Вы тут

«На кніжных паліцах». Як ствараўся праект «Чытанка» — мабільны дадатак з беларускімі аўдыякнігамі


З чаго складаецца першае ўяўленне пра кнігу? З мастацкага вырашэння вокладкі? З анатацыі? Можа, з тэксту прадмовы?.. Не, самае першае ўяўленне — і бібліяфілы не дадуць схлусіць — чалавек атрымлівае яшчэ раней — па карашку. І што можа быць лепш, чым, зайшоўшы выпадкам у кнігарню, правесці пальцам па канце, спыніцца на інтрыгоўнай назве, акуратна падсунуць выбранніцу да сябе і… гэтак рэдзіць і рэдзіць шчыльныя шэрагі! Так, сёрфінг па кніжных паліцах — гэта цэлая эстэтыка з тысячамі прыхільнікаў па ўсім свеце. Аднак час не стаіць на месцы: пастаянна з’яўляюцца новыя формы знаёмства з кнігай, а на змену рэальным драўляным паліцам прыходзяць віртуальныя… На віртуальных паліцах мабільнага дадатку «Чытанка», распрацаванага кнігагандлёвай сеткай «Белкніга» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Саюза пісьменнікаў Беларусі, можна напаткаць шмат цікавых кніг. Ды не простых, а гукавых — яшчэ адно дасягненне прагрэсу!


Вядома ж, цікавасць да чытання прыходзіць па-рознаму: са школьнай парты альбо з бібліятэчнага стэлажа, праз пах свежай тыпаграфскай фарбы альбо ўлюбёную экранізацыю… Але, упэўнены, шмат будзе і тых, хто, распавядаючы пра сваё першае знаёмства з кнігай, згадае голас маці, цьмянае свячэнне начніка і салодкую сонную млявасць. Гэтак да літаратуры прыйшлі не толькі сотні і тысячы чытачоў, але і многія знакамітыя пісьменнікі. І тут няма нічога дзіўнага, чалавек добра прызвычаены ўспрымаць інфармацыю аўдыяльна, на слых. Ды, што казаць, гэта быў адзіны спосаб далучэння нашых продкаў да пісьмовага слова на працягу стагоддзяў! Як ні круці, усеагульная адукаванасць — дасягненне не такое ўжо даўняе. Словам, прылада «Чытанка» акурат прызвана вярнуць тое прыемнае пачуццё, якое дорыць чытанне ў святле начніка.

Ідэя стварэння віртуальнай бібліятэкі, дзе класічныя айчынныя творы суседнічалі б «на паліцах» з сучаснымі, ды ўсё гэта — у аўдыяфармаце, лунала ў паветры даўно, але ўшчыльную да рэалізацыі праекта падабраліся толькі ў 2021 годзе. Ініцыятыву Міністэрства інфармацыі падтрымалі кнігагандлёвая сетка «Белкніга» і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Уласна кажучы, прэзентацыя мабільнай прылады «Чытанка» адбылася падчас правядзення Дня беларускага пісьменства ў Капылі. З таго часу фанатэка праекта значна разраслася, і да свайго двухгоддзя «Чытанка» падбіраецца з даволі ўнушальнымі «фондамі».

На дадзены момант у дадатку налічваецца 123 найменні, і гэтая лічба працягвае расці. Так, апошняе вялікае папаўненне адбылося напярэдадні XXX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, у якой «Белкніга» брала актыўны ўдзел, — у калекцыю тады дадалося 20 аўдыятвораў. Жанравая палітра выданняў вельмі шырокая: у «Чытанцы» ёсць і мастацкая проза (як вялікіх, так і малых форм), і паэзія, і дзіцячыя пазнавальныя кнігі, і радыёспектаклі, і нават два літаратурныя падкасты, прысвечаныя жыццю і творчасці Уладзіміра Караткевіча. Сярод гэтага багацця пераважаюць, натуральна, творы класічныя, але добра прадстаўлены тут і сучасны літаратурны працэс (прычым творамі на абедзвюх дзяржаўных мовах).

