Вы тут

Рыжская «ліхаманка». Куды рушыць Латвія?


Дзве трэці жыхароў Латвіі прызналіся, што не могуць самастойна сябе фінансава забяспечыць. Такія даныя прыводзяцца ў апытанні насельніцтва чатырох краін, праведзеным па заказу Swedbank, на аснове якога распрацаваны індэкс фінансавага здароўя насельніцтва. Сумны маніторынг апублікаваў інфармацыйны партал tvnet.lv. Большасць апытаных заўважыла, што яны поўнасцю або часткова фінансава залежаць ад іншых і не справіліся б са штодзённымі выдаткамі без партнёра, членаў сям'і або дапамогі дзяржавы. Як сведчаць даныя апытання, толькі 35 працэнтаў жыхароў упэўненыя, што сваё штодзённае жыццё ў фінансавым аспекце здольныя забяспечыць самастойна. У жанчын фінансавая залежнасць большая, чым у мужчын — 64 працэнты супраць 56 працэнтаў рэспандэнтаў адпаведна. Апытанне «Шлях да фінансавага дабрабыту» было праведзена на платформе даследчага агенцтва Kantar Sіfo. У ім узялі ўдзел 4000 карыстальнікаў інтэрнэту ў Латвіі, Літве, Эстоніі і Швецыі. У выніку індэкс фінансавага здароўя латвійскага грамадства склаў 44 пункты са 100, адстаючы ад Эстоніі (50 пунктаў), Літвы (51 пункт) і Швецыі (72 пункты). Куды ж рушыць Латвія?


За мяжой беднасці

У сакавіку ў параўнанні з лютым спажывецкія цэны ў Латвіі выраслі на 0,7 працэнта, аднак за год — у параўнанні з адпаведным перыядам летась — рост склаў 17,3 працэнта. «Негатыву больш, — заўважыў эканаміст Дайніс Гашпуйціс, перадае bb.lv. — Гэта звязана з тым, што ўзровень цэн працягваў расці». Як адзначаюць спецыялісты, «павелічэнне кошту прадуктаў харчавання застанецца асноўнай крыніцай стрэсу для хатніх гаспадарак».

У сакавіку цэны на прадукты харчавання ў Латвіі ўзраслі на 1,7 працэнта ў параўнанні з лютым і былі на 24,3 працэнта вышэйшыя, чым у такі ж час летась. Кошт прадуктаў харчавання ў Латвіі працягвае павялічвацца, хоць сусветныя цэны дасягнулі піка ў маі мінулага года і сёлета ў сакавіку знізіліся ў гадавым вылічэнні больш чым на 20 працэнтаў.

Інфляцыя ў еўразоне ў красавіку паскорылася да 7 працэнтаў у параўнанні з 6,9 працэнта месяцам раней. Антылідарам у рэйтынгу аказалася менавіта Латвія. Пра гэта сведчаць папярэднія звесткі Еўрапейскага бюро статыстыкі (Eurostat), якія былі агучаны днямі. Паводле даных Eurostat, з красавіка 2022-га да красавіка 2023-га цэны ў Латвіі ўзраслі на 15 працэнтаў.

Працяглая высокая інфляцыя будзе праблемай абсалютна для ўсіх, падкрэсліў у інтэрв'ю агенцтву LETA прэзідэнт Банка Латвіі Марціньш Казакс. Церпяць простыя людзі. «Калі мы зірнём на ўнутраны валавы прадукт на душу насельніцтва, мы па гэтым паказчыку адстаём ад Румыніі», — падкрэслівае старшыня савета фіскальнай дысцыпліны Іна Штэйнбука, паведаміў tvnet.lv.

