Вы тут

Дырэктар музея Якуба Коласа Ірына Мацяс: Музей павінен крочыць у нагу з часам


Дырэктар музея Якуба Коласа Ірына Мацяс не толькі захоўвае атмасферу жыцця і творчасці народнага паэта Беларусі, але і стварае новую рэальнасць, у якой мінулае ўзаемадзейнічае з сучаснасцю. 


Ва ўсіх сферах жыцця важна быць мэтанакіраваным, адказным, працаваць на вынік, пры тым умець дамаўляцца і супрацоўнічаць. Усімі гэтымі якасцямі валодаюць жанчыны Беларусі. Яны змяняюць свет праз стварэнне, што робіць асабліва важнай іх ролю ва ўмацаванні яднання ўсяго грамадства. Беларуская жанчына мае актыўную жыццёвую пазіцыю, ставіць перад сабой значныя мэты і здольная дасягаць іх, бо ў нашай краіне ўсё робіцца для таго, каб жанчына мела магчымасць быць паспяховай.

Праект часопіса «Алеся» «Жаночая сіла: змяняць, ствараючы» ў Год міру і стваральнай працы — менавіта пра такіх жанчын. У кожным нумары «Алесі» да канца 2023 года вы пазнаёміцеся з новай гераіняй, якая сваёй працай умацоўвае мір і згоду, уносіць уклад у развіццё і працвітанне нашай краіны. 


Захоўваць і ствараць

— Ірына Уладзіміраўна, музей Якуба Коласа ў Мінску ўнікальны тым, што класік жыў у гэтых сценах. Ці адчуваеце энергетыку прысутнасці Песняра? 

— Сапраўды, наш музей — адзіная ў Мінску мемарыяльная пісьменніцкая сядзіба. Цікавая гісторыя самога гэтага будынка. На тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца музей, Якуб Колас пасяліўся ў 1945 годзе. Першапачаткова — у невялікай драўлянай хатцы, у 1947 годзе да яе была зроблена двухпавярховая цагляная прыбудова. Да 70-гадовага юбілею Якуба Коласа дом быў поўнасцю рэканструяваны: драўляная частка знесена, а да згаданай прыбудовы па праекце Георгія Заборскага дабудоўваўся ўвесь дом, які мы бачым сёння. З 1956 года — гэта Дом-музей Якуба Коласа.

Атмасфера, якая атачала гаспадара дома, стваралася і захоўвалася супрацоўнікамі музея з вялікай пашанай. 

Яго энергетыка адчуваецца тут усюды: у рэчах класіка, у драўлянай лесвіцы, якая вядзе на другі паверх; у кабінеце, дзе ўсё так, як было ў апошні дзень, калі сэрца Якуба Коласа перастала біцца. На стале — недапісаны ім ліст, гадзіннік спынены на тых хвілінах... Кожны раз, калі заходжу туды, адчуваю хваляванне. 

Асаблівасць мемарыяльнай экспазіцыі ў тым, што яна не мяняецца. Каб было цікава наведвальнікам, якія прыходзяць да нас не ў першы раз, прапаноўваем шэраг тэматычных экскурсій. 

— Ці шмат людзей наведвае музей?

— Летась адзначалася 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа, і наведвальнікаў было вельмі многа, у тым ліку дзякуючы пілотнаму праекту Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры Беларусі ў галіне музейнай справы. 

Акрамя асноўнай праграмы экскурсій, прапануем цікавыя мерапрыемствы, каб прыцягнуць у музей розныя катэгорыі людзей. Праводзім літаратурныя, музычныя вечарыны, канцэрты па выхадных — нядаўна адбыўся канцэрт Вівальдзі. Якуб Колас любіў слухаць класічную, народную музыку; у вялікай гасцёўні, дзе стаіць раяль, гаспадар дома збіраў наведвальнікаў — беларускую інтэлігенцыю. Гэтую традыцыю мы працягваем. Дарэчы, сам будынак 50-х гадоў і захаваны ў ім тагачасны інтэр’ер уяўляюць асобную цікавасць.

— Пашыраючы кола функцый музея, Вы ствараеце новую рэальнасць, атмасферу, да якой з задавальненнем далучаюцца ўсе, хто шануе класіка. Запомніўся цікавы праект — выстава скульптур Ірыны Рамбальскай... 

