Вы тут

Як моцная гаспадарка ўзняла эканоміку адсталага сельгаспрадпрыемства


Некалькі гадоў таму саўгас «Поразава», што ў Свіслацкім раёне, аказаўся перад фактам ліквідацыі. У гаспадаркі была высокая запазычанасць перад фондам сацыяльнай абароны. Каб разлічыцца, трэба было прадаваць альбо статак, альбо ўраджай. Зразумела, што такі вынік вёў проста ў тупік. Таму раённымі ўладамі было прынята рашэнне аб продажы маёмасці і вытворчай базы саўгаса. Актывамі зацікавіўся старшыня СВК імя Дзеншчыкова Гродзенскага раёна Васіль Свірыд. Пасля ўсіх неабходных працэдур у поразаўскай гаспадарцы пачалася татальная перабудова.


Як паясніў першы намеснік старшыні Свіслацкага райвыканкама Андрэй Грыцкевіч, у адносінах саўгаса стаяла пытанне альбо выплачваць даўгі з растэрміноўкай, альбо наогул ліквідаваць. У раёне зрабілі выбар у бок ліквідацыі. «Мы свядома пайшлі на гэта, — удакладняе Андрэй Грыцкевіч. — З часткі прадпрыемства быў створаны вытворча-маёмасны комплекс, а тая частка, якая не мела такога актыву, была выстаўлена на аўкцыён. На сённяшні дзень усе аб'екты прыдбаны і рацыянальна выкарыстоўваюцца».

Такім чынам, вытворча-маёмасны комплекс «Поразава» ў складзе машынна-трактарнага парку, сушыльнага комплексу, 500 галоў буйной рагатай жывёлы праз аўкцыён перайшоў да СВК імя Дзеншчыкова Гродзенскага раёна.

Старшыня Васіль Свірыд успамінае, што спачатку прыехаў паглядзець стан поразаўскага саўгаса. Пагутарыў з кіраўніцтвам раёна. Прыгадаў і размову ў наглядальным савеце ААТ «Малочны свет», у склад якога ўваходзіць і ён сам. Падчас чарговага пасяджэння пачуў ад членаў савета такую рэпліку: «Трэба выпраўляць становішча былога саўгаса. Чаму б адной з найлепшых малочных гаспадарак краіны не паказаць прыклад у дапамозе банкрутам?»

Трэба сказаць, што СВК імя Дзеншчыкова славіцца высокімі надоямі. Гаспадарка займае першае месца па надоях малака ў Гродзенскай вобласці і другое ў краіне. Летась у сярэднім ад каровы тут атрымалі 12,3 тысячы кілаграмаў малака. Рэнтабельнасць складае амаль 100 %. Такія паказчыкі склаліся дзякуючы высокапародзістаму статку і вялікай селекцыйнай рабоце спецыялістаў.

Далучаны філіял прыйшлося ўзнімаць амаль з нуля.

Васіль Свірыд са сваёй камандай узяўся за новы ўчастак работы, можна сказаць, з імпэтам. А вось месцічы пазіралі на іх з недаверам. Ды і многія работнікі былога саўгаса аднесліся да новага гаспадара скептычна. Мала хто верыў у поспех, прычым настрою свайго не хавалі. Старшыня ж імкнуўся даказаць, што выйсці на добры ўзровень можна, нават пачынаючы з адсталага прадпрыемства. Так і здарылася.

Старшыня СВК імя Дзеншчыкова Васіль Свірыд (злева).

— Кадры засталіся тыя, што і працавалі, а хто не хацеў працаваць, сышлі. Асабліва тыя, хто сумняваўся і якім падалося, што вельмі жорсткія ўмовы. Але пры такім раскладзе інакш і быць не магло. Між тым астатнія вытрымалі, усе яны тутэйшыя, добра працуюць. У цэлым калектыў, які працаваў у саўгасе «Поразава», захаваўся, — заўважыў Васіль Свірыд. — Людзі вераць у поспех, бо яны бачаць, як змяніліся ўмовы працы, а рашэнні прымаюцца на карысць работнікаў. Мяркую, што ўжо сёлета яны могуць выйсці на ўзровень зарплаты вышэйшы, чым у галаўным сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве імя Дзеншчыкова.

Загадчыца фермы Ядвіга Дземянчык з гонарам праводзіць экскурсію па адноўленым аб'екце.

