Вы тут

Студатрады Казахстана, беспілотнікі ў Расіі і праца замест вучобы ў Германіі


У Казахстане адраджаюць студатрады

50 студэнтаў сталічнага агратэхнічнага ўніверсітэта адправіліся на вытворчую практыку на прадпрыемствы Паўночна-Казахстанскай і Карагандзінскай абласцей, паведаміў кругласутачны канал навін «Хабар 24».


Фота: pixabay.com

Ім выдалі спецвопратку і забяспечылі тэхнікай. Маладыя людзі будуць працаваць на вясенне-палявых, уборачных і корманарыхтоўчых работах. Кіраўніцтва ўніверсітэта вырашыла адрадзіць традыцыю студэнцкіх механізаваных атрадаў. У свой час яны дапамаглі асвоіць цалінныя і аблогавыя землі ў Акмалінскай вобласці. Праект дасць магчымасць падрыхтаваць прафесійных спецыялістаў у сельскай гаспадарцы.


Эх, настаўніца першая мая...

Расіяне давяраюць жанчынам-педагогам значна больш, чым мужчынам, паказала апытанне партала SuperJob.

Толькі 16 працэнтаў апытаных сказалі, што давяраюць настаўнікам больш, чым настаўніцам. Мужчыны-рэспандэнты давяраюць мужчынам-педагогам крыху больш, чым жанчыны (18 працэнтаў супраць 14 працэнтаў).

У цэлым жа 46 працэнтаў апытаных сказалі, што давяраюць настаўніцам больш, чым настаўнікам (тут меркаванне мужчын і жанчын практычна цалкам супала).

Менш за ўсё людзі давяраюць жанчынам, якія працуюць інжынерамі (3 працэнты), кіроўцамі (5 працэнтаў) і архітэктарамі (7 працэнтаў). Удзельнікі апытання таксама з падазрэннем ставяцца да мужчын, якія працуюць бухгалтарамі (9 працэнтаў), фармацэўтамі (9 працэнтаў), прадаўцамі (10 працэнтаў) і аператарамі кол-цэнтраў (11 працэнтаў).


Замест вучобы мусяць працаваць

Няпоўны навучальны дзень становіцца ўсё больш папулярнай формай навучання ў Германіі. Асабліва ў землях Гамбург і Паўночны Рэйн-Вестфалія. Студэнты выбіраюць яго, каб працаваць, клапаціцца пра дзяцей або даглядаць утрыманцаў.

У Германіі колькасць навучэнцаў, якія займаюцца няпоўны дзень, дасягнула новага максімуму. Іншымі словамі, за год такіх студэнтаў стала больш на восем тысяч. Пра гэта сведчаць даныя Цэнтра развіцця вышэйшай адукацыі (CHE), заснаваныя на даследаваннях Федэральнага статыстычнага ўпраўлення.

Пры гэтым студэнты, якія выбіраюць такі навучальны дзень, часта аддаюць перавагу атрыманню адукацыі завочна. Зразумела, іх больш там, дзе ёсць такая магчымасць. Лідарамі ў дадзеным сэнсе з'яўляюцца землі Гамбург, Паўночны Рэйн-Вестфалія і Мекленбург-Пярэдняя Памеранія. На першую прыпадае 21,1 працэнта такіх студэнтаў, на другую — 13,3, на трэцюю — 12,7.

Даследчыкі таксама заўважаюць, што ў прыватных адукацыйных установах доля студэнтаў, якія адмовіліся ад поўнага навучальнага дня, вышэйшая, чым у дзяржаўных. У першых больш за траціну ўсіх студэнтаў вучыцца няпоўны дзень, у другіх — толькі 4 працэнты. І гэтаму ёсць лагічнае тлумачэнне. «У прыватных каледжах няпоўны навучальны дзень часта можа быць абраны ў якасці мадэлі навучання. У дзяржаўных каледжах ён па-ранейшаму застаецца вялікім выключэннем», — кажа эксперт-аналітык CHE Unіversіty Rankіng Корт-Дзяніс Хахмайстар.


Кіраваць беспілотнай авіяцыяй — са школы

Ліст з прапановай увесці ў школьную праграму тэарэтычны курс і практычныя заняткі па кіраванні беспілотнымі лятальнымі сродкамі напісалі ў расійскі Мінтранс прадстаўнікі профільнай асацыяцыі «Аэранекст». Гэтую інфармацыю «Ведамасцям» пацвердзіў гендырэктар асацыяцыі Глеб Бабінцаў.

«Беспілотная авіяцыя можа стаць часткай школьнай праграмы ў рамках прадмета «Тэхналогія». Прадмет трэба дапоўніць модулямі, якія дазволяць школьнікам атрымаць базавыя веды ў галіне авіяцыі. Напрыклад, у рамках праграмы было б карысна вывучаць тыпы канструкцый і праграмнае забеспячэнне для апрацоўкі даных з беспілотнікаў», — перадае выданне словы Бабінцава.

Паводле звестак Мінадукнавукі, у ВНУ ўжо актыўна рыхтуюць спецыялістаў у дадзенай сферы. Прыкладна 30 тысяч студэнтаў вывучае праграмы вышэйшай адукацыі, звязаныя з абслугоўваннем і эксплуатацыяй беспілотных авіяцыйных сістэм.

Раней ужо паведамлялася, што ў школах Ленвобласці на ўроках працы вучняў плануюць навучаць кіраванню дронамі і асновам медыцынскай падрыхтоўкі, пра гэта паведаміў губернатар Аляксандр Драздзенка.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».