— Лічу, што музей павінен крочыць у нагу з нашым імклівым часам, каб не толькі захоўваць, але і папулярзаваць тыя каштоўнасці, якія змяшчае. Бо музей сёння — культурны цэнтр, куда можна прыйсці за ведамі, эмоцыямі, натхняльнымі ўражаннямі.

Выстава Ірыны Рамбальскай была своеасаблівым выклікам: пасля пандэміі нам хацелася разварушыць людзей, прыцягнуць наведвальнікаў у музей. Так у мемарыяльнай прасторы з’явіліся аб’екты сучаснага мастацтва. Атрымалася сапраўды цікава і запамінальна.

— Фестываль дзіцячай кнігі таксама закліканы разбіць стэрэатып пра музей як месца, дзе застыў сам час? 

— Музею Коласа пашанцавала яшчэ і ў тым, што ён мае вялікую прысядзібную тэрыторыю. Калі да нас звярнуўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч з прапановай правесці кніжны фестываль, мы з задавальненнем пагадзіліся і разам з СПБ, выдавецкім Домам «Звязда» і іншымі ўдзельнікамі стварылі для маленькіх чытачоў і іх бацькоў сапраўднае свята. Упершыню дзіцячая кніга «захапіла» прастору вакол музея летась у чэрвені. Нашы работнікі праводзілі інтэрактыўныя гульні, разам з дзецьмі малявалі крэйдай кніжных герояў, ладзілі тэатральныя пастаноўкі па творах Песняра. Фестываль назвалі «Міхасёвы прыгоды» паводле паэмы Якуба Коласа, сёлета чакаем яшчэ больш удзельнкаў. 

«Для мяне гэта быў выклік самой сабе»

— Калісьці Вы хацелі стаць настаўніцай. Чаму выбралі музейную справу? 

— У школе мне падабалася беларуская літаратура, дзякуючы добрай настаўніцы. З захапленнем чытала Якуба Коласа — «На ростанях», «Новая зямля», «Сымон-музыка». Збіралася стаць настаўніцай, але аднойчы ў рэанімацыю, дзе працавала мая маці, трапіла пацыентка — дырэктар музея. Для той жанчыны ўсё скончылася добра, яе вылечылі. Ад той сваёй пацыенткі мая мама даведалася, як цікава працаваць у музеі. І я зрабіла выбар. Паступіла на музейную справу ва Універсітэт культуры. Не шкадую, што не пайшла ў настаўніцы, хоць вельмі люблю дзяцей. 

Чароўнасць працы ў музеі яшчэ і ў тым, што ты «музеіфіцыруешся»: застаешся тым маладым чалавекам, які толькі прыйшоў сюды працаваць, і гарыш сваёй справай дагэтуль. 

— Не кожны мужчына рашыўся б прыйсці на гэтую пасаду напярэдадні юбілею класіка. Аб’ём працы Вас не напалохаў?

— Не напалохаў, хоць некаторыя папярэджвалі: юбілейны год, ці справішся? Для мяне гэта быў выклік самой сабе. Я скончыла аспірантуру па музейнай справе, 18 гадоў працавала вядучым навуковым супрацоўнікам у музеі Максіма Багдановіча, прайшла шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да загадчыка аддзела. На пасадзе дырэктара мяне чакала шмат новага: даводзілася кіраваць рамонтамі, унікаць у тэхнічныя падрабязнасці. З гэтым і многім іншым мы справіліся з дапамогай Міністэрства культуры, а я атрымала вопыт. Шмат было мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Якуба Коласа, і музей быў цэнтрам многіх з іх. 

— Сярод памятных падзей юбілейнага года — прэзентацыя ў музеі кнігі «Табой я жыў, табой жыву...», прысвечанай Марыі Дзмітрыеўне Міцкевіч. Унікальная кніга пра жонку генія, якая звычайна застаецца ў ценю свайго мужа... Якой Вам бачыцца гэтая жанчына?

— Выдатна, што пад адной вокладкай сабраны багаты матэрыял пра Марыю Дзмітрыеўну. Укладальнікамі кнігі выступілі ўнучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч і праўнучка Песняра Васіліна Міцкевіч, якая працуе ў нас захавальнікам музейных фондаў. 

