Вы тут

Прыёмная кампанія-2023. Аб'ёмы падрыхтоўкі ў рэгіянальных ВНУ будуць расці


Ва ўстановы вышэйшай адукацыі плануецца прыняць сёлета 52,2 тысячы чалавек. З іх за кошт сродкаў бюджэту будуць навучацца 28,4 тысячы першакурснікаў і 23,8 тысячы — на платнай форме навучання.

Як расказаў журналістам першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, у параўнанні з папярэднім годам агульная лічба набору скарацілася на 900 чалавек. Пры гэтым на бюджэтную форму навучання набяруць на 600 чалавек больш, чым летась, а на платныя месцы набор, наадварот, скароціцца на 1,5 тысячы абітурыентаў.


Вострая патрэба ў медыках і педагогах

— Калі паглядзець у разрэзе спецыяльнасцяў, то прыём абітурыентаў сёлета будзе павялічаны на медыцынскія (каля 10 працэнтаў) і асобныя педагагічныя спецыяльнасці, перш за ўсё фізіка-матэматычныя. Таксама павелічэнне набору закранула «Дашкольную адукацыю» і «Пачатковую адукацыю». Рост склаў каля 4 працэнтаў. Паколькі сістэмы аховы здароўя і адукацыі адчуваюць пэўны дэфіцыт кадраў, пры планаванні і зацвярджэнні кантрольных лічбаў прыёму мы зыходзілі з іх патрэб, — растлумачыў Аляксандр Бахановіч. — Разам з тым быў скарочаны прыём абітурыентаў на эканамічныя і, скажам так, «неактуальныя» тэхніка-тэхналагічныя спецыяльнасці. Гэта звязана з развіццём нашых прамысловых галін і пераходам эканомікі ўжо на пяты і шосты тэхналагічныя ўклады. Такія падыходы будуць асновай пры фарміраванні плана прыёму ў ВНУ і ў наступныя гады.

Аляксандр Бахановіч заўважыў, што ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы сёлета на 2 працэнты будзе скарочаны прыём у сталічныя ўстановы вышэйшай адукацыі і прыкладна на столькі ж павялічаны прыём у рэгіянальныя ВНУ. Гэта абумоўлена неабходнасцю ўмацавання і замацавання кадраў у абласцях. Першы намеснік міністра адукацыі заклікаў выпускнікоў і будучых абітурыентаў, якія жывуць у рэгіёнах, нацэльвацца на паступленне ў свае ўстановы вышэйшай адукацыі. «Сёння ў рэгіянальных ВНУ і якасць адукацыі, і прафесарска-выкладчыцкі склад, і матэрыяльна-тэхнічная, і вучэбна-лабараторная база не саступаюць нашым мінскім універсітэтам. Таму прынцып «Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся» мы рэкамендуем браць да ўвагі і развіваць рэгіён, у якім ты нарадзіўся, вырас і з якім плануеш звязаць свой далейшы лёс і работу. Працытую яшчэ раз словы Прэзідэнта: «Моцныя рэгіёны — гэта моцная краіна», — адзначыў Аляксандр Бахановіч. — Міністэрствам адукацыі разам з зацікаўленымі і ў далейшым будуць нарошчвацца аб'ёмы падрыхтоўкі кадраў за кошт бюджэту ў рэгіянальных ВНУ з улікам заяўленай мясцовымі органамі ўлады патрэбы ў падрыхтоўцы тых ці іншых спецыялістаў і рэгіянальных адметнасцяў».

Установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі прымуць сёлета 39,6 тысячы абітурыентаў, у тым ліку на бюджэтную форму — 27,4 тысячы, што на 1,1 тысячу больш, чым у 2022 годзе. На платную форму навучання прымуць 12,2 тысячы чалавек, што на 1 тысячу менш, чым летась. На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць каля 26 тысяч чалавек. Гэта лічба засталася на ўзроўні мінулага года. Прыём будуць весці 229 каледжаў, якія будуць прымаць абітурыентаў або на ўзровень прафесійна-тэхнічнай, або на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, або і на той, і іншы ўзровень.

