Вы тут

Палярнае ззянне… над агародам


Паспрачалася нядаўна з адным знаёмым, як высветлілася, чытачом не толькі маёй калонкі, але і некаторых іншых матэрыялаў. Ён уважліва прачытаў тэкст пра тое, што мясцовая ўлада прадае нічыйныя хаты нават за адну базавую. Па натуры чалавек азартны, загарэўся ідэяй набыць такую хаціну. Паводле яго слоў, агарод яго не цікавіць, таму раней не задумваўся на тэму лецішча, а вось на пікнічок з'ездзіць летам было б самае тое. Апошнія гады часцяком выязджаюць з сябрамі, з сям'ёй у лес, але ж калі будзе магчымасць пераначаваць — гэта ж іншы ўзровень.


Фота: БелТА.

Пашукаўшы варыянт у Адзіным рэестры пустых дамоў, нават не паленаваўся наведаць пару сельсаветаў у радыусе паўсотні кіламетраў ад абласнога цэнтра. Як выглядае, нічога цікавага для сябе не знайшоў, калі прадаюцца, то альбо праз аўкцыён, альбо зусім разваліны. «А што ж ты хацеў, даражэнькі, — кажу, — сэканоміўшы на трох абедах, купіць такую хату, што адразу, як той казаў, заходзь і жыві?» Паводле яго слоў, адна базавая — гэта, хутчэй, прынадка, выраб дакументаў ды іншыя фармальнасці пацягнуць у суме на паўтысячы рублёў.

— Ну і што? І гэта не цана для хаты. Я сваю не за адну, не за дзесяць базавых, нават не за сто, а за значна большую суму купіла. Яшчэ і ўкладваць пэўныя сродкі давялося, каб можна было прыязджаць і адпачываць адносна камфортна. А цяпер вось падумваю пра ацяпленне, каналізацыю, іншыя выгоды ў доме. Хата ўвесь час вымагае расходаў, — тлумачу даросламу чалавеку, гараджаніну ў трэцім пакаленні, простыя рэчы.

Не ведаю, ці пераканала, але мой суразмоўнік уважліва слухаў. А яшчэ я расказвала, як стала запісваць у адмысловы сшытак, калі ўпершыню начавалі ў доме пасля зімы, калі зацвіла чаромха побач з суседавым агародам, калі прыляцеў наш бусел. Цікава ж параўноўваць, звяраць падзеі кожны год.

Сёлета бусел спазніўся. Летась 28 сакавіка ўжо папраўляў сваё гняздо, а цяпер 8 красавіка мы з суседзямі абмеркавалі сітуацыю, чаму затрымліваецца наш птах з белымі крыламі, і я пайшла дакопваць клумбу пад гладыёлусы. Ды раптам чую такі гук: «У-ух-ух». А гэта буслік, зрабіўшы нават менш чым паўкруга, апусціўся ў гняздо. Я адразу паклікала суседку Наталлю, і мы ў адзін голас павіталіся з ім, нібы з чалавекам. А ён сядзеў гадзіны паўтары амаль нерухома ў гняздзе: яно і зразумела, пасля пералёту ў некалькі тысяч кіламетраў адразу ў работу не кінешся. А ўвечары руплівец ужо стаў насіць галіны дрэў, траву, мох і ладзіць гняздо, чакаць сваю сяброўку. Яна прылятае звычайна праз некалькі дзён. І наш сусед не прамінае жартаўліва-з'едліва заўважыць: «Во ляля, на ўсё гатовае прыляціць і сядзе, хоць бы адну галінку прыхапіла, памагла ў рамонце». Такі ўжо ў іх парадак, відаць, што галава птушынай сям'і займаецца рамонтам жылля, а яна адкладвае яйкі і выседжвае птушанят. Галоўнае, што ў іх усё ідзе сваім парадкам, і ранкам прыемна прачынацца пад гук характэрнага буслінага шчоўкання.

А тыдзень таму загаманілі зязюлі: спачатку адна — нясмела, нібы спрабуючы голас, а ў гэтыя выхадныя ўжо з усіх бакоў ёй адгукаліся птушкі, якіх параўноўваюць з дрэннымі маці, бо не выседжваюць малых, а падкідваюць яйкі ў гнёзды іншым. Пакуль яшчэ асаблівага цяпла не было, таму вялікіх птушыных канцэртаў не адбывалася, ды ўжо зусім хутка, спадзяюся, пачуем і салаўёў.

А вось у пачатку мінулага тыдня ў нашай мясцовасці назіралі цуд, які бывае ў тутэйшых шыротах раз на многія дзесяцігоддзі. У ваколіцах Брэста ў ноч на 24 красавіка здарылася палярнае ззянне. Напярэдадні, па-мойму, і не пісалі нідзе, што такое будзе. Ды я, шчыра кажучы, напрацаваўшыся, і не зазірала тым вечарам у інтэрнэт. Праўда, гадзін у дзесяць вечара звярнула ўвагу на незвычайнае зорнае неба, такога раней не бачыла: зорак было як насыпана, а побач з месяцам здзівіла надта ўжо вялікая зорка. Як высветлілася пазней, гэта была не зусім зорка, гэта была Венера. Зранку з'явіліся здымкі ў інтэрнэце: неверагоднай прыгажосці карцінкі начнога святла. Воўчынскі касцёл, Скокаўскі палац у палярным ззянні выглядалі непрывычна загадкава. Да Воўчынскага касцёла ад маёй хаты — напрасткі кіламетраў пяць. Было крыху крыўдна, што мне не ўдалося ўбачыць самы пік гэтай унікальнай з'явы, толькі яе пачатак. Але ж дакладна ў горадзе такога і блізка не ўбачыш. А тут за дзівосамі і цудамі можна назіраць з уласнага агарода. Вось пра гэта я і расказала знаёмаму. Па-мойму, ён задумаўся.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.