Вы тут

Што ў «Чамадане памяці»? Аб ваеннай гісторыі раскажуць вясковыя малыя


На тэрыторыі Бальшавіцкага сельскага Савета Гомельскага раёна сёлета на святочным канцэрце да Дня Перамогі ўласныя нумары прадставяць мясцовыя дашкаляты. Падрыхтаваць выступленне малым дапамог досвед удзелу ў праекце, унікальным не толькі для іх сельсавета, але і ўсяго раёна. Выхаванцы Бальшавіцкага санаторнага дзіцячага садка, іх сем'і і педагогі сваімі сіламі стварылі музейны пакой памяці ваеннай гісторыі. Гэта першы падобны вопыт, які ажыццявілі ў Гомельскім раёне на базе дашкольнай навучальнай установы.


Выхаванка дзіцячага садка Таісія Адамчыкава дапамагала рыхтаваць для музея фота і звесткі пра свайго прадзеда — героя вайны — Уладзіміра Склярова.

Чатыры месяцы — ад ідэі стварэння да першай экскурсіі па музейным пакоі... Карпатлівую работу па зборы матэрыялаў для экспазіцый правялі жыхары Бальшавіцкага сельскага Савета, супрацоўнікі санаторнага дзіцячага садка, а таксама бацькі, бабулі і дзядулі выхаванцаў.

— Доўга працавалі над тым, каб сабраць інфармацыю аб родных нашых дзяцей, якія ваявалі ў Вялікую Айчынную вайну, — распавяла галоўная ідэйная натхняльніца стварэння музейнага пакоя, загадчыца Бальшавіцкага санаторнага дзіцячага садка Святлана Балабановіч. — Бацькі выхаванцаў прыносілі фатаграфіі герояў, гісторыі пра іх жыццё, узнагародныя кніжкі. З дакументаў і фота наш калектыў ужо сваімі сіламі рабіў копіі. Каб гэтыя экспанаты выглядалі больш натуральна для музея, мы іх састарвалі.

Пра герояў Вялікай Айчыннай вайны — ураджэнцаў роднага сельсавета або Гомельскага раёна праз фатаграфіі, копіі ўзнагародных кніжак і медалёў расказалі не толькі сем'і выхаванцаў, але і самі педагогі і работнікі дзіцячага садка. Маглі паўдзельнічаць у стварэнні экспазіцыі аб героях і проста ўсе ахвотныя жыхары рабочага пасёлка Бальшавік, спецыялісты дашкольнай адукацыі, якія працавалі ў мінулыя гады.

Адказную задачу па стварэнні макетаў і панарам узялі на сябе супрацоўніцы ўстановы адукацыі — намеснік загадчыка Дар'я Гаўрыленка і дапаможны работнік Галіна Шляхценка.

Выхаванцы выпускной групы дэманструюць макет, над якім працавалі разам з педагогамі.

— Для музейнага пакоя зрабіла макет манумента на плошчы Перамогі ў Мінску, — падзялілася Галіна Шляхценка, якая працуе ў дзіцячым садку з першых дзён яго адкрыцця, ужо больш за трыццаць гадоў.

Аўтары панарам, прысвечаных падзеям і фактам ваеннай гісторыі, — Алена Адамчыкава і Юлія Званцова.

Загадчык Бальшавіцкага санаторнага дзіцячага сада Святлана Балабановіч,  выхавальнік Алена Адамчыкава і памочнік выхавальніка Юлія Званцова.

— У найбліжэйшых планах — дапрацаваць кожны макет і панарамы экспазіцый запісанай «агучкай». Каб у музычным суправаджэнні і голасам дыктара ішоў аповед пра канкрэтныя старонкі ваеннай гісторыі, якія мы адлюстравалі ў музейным пакоі, — адзначыла жыхарка рабочага пасёлка Бальшавік, выхавальніца санаторнага дзіцячага садка Алена Адамчыкава.

Жыхарка Бальшавіка, выхавальнік Алена Адамчыкава над макетамі для музея працавала разам з сям’ёй.

Памочнік выхавальніка Юлія Званцова ў свой час скончыла мастацкую школу. Яе талент малявання цяпер — нагода для гонару калектыву садка і яго выхаванцаў.

