Сярод іншай пошты да Першага сакратара ЦК КП Беларусі Пятра Міронавіча Машэрава, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, некаторую цікавасць выклікае і вось гэты зварот ад 5 кастрычніка 1973 года... Піша ў беларускі партыйны (і, лічы, дзяржаўны) орган улады рускі празаік, кінасцэнарыст, драматург, аўтар кніг для падлеткаў і юнацтва Юрый Якаўлеў (1922—1995).
З самага пачатку творчага шляху пісьменніка хвалявала ваенная тэма. Спрыяў гэтаму і ўласны франтавы вопыт. Юрыя Хоўкіна (сапраднае прозвішча літаратара) у 1940 годзе прызвалі ў Чырвоную Армію. На пасадзе хімінструктара зенітна-артылерыйскага палка малады чалавек удзельнічаў у абароне Масквы. Быў паранены. Яго маці памерла ў блакадным Ленінградзе. У 1952 годзе Юрый закончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага. Пачаў актыўна займацца журналістыкай. Шмат ездзіў па краіне. Удзельнічаў як карэспандэнт у вайсковых вучэннях у Прыкарпацці. Ішоў на тарпедным катары па шляху дэсанта Цэзара Кунікава. Бываў на пагранічных заставах Беларусі. Неаднойчы прыязджаў на руіны Брэсцкай крэпасці. З першых кніг — «Растуць сыны», якая пабачыла свет у 1955 годзе. А самая першая — «Наш адрас» — выйшла яшчэ ў час вучобы ў Літінстытуце, у 1949 годзе. Прафесіі пісьменніка маладога творцу вучыў сам Леў Касіль. Мо гэта ў значнай ступені і паўплывала на тое, што Юрый Якаўлеў стаў дзіцячым пісьменнікам. Ён з'яўляецца аўтарам кніг «А Вараб'ёў шкло не выбіваў», «Станцыя «Хлопчыкі», «Пра нашых дзяцей», «Сябар капітана Гастэла», «Калі ад'язджае сябар», «Родная краіна»... Юрый Якаўлеў — аўтар сцэнарыя мастацкага фільма Вячаслава Нікіфарава «Зімародак», у якім здымаліся такія славутыя акцёры, як Глеб Стрыжэнаў, Марыя Захарэвіч, Аўгусцін Мілаванаў, Уладзімір Самойлаў, Уліс Ліелдзіджс, Віталь Базін... Фільм быў зняты на «Беларусьфільме». Здаецца, не так часта яго цяпер паказваюць. А, між тым, вельмі шчымлівы, прыцягальны... Дарэчы, і мультыплікацыйны фільм пра белае медзведзяня — таксама па сцэнарыі Юрыя Якаўлева. «Спят твои соседи — белые медведи, спи скорей и ты, малыш...» — гэта яго, Юрыя Якаўлевіча Якаўлева, словы з «Калыханкі мядзведзіцы».
Сваіх герояў Юрый Якаўлеў, як правіла, шукаў у гушчы жыцця. Асновай аповесці «Дзяўчына з Брэста» і мастацкага фільма «Калыханка для мужчын» стаў лёс Клаўдзіі Шалікавай... Аповесць і сцэнарый да фільма «Дачка камандзіра» Юрыю Якаўлеву дапамаглі напісаць юныя абаронцы Брэсцкай крэпасці...
І што ж прымусіла маскоўскага пісьменніка звярнуцца ажно да Першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі, кандыдата ў члены Палітбюро ЦК КПСС?.. Чытаем у лісце Юрыя Якаўлева:
«Паважаны Пётр Міронавіч!
Добра ведаючы Ваш цяжкі і высакародны ваенны шлях, я звяртаюся да Вас з просьбай прыняць удзел у лёсе юнай гераіні Вялікай Айчыннай вайны Клаўдзіі Ільінічны Шалікавай, пра якую я расказаў на старонках «Известий» у нарысе «Дзяўчынка з Брэста».
У першы дзень вайны яна, трынаццацігадовая дзяўчынка, ужо вывела з-пад Брэста параненага байца і выратавала яго зброю. Усю вайну Клава на фронце, на пярэднім краі. Чатыры разы была паранена. Некалькі разоў здзяйсняла выключныя подзвігі. Калі запатрабаваўся конь, яна знайшла яго ў цэнтры вёскі, занятай немцамі. Знішчыла агнявы пункт, які перагароджваў шлях палку пры вызваленні Ціраспаля. Выратавала ад палону цяжка параненага камандзіра капітана Сакваралідзэ. 20 сакавіка ў баі на нямецкай зямлі пад шквальным мінамётным агнём сваім целам закрыла параненага салдата. І была паранена ў твар. Страціла зрок.
І ўсё наступнае жыццё Клавы з'яўляецца подзвігам.
Некалькі гадоў яна правяла ў шпіталях, дзе ўрачы здзіўляліся яе мужнасці. Пазбаўленая зроку, Клаўдзія закончыла адзінаццацігодку. Самастойна выгадавала сына. Сама вывучыла яго на радыста (яна ж на фронце была радысткай). Яна выдатны патрыёт і агітатар.