Пад ударам — пенсіянеры. Намеснік старшыні Латвійскай федэрацыі пенсіянераў Дзінтра Жылдэ падкрэсліла, што цяпер важнае значэнне мае індэксацыя пенсій. «На жаль, калі пытанні не вырашаюцца своечасова, узнікаюць новыя праблемы, пераадолець якія пенсіянерам становіцца ўсё больш складана. Стаўленне да пажылых людзей — гэта ў тым ліку стаўленне да краіны і грамадства», — падкрэсліла Жылэ. Член праўлення Елгаўскага таварыства пенсіянераў Яніс Фелсбергс адзначыў, што ў той час як усе суседнія краіны змянілі пенсіённую сістэму, у Латвіі без істотных змен дзейнічае ранейшая. Ён падкрэсліў, што цяпер атрымальнікі сярэдняй пенсіі знаходзяцца ніжэй за мяжу рызыкі беднасці.

Як вядома, летась 3,8 працэнта насельніцтва Латвіі жылі за мяжой абсалютнай беднасці — гэта каля 107 тысяч чалавек, паведамілі ў Агенцтве дзяржаўных даных. Даходы, ніжэйшыя за ўзровень абсалютнай беднасці, у гарадах атрымлівалі 3,3 працэнта жыхароў, а ў вёсках — 4,9 працэнта. Узровень рызыкі беднасці летась склаў 20,9 працэнта, гэта вышэй, чым у 2021-м. Ніжэй за такі ўзровень у краіне жыло больш за паўмільёна чалавек.

Дзевяць цэнтаў для настаўнікаў

Латвія, захоўваючы цяперашнія тэндэнцыі развіцця, знаходзіцца на мяжы эканамічнага калапсу, паведаміў аналітык, эксперт Цэнтра ўсходніх даследаванняў Барташ Хмялеўскі ў інтэрв'ю, апублікаваным на польскім партале эканомікі wnp.pl, паведаміла nra.lv. Наступствы разрыву эканамічных сувязяў у Латвіі адчулі і заводы, і прадпрымальнікі. Хмялеўскі папярэджвае, што «пры захаванні цяперашніх тэндэнцый развіцця Латвіі можа пагражаць калапс». «Гаворка ідзе аб доступе да дзяржаўных паслуг, бальніц, школ», — тлумачыць ён. Сярод прычын такой патавай сітуацыі эксперт называе празмернае пашырэнне эканомікі Рыгі за кошт рэгіёнаў, унутраную палітыку і палярызацыю грамадскага жыцця ў гэтай краіне.

Нядзіўна, што прыбалтыйскую краіну захліснула пратэсная хваля. На мінулым тыдні ў Латвіі прайшла маштабная трохдзённая забастоўка педагогаў. Тысячы школьных настаўнікаў адмовіліся выходзіць на работу, узяўшы ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць маленькіх заробкаў і звышлімітавых нагрузак, паведаміў rubaltіc.ru. Педагогі Латвіі патрабавалі, каб улады краіны адносіліся да іх адказна і з павагай. Каардынаваў акцыю Латвійскі саюз работнікаў адукацыі і навукі (LІZDA), падтрымку таксама выказала яшчэ некалькі незалежных прафсаюзных арганізацый.

Пачалося ўсё 24 красавіка з пратэснага шэсця ў Рызе, у якім узялі ўдзел тысячы педагогаў. Толькі ў сталіцы Латвіі да забастоўкі далучыліся 137 з 249 школ і дзіцячых садкоў. Акрамя таго, аб удзеле ў акцыях незадаволенасці заявілі прадстаўнікі Латвійскай акадэміі навук, Даўгаўпілскага, Ліепайскага, Латвійскага ўніверсітэтаў, Латвійскай акадэміі культуры, Латвійскай музычнай акадэміі і іншых адукацыйна-навуковых устаноў. Аб сваёй салідарнасці з абуранымі педагогамі заявілі рыжскія медыкі, а таксама настаўнікі з Эстоніі і Літвы. «У пратэстоўцаў з сабой шмат розных плакатаў, змест якіх датычыцца праблем у галіне і заклікаў да дзеянняў па іх вырашэнні. Плакаты прысутных паказвалі на нізкія заробкі і вялікія нагрузкі, а таксама высмейвалі палітыкаў і іх рашэнні. Многія пратэстоўцы апранутыя ў сінія камізэлькі», — апісвае ход шэсця партал Dіena.

