Вы тут

Ураду не да народа. Што чакае жыхароў Эстоніі?


У Эстоніі зноў адзначаны ўсплёск колькасці крадзяжоў з крамаў. Гэткая трывожная тэндэнцыя выклікана заўважным пагаршэннем дабрабыту жыхароў Эстоніі, заявіў прадстаўнік ахоўнай фірмы Vіkіng Securіty Юхан Ая, паведаміла Delfі. «Варта апасацца, што націск злачынцаў на крамы ў хуткім часе не спыніцца», — заўважыў Ая. Як сведчыць статыстыка, рост колькасці магазінных крадзяжоў сёлета ў першым квартале склаў 15 працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Па словах прадстаўніка Vіkіng Securіty, зламыснікі спрабуюць выносіць ніжнюю бялізну, прадметы гігіены, каву. Паводле даследавання, падрыхтаванага Swedbank, фінансавы дабрабыт жыхароў Эстоніі знаходзіцца пад пагрозай. Усё гэта адбываецца на фоне беспрэцэндэнтнай мілітарызацыі самай невялікай па колькасці насельніцтва краіны, якая разгортваецца вельмі хутка. Людзі проста ў адчаі, паколькі добра ўсведамляюць — дапамогі ад улад чакаць не выпадае. Што ж чакае жыхароў Эстоніі?


Катастрафічная сітуацыя

Эстонія сёння перажывае востры эканамічны крызіс, і ўзровень жыцця насельніцтва імкліва падае. ВУП краіны па выніках мінулага года знізіўся на 1,3 працэнта. Прычым у чацвёртым квартале ў гадавым вымярэнні ён упаў і зусім на 4,1 працэнта. Сітуацыя ў індустрыяльным сектары ўвогуле катастрафічная, адзначае rubaltіc.ru. Прамысловая вытворчасць сёлета адкацілася па паказчыках прыкладна на пяць гадоў таму. Як пішуць эстонскія СМІ, падзенне назіраецца практычна ва ўсіх галінах апрацоўчай прамысловасці. Вытворчасць вырабаў з металу ўпала на 10,4 працэнта, электронікі — на 6,2 працэнта, прадуктаў харчавання — на 2,3 працэнта.

На сённяшні дзень у Эстоніі самыя дарагія камунальныя паслугі ў Еўропе і адны з самых дарагіх у свеце. Аб гэтым на YouTube-канале БелТА расказаў сузаснавальнік эстонскага руху за мір і міжнацыянальную згоду «KOOS — РАЗАМ» Алег Іваноў. Ён расказаў, што ў Таліне адбыўся міжнародны эканамічны форум, дзе былі прадстаўнікі шасці краін. «Гэта была адзіная пляцоўка ў Эстоніі, на якой можна было казаць праўду. Мы разглядалі прычыны ўзнікнення эканамічнага крызісу ў Еўропе і краінах Балтыі, а таксама прычыны дэіндустрыялізацыі, іншымі словамі, пераносу прамысловасці з Еўропы ў ЗША і Кітай. Гэта штучна створаная праблема, якая вельмі моцна перашкаджае нам жыць. У нас закрываюцца прадпрыемствы, рыбалавецкія гаспадаркі. Акрамя таго, у нас вельмі дарагая «камуналка», якая не ідзе ні ў якое параўнанне з іншымі краінамі», — сказаў Алег Іваноў.

Паводле яго слоў, Эстонія выйшла на першае месца ў Еўропе і адно з першых месцаў у свеце па кошце камунальных паслуг. «Натуральна, у такіх умовах ні аб якой рэальнай вытворчасці гаворкі быць не можа. Нашы прадпрыемствы ў даўгах, крэдыты з кожным годам становяцца ўсё даражэйшымі, а даходы — меншымі, — канстатаваў Алег Іваноў. — З такімі камунальнымі плацяжамі нашы прадпрыемствы не вытрымліваюць ніякай канкурэнцыі нават са Скандынавіяй, не кажучы ўжо пра іншыя краіны».

