку. Уклад на 45–90 дзён прадугледжвае ўжо стаўку да 5–6 % гадавых. Адзыўныя кароткія дэпазіты маюць мінімальную даходнасць, абмежаваную 3–4 % гадавых.

Калі разглядаць іншыя сістэмныя банкі, такія як Белгазпрамбанк або «Дабрабыт», то ў іх максімальныя працэнтныя стаўкі трохі вышэйшыя, але ненамнога. Дэпазіты ў гэтых банкаў на 370 дзён, адкрытыя з дапамогай дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, прадугледжваюць фіксаваны даход ад 12 % да 13 % гадавых. Ёсць у загаданых укладаў пэўныя ўмовы. Кліент банка павінен быць уладальнікам пластыкавай карткі рублёвага рахунку, а мінімальная сума ўкладу не можа быць меншай за 500 рублёў (або 1000 рублёў).

У іншых камерцыйных банкаў прапановы па ўкладах могуць адрознівацца ад пералічаных, але... Ні ў кога з фінансавых інстытутаў фіксаваная стаўка па дэпазіце на год не вышэйшая чым 13 % гадавых. Стаўка будзе вышэйшай, толькі калі яна пераменная.

У трэндзе — юань і расійскі рубель

У 2023 годзе эксперты спрагназавалі захаванне тэндэнцыі ўмеранага аслаблення курса нацыянальнай валюты ў адносінах да замежных валют. З валют фінансісты аддаюць перавагу юаню і расійскаму рублю на фоне пашырэння экспартна-імпартных патокаў паміж Расіяй, Кітаем і Беларуссю, а таксама адсутнасці рызык у такім выпадку, звязаных з валютамі недружалюбных краін. З рызык можна вылучыць узмацненне геапалітычнага напружання паміж КНР і ЗША, што можа прывесці да нязначнага аслаблення юаня.

Каштоўныя паперы прывязаныя да расійскага рубля

Аблігацыі — гэта даўгавыя каштоўныя паперы. Эмітэнтамі аблігацый, або тымі, хто іх выпускае, бываюць як органы ўлады, так і камерцыйныя кампаніі. Паперы таргуюцца на біржы, так што для ўкладанняў у іх спатрэбіцца брокерскі рахунак.

Большасць аблігацый уладкавана так, што па іх рэгулярна выплачваецца працэнтны даход — купоны. У пэўную дату аблігацыі гасяць — выплачваюць намінал, або — суму доўгу па кожнай паперы.

Дата выплат, стаўка і памер купона, а таксама дата пагашэння звычайна вядомыя загадзя. Але бывае, што стаўка і памер купона фіксуюцца толькі да пэўнай даты, а потым могуць змяніцца паводле меркавання эмітэнта.

Існуе мноства аблігацый з самымі рознымі ўмовамі. Яны адрозніваюцца ўзроўнем рызыкі і даходнасці, частатой выплат, тэрмінамі пагашэння і іншымі параметрамі.

Сёлета аблігацыі паказалі добры вынік. Традыцыйна яны заўсёды павінны быць важнай часткай інвестыцыйнага партфеля. У залежнасці ад цыкла ключавой стаўкі варта павялічваць або памяншаць долю доўгіх аблігацый у партфелі (аблігацый з тэрмінам пагашэння ад пяці гадоў).

Літаральна з сярэдзіны лютага 2023 года Міністэрства фінансаў нашай краіны стала прапаноўваць юрыдычным асобам і насельніцтву працэнтныя аблігацыі, намініраваныя ў расійскіх рублях. Меркаваны даход па дадзеных аблігацыях складае 11 % гадавых. Адна аблігацыя прадаецца за 1 тысячу расійскіх рублёў, а даход выплачваецца два разы на год. Дык вось, гэтыя новыя каштоўныя паперы на першасным рынку аблігацый разышліся, як гарачыя піражкі. Толькі за 1,5 месяца быў цалкам прададзены пакет такіх аблігацый агульнай сумай пяць мільёнаў штук.

Дарэчы, аблігацыі, намініраваныя ў расійскіх рублях — гэта толькі пачатак. Ужо сёлета на расійскім рынку з’явіліся і аблігацыі ў юанях. Аблігацыі ў юанях таксама могуць стаць часткай партфеля інвестара, асабліва ў тых, хто трымае юані на брокерскім рахунку. Але тут верагодны рост прыбытковасцяў налета на фоне выхаду новых эмітэнтаў з больш «смачнымі» прапановамі.

У сувязі з санкцыямі і іншымі абмежаваннямі, з 2022 года з’явіліся праблемы з купляй-продажам каштоўных папер на рынках ЗША і Еўропы. Таму раю пакуль устрымацца ад адкрыцця даверных рахункаў у дадзеных валютах.

Чым больш кватэр, тым лепш

Аддача ад жылой нерухомасці патрабуе значна большых укладанняў. Варта падкрэсліць, што ў дадзеным выпадку ацэньваецца не хуткасць акупнасці інвестыцый (у дачыненні да нерухомасці гэта больш доўгатэрміновы працэс), а магчымасць атрымліваць штомесяц даволі добрую сярэднюю суму. Да таго ж пры куплі кватэры чалавек атрымлівае актыў, які заўсёды будзе з ім.

