Вы тут

Фінал рэспубліканскага праекта «300 талентаў для Каралевы» прайшоў у Мінску


Рэспубліканскае спартыўна-масавае мерапрыемства «300 талентаў для Каралевы» — самая яркая і эмацыйная традыцыя айчыннай лёгкай атлетыкі. Восем гадоў запар рэспубліканскі праект выяўляе таленты, якія ў будучым могуць (спадзяемся, і будуць) праслаўляць краіну на буйных спаборніцтвах. У чарговы раз манеж Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры сабраў самых здольных вучняў другіх, трэціх і чацвёртых класаў з усёй краіны. 


З 2015 года праект «300 талентаў для Каралевы» паказвае, што лёгкая атлетыка — гэта разнастайны і цікавы від спорту. І разам з тым, праект вучыць малых спартсменаў, што высокага выніку дасягаюць толькі тыя, хто адказна трэніруецца. Мерапрыемства па традыцыі ўключае ў сябе чатыры этапы. Першыя два — адборачныя, гэта своеасаблівая кваліфікацыя: школьнікі здаюць спецыяльныя тэсты спачатку ў сваіх школах, а затым на спартыўных базах у рэгіёнах. Да трэцяга этапу даходзяць самыя таленавітыя і здольныя. На трэцім этапе зборныя абласцей і горада Мінска сустракаюцца на вучэбна-трэніровачным зборы у НДЦ «Зубраня». Тут усё сур’ёзна — трэніроўкі, рэжым, падрыхтоўка да фіналу. Фінал традыцыйна ў красавіку прымае Мінск. 

«Я вельмі рады, што ў чарговы раз Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры прымае ў сябе фінал такога маштабнага праекту як „300 талентаў для Каралевы“. Я вельмі ўдзячны арганізатарам гэтага праекту, у якіх восем гадоў таму з’явілася гэтая ідэя. Адчуваецца, што з кожным годам гэтая ініцыятыва збірае сваіх аматараў», — адзначыў Сяргей Рэпкін, рэктар БДУФК. Цікава, колькі ўдзельнікаў гэтага праекта ў будучым стануць студэнтамі самага спартыўнага ўніверсітэта?

Сёлета ў сямі камандах сабраліся хлопчыкі і дзяўчынкі з васьмідзесяці чатырох населеных пунктаў Беларусі. І гэта – своеасаблівы рэкорд праекта. Спаборніцтвы, падчас якіх абсалютна кожны з трохсот фіналістаў выканаў тры віды праграмы расцягнуліся на некалькі гадзін. Юныя спартсмены паказалі хуткасць у эстафетным бегу 8×50м. Затым прыхільнікаў каралевы спорту чакалі бар’ерны бег, скачок у даўжыню з месца і кіданне набівальнага мяча з каленаў. Па выніках кожнага з трох відаў вызначаліся пераможцы і прызёры ў асабістым заліку. Сёлета арганізатары ўключылі новы від праграмы — шасціхвілінны бег на вынослівасць. З кожным пераадоленым кругам удзельнікі каманды апускалі ў свой кошык мячыкі, а разам з імі і запаветныя ачкі ў скарбонку сваіх зборных. Усё гэта — элементы міжнароднай праграмы «Дзіцячая лёгкая атлетыка», накіраванай на знаёмства малодшых школьнікаў з каралевай спорту, навучанне правільным тэхнічным рухам і развіццё функцыянальных магчымасцяў дзякуючы гульнявому метаду.

У камандным заліку, набраўшы 4162 балы, стала каманда Гомельскай вобласці. Спартсмены з гэтага рэгіёну перамагаюць чацвёрты сезон запар! На другім месцы каманда Гродненскай вобласці, у актыве якой 4138 балы. На трэцім месцы — лёгкаатлеты з Магілёўскай вобласці, у іх 3962 ачкі. 

Барацьба ў лёгкаатлетычным манежы разгарнулася недзіцячая. Азарту і рашучасці ўдзельнікам спаборніцтваў дадавала падтрымка трыбун. Мамы і таты, бабулі і дзядулі, настаўнікі і сябры, не стамляючыся, падтрымлівалі сваіх спартыўных герояў. Як заўважыў старшыня Беларускай лёгкай атлетыкі Іван Ціхан, прыемна назіраць, што гледачоў, якія падтрымліваюць сваіх спартсменаў, больш, чым удзельнікаў спаборніцтваў. Дарэчы, зрабіць памятнае сэлфі са сваім спартыўным кумірам мог кожны малы спартсмен, Іван Ціхан не адмовіў нікому. А некаторым пашчасціла пачуць і добрую параду ад знакамітага спартсмена. 

«Лёгкая атлетыка — гэта аснова для ўсіх відаў спорту. Яна вучыць культуры бегу, культуры руху, правільнай тэхніцы Мы не шукаем таленты, мы дапамагаем іх раскрываць, таму што кожнае дзіця таленавітае. І выдатна, што кожны год лёгкаатлетычны манеж напаўняецца асаблівай энергіяй смеху, пазітыву, радасці. Гэта тая энергія дзяцей, якая заўсёды вяртае дарослых да жыцця», — адзначыў Іван Ціхан. Ён звярнуў увагу, што кожны год растуць спартыўныя вынікі ўдзельнікаў праекту. Па словах старшыні БФЛА, гэта звязана з тым, што расце зацікаўленасць трэнераў і саміх дзяцей да ўдзелу ў праекце «300 талентаў для Каралевы» ў прыватнасці, і да лёгкай атлетыкі ў цэлым. 

Дарэчы, некаторыя з трохсот талентаў ужо выступалі ў манежы БДУФК. Семдзесят чатыры з сёлетніх фіналістаў ужо другі раз ўдзельнічалі ў фінале. А дваццаць сем — тры разы ў вырашальным этапе спартыўна-масавага мерапрыемства. Арганізатары таксама прывялі цікавую статыстыку. У барацьбе за камандны кубак перамагалі тры зборныя. Самы першы фінал 2015-га года завяршыўся трыўмфам Мінскай вобласці, паўтарыць поспех ім больш не ўдалося. На другі год пачалася перавага Гродзеншчыны, якая расцягнулася на тры гады. У 2019-м на верхнім радку іх змянілі да гэтага часу непераможныя гамяльчане. Адзіным рэгіёнам, які ні разу не падымаўся на п’едэстал, застаецца Брэстчына.

«300 талентаў для Каралевы» — гэта выдатны прыклад таго, як прыцягваць дзяцей у від спорту, што неабходна для выхавання рэзерву. Праз некалькі гадоў удзельнікі гэтага праекта зменяць сённяшніх лідараў. Многія выпускнікі праекта зараз самаўдасканальваюцца ў вучылішчах алімпійскага рэзерву. З удзельнікаў «300 талентаў для каралевы» дзеці вырастаюць ва ўдзельнікаў «Шкаліяды», якая збірае спартсменаў малодшага юнацкага ўзросту — 14–15 гадоў. Менавіта ў гэтым узросце лёгкаатлеты пачынаюць выступаць на сур’ёзных рэспубліканскіх і міжнародных турнірах. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БФЛА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».