Вы тут

Прайшоў творчы вечар Навума Гальпяровіча «Застаюцца песня і Радзіма»


Дзве новыя кнігі — годная падстава для сустрэчы з пісьменнікам. А ў Навума Гальпяровіча нядаўна выйшаў зборнік паэзіі «Ветразь лёсу» і кніга «Горад», напісаная прозай, але з пачуццямі ўзнёслымі і пранікнёнымі, што звычайна звязваюцца з паэзіяй. Так і бывае, калі проза напісаная паэтам. І калі гаворыцца ў ёй пра тое, што аўтар шчыра любіць. А любіць ён Полацк і пісаць.


Фота са старонкі музея ў фэйсбуку.

«Горад» — гэта свайго роду кніга ўдзячнасці мясцінам і людзям, якія здольныя не проста зрабіць жыццё больш цікавым і насычаным, а могуць вызначыць далейшы шлях і наогул паўплываць на лёс. Як гэта адбываецца? Цуд ці магія, закладзеная ў словы? Гарачае жаданне і непахіснае імкненне, калі часам трэба ісці наперакор, выбіраючы будучыню? Альбо сапраўды пашчасціла? Пра гэта аўтар і яго госці разважалі падчас вечарыны. Новенькія кнігі ляжалі побач, а цэлыя карціны з іх ажывалі перад вачыма, дзякуючы аповеду. Пра тое, як у дзяцінстве хацелася прыдумаць новую канцоўку для кніг, каб любімыя героі не пацярпелі. Пра тое, як першыя дзіцячыя вершы адмовіліся друкаваць у газетах «Зорка» ды «Піянер Беларусі». Адказ з «Зоркі» прыйшоў за подпісам вядомага на той час пісьменніка Міхаіла Герчыка. Ну, калі такія асобы пішуць... Далей Навум Якаўлевіч пра пісьменніцтва не марыў. Пакуль мама не прапанавала сыну-падлетку запрашальныя білеты ў Дом афіцэраў, куды прыехалі пісьменнікі — удзельнікі дэкады савецкай літаратуры ў Беларусі. Тады ён убачыў Петруся Броўку, Пімена Панчанку, Міхаіла Свярдлова. І дагэтуль згадвае ўражанне ад той сустрэчы: быццам бы гэта не людзі былі, а богі. З таго часу ён лічыў пісьменнікаў людзьмі найвышэйшага статусу. А любое пісьменніцкае слова было важным для яго.

— ...Калі пазнаёміўся з тымі літаратарамі, то ўбачыў і тое, што мне падалося самым важным — Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, — згадвае Навум Гальпяровіч. — А ў нашай маладосці быў яшчэ вядомы паэт Андрэй Вазнясенскі — прыклад таго, як можна знаходзіць яркія вобразы. У яго выйшла кніга «Ахілесава сэрца», якую немагчыма было купіць. Але выпадкова ў «Ванкнізе» ў Полацку завалялася гэтая кніжачка... Купілі яе на трох сяброў і вывучылі напамяць. Бо гэта было настолькі далёка ад таго, што мы чыталі ў школе... Для мяне была вельмі памятнай маленькая кніжачка Міхася Стральцова «Адзін лапаць, адзін чунь». Ён выступаў у Полацку, я падышоў да Міхася Лявонавіча — яны з Рыгорам Барадуліным тады першы раз былі ў Полацку...

— Усе вашы апавяданні месцяць у сабе незвычайную інтрыгу, якая можа быць, на першы погляд, нябачная, але калі ўчытацца, то можна многа для сябе адкрыць, — адзначыў Алег Аляксандравіч Вінярскі, які чытаў словы пісьменніка для чытачоў. Зрэшты, нешта трэба і пакінуць для ўласнага чытання: кнігі ёсць у продажы. А чытаць варта, бо гэта як паразмаўляць з выдатнымі цудоўнымі асобамі, пра якіх успамінае аўтар, які і сам з’яўляецца ўшанаванай асобай. І таму, што беларуская мова, якую трэба ўдасканальваць (ці засвойваць), і таму, што ў кожнага ёсць свой горад, дзе калісьці ўсё пачыналася.

У жыцці чалавека бывае многа гарадоў, кожны з якіх варты захаплення. Але родны — адзін. Той самы, дзе нараджаўся і як чалавек, і як асоба. Дзе дрэвы шапочуць паданні, а людзі ўмеюць прыслухоўвацца і разумеюць. Дзе россып іскрынак творчасці дае штуршок для багатай культурнай нівы. Дзе заўсёды знойдуцца цікавыя гісторыі, якія хочацца распавесці людзям, каб адчулі цяпло роднага дома, нават, калі ён застаўся на адлегласці ў часе і прасторы.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.