Вы тут

У Магілёўскай вобласці падвялі вынікі I рэгіянальнага форуму


На працягу трох дзён у Магілёве, Бабруйску і райцэнтрах праходзілі выставы, круглыя сталы, актуальныя дыялогі, акцыі па пасадцы алей міру і стварэння. Усё гэта было часткай І рэгіянальнага форума «Мясцовае самакіраванне ў Магілёўскай вобласці. Ініцыятыва, адзінства, дзеянне, вынік». У рабоце былі задзейнічаны ўсе — моладзь, прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, народныя абраннікі, спецыялісты абл-, гар-, райвыканкамаў, парламентарыі, законатворцы. Тэма мясцовага, вучнёўскага і студэнцкага самакіравання і сучасных падыходаў у іх развіцці раскрывалася падчас работы адпаведных секцый, якія працавалі на пляцоўках магілёўскіх ВНУ і Бабруйскага гарсавета. Адзін дзень форуму быў прысвечаны адзінаму Дню самакіравання. Актывісты маладзёжных парламентаў правялі яго разам са старшынямі рай- і гарсаветаў, паглядзелі, як яны працуюць.


Вынікі трохдзённай работы былі падведзены на пленарным пасяджэнні, якое адбылося на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ). Падчас яго былі ўзнагароджаны пераможцы віктарыны сярод школьнікаў і студэнтаў на веданне гісторыі развіцця мясцовага самакіравання, выбарчага працэсу і актуальных аспектаў норматворчасці. Ініцыятыва правядзення віктарыны належала Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. На пленарным пасяджэнні была таксама падпісана Дэкларацыя пра далучэнне да дасягнення мэтаў устойлівага развіцця паміж Магілёўскім аблвыканкамам і БРУ. На базе ВНУ ў гэты ж дзень адбылася прэзентацыя Міжнароднага навукова-даследчага цэнтра па ўстойліваму развіццю, зялёнай эканоміцы і інфарматызацыі. 

— Важнасць мерапрыемства цяжка пераацаніць, — паведаміла старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык. — На працягу трох дзён разам з дэпутатамі працавалі прадстаўнікі маладзёжнага парламента, студэнцтва, школьнікі. Наша задача была аб’яднаць вакол пытанняў мясцовага самакіравання не толькі дэпутатаў, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, але і грамадскасць. І вельмі важна, што на ўзроўні аблвыканкама і аблсавета ініцыятывы ад жыхароў знаходзяць падтрымку, у тым ліку фінансавую. 

Сёння ў беларускім парламенце вядзецца вялікая работа па пытаннях змянення, дапаўнення, прыняцця новых законаў, якія рэгламентуюць дэпутацкую дзейнасць. Рыхтуецца праект Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, у які будуць уносіцца змяненні і дапаўненні. Напрыклад, з’явіцца новы раздзел пра рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў.

— Моцная рэгіянальная палітыка, развітае мясцовае самакіраванне — гэта ініцыятывы, самазанятасць, усё тое, пра што ішла размова падчас форуму, — рэзюмаваў старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. — Калі мы гаворым пра заканадаўчую практыку, мэты ўстойлівага развіцця, то галоўнае тут як раз нацыянальны інтарэс, інтарэс краіны, рэгіёнаў. Мы займаемся ініцыятывамі і праектамі, каб годна прадстаўляць краіну ў свеце. Напружаная праца ідзе па прывядзенні ў парадак законаў з улікам канстытуцыйных змен, якія адбыліся. Што датычыцца мясцовага самакіравання, самае галоўнае, каб людзі, выкарыстоўваючы той заканадаўчы інструментарый, які ёсць на сённяшні дзень, маглі рэалізаваць свае ініцыятывы.

— Мы павінны рэагаваць не на сістэмна паўтараемыя да месца і не да месца скаргі прафесійных скаржнікаў, а на тыя ініцыятывы, якія зыходзяць ад людзей, якія і самі гатовыя ўкласціся і іншых заахвоціць, — падкрэсліў Ігар Марзалюк. — Грамадзянская супольнасць — гэта ініцыятыўныя грамадзяне, якія ўзаемадзейнічаюць у межах Канстытуцыі і ў межах заканадаўчага поля з органамі ўлады. Магілёўская вобласць дэманструе вялікую актыўнасць, тут рэалізуецца шмат ініцыятыў. Гэта красамоўна паказвае, што рэгіён развіваецца і імкнецца быць у лідэрах. 

Фарміраванне ў свядомасці школьнікаў асноў беларускай дэмакратыі залежыць у першую чаргу ад педагагічных работнікаў. На гэта акцэнтаваў увагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алег Дзячэнка. 

— Для таго каб фарміраваць дэмакратыю, павінны быць адпаведныя ўмовы, — лічыць ён. — Правядзенне форуму як раз і ёсць адна з умоў фарміравання дэмакратыі ў нашай дзяржаве, фарміравання народаўладдзя. На форуме мы абмяняліся вопытам работы органаў мясцовага самакіравання, паглядзелі, як яны фарміруюцца са школы. У рабоце секцыі «Вучнёўскае самакіраванне — шлях да развіцця асобы» прынялі ўдзел фактычна каля 500 педагагічных работнікаў — 100 непасрэдна, астатнія далучыліся ў фармаце відэаканферэнцыі. Усяго да абмеркавання надзённых пытанняў падключыліся 272 школы Магілёўскай вобласці. Фактычна мы правялі ўнікальную па сваім маштабе і змесце дыялогавую пляцоўку па абмене перадавым педагагічным вопытам палітычнай сацыялізацыі асобы, выяўлення сярод школьнікаў будучых лідараў грамадскай думкі, фарміравання лідэрскіх якасцей навучэнцаў.

З 2015 года на Магілёўшчыне актыўна працуе з ініцыятывамі насельніцтва абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Старшыня праўлення Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Мацюлін падзяліўся меркаваннем наконт таго, што можа аб’яднаць людзей. 

— Трэба шукаць тыя прапановы і ідэі, якія і на наш погляд, і на погляд людзей, якія жывуць у тым ці іншым мікрараёне, важныя, — лічыць ён. — Для гэтага трэба ведаць сваіх выбаршчыкаў у твар, быць у курсе іх патрэб. Тады будзе проста рашаць праблему, нават калі існуюць фінансавыя складанасці. І трэба ўсё даводзіць да ведама насельніцтва. Тая ж віктарына, якую мы правялі, таксама карысны вопыт. Калі школьнікі будуць разумець азы мясцовага самакіравання, яны змогуць праявіць сябе і ў студэнцкай сферы, і ў жыцці. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.