Перавагі мэтавай падрыхтоўкі

На сайтах ВНУ да 1 мая павінна з'явіцца інфармацыя аб колькасці месцаў, выдзеленых для паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, з указаннем канкрэтных спецыяльнасцяў і заказчыкаў, якія падалі заяўкі. Аб гэтым праінфармаваў журналістаў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў:

— У маі вялікая работа і адказнасць ускладаюцца на заказчыкаў кадраў і абітурыентаў па заключэнні дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы і стварэнні конкурснай сітуацыі на мэтавыя месцы. Конкурс неабходны, каб па дадзенай траекторыі паступілі найлепшыя абітурыенты. Варта адзначыць асаблівасць паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі — правядзенне аднаго ўнутранага ўступнага іспыту ў вуснай або практычнай форме (сертыфікаты ЦЭ і ЦТ не патрабуюцца). Пералік пытанняў па вучэбных дысцыплінах, па якіх будзе праводзіцца ўступны экзамен, ужо размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі ў раздзеле «Абітурыенту». Таму ўжо сёння ў абітурыентаў, якія плануюць паступаць па такой траекторыі, ёсць магчымасць падрыхтавацца да будучага выпрабавання. Конкурс будзе фарміравацца, зыходзячы з сумы сярэдняга бала атэстата і ўнутранага вуснага экзамену.

Арганізацыя мэтавага набору ў многім з'яўляецца важнай задачай якраз для заказчыкаў кадраў, якія ўжо сёння бачаць будучых спецыялістаў, што праз чатыры—пяць гадоў прыйдуць да іх на прадпрыемствы або ў арганізацыі, каб вырашаць канкрэтныя вытворчыя задачы. Якія перавагі ёсць у мэтавай падрыхтоўкі? Яны агульнавядомыя: па-першае, студэнт, які абраў згаданую траекторыю, ужо ў працэсе навучання індывідуалізуе свой адукацыйны працэс: маецца на ўвазе выкананне курсавых работ, дыпломнага праекта па тэмах, актуальных для будучага наймальніка, праходжанне на яго базе вытворчых практык, гэта значыць усё адбываецца ў цеснай прывязцы да канкрэтнага прадпрыемства, з якім заключаны дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы. А на выхадзе спецыяліст, які паспяхова засвоіў адукацыйную праграму, прыходзіць на прадпрыемства і адразу ж паглыбляецца ў тыя задачы, што неабходна вырашаць, — расказаў Сяргей Пішчоў.

Што датычыцца асаблівасцяў паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў гэтым годзе, трэба мець на ўвазе, што тэрміны прыёму дакументаў, уступных іспытаў і залічэння дадзенай катэгорыі абітурыентаў вынесены за рамкі асноўнай прыёмнай кампаніі. «З 1 да 5 чэрвеня будзе весціся прыём дакументаў ад абітурыентаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. З 6 да 13 чэрвеня яны здадуць адзін уступны іспыт у вуснай або практычнай форме (апошняе датычыцца профілю «фізічная культура і спорт» і творчых спецыяльнасцяў). І па 16 чэрвеня пройдзе залічэнне абітурыентаў», — дадаў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі.

Тэрміны рэгістрацыі на ЦТ скараціліся

Выпрабаванні цэнтралізаванага тэсціравання пачынаюцца сёлета 14 чэрвеня з беларускай мовы і завяршаюцца 4 ліпеня (гэта асноўныя тэрміны без рэзервовых дзён). «Тыя, хто зарэгістраваўся на ЦТ, але з уважлівай прычыны не змог прайсці яго ў асноўныя дні, змогуць скарыстацца рэзервовымі днямі. Для гэтага ў кожным абласным цэнтры выдзелены пункты правядзення ЦТ, куды трэба будзе звярнуцца і прад'явіць дакументы, якія пацвярджаюць уважлівыя прычыны пропуску», — паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.

Ён звярнуў увагу абітурыентаў на тую акалічнасць, што тэрміны рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне сёлета крыху скараціліся. Калі ў ранейшыя гады працэдура праходзіла з 2 мая да 1 чэрвеня, то цяпер яна стартуе 10 мая. «Але часу для рэгістрацыі на ЦТ дастаткова, паколькі тэхналогія рэгістрацыі пастаянна ўдасканальвалася. Застаецца форма папярэдняй дыстанцыйнай рэгістрацыі праз сайт Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Можна звярнуцца ў найбліжэйшы пункт тэсціравання і зарэгістравацца для ўдзелу ў ЦТ у любым пункце па краіне. У гэтым галоўнае адрозненне ад цэнтралізаванага экзамену. З іншага боку, значная частка выпрабаванняў выпускнікамі школ будзе пройдзена яшчэ на этапе здачы ЦЭ. У сувязі з тым можна назваць яшчэ адну адметнасць бягучага года — у нас не будзе здвоеных дзён для здачы цэнтралізаванага тэсціравання па такіх масавых прадметах, як руская мова і матэматыка, калі вялікай колькасці ўдзельнікаў трэба было забяспечыць камфортныя і, галоўнае, бяспечныя ўмовы ў час пандэміі для здачы экзамену», — канстатаваў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

