Вы тут

Ігар Лапшын: Чалавек, які ўмее кіраваць галавой, можа здзяйсняць неверагодныя рэчы


У спартыўнай рэальнасці няма месца цуду: толькі знясільвальная праца, мэтанакіраванасць і любоў да сваёй справы. Хоць у формуле поспеху ў трайным скачку ўсё ж такі варта пакінуць месца для загадкі. Нават усёмагутная фізіка не можа цалкам растлумачыць, што стаіць за скачком, які пераходзіць у палёт. Няма ў яе кампетэнцый апісаць, як малады беларускі хлопец вытрымаў ціск 50-тысячнага натоўпу на стадыёне і паказаў выдатнае выступленне. Навука не можа. А Ігар Лапшын — лёгка. Бо ён гэта пражыў. У эліту скакуноў ён уляцеў без разбегу, стаўшы сярэбраным прызёрам Алімпійскіх гульняў 1988 года. На Алімпіядзе ён толькі «адштурхнуўся». Працягам палёту былі перамогі на Сусветнай універсіядзе 1989 года, на чэмпіянаце Еўропы 1990 года, на чэмпіянаце свету ў памяшканні ў 1991 годзе. Сёння ў якасці дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту Ігар Лапшын дапамагае ўзняцца на Алімп спартсменам з інваліднасцю. Па азначэнні, гэтая дзейнасць лёгкай быць не можа. Але таго, хто прывык уколываць на стадыёне, праца ў кабінеце не палохае.


— Ігар Алегавіч, не сакрэт, што многае ў спартыўным лёсе залежыць ад першага трэнера. Якую ролю ў вашым жыцці адыграў ваш першы настаўнік?

— Леанід Уладзіміравіч Хадарэнка для мяне як бацька. Менавіта ён зрабіў мяне спартсменам. Першыя пяць гадоў мы былі мнагаборцамі: скакалі, бегалі кароткія і доўгія дыстанцыі, кідалі розныя снарады. І толькі ў дзявятым класе, калі трэнер убачыў ува мне задаткі скакуна, у мяне з'явілася спецыялізацыя. Леанід Уладзіміравіч — у першую чаргу дзіцячы трэнер. І ў пэўны момант ён зразумеў, што яму не хапае ведаў, каб мэтанакіравана рыхтаваць мяне да трайнога скачка. Але не разгубіўся і напісаў ліст Вітольду Анатолевічу Крэеру, вядомаму спецыялісту па скачках. Патлумачыў, што ёсць перспектыўны хлопец, якога трэба рыхтаваць, папрасіў парады. Вітольд Анатолевіч даслаў сваю метадычку, па якой мы з трэнерам пачалі шліфаваць трайны скачок. Леанід Уладзіміравіч па драбніцах збіраў інфармацыю аб патройным скачку, вучыўся, цікавіўся. Ён заўсёды вельмі трапятліва і ўважліва да мяне ставіўся. Мае дасягненні ў спорце — гэта ў большай ступені яго заслуга. Што б ні адбывалася — трэнер быў побач. Аднойчы я паглядзеў цікавы дакументальны фільм пра камбайнераў. Да глыбіні душы ўразіла карціна, як яны на сваіх вялізных машынах ноччу пры святле фар збіраюць ураджай. І я загарэўся ідэяй пасля восьмага класа паступаць у сельскагаспадарчы тэхнікум вучыцца на камбайнера, пра што заявіў маці. Не апісаць словамі, колькі ёй з Леанідам Уладзіміравічам прыйшлося прыкласці намаганняў, каб адгаварыць мяне ад гэтай задумы. Так што заслуга майго першага трэнера яшчэ і ў тым, што я рэалізаваў сябе ў спорце, а не ў сельскай гаспадарцы.

— Якое значэнне ў трайным скачку мае псіхалагічны фактар?