Зараз Клаўдзіі Ільінічне Шалікавай 45 гадоў. Усё яе суцэльнае жыццё непадзельнае, гераічнае. Цяжкае жыццё. Я глыбока перакананы, што гэта жыццё павінна быць асветлена вышэйшым прызнаннем Радзімы.
Карыстаюся нагодай, каб расказаць Вам, Пётр Міронавіч, што мой творчы лёс цесна звязаны з Беларуссю. Нямала нарысаў і апавяданняў, надрукаваных у «Правде» і «Известиях», прысвечаны любімым мною беларусам. На студыі «Беларусьфільм» зняты тры фільмы па маіх сцэнарыях — «Пушчык едзе ў Прагу», «Мы з Вулканам» і «Зімародак». Зараз я напісаў сцэнарый пра маленькага беларускага партызана Барыску для сумеснага беларуска-чэхаславацкага фільма.
Жадаю Вам здароўя і натхнення...»
Ніжэй пададзены адрас Клаўдзіі Ільінічны Шалікавай, якая на той час пражывала ва Украіне, у Львове. Так, не ў Беларусі. Машэраў усё адно накладвае рэзалюцыю: «Аксёнаву А. М., Кузьміну А. Т. Прашу падумаць і ўнесці прапановы». Машэраў, відавочна, зразумеў, чаму масквіч звяртаецца ў Мінск... І сам жа звязаны з Беларуссю, і «дзяўчынка з Брэста» — усё ж з Беларусі. А Брэст, Брэсцкая крэпасць, крэпасць-герой — святая прастора. Беларусь для ўсіх, хто выйшаў з Брэста, крэпасці ў 1941 годзе, хто першым пабачыў вайну, здолеў зрабіць хто што змог, каб толькі выявіць сваё стаўленне да фашысцкіх супастатаў, — гэта як радзіма... А Радзіма да сваіх ставіцца заўжды з разуменнем, ставіцца чула, з душою... Якаўлеў нават і не прасіў нечага канкрэтнага: кватэру, машыну для інваліда Вялікай Айчыннай ці штосьці іншае. Пэўна, пісьменнік падумаў пра тое, што гераічную дзяўчыну, а цяпер жанчыну з пакручастым лёсам павінны неяк адзначыць, проста заўважыць, узяць «на ўлік» у гераічнай і ўважлівай да ваеннай памяці Беларусі...
Сакратар ЦК па ідэалогіі Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін разважыў болей канкрэтна і, што называецца, «па справе». Так нарадзілася кароткая, напісаная ад рукі, тлумачальная запіска: «т. Шалікава К. І. у гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася ў дзеючай арміі. У сапраўдны момант пражывае ў г. Львове. Улічваючы гэта, усе пытанні, якія просіць разгледзець т. Якаўлеў Ю. Я., могуць быць вырашаны Міністэрствам абароны і Львоўскім абкамам партыі. Т. Якаўлеву Ю. Я. растлумачана падчас гутаркі па тэлефоне 15 лістапада 1973 г., з чым ён згодзен...» З ЦК не паспрачаешся.
На шчасце, Клаўдзіі Іванаўне Шалікавай, якая вярнулася з вайны сямнаццацігадовай, з двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі», дапамаглі... Найперш — камандуючы Прыкарпацкай ваеннай акругі Валянцін Іванавіч Варэннікаў, на той час генерал-палкоўнік. Жанчына пачала шмат ездзіць па краіне, выступаць перад моладдзю. Камсамольцы Беларусі (усё ж Беларусі!) дапамагалі з аперацыяй па вяртанні зроку... У 1990-я гады Клаўдзія Ільінічна жыла ў Курску. З удзячнасцю расказвала журналістам, якія завітвалі да яе, пра пісьменніка Юрыя Якаўлева, з якім сустракалася ў Маскве ў рэдакцыі газеты «Известия»...
А што да мастацкага фільма пра подзвігі юнай франтавой радысткі, пра яе жыццё — «Калыханка для мужчын» (зняты ў 1976-м на кінастудыі імя М. Горкага), то ролю Клаўдзіі выканала Люсьена Аўчыннікава, заслужаная артыстка РСФСР. Ёй быў зразумелы вобраз сваёй гераіні. Люсьена нараджэннем з 1931 года, з Олеўска, ва Украіне. Дачка афіцэра-пагранічніка. Калі дзяўчынцы было шэсць гадоў, памерла маці. Бацька ажаніўся ізноў. Дзяўчынка паматалася з сям'ёю па розных рэспубліках Савецкага Саюза. А ў 17 гадоў уцякла з дому, каб паступіць вучыцца на артыстку кіно... Разуменне самастойнасці, веданне вайны па лёсах блізкіх людзей — усё гэта спрыяла стварэнню дакладнага вобраза амаль што яе равесніцы.
Клаўдзія Шалікава, дарэчы, — ганаровы грамадзянін украінскага Цярнопаля, горада, які і яна, радыстка батарэі 302-й стралковай дывізіі, вызваляла ад фашыстаў. У 2010 годзе пасмяротна званне ганаровага грамадзяніна Цярнопаля атрымаў і Сцяпан Бандэра. Як і сумна вядомы Раман Шухевіч... Час выбірае сваіх герояў? Ці гэта людзі слепа губляюцца ў часе?..
Мікола БЕРЛЕЖ
Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ
Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.
Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.