Рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу» праходзіла ў паўночным рэгіёне з 15 па 22 красавіка. Работнікі лясніцтваў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў, моладзь і нераўнадушныя жыхары вобласці талакой высадзілі каля 3 мільёнаў саджанцаў. За мінулы тыдзень дзякуючы агульнай добрай справе плошча зялёных насаджэнняў Віцебшчыны прырасла 600 гектарамі.
Папаўняюць лясныя масівы, як правіла, чатырма відамі культур: елкай еўрапейскай, бярозай, дубам і клёнам. Перад тым, як зялёныя саджанцы знойдуць сваю прапіску ў адным са шматлікіх кварталаў лясгаса, яны праходзяць доўгі шлях ад семечкі да сфарміраванага мікрадрэўца з моцнай каранявой сістэмай. Насенне нарыхтоўваюць зімой з яловых і сасновых шышак, а пасля саджанцы на працягу ад аднаго да чатырох гадоў набіраюць сілы ў гадавальніку.
Па словах ляснічага Віцебскага лясніцтва Юрыя Свіціча, елкі абавязкова трэба «перамешваць» з клёнамі, дубамі і бярозамі: так зялёны масіў становіцца больш устойлівым да хваробаў. Штогод у паўночным рэгіёне вырубаюць каля 6 тысяч гектараў лесу, амаль столькі ж — 4,5 тысячы — штогод аднаўляюць. Астатнія паўтары тысячы гектараў прырода адраджае сама.
Мне таксама давялося паўдзельнічаць у акцыі разам з навучэнцамі Віцебскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнана каледжа і Віцебскім райкамам прафсаюза работнікаў АПК. Наш шматлікі працоўны дэсант высадзіўся паблізу аграгарадка Копці Віцебскага раёна, тут у квартале 24 яшчэ год таму працавала тэхніка, падрыхтоўваючы глебу пад новае пакаленне дрэўцаў.
На 6,4 гектарах вясёлай талакой працавалі каля двух гадзін: хлопцы — наперадзе з мячом Колесава, дзяўчаты — следам з касетамі саджанцаў. Кожны з удзельнікаў акцыі ўсведамляў, што менавіта зараз уносіць свой маленькі ўклад у экалагічную бяспеку цэлай краіны. І калі цяперашнія першакурснікі праз 80 гадоў — а менавіта столькі патрэбна, каб саджанцы выраслі да магутных дрэў — не змогуць прагуляцца па гэтым лесе, то іх дзеці будуць дыхаць свежым паветрам.
«Рэспубліканская акцыя „Тыдзень лесу“ — не толькі пра азеляненне, але і пра магутную сілу адзінства нашага народа. Кожны жыхар вобласці ў незалежнасці ад узросту і прафесіі змог пакінуць свой след у аднаўленні зялёнага багацця нашай краіны. За тыдзень на прасторы паўночнага рэгіёна выйшлі тысячы добраахвотнікаў, а гэта значыць, што калі мы з радасцю дапамагаем прыродзе, то падставім плячо адзін аднаму і ў іншых справах», — адзначыла прафсаюзны лідар аграрыяў Віцебскага раёна Таццяна Дзіканава.
Да акцыі падключыліся кіраўніцтва вобласці, ратавальнікі, работнікі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, школьнікі, навучэнцы каледжаў і ВНУ. Акрамя азелянення, удзельнікі акцыі наводзілі парадак уздоўж лясных масіваў, добраўпарадкавалі звыш 50 воінскіх пахаванняў і 20 месцаў адпачынку і заклалі каля 30 памятных алей, прысвечаных Году міра і стваральнай працы.
Цікавы факт. Віцебшчына займае другое месца пасля Гомельшчыны па колькасці лясоў, а самы лясны раён знаходзіцца на поўначы Беларусі — у Расонскім раёне Віцебскай вобласці, дзе зялёнае золата займае 71 працэнт тэрыторыі.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.