Вы тут

«Кожны год трэба прыўносіць нешта адметнае». Лукашэнка на суботніку працаваў у «Хатыні»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў дзень рэспубліканскага суботніка працаваў на добраўпарадкаванні дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь», перадае БелТА.


Кіраўнік дзяржавы ў саставе сваёй брыгады высаджваў дрэвы на тэрыторыі комплексу. Цяпер тут з’явіўся невялікі дубовы гай: у азнаменаванне 80-годдзя Хатынскай трагедыі высаджана 80 дубоў. У суботніку ў «Хатыні» прынялі ўдзел і прадстаўнікі працоўных калектываў, актывісты ГА «БРСМ», якія займаліся ўборкай і азеляненнем комплексу, падсыпкай і выраўноўваннем грунту.

Перад пачаткам работ Аляксандр Лукашэнка разам з дырэктарам «Хатыні» Артурам Зельскім азнаёміўся з добраўпарадкаваннем мемарыяльнага комплексу. «Трэба кожны год нешта рабіць. Кожны год нешта адметнае прыўносіць», — сказаў Прэзідэнт, аглядаючы тэрыторыю. Адной з такіх «адметнасцей», адзначыў ён, стала адноўленая на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу царква.

«Царква цудоўна ўпісалася ў гэты антураж. Нібыта там заўсёды была. Прычым гэты стыль вытрымалі XVIII стагоддзя, не перабралі, — адзначыў Артур Зельскі. — Тое, што зроблена тут у 2022 годзе, сувымерна толькі са стварэннем самога мемарыяла. Удыхнулася ў мемарыял новае жыццё. І гэта цалкам ваша заслуга». Паводле слоў дырэктара «Хатыні», за месяц мемарыяльны комплекс наведалі больш за 10 тыс. чалавек.

«Брэсцкая крэпасць і Хатынь — месцы міжнародныя, вядомыя. Таму іх, зразумела, трэба падтрымліваць на самым высокім узроўні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падзяліўся, чаму важна займацца азеляненнем мемарыяльнага комплексу: «Вёска — яна прыгожая была, асабліва тут, калі яна патанала ў зеляніне, у колерах вясной... Яблыневы колер».

Ён асабліва адзначыў, што ўсе леташнія пасадкі прыжыліся. Магчыма, гэта звязана і з тым, з якімі намерамі выконваліся гэтыя працы. «Усё ў прыродзе адчувае, узаемаўвязана. Мы проста гэтага не вывучылі. Па-мойму, мы наогул нічога не ведаем пра прыроду. Таму на яе лепш маліцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым ён упэўнены, што, добраўпарадкоўваючы мемарыяльны комплекс, удзельнікі суботніка робяць правільную справу.

Аляксандр Лукашэнка ўжо другі год запар у суботнік займаецца добраўпарадкаваннем мемарыяльнага комплексу «Хатынь». А месяц таму наведваў комплекс разам з сынамі ў 80-ю гадавіну хатынскай трагедыі.

Да гадавіны тут быў пабудаваны музей, праведзены маштабныя рэстаўрацыйныя работы. «Галоўнае — экспазіцыя, якая там будзе. Каб людзі прыйшлі і, перш чым сюды ступіць нагой, каб у іх сэрца ўжо рвала», — даручаў Аляксандр Лукашэнка ў красавіку 2022 года ў час наведвання Хатыні. Моладзь Беларусі не засталася ў баку ад ініцыятывы кіраўніка дзяржавы і актыўна ўключылася ў работу. У выніку ў мемарыяльным комплексе была аб’яўлена Усебеларуская маладзёжная будоўля, якая аб’яднала сем’і і працоўныя калектывы з усёй краіны.

Музей напоўнены мноствам экспанатаў і сучасных інтэрактыўных тэхналогій, якія дазваляюць максімальна рэалістычна расказаць аб страшных падзеях мінулых гадоў. За кожнай сцяной, кожнай фатаграфіяй у музеі — страшныя злачынствы, учыненыя фашыстамі і іх памагатымі на беларускай зямлі.

«Яшчэ раз хачу паўтарыць усім вам і тым, хто мяне пачуе: прыходзьце сюды часцей, прыводзьце з сабой дзяцей — сваіх, суседзяў, іншых. Калі забудзем дарогу ў Хатынь — усё паўторыцца. Нам трэба гэтага пазбегнуць. Жыццё даражэй за ўсё», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на памятным мерапрыемстве ў Хатыні месяц таму.

Тады ж на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ён наведаў царкву, якая была адноўлена па ўзоры раней тут існуючай і знішчанай у час Вялікай Айчыннай вайны. У храме кіраўнік дзяржавы запаліў свечку.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

«Не дапускаем, каб дзіця выбіралі, як у краме»

«Не дапускаем, каб дзіця выбіралі, як у краме»

Пра што трэба падумаць і як рэальна ацаніць свае сілы перад усынаўленнем?

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.