Вы тут

Майстар-класы па шпакоўнях, палявая кухня і Чабурашка


Рэспубліканскі суботнік, які, дарэчы, супадае з Міжнародным днём Маці-Зямлі, стане для беларусаў нагодай не толькі ўсім разам правесці вясеннюю ўборку краіны 22 красавіка, але і зрабіць шмат іншых карысных спраў. У сталіцы, напрыклад, камунальнікі і прыродаахоўнікі залучаюць жыхароў да ўдзелу ў экалагічных акцыях і цікавых мерапрыемствах.


Заводскі раён (вул. Ілімская, 10/1, 10/2, 14) запрашае ўдзельнікаў на суботнік «Бяспечна там, дзе чыста!», які камунальнікі ладзяць сумесна з аддзелам ДАІ Заводскага раёна і РАНС Заводскага раёна. Спецыялісты нагадаюць пра правілы дарожнага руху і пажарнай бяспекі. А камунальнікі абяцаюць правесці майстар-клас па вырабе шпаковень. Зробленыя хаткі для птушак пасля павесяць у лесе.

Сумесная з ДАІ Ленінскага РУУС акцыя, удзельнікам якой таксама нагадаюць пра правілы дарожнага руху, пройдзе ў Ленінскім раёне (вул. Алоўнікава, 11,13,15). Жадаючым паўдзельнічаць ва ўборцы абяцаюць конкурсы і віктарыны, а напрыканцы — салодкі стол.

Майстар-класы па дрэсіроўцы сабак і здольнасці сваіх гадаванцаў пакажуць супрацоўнікі Дэпартамента аховы для ўдзельнікаў суботніка ў Маскоўскім раёне (пр-т газеты «Звязда», 35, 37, 43). А раённы аддзел надзвычайных сітуацый запросіць на борт пажарнай машыны і пакажа, як працуюць сродкі пажаратушэння. Тут таксама пройдзе конкурс дзіцячага малюнка на тэму «30 дзён да Перамогі!» і «Мой найлепшы сябар». А ўдзельнікі дабрачыннай акцыі змогуць узяць дахаты чацвералапага сябра з ліку гадаванцаў Фауны горада.

Жыхароў Кастрычніцкага раёна (вул. Артылерыстаў, 9, 9А, 11, 11А, 13) на суботніку запрашаюць далучыцца да ваеннаслужачых Упраўлення ракетнымі войскамі і артылерыяй Генштаба Узброеных сіл Беларусі.

Прадпрыемства «Спецкамунаўтатранс» разам з камунальнікамі чакаюць на суботнік жыхароў Партызанскага раёна (Перадавая, 5, 7, 9) і абяцаюць ім забаўляльную праграму і конкурсы.

Пазбавіцца ад старой тэхнінкі і электрапрылад камунальнікі разам з работнікамі таварыства «БелДругАдходы» прапануюць у Першамайскім раёне (вул. Шугаева, 13/1, 13/2). Удзельнікаў суботніка запрашаюць на акцыю раённым аддзелам надзвычайных сітуацый і абяцаюць канцэрт, аквагрым, палявую кухню і роставую ляльку Чабурашку.

Тэматычную гульню-віктарыну «Не пакідайце нас адных!» на тэму правіл пажарнай бяспекі правядуць падчас суботніка камунальнікі і супрацоўнікі РАНС у Савецкім раёне (вул. Мірашнічэнка, 11). Удзельнікам пакажуць тэхніку Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і правядуць конкурс дзіцячага малюнка «Пажарная бяспека». 

Забаўляльна-пазнавальная праграма «Птушыны дом!», якую арганізуе перавозчык адходаў кампанія «Рамондзіс-Мінск» адбудзецца ў Фрунзенскім раёне (сквер каля дома № 20 па вул. Берута). Яна пройдзе для ўдзельнікаў суботніка сумесна з акцыяй ад Фауны горада «Знайдзі сабе сябра».

Паслухаць правілы пажарнай бяспекі і пачаставацца палявой кухняй змогуць удзельнікі суботніка ў Цэнтральным раёне (вул. Заслаўская, 12). Прысутных чакаюць на конкурснай праграме навучэнцаў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Кантакт», абяцаюць гульні і танцы, а таксама вакальныя песні супрацоўніка ЖЭУ № 1 Цэнтральнага раёна.

Актыўны ўдзел у рэспубліканскім суботніку прымуць і супрацоўнікі Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. На чале з міністрам Андрэем Худыком 22 красавіка прыродаахоўнікі зоймуцца азеляненнем і навядзеннем парадку на тэрыторыі экалагічнай сцежкі «Акно ў прыроду», што ў Цэнтральным раёне сталіцы. Флора экасцежкі павялічыцца на 50 вербаў.

Экалагічная сцежка, створаная летась, пачынаецца за мостам праз вуліцу Арлоўская і ідзе ўздоўж ракі Свіслач з аднаго боку і новага комплексу «Левада» па вуліцы Нававіленская — з другога. Самая цікавая частка — фотазона-хата, арлі і спратыўная ды гульневая пляцоўкі — у канцы экасцежкі.

Мінпрыроды ладзіць акцыі па азеляненні населеных пунктаў штогод павясне і ўвосень. Летась, напрыклад, было высаджана 595,5 тысяч дрэў і 531,8 тысяч кустоў. Плошча азелянення ў выніку павялічылася на 2244 гектара, а ўзровень азялененасці ў 40 %, што адпавядае эканормам І правілам, быў дасягнуты ў 129 населеных пунктах Беларусі, у 112-ці гэты паказчык дасягнуў 50%.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.