— Чалавек, які ўмее кіраваць галавой, можа здзяйсняць неверагодныя рэчы. На шчасце, да Алімпійскіх гульняў я гэты навык набыў. Дапамог Генадзь Дзмітрыевіч Гарбуноў, адзін з найлепшых спартыўных псіхолагаў. Ён навучыў мяне кіраваць сваім мысленнем. Навучыў, як пасля выкананай спробы здымаць напружанне, даваць арганізму магчымасць аднавіцца, а да наступнай спробы зноў вяртацца ў баявы стан. Падчас спаборніцтваў галава працуе зусім інакш, чым у звычайным жыцці. І гэтым станам трэба ўмець кіраваць. У крытычных сітуацыях, калі трэба хутка збірацца і прымаць дакладнае рашэнне, уменне кіраваць галавой аказвалася незаменным.

— Гэта праўда, што за паўгода да Алімпійскіх гульняў вы хацелі заканч-ваць кар'еру? Чаму?

— Вітольд Анатолевіч Крэер сцвярджаў, што трайны скачок далей за 17 метраў падобны да скачка з другога паверха нагамі на асфальт. Трайны скачок — гэта каласальныя нагрузкі на ногі, што нярэдка прыводзіць да траўмаў. Два гады перад Алімпійскімі гульнямі я мучыўся ад болю ў нагах. Кожная тэхнічная трэніроўка была выпрабаваннем. Падчас працы трываў, а калі мышцы астывалі, пачынаўся дзікі боль. У такіх выпадках для таго каб пазбавіцца болю, пойдзеш на што заўгодна. Чаго я толькі не рабіў! Безвынікова. За паўгода да Алімпійскіх гульняў збіраўся пакідаць спорт. Так стаміўся ад болю, што не хацелася нічога. Мне дапамагла ампліпульс-тэрапія — калі на арганізм уздзейнічаюць электрычнымі разрадамі. Але быць увесь час прывязаным да дыспансера было немагчыма. Мой таварыш з тэхнічнай адукацыяй змайстраваў мне самапальны партатыўны апарат, які я ўсюды браў з сабой. Я памятаю тыя адчуванні, калі першы раз скокнуў і не адчуў болі, — невымоўнае шчасце. На Алімпіядзе амерыканцы знялі навучальны фільм, прысвечаны біямеханічнаму аналізу скачкоў. Мае скачкі ў ім гэтак жа раскладзены па элементах і паказаны ў запаволеным рэжыме. Калі мама іх убачыла, сказала толькі адно: «Сынок, табе трэба завязваць». У запаволенай здымцы выдатна відаць, як нагрузка ідзе па ўсіх суставах і мышцах. Відовішча не для слабанервных.

— Сёння шмат гаворыцца аб рэалізацыі спартсменаў пасля заканчэння кар'еры, нямногім удаецца выбудаваць жыццё пасля вялікага спорту. Як вы перажылі гэты перыяд?

— Мая сястра Людміла з дзяцінства марыла аб небе. Яна ўвайшла ў лік першых жанчын Савецкага Саюза, якія атрымалі прафесію пілотаў. Сястра для мяне — прыклад мэтанакіраванасці і ўмення дамагацца свайго. З такой жа ўпэўненасцю і мэтанакіраванасцю я праходзіў шлях спартсмена. А калі спартыўная кар'ера скончылася, аказалася, што канкрэтнай мэты ў мяне больш няма.

Чым займацца, што рабіць — з такімі пытаннямі я пачаў жыццё пасля спорту. Адказаў на іх, прастаяўшы год на рынку на стадыёне «Дынама». Хлопцы, якія там трэніраваліся, падыходзілі і пыталіся, чаму такі заслужаны спартсмен гандлюе адзеннем. Журналісты прама на рынку бралі ў мяне інтэрв'ю. Усе дзівіліся, даведаўшыся, чым я займаюся. Я не бачыў у гэтым нічога ганебнага. Я зарабляў як мог, рабіў тое, што было магчыма, каб пракарміць сям'ю. Але разумеў, што так доўга працягвацца не можа. Дапамагла Марыя Лявонцьеўна Іткіна, якая замовіла за мяне слоўца перад галоўным трэнерам Аляксандрам Рудскім. Пачалася мая трэнерская кар'ера.