Кватэра для інвестыцый павінна трапляць у плацежаздольнага арандатара — гэта малады чалавек 30 гадоў з ІT-сферы. Больш запатрабаванае жыллё будзе здавацца па максімальна магчымай цане нават ва ўмовах падзення попыту, як тое адбываецца ў апошні час.

Па словах экспертаў, прывабнасць кватэры, перш за ўсё, вызначае яе месцазнаходжанне, якасць пабудовы і рамонту. Гэта значыць павінна быць лакацыя з добрай бытавой інфраструктурай і транспартнай даступнасцю (каля метро). І неабавязкова ў цэнтры Мінска. Гэта можа быць нават жыллё ў раёне станцыі метро «Пятроўшчына».

Пры гэтым, паводле ацэнак спецыялістаў, лепш пазбягаць у мэтах інвеставання «сучасныя маласямейкі» — новыя дамы з неймавернай колькасцю студый па 20 метраў. Калі казаць пра цану і адштурхоўвацца ад класічнай аднапакаёвай кватэры ў 35 «квадратаў», кошт метра на этапе катлавана складае каля 1000 долараў у эквіваленце. Каля 1 % дадаецца ў працэсе будаўніцтва, яшчэ 10 % пасля здачы аб’екта плюс рамонт. Гэта значыць, у гатовым варыянце каштаваць такая кватэра можа прыкладна 50–70 тысяч долараў (пры неабходнасці купіць і адразу здаваць у арэнду).

Залаты запас

Каштоўныя металы — і перш за ўсё золата — лічацца кансерватыўным укладаннем. Яго выкарыстоўваюць не толькі прыватныя інвестары, але і цэнтральныя банкі — у якасці рэзерваў. Так, у 2022 годзе сусветныя цэнтрабанкі купілі рэкордныя аб’ёмы золата.

Пры гэтым ёсць парадокс. Актыў лічыцца надзейным і кансерватыўным, але валатыльнасць ў яго бывае як у акцый. Золата цэніцца ўжо некалькі тысяч гадоў і, верагодна, працягне і ў найбліжэйшай будучыні. Пры гэтым рублёвая цана золата залежыць ад цаны металу ў доларах і курса долара да рубля. Атрымліваецца, што золата — валютны актыў.

У золата можна ўкласціся па-рознаму. Напрыклад, ёсць абязлічаныя металічныя рахункі ў банках і біржавыя фонды золата.

Ёсць спосабы купіць золата ў выглядзе металу: інвестыцыйныя манеты, залатыя зліткі. Фізічнае золата не залежыць ад работы фінансавай сістэмы. Нават калі банкі і біржа зачыняцца, манеты і зліткі не знікнуць. Гэта добры выбар для тых, хто чакае сур’ёзных узрушэнняў.

Дарэчы, золата цяпер даражэе, але... Пры куплі-продажы залатых зліткаў у беларускіх банках трэба дакладна разумець памер спрэду. Гэта розніца паміж цаной куплі і продажу, яна па іх складае недзе 20 %. Атрымліваецца, што нават калі ў свеце цана на золата вырасце на 5 %, пры продажы вы застаняцеся ў страце на 15 %.

Іншая справа — акцыі фонду, які ўкладвае ў золата. Вы не валодаеце золатам фізічна (аднак яно ёсць, і ім валодае фонд), але ваш капітал расце разам з ростам цаны металу. Здзейсніць здзелку можна праз брокера літаральна за хвіліну, без страт на спрэдзе.

Яшчэ адна парада. Калі вы пачатковец, для пачатку складзіце маленькі «пробны» інвестыцыйны партфель, які не страшна страціць. Як толькі вы ўкладзяце свае грошы, нават невялікія, вам захочацца паглыбіцца ў тэму, пачытаць кнігі і артыкулы, сачыць за навінамі. Праз некалькі месяцаў такой практыкі і назіранняў можна будзе падумаць аб папаўненні рахунку.

Купіць неабходнае і не толькі

Шопінг — гэта цалкам нармальна. Асабліва калі даўно хацелі здзейсніць тую або іншую куплю. Але рэчы лепш купляць свядома, не дапускаць спантанных рашэнняў толькі таму, што выйшла новая мадэль ці вы баіцеся дэвальвацыі. Лепш спачатку адказаць на пытанне, навошта вы тое робіце. І вядома, любыя пакупкі лепш рабіць на дадатковыя грошы — звыш рэзервовага фонду.

Калі ў вас ёсць свабодныя грошы, я б параіў актыўным і рукастым маладым людзям укласціся ў сябе. І купіць добры камп’ютар. Калі ён патрэбны не для хобі, а для работы, якая прыносіць даход, то гэта правільны выбар. Інвестыцыі ў сродкі вытворчасці — найлепшыя ўкладанні. Таму што ўласны бізнес дае значна больш высокі прыбытак, чым рынак каштоўных папер. Хоць і рызык тут нямала.

Закупляцца ў запас мае сэнс, калі мы дакладна ведаем, што ў будучыні магчымыя перабоі з пастаўкамі пэўных тавараў, а інфляцыя ў краіне хуткая і непрадказальная. Але цяпер няма перадумоў да таго, каб цэны рэзка раслі, а нейкія тавары знікалі з крамаў. Таму на ўсю суму дакладна макарону купляць не варта.

Сяргей КУРКАЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?