Вы тут

Імунны купал. Якія новыя прышчэпкі могуць стаць даступнымі ў Беларусі?


Як пандэмія СОVІD-19 паўплывала на ўзровень вакцынацыі насельніцтва ў Беларусі і ў свеце? Ці ўказвае яе агульнае зніжэнне на магчымасць вяртання такіх небяспечных хвароб, як адзёр, краснуха, паратыт? Ад якіх хвароб абавязкова мусяць прышчапляцца дарослыя? Якія новыя прышчэпкі спецыялісты прапануюць унесці ў нацыянальны каляндар вакцынацыі? Пра гэта і іншае падчас Еўрапейскага тыдня імунізацыі расказалі спецыялісты.


97-98 % беларусаў прышчэплена ад асноўных інфекцый

Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2021 годзе 25 мільёнаў дзяцей у свеце прапусцілі прынамсі адну асноўную вакцынацыю, а 18 мільёнаў непаўналетніх увогуле не былі вакцынаваны. У Еўрапейскім рэгіёне таксама многія дзеці не атрымлівалі прышчэпкі ў адпаведнасці з нацыянальнымі календарамі. З пачатку пандэміі СОVІD-19 каля 1,2 мільёна прапусціла вакцынацыю супраць адру, паратыту, краснухі. У прыватнасці, адзёр асабліва небяспечны для дзяцей малодшага ўзросту і ў Еўропе колькасць яго выпадкаў расце.

Пры гэтым ёсць і поспехі барацьбы з асабліва небяспечнымі хваробамі. Як расказаў прадстаўнік СААЗ у Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік краінавага офіса СААЗ у Беларусі Сяргей Дыёрдзіца, з 2002 года ў Еўропе няма поліяміеліту, колькасць выпадкаў краснухі скарацілася з 622 тысяч у 2000-м да 77 выпадкаў у 2021-м. Колькасць выпадкаў слупняку знізілася з 412 да 43, коклюшу — з 53,6 тысячы да дзвюх тысяч, эпідэмічнага паратыту — з 243 тысяч да 3,4 тысячы.

— Беларусі таксама ёсць чым ганарыцца. Пераважная частка груп насельніцтва — 97-98 % — ахоплена вакцынацыяй ад асноўных інфекцый, якія можна папярэдзіць, — адзначыў Сяргей Дыёрдзіца. — Нядаўна міністру аховы здароўя быў уручаны сертыфікат СААЗ аб дасягненні рэгіянальных мэтавых паказчыкаў у барацьбе з гепатытам В шляхам імунізацыі. Яшчэ ў 2010 годзе гепатыт В аказаўся ў дзясятцы хвароб — лідараў па колькасці смяротных выпадкаў. Нягледзячы на наяўнасць эфектыўнай і бяспечнай вакцыны, у 2019 годзе ў свеце памерла 820 чалавек — галоўным чынам ад цырозу печані і гепатацэлюлярных карцыном. На гэтым фоне работа беларускай сістэмы аховы здароўя выглядае добра. З 2002 года доля вострых формаў гепатыту скарацілася ў восем разоў. А 95 % выпадкаў, якія выяўляюцца, складаюць хранічныя і латэнтныя формы, што падтрымліваюць цыркуляцыю ў папуляцыі, у той час як з'яўленне новых выпадкаў, асабліва сярод тых, хто атрымаў вакцыну ў дзіцячым узросце, практычна спынена.

Пры гэтым прадстаўнік СААЗ падкрэсліў, што ёсць кірункі вакцынацыі, над якімі давядзецца працаваць. У прыватнасці, над укараненнем у нацыянальны каляндар вакцынацыі ад віруса папіломы чалавека.

— Вакцынацыя дзяўчат значна зніжае рызыку развіцця раку шыйкі маткі ў больш познім узросце. У Вялікабрытаніі, якая адна з першых укараніла такую прышчэпку, амаль ліквідаваны рак шыйкі маткі ў жанчын, што нарадзіліся пасля верасня 1995 года. Сёння ў 45 краінах еўрапейскага рэгіёна вакцынацыя супраць віруса папіломы чалавека даступная для ўсіх дзяўчынак ва ўзросце 9-14 гадоў, а ў 20 краінах такую вакцынацыю прапануюць і для хлопчыкаў.

Прыхільнасць да вакцынацыі вырасла

Як адзначыла загадчыца цэнтра вакцынапрафілактыкі Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Аксана Таранава, у Беларусі створаны ўсе ўмовы для забеспячэння бяспечнай і эфектыўнай вакцынацыі і бесперабойнага забеспячэння імуналагічнымі прэпаратамі ў рамках нацыянальнага календара. Вакцынацыя праводзіцца супраць 12 інфекцыйных хвароб: туберкулёзу, віруснага гепатыту В, дыфтэрыі, слупняку, коклюшнай інфекцыі, адру, эпідэмічнага паратыту, краснухі, грыпу, групам рызыкі — супраць гемафільнай і пнеўмакокавай інфекцыі. Робяцца прышчэпкі і па эпідэмічных паказаннях: прафесійным групам рызыкі, насельніцтву, якое пражывае на тэрыторыях з высокай рызыкай развіцця прыродна-асяродкавых інфекцый, кантактам у эпідэмічных ачагах, асобам, якія выязджаюць на тэрыторыі, неспрыяльныя па жоўтай ліхаманцы. Па жаданні можна прышчапіцца ад пнеўмакокавай і менінгакокавай інфекцый, ветраной воспы, віруснага кляшчовага энцэфаліту.