— Ігар Алегавіч, а як пачалася ваша праца з паралімпійцамі?

— У 1996 годзе мой сябар Алег Шэпель, калі з'ехаў яго трэнер, папрасіў мяне з ім папрацаваць. Магчыма, калі б гэта нехта іншы, я не пагадзіўся б. Але сябру адмовіць у дапамозе не мог. Працавалі мы нерэгулярна, толькі калі ўзнікала неабходнасць. А ў 2000 годзе перад Гульнямі ў Сіднеі Аксана Сівіцкая першай угаварыла мяне трэніраваць яе грунтоўна. Гэта было няпростае рашэнне. У мяне не было ніякага досведу работы са спартсменам з парушэннямі зроку. Я ўсведамляў, што магу нашкодзіць чалавеку, у якога і так ёсць праблемы са здароўем. «Дзякуй» за гэта мне ніхто не сказаў бы. І самае складанае, што і спытаць не было ў каго. У 1990-я ўзровень развіцця паралімпійскага спорту ў Беларусі быў ніякі. Ніхто не ведаў, як працаваць з інвалідамі. Мы былі своеасаблівымі першаадкрывальнікамі, працавалі метадам спроб і памылак.

— Сёння вы адзін з тых, хто адказвае за развіццё паралімпійскага спорту ў нашай краіне. Адказнасць каласальная...

— Паралімпійцы — самыя стойкія і моцныя людзі. Працуючы з імі побач, сам становішся мацнейшым. Вельмі прыемна, што сёння спорт інвалідаў лічыцца прафесійным спортам. Таму задача РЦАП па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту — развівацца якасна, захоўваючы нашы традыцыі, як бы ні было складана. А цяжкасцяў у спорце інвалідаў дастаткова. Спецыялістаў, якія жадаюць працаваць з такой катэгорыяй спартсменаў, вельмі мала. Асноўная прычына — стэрэатыпнае ўяўленне аб тым, што спорт інвалідаў — гэта не спорт. Многім трэнерам для работы з інвалідамі не хапае ведаў. Адбываецца змена пакаленняў менавіта сярод трэнераў. Цяпер мы вялікія надзеі ўскладаем на Ганну Канюк. Дасведчаная спартсменка арганізавала ў Гродне добрую групу, спадзяюся, і на трэнерскай ніве ў яе ўсё атрымаецца. Мы зацікаўлены ў стварэнні інтэграваных груп, у якіх спартсмены з інваліднасцю маглі б трэніравацца са здаровымі спартсменамі. Арганізацыйна гэта нескладана, асабліва для дэфлімпійцаў і спартсменаў з парушэннямі зроку. Але ўзнікаюць юрыдычныя складанасці, якія не дазваляюць арганізаваць такія групы.

— Ігар Алегавіч, як на ваш погляд, на форму спартсменаў паўплывае год адхілення ад міжнародных стартаў?

— Спаборніцкі каляндар у інвалідаў ніколі не быў такім насычаным, як у здаровых спартсменаў. У колькасці спаборніцтваў нашы спартсмены не страцілі. Змяніць сітуацыю мы ніяк не можам. Значыць, раз мы гаворым аб прафесіяналізме, трэба гэты адрэзак часу правесці так, каб, калі нас дапусцяць да спаборніцтваў, мы змаглі заваяваць там усе магчымыя медалі. Трэнеры і спартсмены так і працуюць. Мы ўдзельнічаем у турнірах у Расіі, нашы старты маюць адкрыты характар. А калі людзі, якія прымаюць рашэнні аб нядопуску паралімпійцаў на спаборніцтвы, забыліся, з якой катэгорыяй спартсменаў працуюць, — мне іх шкада. Прымаць такія рашэнні ў адносінах да інвалідаў — гэта прыніжэнне сябе ў першую чаргу. Рана ці позна крызіс скончыцца. І мы пакажам, на што здольныя, як рабілі гэта не раз.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.