Няма зберажэнняў

Паводле даследавання, падрыхтаванага Swedbank, на рахунках жыхароў Эстоніі няма зберажэнняў, якія дазволілі б быць гатовымі да непрадбачаных абставін, паведаміў Postіmees. «Важным кампанентам добрага фінансавага дабрабыту з'яўляецца наяўнасць зберажэнняў. Жыць ад зарплаты да зарплаты, не маючы рэзерву, вельмі напружана, пра што сведчыць пытанне даследавання аб тым, што адчуваюць людзі, калі думаюць пра свае фінансы, — 35 працэнтаў эстонцаў адказалі, што яны «занепакоеныя». Напрыклад, у Швецыі палова насельніцтва адказала на тое ж пытанне, што яны адчуваюць сябе «ўпэўненымі ў сабе», — напісала ў сваім блогу кіраўнік Цэнтра фінансавай інфармацыі Swedbank Каці Воамецс.

Па словах Воамецс, стварэнне ашчаднага фонду для пакрыцця непрадбачаных выдаткаў, такіх як рамонт бытавой тэхнікі або аўтамабіля, можа дапамагчы зменшыць неспакой. Апытанне паказала, што 37 працэнтаў насельніцтва проста не зможа справіцца з непрадбачанымі выдаткамі, калі сутыкнуцца з цяжкасцямі. «Амаль у чвэрці жыхароў Эстоніі наогул няма ніякіх накапленняў», — дадала Воамецс.

Інфляцыя ў прыбалтыйскай краіне застаецца высокай. Індэкс спажывецкіх цэн у Эстоніі ў сакавіку павялічыўся на 15,3 працэнта ў параўнанні з тым жа месяцам мінулага года, сведчаць удакладненыя даныя Дэпартамента статыстыкі. У параўнанні з лютым цэны ўзраслі на 0,7 працэнта, паведаміла прэс-служба статыстычнага ведамства. Асноўны ўплыў на індэкс спажывецкіх цэн у сакавіку аказалі падаражанне прадуктаў харчавання і безалкагольных напіткаў, а таксама расходы на жыллё, якія павялічыліся.

Цэны і даўгі

Цэны насамрэч уражваюць. Кошт электрычнасці ўзрос на 49,5 працэнта, цеплавая энергія (ацяпленне) — на 35,6 працэнта, цвёрдае паліва — на 41 працэнт і газ — на 17,8 працэнта. З прадуктаў харчавання ў параўнанні з сакавіком мінулага года найбольш падаражэў цукар (на 97,1 працэнта). Цэны на яйкі ўзраслі на 43,3 працэнта, на какаву — на 42,3 працэнта, соусы — на 39,7 працэнта, спецыі — на 38,8 працэнта, на хлебабулачныя вырабы — на 38,4 працэнта.

Фінская газета Taloussanomat правяла адметнае даследаванне. Выданне параўнала цэны на прадукты харчавання ў крамах Prіsma у Таліне і Хельсінкі. Аказалася, што аналагічны кошык тавараў у эстонскай сталіцы на пяць працэнтаў даражэйшы, чым на іншым беразе заліва, дзе людзі зарабляюць у сярэднім больш як у два разы.

Кожны жыхар Эстоніі мае даўгі ў сярэднім на 3,3 тысячы еўра, паведаміў ERR. Адзначаецца, што летась сярэдняя запазычанасць эстонцаў складала каля 2,9 тысячы еўра. Усяго ў Эстоніі 83,2 тысячы даўжнікоў. Больш за 60 працэнтаў з іх мае толькі адну ці дзве запазычанасці перад фінансавымі структурамі, але пры гэтым у 1140 чалавек — дзесяць і больш даўгоў. Сярэдняя сума іх запазычанасці перавышае 12,2 тысячы еўра.

