Вы тут

Азеляненне ў горадзе не спрынт, а марафон


Чырвоны, зялёны, сіні... У Гомелі не першы год можна заўважыць, як «мову» колераў калочкаў, што падтрымліваюць маладыя дрэўцы, «счытваюць» гарадскія службы азелянення. Колеры апор кажуць пра тэрміны пасадкі дрэў, дапамагаюць у кантролі па меры сталення саджанцаў. Нюансы «кухні» стварэння гарадскіх зялёных зон «Звязда» папрасіла раскрыць галоўнага спецыяліста садова-паркавай гаспадаркі вучастка добраўпарадкавання гомельскага прадпрыемства «Кірмаш» Марыю Каўшараву. Прафесійны азеляніцель падзялілася і эмоцыямі, якія перапаўняюць падчас гарадской «пасяўной». Атрымаўся «плэй-ліст» рытмаў зялёнага асяроддзя.


Калі пра цябе?

— Спецыялістаў па азеляненні часам жартам называюць «зялёненькія». Я смяюся і кажу: «дзякуй, што не сіненькія». Увогуле гарадскія азеляніцелі — філосафы-эмпаты. Як медыкі ці настаўнікі самазабыўна аддаюць усяго сябе падапечным, як спартсмены, праз надрыў і сто патоў не сыходзяць з «дыстанцыі» сваёй глабальнай задачы. Сярод калег усё — многастаночнікі. Нельга весці толькі кветкі ці дрэвы, ці кусты. Нельга і працоўны працэс паставіць на «стоп» і сказаць: «Прабачце, я захварэў, узяў адпачынак, вы мяне пачакайце тыдзень». Расліны — не плітка, не асфальт, яны жывыя. Азеляненне — гэта заўсёды пра павышаную адказнасць. Актыўная фаза працы для нас — люты-красавік: закупка, пасадка расады, калі гэта кветкі, пасадка ў грунт. Да Дня Перамогі звычайна ўжо цалкам афармляем вулічныя кветнікі. У гэтым годзе, напрыклад, на сваім прадпрыемстве праводзіла эксперымент: паспрабавала, ці зможам сваімі сіламі выгадаваць пасадачны матэрыял. Пачала з кветак, якія зможам выкарыстаць пры азеляненні тэрыторый сацыяльных аб’ектаў.

Калі зайздросціш сам сабе?

— Гомель — вельмі зялёны. Ганаруся, што у горадзе атрымалася захаваць дастаткова шмат прыгожых дарослых дрэў. На жаль, іх колькасць памяншаецца па натуральных прычынах. Але мы імкнёмся трымаць іх на кантролі. У Гомелі ёсць фірменныя зялёныя зоны, якія адрозніваюць кожны раён горада. Цэнтр — гэта вельмі эфектнае вертыкальнае кантэйнернае азеляненне. У Савецкім раёне, маё любімае месца — разваротнае кола, дзе захаваны яблыні старога саду, ёсць новыя насаджэнні, малыя архітэктурныя формы і знакамітыя «каменныя» яблыкі. Зялёнае багацце Гомеля — вядома, парк палацава-паркавага ансамбля. Калегі з парку ўкладаюць шмат сіл для захавання рэліктавых дрэў. Дарэчы, у нашым абласным цэнтры сярод азеляніцеляў ёсць сваё зялёнае «братэрства», калі можна так назваць. Згуртаванасць асабліва заўважная, калі ўзнікаюць нейкія праблемы: дзелімся досведам, дапамагаем парадамі. Для мяне асаблівы свет — гомельскі парк Фестывальны. Гэта цікавы аб’ект з-за структуры азелянення. Тут вырашана шмат разнапланавых задач. Спалучаюцца зялёныя зоны вакол царквы Архістратыга Міхаіла, трох вышэйшых навучальных устаноў, тэрыторыі мемарыяльнага комплексу — Кургана Славы і памятнага знака — рэальнага самалёта-бамбардзіроўшчыка Су-24М, зоны вакол стадыёна і кортаў. Вельмі цікава, што на гэтым участку шмат зон актыўнасцей для сем’яў, ёсць вадаём, захаваны хваёвы масіў. Месца цікавае тым, што прырода шчыльна пераплецена з вельмі рухомым гарадскім асяроддзем.