Трэба адзначыць, аднак, што акцэнт усё ж робіцца на мастацкую літаратуру, сярод якой большасць складае проза. На дадзены момант гэта самая багата прадстаўленая катэгорыя: 63 найменні. Чытач адшукае тут апавяданні Кузьмы Чорнага і Янкі Брыля, аповесці Элізы Ажэшкі і Змітрака Бядулі, эпічную трылогію «На ростанях» Якуба Коласа, «Віленскіх камунараў» Максіма Гарэцкага, «Шляхціца Завальню, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага і шмат іншага. Акрамя таго, у раздзеле прадстаўлены творы Мікалая Чаргінца, Віктара Праўдзіна, Вольгі Любашынай ды іншых сучасных аўтараў. Заўважым, што прылада распаўсюджваецца бясплатна і не патрабуе ніякай дадатковай падпіскі.

Каманда праекта супрацоўнічае з Белтэлерадыёкампаніяй, і многія з класічных твораў «пазычаны» менавіта з фондаў Беларускага радыё. У іх ліку запісы спектакляў (напрыклад, «Пінская шляхта» і «Залёты» паводле Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» паводле Янкі Купалы, а таксама некаторыя іншыя). Работы сучасных аўтараў «Белкніга» замаўляе асобна, звязваючыся з пісьменнікамі наўпрост альбо праз творчы саюз. Такім чынам у карыстальнікаў «Чытанкі» з’яўляецца магчымасць пачуць творы ў выкананні саміх аўтараў, што ў сваю чаргу — праз адмысловыя інтанацыі і паўзы — дазваляе больш поўна зразумець аўтарскую задуму твора, асабліва ў паэзіі. Па словах намесніка генеральнага дырэктара кнігагандлёвай сеткі «Белкніга» Святланы Гук, асноўнымі мэтамі праекта акурат з’яўляюцца прасоўванне беларускай кнігі ў масы, набліжэнне яе да чытача і выхаванне новага пакалення кнігалюбаў.

Мы распыталі некаторых задзейнічаных у праекце пісьменнікаў аб тым, чаму яны пагадзіліся ў ім удзельнічаць, якія мэты перад сабой бачаць самі і як ставяцца да аўдыяфармату і пранікнення тэхналогій у літаратуру ў цэлым.


Віктар Шніп

Для мяне ўсе фарматы, у якіх мае творы маюць магчымасць дайсці да чытачоў, прымальныя. Аўдыякніга — самы той фармат, які дазваляе чытачу нават у цемры непрагляднай ночы пазнаёміцца з маімі творамі. І самае галоўнае тут — пачуць мой голас і яго інтанацыі, з якіх складаецца верш. Праз голас перадаецца не толькі сэнс, але і эмоцыя, настрой. І таму я з радасцю пагадзіўся ўдзельнічаць у «Чытанцы». Праўда, не адразу атрымлівалася зрабіць якасны запіс, які б задавальняў мяне. Часам не так, як трэба, вымаўляліся мною словы, не там рабіліся паўзы. Чытаючы свае вершы, я маю сваё бачанне іх. Артысты чытаюць вельмі добра, але так, як лічаць патрэбным самі.

Твор набывае голас аўтара, і чытач мае магчымасць быць вольным ад сядзення на месцы і, слухаючы аўдыякнігу, займацца якой-небудзь тэрміновай фізічнай працай. Страчваецца папяровасць кнігі, таму шкада, што аўдыякнігу нельга трымаць на паперы.

Сам аўдыякнігі слухаю, але рэдка, бо маю іх няшмат. Гэта ў асноўным паэзія, добрая паэзія, якая для мяне як кісларод, што дае душы ўзлятаць у неба добрага настрою.