Агульная колькасць удзельнікаў забастоўкі ў розных крыніцах ацэньвалася ў 20—26 тысяч чалавек. Палітыкі маглі б прадухіліць акцыю пратэсту работнікаў адукацыі, своечасова пачуўшы прадстаўнікоў галіны, заявіла на мерапрыемстве кіраўнік LІZDA Інга Ванага. «За тое, што педагогі вымушаныя баставаць, а не праводзіць заняткі, павінна быць сорамна членам урада і асабіста прэм'ер-міністру», — казалі ўдзельнікі шэсця. Было выяўлена, што калі выдзеленую сёлета на павышэнне заробкаў суму падзяліць на агульную колькасць настаўнікаў, то кожнаму з іх дастанецца ўсяго па дзевяць цэнтаў.

Праўда, у рэшце рэшт афіцыйнай Рызе прыйшлося пайсці на саступкі. На фоне акцый пратэсту ўрад пагадзіўся выдзеліць крыху больш за чатыры мільёны еўра з рэзервовых фондаў на мэтавыя датацыі органам мясцовага самакіравання, якія патрацяць на павышэнне зарплат педагогам. Акрамя таго, улады паабяцалі звязаць заробкі настаўнікаў, завучаў і дырэктараў школ спецыяльнымі каэфіцыентамі. Урад заявіў, што «ў поўнай меры» выканаў патрабаванні ініцыятараў забастоўкі. А Міністэрства адукацыі адзначыла, што ў дзяржбюджэце на 2023 год закладзена самае вялікае ў гісторыі павышэнне заработнай платы настаўнікам.

Аднак удзельнікі пратэсту такой пастаноўкай пытання былі проста шакіраваныя. Кіраўніцтва LІZDA заявіла, што прэтэнзіі педагогаў задаволеныя толькі часткова і што яны збяруцца на яшчэ адзін экстранны сход, каб прыняць рашэнне аб далейшых дзеяннях. На думку прадстаўнікоў прафсаюза, улады проста перанакіравалі сродкі, прызначаныя для балансавання нагрузкі, на фармальнае павышэнне заробкаў, у той час як патрабаванні засталіся незадаволенымі. А ў шэрагу самакіраванняў, у якіх улады лічаць аплату працы педагогаў і без таго высокай, павышаць увогуле нічога не плануюць.

Палітыка знішчэння

Уражвае тое, што ўрад Латвіі, які таргуецца з настаўнікамі з-за «дзевяці цэнтаў», у іншых сітуацыях не шкадуе бюджэтных грошай. У выніку зарплатнай рэформы, прынятай летась, у дзяржбюджэце на 2023 год было выдаткавана каля трох мільёнаў еўра на павышэнне заробку палітычным чыноўнікам. Вынік: зарплата прэм'ер-міністра павялічылася на 52 працэнты, міністраў — на 42 працэнты, спікера Сейма — на 75 працэнтаў, пры гэтым у бюджэце не было выдзелена грошай на заробкі чыноўнікаў міністэрстваў, павышэнне якіх было асноўнай мэтай рэформы аплаты працы.

«Камусьці 7000 еўра, а хтосьці лічыць, ці зможа купіць ежы!» — абурыўся журналіст і спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Арніс Блоданс у эфіры TV24. Ён лічыць, што гэта непрымальна ў той час, калі ўсім сапраўды вельмі складана і цяжка. Блоданс растлумачыў: не можа быць так, што ў адных людзей «зарплаты ляцяць у космас», а іншыя застаюцца на дне. «Гэта абразліва», — лічыць ён, такія крокі спараджаюць недавер да самой структуры дзяржаўнага кіравання.