— Паралельна рабоце з макетамі ў вольны ад работы час пісала фрэску на сцяне. Не было першапачатковага эскіза малюнка, а толькі пэўныя вобразы-сімвалы, якія хацелася адлюстраваць. Дарэчы, склаўся цэльны малюнак, не з пэўнай выявы, а з чорнага крумкача, зробленага з прасаванай паперы. А «закальцаваць» гісторыю ад пачатку вайны да Перамогі дапамог вобраз белага голуба як сімвала міру, — падзялілася памочнік выхавальніка Юлія Званцова.

Памочнік выхавальніка Юлія Званцова распавяла аб рабоце над фрэскай і панарамі для музейнага пакоя.

Яе калегі таксама падзяліліся мноствам цікавых нюансаў стварэння музейнага праекта сваімі сіламі. Напрыклад, хоць яны працуюць у сельскай мясцовасці, ім цяжка было знайсці добрае пер'е для макетаў. Пер'е па пошце пераслалі сваякі супрацоўнікаў садка. А вось састарваць фота і копіі дакументаў для музея давялося ў ваннах з кавай. Мох для панарам педагогі збіралі на занятках разам з дзецьмі, пасля рвалі-круцілі матэрыял для афармлення макетаў. Усім калектывам стваралі і адзін з цэнтральных экспанатаў музейнага пакоя — ніцую вярбу. Кожны лісточак уручную выразалі з каляровага палімернага матэрыялу, а ствол дрэва зрабілі са скручаных аркушаў паперы.

— Вярба, як расказваем дзецям, — сімвал смутку па тых, хто выканаў свой воінскі абавязак цаной уласнага жыцця. Але не толькі да дрэва, але і да ўсіх рэчаў-сімвалаў у пакоі дзеці могуць дакрануцца рукамі. Наша ідэя — данесці факты ваеннай гісторыі так, каб малым было зразумела і цікава. Напрыклад, мы зрабілі пано з ілюстрацыяй авіябаёў «начных ведзьмаў». Тлумачым дзецям, што так са страхам фашысты называлі лётчыц легендарнага жаночага савецкага авіяцыйнага палка. Дзеці могуць пабачыць макеты самалёта тых часоў і парашутаў, на якіх дэсантуюцца не людзі, а гваздзікі — кветкі памяці, — расказвае Святлана Балабановіч.

Сем'і выхаванцаў дзіцячага садка перадалі ў музейны пакой копіі лістоў,  якія дасылалі з фронту іх дзяды і прадзеды.

Асобнае месца ў экспазіцыі займаюць матэрыялы, прысвечаныя воінам-інтэрнацыяналістам, падрыхтаваныя Дар'яй Гаўрыленкай.

— Тэматыка патрыятычных заняткаў можа мяняцца. Мы прыдумалі «Чамадан памяці». Гэта сапраўдная рарытэтная рэч, якую можна напоўніць тымі прадметамі памяці, пра якія распавядаем дзецям. Напрыклад, у чамадане ляжыць наручны гадзіннік салдата-героя, — тлумачыць Святлана Балабановіч. — Галоўная ідэя нашага музейнага праекта: каб ваенная гісторыя падавалася не толькі праз вусны аповед, але і праз практычную пазнавальную дзейнасць. Мы як педагогі імкнуліся паказаць дзецям, што вайна — гэта мінулае, якое не павінна паўтарыцца. Няхай толькі на макетах, а не ў рэальным жыцці, давядзецца бачыць, што вайна — гэта дрэнна, цёмна, страшна, разбуральна. Я ўпэўненая, што нашы дзеці, калі пойдуць у школу, ужо шмат будуць ведаць пра ваенную гісторыю.

Сёння музейны пакой санаторнага дзіцячага садка ў Бальшавіку гатовы праводзіць экскурсіі для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў з усіх населеных пунктаў Гомельскага раёна, сцвярджае выконваючая абавязкі старшыні Бальшавіцкага сельвыканкама Людміла Клец:

— Уражвае тое, што такі цікавы музейны праект сваімі сіламі ажыццявілі вясковыя жыхары і калектыў сельскай навучальнай установы. На тэрыторыі нашага сельсавета пражывае звыш трох тысяч трохсот чалавек, з якіх амаль 800 — дзеці і моладзь. Працуюць у нас сярэдняя школа і дзве дашкольныя навучальныя ўстановы. Але падобнай асобнай музейнай экспазіцыі ад ваеннай гісторыі да сённяшняга часу ў сельсавеце не было. Музейны пакой санаторнага дзіцячага садка атрымаўся такі, што яму могуць пазайздросціць не толькі многія ўстановы адукацыі, але і ў цэлым сельскія населеныя пункты нашага раёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.