Вы тут

Надвор’е. Месцамі дождж з мокрым снегам, а ўначы — замаразкі да мінус 5


Першыя дні апошняга вясновага месяца, на жаль, не пацешаць жыхароў краіны майскім цяплом. Няўстойлівае з тэмпературнымі ваганнямі надвор'е чакаецца і на гэтым тыдні, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

Ужо ў сераду ў нашу краіну занясе атмасферны фронт, за якім пачне паступаць халодная няўстойлівая паветраная маса. Тэмпература паветра ўначы будзе даволі кантраснай: ад плюс 1 градуса па паўночным захадзе да плюс 12 градусаў па паўднёвым усходзе. Удзень чакаецца плюс 10—16 градусаў.

У ноч на чацвер уплыў атмасфернага фронту яшчэ будзе адбівацца на паўднёвым усходзе Гомельскай вобласці, і тут пройдуць невялікія дажджы, на астатняй частцы тэрыторыі з ростам атмасфернага ціску істотных ападкаў не прагназуецца. У дзённыя гадзіны ў няўстойлівай прахалоднай паветранай масе, якая паступае з акваторыі Балтыйскага мора, невялікія кароткачасовыя дажджы будуць адзначацца лакальна па тэрыторыі Беларусі. Уначы на большай частцы тэрыторыі краіны будуць замаразкі ад 0 да мінус 3 градусаў. Месцамі тэмпература паветра складзе плюс 1—6 градусаў. Удзень тэмпература паветра не перавысіць плюс
9—16 градусаў.

У пятніцу на тэрыторыю краіны зрушыцца чарговы франтальны раздзел, услед за якім пачне паступаць халоднае паветра з поўначы Еўропы, і ў краіне ўсталюецца халоднае надвор'е. Разам з тым з паніжэннем тэмпературнага фону ў начныя і ранішнія гадзіны пераважна па паўночным усходзе ападкі могуць выпадаць у змешанай фазе ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах будзе слабы туман. Тэмпература паветра ўначы прагназуецца ў межах ад плюс 1 да плюс 6 градусаў. Месцамі, а па поўначы ў многіх раёнах, чакаюцца замаразкі — 0 — мінус 3 градусаў. Днём паветра прагрэецца да плюс 6—12 градусаў, а ў паўднёва-ўсходніх раёнах — да плюс 14 градусаў.

Згодна з папярэднімі прагнозамі айчынных сіноптыкаў, у суботу і нядзелю надвор'е будзе пераважна без ападкаў. Толькі ў асобных раёнах па паўночным усходзе краіны магчымы невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Уначы на большай частцы тэрыторыі прагназуюцца замаразкі да мінус 5 градусаў, месцамі — плюс 1—3 градусы. Удзень тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 5 градусаў па паўночным усходзе — да плюс 14 градусаў па паўднёвым захадзе.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.