Калі настроены на вынік?

— Калі ўсё ідзе па плане, штогод у горадзе працягваюць закладваць новыя кветнікі, алеі, скверы. У апошнія гады шмат увагі надаецца сістэмнаму азеляненню тэрыторый камунальных зон, школ, бальніц, паліклінік, стварэнню малых архітэктурных формаў, падвесных садоў, жывых агароджаў і лабірынтаў. У гарадскім азеляненні ўжываем кветкі, якія лёгка пераносяць пераўвільгатненне і перасыханне глебы. Любімчыкі — пятуніі, аксаміткі, лабелія, алісум. У горадзе выжывае наймацнейшы. Нават не ў падвесным кашпо, а проста на клумбе расліны ўлетку адчуваюць вялікі стрэс ад перагрэтага асфальту. А вось дрэвы, якія растуць уздоўж дарог, акрамя тэмпературнага стрэсу пакутуюць ад уплыву шкодных выкідаў: назапашваюць у сваёй кроне свінец, ртуць, фтор, хлор, серу, жалеза... Іх максімальная канцэнтрацыя і прыводзіць да гібелі. Дрэвы гінуць і з-за сталасці. Сярод самых трывалых ва ўмовах горада — таполя, бяроза і клён. Штогод толькі сіламі нашага прадпрыемства Гомель азеляняецца больш чым пяццю сотнямі дрэў. Звычайна гэта клёны, ліпы, ясені, вербы. У азеляненні горада добра паказваюць сябе і дэкаратыўныя пладовыя дрэвы. З дзяцінства на ўсё жыццё запомніла яблыневыя сады ў Сельмашаўскім мікрараёне Гомеля. Мінулай восенню высаджвала таксама на тэрыторыі школ горада маленькія пладовыя сады. Былі арганізаваныя суботнікі: дзеці і бацькі дапамагалі вельмі актыўна. Вядома, было б добра узнавіць традыцыю і пры кожнай школе пасадзіць яблыневы сад. Яшчэ адна настальгія гамяльчан — багатыя алеі каштанаў. Летась ў Гомелі спрабавалі аднавіць пасадкі гэтых любімых гараджанамі дрэў. Яны добра прыжыліся, але сталі кропкава ўсыхаць. Так што гэтая ідэя на дапрацоўку.

Калі сэрца баліць, а калі спявае?

— Балюча глядзець, калі людзі з коранем вырываюць кветкі з клумбы. Здаралася бачыць, як прахожы ў дрэнным настроі спакойна праходзіць міма маладога дрэўца і з усёй сілы выдзірае падпорны калок з зямлі. Ён прывязаны да саджанца, і расліна можа загінуць. Дарэчы, у горадзе важна захоўваць «прафілактыку» бяспекі пасадак. Так, дарагія праекты азелянення выконваем у месцах ажыўленага руху і там, дзе вядзецца відэаназіранне. І ўсё ж адзначу, што культура беражлівага стаўлення да гарадскога зялёнага асяроддзя ў гамяльчан з кожным годам усё лепей. У спякотны сезон, напрыклад, людзі з задавальненнем дапамагаюць паліваць дрэўцы, сігналізуюць, калі высыхае маладая расліна. Спявае ж душа, калі завяршаеш цікавы праект. Адзін з нядаўніх — кардынальнае пераўтварэнне вялікай гарадской клумбы каля Давыдаўскага рынку на праспекце Рэчыцкім. Тут туі і ядловец адцяніла рознымі шматгадовымі раслінамі — лавандай, юкай, чаборам. А яшчэ душа спявае, калі расце ўсё тое, што ўжо пасаджана. Азеляненне ў горадзе — гэта не спрынт, а доўгі марафон. Мая мара і пажаданне для ўсіх калегаў: каб прыжываліся і развіваліся расліны, якія мы высаджваем.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні і адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.