Больш за ўсё даўжнікоў сярод людзей ва ўзросце 36—45 гадоў, такіх у Эстоніі набралася звыш 24,6 тысячы. Амаль 20 працэнтаў з іх набрала па пяць крэдытаў, сярэдняя сума запазычанасці па іх складае звыш 8,2 тысячы еўра. Амаль такая ж частка маладзейшых людзей, ад 26 да 35 гадоў, таксама мае па пяць і больш даўгоў, іх агульная сума — каля 8,9 тысячы еўра.

У мужчын у Эстоніі больш пратэрмінаваных плацяжоў, чым у жанчын: на адну жанчыну з запазычанасцямі прыпадае двое мужчын-даўжнікоў. Але набралі пазык яны прыкладна пароўну — каля 3 тысяч еўра.

У 2021 годзе як у адноснай, так і ў абсалютнай беднасці ў Эстоніі жылі ў асноўным адзінокія пенсіянеры, бацькі-адзіночкі і маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў. Пра гэта сведчаць вынікі штогадовага сацыяльнага даследавання Дэпартамента статыстыкі, якія былі апублікаваны летась у лістападзе. За год доля людзей, якія жывуць у адноснай беднасці, вырасла да рэкорднага ўзроўню, а ў абсалютнай, наадварот, упала да мінімальных паказчыкаў. Даныя за 2022-і будуць апублікаваны ў канцы 2023 года. Аднак з улікам таго, што на змену пандэміі прыйшоў цэлы шэраг новых глабальных крызісаў, можна меркаваць, што становішча бедных пластоў насельніцтва толькі пагоршыцца, адзначыла ERR.

У 2021 годзе ў адноснай беднасці ў Эстоніі жыла амаль чвэрць (23 працэнты) насельніцтва, што з'яўляецца рэкордным паказчыкам за ўсю 17-гадовую гісторыю такіх даследаванняў. Самы высокі паказчык абсалютнай беднасці быў адзначаны сярод маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў і таксама бацькоў-адзіночак.

У горшы бок

Банк Эстоніі прагназуе сёлета спад эканомікі не менш як на 0,6 працэнта. Пры гэтым дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту прыбалтыйскай краіны перавысіць 4 працэнты ВУП і павялічыцца да €1,7 млрд, што ў горшы бок адрозніваецца ад прагнозаў, дадзеных раней. Аб гэтым заявіла ў пачатку красавіка тагачасны міністр фінансаў Анэлі Акерман, паведаміла ERR. «Сітуацыя змрочная. Наш папярэдні, летні прагноз быў крыху лепшы. На справе ж у другой палове мінулага года падатковыя паступленні былі значна ніжэйшыя, чым чакалася. У выніку падаткаў паступіла на 90 мільёнаў менш», — сказала Акерман. Паводле прагнозу эстонскага Мінфіна, дзярждоўг краіны сёлета перасягне 20 працэнтаў ВУП і ў 2027-м дасягне ўзроўню 33 працэнтаў ВУП.

Мільярдны дэфіцыт бюджэту Эстоніі давядзецца папаўняць за кошт павышэння падаткаў, заявіла Анэлі Акерман у эфіры ETV. Самым лёгкім варыянтам кіраўнік Мінфіна назвала павелічэнне акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю. Днямі стала вядома аб павышэнні падатку з абароту і падаходнага падатку, а таксама ўвядзенні падатку на аўтамабілі. Падатак з абароту ў Эстоніі павысіцца з 1 студзеня 2024 года на 2 %. Падаходны падатак з фізічных асоб узрасце на тыя ж 2 % з 1 студзеня 2025-га. Адначасова будзе павышаны не абкладаемы падаткам мінімум з 654 да 700 еўра. Гэтымі мерамі новы ўрад, сфарміраваны па выніках парламенцкіх выбараў, спадзяецца зменшыць бюджэтны дэфіцыт.