Усе тэндэнцыі ў кнігавыданні я вітаю. Усе, што дазваляюць пісьменніку данесці свае творы да сучаснага чытача, які імкнецца не толькі чытаць усё новае, што з’яўляецца ў сучаснай літаратуры, але і класіку, у тых фарматах, якія яму найбольш зручныя. Як пісьменнік, як супрацоўнік выдавецтва і галоўны рэдактар часопіса «Полымя» я сачу за новымі тэхналогіямі, што дазваляюць скараціць шлях новага твора да чытача. І тут «Чытанка» — адзін з самых недарагіх шляхоў.


Кацярына Хадасевіч-Лісавая

Сапраўды, усё мяняецца, развіваецца, літаратура набывае новыя фарматы. І гэта адпавядае сённяшняму часу. Галоўнае ж — людзі працягваюць чытаць! Упэўнена, аматары заўсёды знойдуць час на кнігу і цалкам мажліва, што гэта будзе аўдыякніга. Пагадзіцеся, не заўсёды ёсць магчымасць узяць з сабой звычайнае папяровае выданне, каб пачытаць, напрыклад, у дарозе. Добрая альтэрнатыва — электронная кніга ці проста чытанне з экрана тэлефона альбо аўдыяфармат. Разумеючы гэта, я з задавальненнем пагадзілася ўзяць удзел у праекце «Чытанка».

Акрамя таго, аўдыяфармат, на мой погляд, добра падыходзіць дзецям. Слухаць казкі — вельмі важна і цікава. А яшчэ мяне парадавала магчымасць самой прачытаць творы для малечы. Мяркую, за той час, пакуль яны даступныя праз «Чытанку», іх паслухала немалая колькасць дзетак: падчас творчых сустрэч я заўсёды запрашаю юных чытачоў звярнуцца да аўдыяфармату.

Думаю, у кожнага фармату ёсць свае станоўчыя і адмоўныя бакі. Галоўнае, каб чытач звярнуўся да твора, каб перажыў разам з героямі ўсе падзеі, каб зрабіў пасля карысныя высновы і захацеў зноў вярнуцца да гэтай кнігі. Магчыма, пасля прачытання друкаванай кнігі будзе цікава паслухаць аўдыяварыянт у выкананні акцёраў. Ці, наадварот, пасля ўспрыняцця на слых захочацца паглыбіцца ў твор, прабягаючы вачыма па радках, па-свойму агучыць персанажаў, разам з імі прагаварыць рэплікі, паўдзельнічаць у дыялогах…

Сама я амаль не слухаю, бо больш за ўсё люблю класічную друкаваную кнігу. Для мяне ўсё ж такі важна зрокава ўспрымаць тэкст і лепш за ўсё менавіта з паперы. Зрэшты, чытаю я выразна (хоць і не ўслых), у думках прагаворваю словы герояў, уяўляю, які голас можа быць у таго ці іншага персанажа, якая знешнасць, што навокал…

Немалую ролю для мяне маюць тактыльныя адчуванні — люблю браць у рукі папяровую кнігу, гартаць старонкі. Ну а пах тыпаграфскай фарбы надае працэсу асаблівую атмасферу. Чаго не скажаш пра час, калі я захварэла на кавід і не адчувала «кніжнага» водару.

Словам, важней за ўсё, на мой погляд, каб у твора была высокая якасць, а ў чытачоў — густ. Для юнай аўдыторыі вельмі важна знаёміцца з якаснымі добрымі творамі, каб і сфарміраваць той самы чытацкі густ, каб былі закладзены правільныя маральныя арыенціры. А сапраўдная якасная літаратура не залежыць ад фармату, яна ствараецца толькі таленавітымі творцамі.