Як мне здаецца, Якуб Колас стаў тым, якога ўсе мы ведаем, дзякуючы і Марыі Дзмірыеўне таксама. Яна стварала яму ўмовы для працы, была яго вернай сяброўкай і музай. Я адкрыла яе для сябе нанова, убачыла жанчыну з моцным унутраным стрыжнем, бо не кожная вытрымае такое: выпрабаванні лёсу, цяжкі быт, трое дзяцей, муж — адданы сваёй працы пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны. Вобраз Марыі Дзмітрыеўны жыве ў экспазіцыі нашага музея. 

«Свой вобраз ствараю сама» 

— Ваш муж — вядомы тэлежурналіст Аляксандр Мацяс. Што абмяркоўваеце звычайна за вячэрай — працу або сямейныя справы? 

— Найчасцей — тэмы культуры... Я магу пераключыцца для адпачынку на нешта іншае, паглядзець лёгкі серыял, а Саша працягвае і дома жыць сваёй працай. Ён старанна рыхтуецца па кожнай тэме, якую выбраў (у нас вялікая бібліятэка), таму яго сюжэты запамінальныя і не павярхоўныя. І мне часам раіць, якую кнігу прачытаць, каб імпрэза ў музеі атрымалася цікавай.

— На чым трымаецца тандэм двух творчых людзей?

— Часам бывае складана. Мабыць, трывалыя адносіны складаюцца, калі прымаеш чалавека безумоўна, не спрабуючы яго перарабіць. Сашу я ведаю і прымаю такім, які ён ёсць, і мне з ім добра. А без дробных рознагалоссяў жыццё было б сумным.

— Бацька вадзіў вас у музеі. А сваю дачку водзіце?

— З чатырохмесячнага ўзросту. І ў Нацыянальны мастацкі, і ў музей Максіма Багдановіча. Не трэба баяцца браць дзяцей з сабой у музей у любым узросце. Нават калі дзіця проста правядзе там час сярод незвычайных прадметаў, яно запомніць: гэта тое месца, дзе цікава.

— Любімая праца, сям’я... Ці застаецца час для падтрымання ўнутранай гармоніі і фізічнай формы?

— Зусім няшмат. Я ўстаю на гадзіну раней, чым сям’я, люблю пасядзець у адзіноце за кубкам кавы. Часам трэба пабыць адной, папоўніць запасы энергіі. Люблю з’ездзіць у вандроўку. У мінулым годзе пабывала ў Ніжнім Ноўгарадзе, вярнулася з новымі сіламі. Пра сябе забываць нельга. Дзіцяці патрэбна мама здаровая і ў добрым настроі, мужу — жонка натхнёная і не стомленая.

— Выглядаць прыгожа і сучасна Вам дапамагае спецыяліст ці самі ствараеце свой вобраз?

— Дзякуй за ацэнку. Усё, што датычыцца майго вобраза, ствараю сама. Хочацца быць у трэндзе, але за модай не ўгонішся. Падыходжу да гэтага пытання экалагічна. Лічу, што кожны сезон мяняць адзенне — няправільна і непрактычна. Дарэчы, Якуб Колас паважаў працу чалавека, мог доўга карыстацца адным і тым жа прадметам мэблі, адзення. Я падзяляю гэты падыход, таму стараюся выбіраць якасныя рэчы. З упрыгажэнняў люблю брошкі, сябры часта мне іх дораць.

— Ці можаце параіць нашым чытачкам, як знайсці працу мары і стаць шчаслівай?

— Каб зразумець сваё пакліканне, трэба даверыцца інтуіцыі. У дзяцінстве я збірала паштоўкі, маркі, значкі — можа, гэта была свайго роду падказка? Бо калекцыянаваць — значыць зберагаць старыя прадметы.

Калі праца ніколькі не натхняе, значыць, трэба нешта памяняць. Складана выйсці з зоны камфорту, але калі адважваешся зрабіць крок, з’яўляецца ўпэўненасць у сабе. Ты ідзеш насустрач сваёй мары, пераадольваеш цяжкасці і нарэшце знаходзіш сваё месца. У гэтым, пэўна, і ёсць шчасце.

Алена БРАВА

Фота аўтара і з асабістага архіва Ірыны МАЦЯС

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.