Прэм'ер-міністру Эстоніі прыгадалі цвёрдае абяцанне не павышаць падаткі. Відэа з рэплікай Каі Калас з урадавага брыфінгу вылажыў Postіmees. «Дзякуй! Паколькі вы разумееце толькі простыя прапановы, дазвольце мне паўтарыць і чытайце па вуснах: падаткі не вырастуць. Кропка. Было занадта складана? Падаткі не павялічацца. Кропка», — заявіла Калас у кастрычніку мінулага года ў адказ на абвінавачанне лідара кансерватараў Марціна Хельмэ ва ўскосным абкладанні падаткамі нерухомасці і аўтатранспарту.

Ракеты для Таліна

Адно з першых рашэнняў новага эстонскага ўрада — беспрэцэндэнтнае павелічэнне выдаткаў на абарону: да трох працэнтаў ВУП. Адзначаецца, што асноўным напрамкам развіцця Сіл абароны будзе развіццё сродкаў шматузроўневай супрацьпаветранай абароны, ракетных сістэм далёкага радыуса дзеяння і павелічэнне запасаў боепрыпасаў. Таксама, паводле даных ERR, дзяржава плануе прыняць меры з мэтай падтрымкі абароннай прамысловасці і стварыць прамысловы парк, на якім будуць вырабляцца боепрыпасы, зброя і беспілотнікі.

Раней паведамлялася, што Эстонія закупіла летась боепрыпасаў удвая больш, чым за ўсе апошнія 30 гадоў, паведаміў ERR. Па яго звестках у 2022 годзе Сілам абароны Эстоніі было пастаўлена 400 гранатамётаў Carl-Gustav з боепрыпасамі на суму 25 мільёнаў еўра і шэсць самаходных артылерыйскіх установак на суму 18 млн еўра. Таксама армія атрымала боепрыпасы вялікага і малога калібру яшчэ на 100 мільёнаў еўра, у тым ліку супрацьтанкавыя сродкі і зенітныя ракеты «Містраль». Былі пастаўлены штурмавыя вінтоўкі, наземныя транспартныя сродкі і звязаная з імі тэхніка, амуніцыя для вайскоўцаў, сродкі сувязі і паветранага назірання на суму 83 млн еўра. З буйных праектаў на стадыі сумеснай з Латвіяй закупкі або падрыхтоўкі да закупкі знаходзяцца сродкі СПА сярэдняй далёкасці, а таксама бранятэхніка, новыя караблі, палявыя шпіталі і боепрыпасы для СПА.

Каб неяк абгрунтаваць перад уласным насельніцтвам каласальныя ваенныя выдаткі, эстонскія ўлады актыўна раздзімаюць мілітарысцкія настроі. Эстонію называюць «прыфрантавой» краінай, а жыхароў рэгулярна палохаюць «расійскай пагрозай».

Тым часам стала вядома, што зарплата мэра Таліна Міхаіла Кылварта і старшыні гарадскога сходу Яўгена Асіноўскага пасля штогадовай індэксацыі ўзрасце адразу на тысячу еўра, заявіла гарадскі дырэктар па персанале Вільвэ Райк, паведаміла ERR. «З 1 красавіка 2023 года заработная плата старшыні гарадскога сходу і мэра складае 8226,07 еўра, аплата работы віцэ-мэраў — 7012,39 еўра», — сказала Райк. Дагэтуль заробкі вышэйшых талінскіх чыноўнікаў складалі адпаведна 7222,19 і 6156,22 еўра ў месяц. Таксама ў выніку штогадовай індэксацыі заробкаў узраслі і сумы, якія атрымліваюць прэзідэнт, міністры і дэпутаты парламента Эстоніі. Так, заробак прэзідэнта і прэм'ер-міністра павялічыўся да 8318,19 еўра ў месяц. Відавочна, што ўладам не да народа.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.