Аляксандр Казека

Выкарыстанне інтэрнэт-тэхналогій для папулярызацыі твораў мае месца быць. Гэтым карыстаюцца, аналізуючы наша Магілёўскае абласное аддзяленне, у асноўным, пісьменнікі больш маладога ўзросту. І гэта добра. Старэйшае пакаленне пісьменнікаў, у тым ліку і я, па вядомай прычыне валодаем у асноўным традыцыйнымі метадамі папулярызацыі сваіх твораў, выкарыстоваючы інтэрнэт-прастору толькі для размяшчэння іх на якіх-небудзь літаратурных пляцоўках.

Але я станоўча стаўлюся да прадстаўлення твораў у аўдыяфармаце. Сёння, у наш век ушчыльнення інфармацыйнай нагрузкі і паскарэння часу, вельмі зручна слухаць і адначасова займацца якойсьці іншай справай. Так робяць многія з тых, каго я ведаю. Відавочна, што фармат пашыраецца. Таму і пагадзіўся ўдзельнічаць у праекце «Чытанка». Гэта дазволіць пазнаёміць з прадстаўленымі там творамі больш шырокае кола чытачоў. А што яшчэ трэба пісьменніку? Трэба, каб яго чыталі.

І калі твор трапіць да чытача праз слых, а не праз зрок, то, на мой погляд, проза гэта ці вершы — яны нічога не страчваюць, а, наадварот, толькі набываюць: пашыраецца эмацыянальнае ўспрыманне, з’яўляюцца інтанацыі і перажыванні, што бачацца таму, хто агучвае твор. А калі ў слухача ўзнікаюць якія сумненні, заўсёды можна звярнуцца да кнігі ў папяровым варыянце. Яна ж нікуды не падзелася.

Сам у апошнія гады ўсё больш звяртаюся да аўдыяфармату кніг. Так больш зручна.

А вось што тычыцца выкарыстання штучнага інтэлекту для напісання твораў, то мае адносіны да гэтага неадназначныя, больш адмоўныя. Лічу, што сапраўдны, жывы твор павінен нараджацца ў патаемных духоўных глыбінях творцы. Інакш гэта будзе мёртванароджанае дзіця, дый свайго роду плагіят.


Кацярына Стройлава

Лічу, што аўдыякніга — гэта зручная і карысная форма данясення да чытача інфармацыі. Галоўнае, на мой погляд, каб яна была карыснай і маральнай. А ў якім выглядзе тая інфармацыя да нас даходзіць — гэта ўжо другое пытанне.

Працэсу чытання папяровага выдання неабходна аддавацца цалкам, у той час як са зместам электроннай кнігі можна азнаёміцца, не адрываючыся ад хатніх і іншых спраў. Слухаць яе займальна яшчэ і таму, што яна можа быць па-мастацку агучана. Ды нельга забываць, што аўдыякніга зручная таксама і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Друкаванае выданне, як вядома, абмежавана тыражом, а ў электронным фармаце з творамі аўтара можа пазнаёміцца нашмат больш людзей — незлічоная колькасць. Так, удзел у праекце «Чытанка» дазволіў мне атрымаць вялікае кола новых чытачоў. Тым больш што тыраж прадстаўленага ў мабільнай прыладзе выдання раскуплены. Пры чытанні, канешне, вымалёўваюцца вобразы, працуе фантазія, але гукавую дарожку можна аздобіць музыкай, ігрой акцёраў.

Праўда, хапае і мінусаў у такім фармаце. Напрыклад, калі слухач штосьці прапусціў альбо хоча пераслухаць упадабаны ўрывак, то вярнуцца назад бывае праблематычна альбо наогул немагчыма. Да таго ж асабіста мне прасцей узяць з паліцы друкаваную кнігу, чым губляць час на яе пошукі ў інтэрнэце.

І хоць для мяне пераважае папера, я лічу, што любы сучасны фармат добры. Жадаючы падзяліцца з чытачом сваёй творчасцю, данесці да яго важныя, на мой погляд, праблемы культурнага, маральнага, рэлігійнага характару, я стараюся выкарыстоўваць усе вядомыя мне формы перадачы інфармацыі.