— Прыхільнасць да правядзення прафілактычных прышчэпак вырасла, калі зыходзіць з агульнай колькасці асоб, якія звяртаюцца ў гарадскі цэнтр вакцынапрафілактыкі, — падзялілася меркаваннем спецыяліст. — Часта да нас сталі звяртацца пацыенты, у якіх, акрамя алергіі, маюцца хваробы нервовай сістэмы, людзі з цяжкімі імунадэфіцытнымі станамі, са злаякаснымі новаўтварэннямі, з лейкозамі, дзеці і дарослыя, якім зроблена перасадка касцявога мозгу, печані, нырак, дзеці з кардыяпаталогіяй. У постпрышчэпачным перыядзе розніцы паміж гэтымі групамі асоб і здаровымі людзьмі мы не выяўляем. Ніякіх сур'ёзных пабочных рэакцый не назіраецца. Хранічная паталогія не з'яўляецца супрацьпаказаннем ад прышчэпак.

Што прапануюць унесці ў нацыянальны каляндар?

Падрыхтавана абгрунтаванне ўкаранення ў нацыянальны каляндар вакцынацыі супраць пнеўмакока, расказала загадчыца кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар Ганна Ключарава. Акрамя таго, на парадку дня абгрунтаванне і вывучэнне магчымасцяў уключэння прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека. А гэтае захворванне, між іншым, стаіць на чацвёртым месцы ў структуры смяротнасці ад анкалагічных хвароб сярод жанчын ва ўсім свеце.

— Магу згадаць вялікую колькасць захворванняў, якіх магло б не быць. Напрыклад, слупняк некалькі гадоў таму ў непрышчэпленай дзяўчынкі, «дзякуючы» адносінам да вакцынацыі бацькоў. Дзіця на фоне сутаргаў атрымала вывіх пазванка, і тое, што яна засталася жывая і без неўралагічных наступстваў, — цуд, які зрабілі ў бальніцы ўрачы. Дыфтэрыя, якая «пераязджала» з Расіі ў тыя гады, калі быў пад'ём захваральнасці. На гэтым фоне ў дзяўчынкі развіўся востры міякардыт, яе не ўдалося выратаваць, хоць усю ноч працавалі кардыяхірургі. Можна згадаць выпадак адру, калі маці сказала, што калі б яна ведала, як цяжка на яго хварэюць, то не толькі б сваіх дзяцей прышчапіла, а і ўсіх бы агітавала за прышчэпкі. Вакцынацыю не заменіць нішто, гэта адно з галоўных дасягненняў медыцынскай навукі, — рэзюмавала Ганна Ключарава.

Больш за 70 % беларусаў прышчэплена ад СОVІD-19

У 2022 годзе, як і ў папярэднія гады, узровень прафілактычных прышчэпак па ўсіх пазіцыях нацыянальнага календара быў не ніжэйшы за 97 %. Як адзначыў загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, прадстаўнік ЮНІСЕФ Кірыл Ігнатаў, нават у пандэмійныя гады ў Беларусі не дапушчана зніжэння ўзроўню планавай імунізацыі.

— Шматгадовая імунізацыя па нацыянальным календары дазволіла атрымаць і падтрымаць статус краіны, свабоднай ад поліяміеліту, элімінацыі адру і краснухі і распачаць рэалізацыю мэт кантролю віруснага гепатыту В. У 2022 годзе зафіксаваны адзінкавыя выпадкі захворвання на коклюш і эпідэмічны паратыт, не рэгістраваліся выпадкі дыфтэрыі, адру, краснухі і сіндрому прыроджанай краснухі, — пералічвае Кірыл Ігнатаў.

Акрамя таго, у Беларусі па выніках мінулага года дасягнуты планаваны паказчык у 72,6 % па вакцынацыі супраць СОVІD-19. У тым ліку прышчэплена 17,6 % дзяцей і падлеткаў ад 5 да 17 гадоў. Бустарнай вакцынацыяй ахоплена не менш за 91,6 % ад тых, хто завяршыў асноўны курс вакцынацыі. Па стане на канец красавіка бягучага года ў краіне прайшло поўны курс вакцынацыі больш за 6 мільёнаў 622 тысячы чалавек. Першы бустар завяршыла больш за 5 мільёнаў 815 тысяч, другі бустар — больш за 3 мільёны 168 тысяч.

Супраць грыпу прышчапілася 40,6 % насельніцтва, а гэта больш за 3,6 мільёна чалавек, у тым ліку 76 % пацыентаў у групах рызыкі.

Ці трэба правяраць антыцелы перад прышчэпкай?

Усе дарослыя мусяць праходзіць вакцынацыю ад дыфтэрыі і слупняку кожныя дзесяць гадоў. Дату вакцынацыі прапускаць не варта. Прышчэпка дазваляе падтрымаць узровень імунітэту на належным узроўні. Разам з тым у вызначэнні цітру антыцелаў перад гэтымі і іншымі прышчэпкамі няма мэтазгоднасці, адзначае Ганна Ключарава.

— Як мы ведаем, пры большасці інфекцый працуе не толькі гумаральны, але і клетачны імунітэт, які не вымяраецца. І ёсць даследаванні, на аснове якіх зроблены высновы, з якой кратнасцю мусіць праходзіць вакцынацыя, якая схема і дозы павінны быць. Ад дыфтэрыі і слупняку кожнага дарослага чалавека вакцынуюць кожныя дзесяць гадоў, не вымяраючы антыцелы, бо вядома, што да гэтага часу імунітэт падае.

Ёсць групы рызыкі, дзе вымяраецца ўзровень антыцелаў. Напрыклад, цяжарныя жанчыны, інфіцыраваныя вірусам гепатыту В. У выпадку з імі прымяняецца схема лячэння, каб немагчыма было інфіцыраваць дзіця. Пры гэтым усё роўна вызначаецца ўзровень імунітэту і антыцелаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».