Юрый Міксюк запэўнівае, што і падчас ЦТ, і падчас ЦЭ выпускнікам спатрэбяцца толькі веды з базавага курса школьнай праграмы. «Структура тэстаў сёлета зведала пэўныя змены. Азнаёміцца з імі на працягу навучальнага года маглі ўсе: або пры правядзенні рэпетыцыйнага тэсціравання, або пры правядзенні рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену. Частка А — там, дзе трэба выбіраць гатовыя варыянты адказаў, — скарацілася. Пры гэтым частка B, дзе трэба сфармуляваць і запісаць адказ, наадварот, пашырылася. Але ўвогуле складанасць тэста не павялічылася, а яго працягласць скарацілася практычна для ўсіх прадметаў. Заданні па складанасці вытрыманы такім чынам, каб можна было праверыць толькі школьную праграму, не выходзячы за яе межы. Вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання паказалі, што навучэнцы могуць падрыхтавацца да тэстаў самастойна або ў класе з настаўнікам і паказаць дастаткова паспяховыя вынікі», — заспакоіў Юрый Міксюк.

Ён дадаў, што пры паступленні ў ВНУ ў абітурыентаў будуць на руках толькі тры сертыфікаты (раней можна было мець чатыры сертыфікаты ЦТ). Выпускнікі школ бягучага года, якія пройдуць два цэнтралізаваныя экзамены, змогуць удзельнічаць толькі ў адным ЦТ па профільнай дысцыпліне. А выпускнікі мінулых гадоў змогуць удзельнічаць у трох ЦТ: па адной з дзяржаўных моў і дзвюх профільных дысцыплінах.

Магчымасці электронных кабінетаў

Падаць дакументы адначасова ў дзве ВНУ будзе немагчыма, афіцыйна заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў, адказваючы на пытанне журналістаў.

Пералік дакументаў, якія абітурыент падае ў прыёмную камісію, вызначаны Правіламі прыёму. І там дакладна прапісана, што ў прыёмную камісію павінны былі пададзены арыгінал дакумента аб адукацыі і арыгіналы сертыфікатаў ЦЭ і ЦТ. Дакументы абітурыенты падаюць асабіста. Прыёмныя камісіі ў апошні дзень прыёму працуюць да 18.00. У рамках вызначанага для падачы дакументаў перыяду можна забіраць і перападаваць дакументы колькі заўгодна раз. Можна забраць іх і аднесці ў іншую ВНУ, дзе ёсць больш шанцаў на паступленне. У многіх ВНУ і на факультэтах ёсць агульны конкурс, які прадугледжвае падачу дакументаў адразу на некалькі спецыяльнасцяў аднаго кірунку.

Таксама ў многіх ВНУ дзейнічаюць асабістыя кабінеты абітурыента. Электронны рэсурс дазваляе прайсці электронную рэгістрацыю: запоўніць анкету і заяву, загрузіць фота, размясціць адсканіраваныя атэстат або дыплом, сертыфікаты цэнтралізаваных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы пры паступленні.

Электронны кабінет не замяняе падачу арыгіналаў дакументаў асабіста абітурыентам, але дазваляе абітурыентам звяртацца адразу ў сакратарыят сваіх факультэтаў, абыходзячы грамадскую прыёмную камісію. Таксама асабісты кабінет дазваляе на працягу ўсёй прыёмнай кампаніі ў анлайн-рэжыме на асабістых камп'ютарах, планшэтах, смартфонах адсочваць падрабязную інфармацыю пра конкурсную сітуацыю і бягучы прахадны бал на выбраную спецыяльнасць. Сітуацыю з падачай дакументаў і сваё месца ў абітурыенцкім рэйтынгу трэба маніторыць пастаянна. Пазней у асабістым кабінеце абітурыента адлюстроўваюцца звесткі пра залічэнне ў студэнты.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.