Анатоль Матвіенка

Чытач патрабуе аўдыякнігі: адчуў гэта, калі пачаў прадаваць электронныя версіі кніг на расійскім рэсурсе «Автор сегодня». Калі забываў паставіць у наладах доступу «птушачку» ў акенцы «агучка», тут жа сыпаліся скаргі. Прычым аўдыяверсію забяспечвае праграмны сінтэзатар, голас гучыць нежывы, без эмоцый. Тым не менш попыт ёсць. Некаторыя мае калегі па пісьменніцкай арганізацыі маюць неблагую долю даходу ад продажу менавіта аўдыяверсій. А мая першая прафесійна запісаная аўдыякніга, тэкст якой створаны ў суаўтарстве з Анатолем Драздовым, з’явіцца ў продажы ў маі. Попыт на аўдыякнігу пастаянна расце.

З «Чытанкай» сітуацыя трохі іншая. Яна павінна забяспечыць чытача якаснай аўдыякнігай па-беларуску. А патэнцыяльная аўдыторыя для беларускай кнігі меншая, чым для руска-, англа- ці франкамоўнай. Таму мы з калегамі рыхтавалі тэксты для «Чытанкi» выключна на некамерцыйнай аснове. Так, маё апавяданне «Агнявы цмок» начытала на мікрафон жонка.

Асноўная праблема развіцця беларускіх аўдыякніг — дэфіцыт дыктараў, якія пагадзіліся б на некамерцыйнай аснове агучваць тэкст. Некаторыя літаратары з добрай дыкцыяй і неабходным мінімумам акцёрскага майстэрства здольны зачытаць уласныя творы самі. Тэхнічна для гэтага дастаткова звычайнага смартфона і памяшкання без рэха, напрыклад, гардэробнага пакоя з адзеннем.

Мяркую, што варта задзейнічаць у чытанні пад запіс навучэнцаў тых устаноў, дзе выкладаецца акцёрскае майстэрства: і ім практыка, і для літаратуры падтрымка.

Чытаю я вельмі шмат, і значная частка літаратуры — дакументальная, неабходная мне для напісання раманаў. У звычайным рэжыме працы з ноўтбукам мне прасцей праглядаць па дыяганалі малаактуальныя месцы, у той час як у аўдыяварыянце ты слухаеш увесь тэкст у зададзеным тэмпе. Важнае для мяне і графічнае адлюстраванне тэксту. Пэўныя ўрыўкі і цытаты я захоўваю ў рабочых файлах будучых твораў.

Але несумненным плюсам МР3-кніг з’яўляецца дадатковы эмацыянальны складнік, які прыўносіць акцёрскае майстэрства дыктара — у мастацкай літаратуры гэта складана пераацаніць. Незаменныя аўдыякнігі і тады, калі вочы і рукі занятыя. А таксама ў дальняй дарозе, у аўтобусе або цягніку, каб не псаваць зрок літарамі, якія скачуць па экране планшэта, што ляжыць на каленях. Так, больш чым 90 % інфармацыі ў мяне — з экрана ноўтбука і настольнага ПК.

Што да нейрасетак, то пры іх дапамозе створаны вокладкі ўсіх маіх апошніх кніг, выкладзеных на рэсурсе «Автор сегодня», усё — цалкам па тэкставым апісанні ці шляхам апрацоўкі зыходнага фота. А вось што датычыцца тэкставага выкарыстання нейрасетак штучным інтэлектам, то ўжо цяпер яны здольны скласці звязны рэкламны тэкст альбо тэхнічнае апісанне. Літаратурныя творы ім не па сілах, бо атрымліваецца нейкая фантасмагорыя альбо авангард. Паглядзім, што будзе далей. Не выключана, што пісьменніку па прыкладзе Астапа Бендэра ў фінале «Залатога цяляці» давядзецца перакваліфікавацца ў домакіраўніка. Але наўрад ці…

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.