Вы тут

У Мінску адкрылі экспазіцыю, прысвечаную Мікалаю Чаргінцу


У СШ N 76 у Савецкім раёне сталіцы адкрылася музейная экспазіцыя, прысвечаная жыццёваму шляху народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца.


Не дужа вялікая па колькасці навучэнцаў школа ўражвае шматаблічнасцю сваіх грамадскіх, выхаваўчых, патрыятычных ініцыятыў. Усё гэта навідавоку — і ў афармленні навучальнай установы, кожнага з яе класаў. Нераўнадушныя людзі, якія працуюць тут, у калектыве на чале з дырэктарам Аленай Васільеўнай Паланевіч, здольны перадаць сваё нераўнадушша і вучням. Гэта было відаць і ў час выдатна арганізаванага свята ў сувязі з адкрыццём музейнай экспазіцыі ў гонар вядомага грамадскага і паліытчнага дзеяча, вядомага пісьменніка Мікалая Іванавіча Чаргінца. 

Чаму менавіта ў СШ N 76?.. Пра гэта сказаў на адкрыцці кіраўнік Адміністрацыі Савецкага раёна горада Мінска Сяргей Хільман: «Мікалай Іванавіч Чаргінец — наш сапраўдны сябра, наш таварыш. Яго жыццёвыя, прафесійныя як супрацоўніка праваахоўных органаў сцежкі-дарожкі пачыналіся тут, на тэрыторыі раёна, непадалёку нават ад самой школы... Цяжка ўявіць, што ў адной асобе могуць спалучыцца міліцыянер, таленавіты, вельмі прадуктыўны аператыўнік крымінальнага вышуку, яркі спартсмен, пра чые футбольныя здзяйсненні памятаюць нават і зараз, праз многія гады пасля таго, як Мікалай Іванавіч завяршыў спартыўную кар’еру. А яшчэ палітык, парламентарый, а яшчэ ж пісьменнік, аўтар мноства прыгодніцкіх, дэтэктыўных і ваенных раманаў!..» У музейнай экспазіцыі, над якой душою і сэрцам, усімі сваімі талентамі шчыраваў найперш старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Уладзімір ШОКАЎ, усё гэта, канешне ж, знайшло адлюстраванне. Красамоўнымі артэфактамі для ўдзельнікаў цырымоніі адкрыцця, першых наведвальнікаў новай музейнай прасторы, сталі арыгінальныя дакументы, кнігі Мікалая Чаргінца з аўтографамі, мноства фотаздымкаў... 

Трэба было бачыць, з якой цікавасцю разглядалі стэнды, вітрыны хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты... Магчыма, у гэтыя хвіліны яны думалі не толькі пра масштаб героя, з якім пазнаёміліся непасрэдна, бо Мікалай Іванавіч і сам удзельнічаў у адкрыцці экспазіцыі, а яшчэ асэнсоўвалі яго жыццёвы шлях, разважалі пра свой уласны заўтрашні прафесійны выбар. Масштаб такой асобы, як Чаргінец, — гэта сапраўды узор, прыклад , як развіваць сябе, як увасобіць у адным жыцці многія мары і памкненні. 

На адкрыцці экспазіцыі выступіў і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. Падзякаваўшы і школу, і Савецкі раён за такую прыкметную ідэю ў справе патрыятычнага выхавання школьнікаў, моладзі, ён пажадаў таго, каб з экспазіцыі — дарэчы, вельмі ўзроўневай і з пункту гледажння музейнай справы, — вырас, сфарміраваўся музей, куды заўсёды будуць прыходзіць і ў святы, і ў будзённыя дні, куды не сорамна будзе запрасіць самых высокіх і жаданых гасцей.

Дарэчы, удзел у святочным мерапрыемстве прымалі і многія калегі Мікалая Чаргінца па працы ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, — першы намеснік старшыні СПБ празаік, дзіцячы пісьменнік Алена Стэльмах, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт і перакладчык Міхась Пазнякоў, паэт Анатоль Аўруцін, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка... 

Ініцыятыва, якая стала з’явай у перадсвяточныя дні, — прыклад і для іншых рэгіёнаў краіны. У адным музейным пакоі сыйшліся памяць пра тое, што нашы землякі выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, і сучаснасць і гісторыя беларускай літаратуры (народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец выдаў сваю першую кнігу «Чацвёрты след» у 1973 годзе, лічы, паўстагоддзя назад!)... Магчыма, складнікам патрыятычнага выхавання сённяшняй моладзі, наступных пакаленняў юных грамадзян Айчыны стануць новыя музеі ў знак памяці народных пісьменнікаў Беларусі — Івана Чыгрынава, Івана Навуменкі, Івана Мележа, раманы, аповесці якіх — залаты фонд нашай культуры. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.