— У адсталай гаспадаркі з'явіўся новы гаспадар — і вось вынік. Цяпер тут многае змянілася ў лепшы бок. Прычым калектыў той жа. Даяркі атрымліваюць да 1,5 тысячы рублёў. І графік даволі зручны. Цяпер і тыя, хто звольніўся, просяцца назад — бяром, вядома. І ўмовы ў нас добрыя, такімі і павінны быць фермы.

Зразумела, без дасягнення пэўных эканамічных паказчыкаў такі сацыяльны складнік наўрад ці быў бы магчымы. Таму ў першую чаргу на былой поразаўскай ферме распачалі тэхналагічную перабудову. Найперш заняліся кармамі. Для іх вырошчвання было адведзена паўтары тысячы гектараў зямлі. Але кіслотнасць не адпавядала кармавым раслінам, у прыватнасці, люцэрне. Таму было закуплена 630 тон даламіту. У Поразаве ўкаранілі такую ж схему, як і ў СВК імя Дзеншчыкова — працавалі вахтавым метадам. Дзякуючы згаданаму падыходу на новай зямлі атрымалі добры ўраджай кармавых культур.

— Вось гэтыя пяць траншэй за ўвесь папярэдні час работы малочнатаварнага комплексу ні разу не былі запоўненыя, а цяпер яны не толькі запоўненыя — нават месца не хапіла, каб увесь ураджай размясціць, трэба яшчэ адну такую рабіць, — ківае ў бок уладкаваных кармавых сховішчаў Васіль Апанасавіч. — Бо калі хочам атрымліваць прадукцыю, трэба, каб былі якасныя кармы і ў дастатковым аб'ёме. Без гэтага станоўчых вынікаў у жывёлагадоўлі не будзе.

Ну і ў ферму прыйшлося ўкласціся. Каб палепшыць умовы, тут цэлы год працавала будаўнічая брыгада. Нарэшце з'явілася гарачая вада, палепшыўся быт. Вытворчая база таксама змянілася. Устанавілі новае даільнае абсталяванне коштам больш за 180 тысяч рублёў. Замянілі халадзільную ўстаноўку. Давялося затраціць на аднаўленне комплексу сем мільёнаў рублёў. Гэта дазволіла прывезці сюды паўтысячы пародзістых цялушак. Цяпер адсталая некалі гаспадарка займае другое месца па малаку ў Свіслацкім раёне.

— За мінулы год мы прадалі каля сямі тысяч тон малака, рэнтабельнасць склала 71 працэнт. Атрымалі 2,5 мільёна рублёў прыбытку. У раслінаводстве таксама спрацавалі з прыбыткам у 350 тысяч рублёў. Такім чынам, агульная рэнтабельнасць у былога банкрута за кароткі час склала 54 працэнты, — паведаміў старшыня.

Каб зразумець, як атрымаўся такі хуткі станоўчы вынік у няпростай сельскагаспадарчай справе, трэба ведаць асобу старшыні прадпрыемства. Васіль Свірыд — адзін з самых вопытных кіраўнікоў на Гродзеншчыне, на чале СВК імя Дзеншчыкова ён больш за 40 гадоў. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі. А галоўнае — наватар у сферы АПК. Сочыць за ўсімі інавацыямі і не баіцца рызыкаваць. У гаспадарцы ў ліку першых у рэгіёне ўкаранілі элементы паралельнага ваджэння, якія дазваляюць кіраваць трактарам без механізатара. Цяпер вядзецца работа над стварэннем электроннай кнігі гісторыі палёў. У перспектыве на кожным трактары будзе ўстаноўлена праграма, якая вызначыць усе неабходныя параметры работы на полі. Дзякуючы ўласнаму цэху перапрацоўкі рапсу тут атрымліваюць штогод каля трох тысяч тон алею. А яшчэ СВК імя Дзеншчыкова — адзіная ў Гродзенскім раёне гаспадарка, дзе вырошчваюць зялёны гарошак. Пра «малочныя рэкі» сельгаспрадпрыемства ўжо было згадана вышэй. Гэта лідар малочнай жывёлагадоўлі рэгіёна.

Якія найбліжэйшыя планы? У філіяле «Поразава» збіраюцца пабудаваць склад мінеральных угнаенняў. А ўвогуле Васіль Апанасавіч лічыць самым важным утрымаць тое, што створана. На яго думку, сёння ёсць усё, каб нармальна працаваць, у тым ліку і ў філіяле «Поразава», які зусім нядаўна лічыўся амаль што банкрутам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.