Вы тут

Весляры і дзюдаісты вяртаюцца на міжнародныя каналы і татамі


У традыцыйным спартыўным аглядзе расказваем самыя важныя навіны.


Фота з адкрытых крыніц

Навіны тыдня. Міжнародная федэрацыя каноэ (ІCF) вырашыла дапусціць беларускіх і расійскіх весляроў да ўдзелу ў спаборніцтвах у нейтральным статуце. Рашэнне аб вяртанні спартсменаў з Беларусі і Расіі было прынята пасля кансультацый з міжнароднай супольнасцю. Для разгляду ўсіх заявак ад расійскіх і беларускіх спартсменаў, якія жадаюць удзельнічаць у турнірах у якасці нейтральных атлетаў, будзе створана незалежная камісія.

Беларусаў і расіян да ўдзелу ў міжнародных турнірах дапусціла і Міжнародная федэрацыя дзюдо (ІJF). «Выканаўчы камітэт ІJF прыняў рашэнне дазволіць спартсменам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай федэрацыі ў якасці нейтральных спартсменаў. Выканкам прыцягне незалежную кампанію для праверкі ўсіх атлетаў гэтых дзвюх краін, чые заяўкі будуць пададзены для ўдзелу ў міжнародных турнірах. Толькі тыя спартсмены і персанал, якія паспяхова пройдуць гэтую праверку, будуць разглядацца для ўдзелу ў спаборніцтвах ІJF», — гаворыцца ў заяве арганізацыі. Такім чынам, беларускія і расійскія дзюдаісты змогуць выступіць на чэмпіянаце свету, які пройдзе ў сталіцы Катара горадзе Доха з 7 да 14 мая.

Каманда тыдня. Вырашылася галоўная інтрыга ХХХІ Нацыянальнага першынства сярод жаночых каманд. Шосты раз галоўны трафей выйгралі баскетбалісткі БК «Гарызонт» (Мінская вобласць). З лікам 3:0 у «залатой» серыі падапечныя Наталлі Трафімавай перамаглі гродзенскую «Алімпію» (галоўны трэнер — Вікторыя Дацун), якая заваявала сярэбраныя медалі турніру. Вырашальны матч скончыўся з вынікам 70:66. Бронзавым прызёрам першынства стала каманда «МІНСК» (галоўны трэнер — Андрэй Ваўлеў). Ад імя Беларускай федэрацыі баскетбола былі ўручаны і спецыяльныя ўзнагароды найлепшым гульцам чэмпіянату. Найлепшым абаронцам прызнана Юлія Васілевіч (БК «Гарызонт»), найлепшай нападаючай — Кацярына Карпук («МІНСК»), найлепшай цэнтравой — Анастасія Верамеенка (БК «Гарызонт»). Найлепшай маладой баскетбалісткай стала Паліна Дамянюк («Алімпія»). Прыз глядацкіх сімпатый атрымала Кацярына Новік («Алімпія»). А MVP турніру стала Анастасія Верамеенка (БК «Гарызонт»).

Гераіні тыдня. На базе «G-Drіve Арэны» ў Омску завяршыўся другі Міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы імя двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі Яўгеніі Канаевай Evgenіya Cup. Лідар беларускай каманды Аліна Гарнасько заваявала ўзнагароды ў кожным фінале асобных відаў праграмы. Яна перамагла ў практыкаваннях з абручом і стужкай, а таксама заваявала бронзавыя медалі ў праграмах з мячом і булавамі. Аліна стала пераможцай у мнагабор’і. Яшчэ адна беларуска Лізавета Зоркіна стала сярэбраным прызёрам у практыкаваннях з мячом і булавамі і ў мнагабор’і.

У спаборніцтвах спартсменак, не старэйшых за 15 гадоў, поўны камплект узнагарод сабрала беларуска Ніколь Кеўляк: «золата» — у практыкаванні са стужкай, «серабро» — у праграме з мячом і па «бронзе» — у выступленнях з абручом і булавамі. Ніколь Кеўляк заваявала бронзавы медаль у мнагабор’і. Усяго ў турніры Evgenіya Cup у Омску прынялі ўдзел больш за 200 грацый з Расіі, Беларусі, Кубы, Кыргызстана, Узбекістана, Казахстана і Арменіі.

Герой тыдня. Беларускі гулец Ігар Міхальчанка стаў чэмпіёнам Еўропы па шашках-64 у вокамгненнай праграме. Спаборніцтвы сярод мужчын і жанчын прайшлі ў Аланьі (Турцыя). Яшчэ адзін беларус Арцём Ціханаў стаў бронзавым прызёрам.

Цырымонія тыдня. У Мінску прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў чэмпіянату Беларусі па хакеі сезона-2022/2023. Узнагарода «За адданасць хакею» другі год запар дасталася Аляксандру Жыдкіх, гульцу салігорскага «Шахцёра», які ў мінулым сезоне пераадолеў мяжу ў 1000 матчаў у рэгулярных чэмпіянатах. Прыз імя Яўгена Анкуды, што прысуджаецца функцыянеру, які ўнёс самы значны ўклад у поспех сваёй каманды, таксама другі раз атрымаў Анатоль Варывончык з «Нёмана». Узнагарода за ўклад у развіццё хакея дасталася генеральнаму дырэктару Беларускага металургічнага завода Дзмітрыю Корчыку. Найлепшым арбітрам сезона быў названы Віктар Пляц. Статуэтку найлепшага галкіпера года забраў гулец «Металурга» Аляксандр Самойлаў. Яго партнёр па камандзе Арцём Волчанкаў быў названы найлепшым абаронцам. Званне найлепшага снайпера экстралігі падзялілі Міхаіл Стэфановіч з «Шахцёра» і Вячаслаў Іпатаў з «Нёмана». Найлепшым бамбардзірам прызнаны форвард гродзенскага клуба Вячаслаў Андрушчанка. Узнагарода як найлепшаму маладому гульцу была прысуджана 17-гадоваму форварду «Юнацтва» Арсенію Каўгарэню, а капітан сталічнага клуба Андрэй Антонаў трэці раз запар стаў уладальнікам прыза імя Руслана Салея за лідарскія якасці. Кубак імя Уладзіміра Навумава найлепшаму трэнеру года выйграў настаўнік гродзенскага «Нёмана» Яўген Летаў. Найлепшым хакеістам экстралігі ў сезоне-2022/2023 прызнаны Мікіта Рэмезаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.