Як вынік — паказальныя рэйтынгі кіраўніцтва дзяржавы. Так, толькі 27 працэнтаў грамадзян Латвіі «вельмі станоўча» ці «хутчэй станоўча» ацэньваюць дзейнасць цяперашняга прэзідэнта Эгілса Левітса. 64 працэнты рэспандэнтаў далі кіраўніку дзяржавы негатыўную ацэнку. Адмоўны вынік захоўваецца з лістапада 2020-га. Гэта гістарычна самы нізкі рэйтынг сярод усіх папярэдніх прэзідэнтаў. Апытанне грамадскай думкі праведзена пасля таго, як стала вядома, што «няўдачнік Эгілс» заявіў аб удзеле ў новых прэзідэнцкіх выбарах.

Афіцыйная Рыга імкнецца павысіць выдаткі на ваенныя патрэбы да 3 працэнтаў ад ВУП. Прычым зрабіць тое кіраўніцтва краіны імкнецца яшчэ да наступлення прызначанага першапачаткова тэрміну — 2027 года. У 2024-м на абарону плануюць выдаткаваць 1,1 мільярда еўра, а ў 2025-м — 1,2 млрд. Улады Латвіі ў чарговы раз дэманструюць, што існуючы ў краіне марыянетачны рэжым настроены выключна на выкананне ўказанняў заходніх гаспадароў. Работа ў інтарэсах суайчыннікаў для іх знаходзіцца на дзясятым месцы, адзначае rubaltіc.ru, і тое толькі тады, калі гэта не перашкаджае служэнню Вашынгтону.

Мы змагаемся за мір, а Латвія распальвае вайну, заявіў БелТА намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, каментуючы заявы кіраўніка аргкамітэта чэмпіянату свету па хакеі ў Рызе Эдгарса Бунцыса аб тым, што будзе дазволена праносіць украінскі сцяг — ён будзе раўназначны латвійскаму, але пры гэтым забароненыя сцягі Расіі і Беларусі. «Па-першае, Латвія адмяніла святкаванне 9 Мая. Гэта ўсё звёны аднаго ланцуга. Гэта дзяржава з фашысцкім рэжымам. Яны праводзяць русафобскую, беларусафобскую палітыку. Яны пераследуюць людзей за беларускае і расійскае грамадзянствы, за беларускую і рускую мовы. Другое — чаму яны такое рашэнне прынялі? Ім падабаецца распальваць вайну. Мы змагаемся за мір, а Латвія — распальвае вайну. Паглядзіце, сцягі Расіі і Беларусі — нельга, а ўкраінскі — можна. Гэта што значыць? Гэта абраза. Паспрабаваць любым спосабам прынізіць Беларусь і Расію. І самае галоўнае, яны знішчаюць спорт, бо спорт павінен быць па-за палітыкай. Ён павінен аб'ядноўваць, — адзначыў Алег Гайдукевіч. — Спартсмены робяць усё, каб быў мір ва ўсім свеце. А латвійскія чыноўнікі робяць так, каб была вайна». Сёння Латвія падтрымлівае фашызм, бандэраўцаў, злачынствы ў дачыненні да рускамоўных людзей, падкрэсліў дэпутат. «Гэта значыць, дадзеная краіна праводзіць палітыку, накіраваную на знішчэнне, у тым ліку, уласнай дзяржавы», — заўважыў Алег Гайдукевіч.

Тым часам пратэсная хваля ў Латвіі няўхільна пашыраецца. Як стала вядома, арганізацыі медыкаў і пацыентаў плануюць у маі і чэрвені правесці акцыі пратэсту, паведаміла агенцтву LЕТА кіраўнік Латвійскага таварыства ўрачоў Ілзэ Айзсілніецэ. Паводле яе слоў, наступная акцыя запланавана на 11 мая, і ў ёй возьмуць удзел медыкі, арганізацыі пацыентаў, а таксама, магчыма, прадстаўнікі іншых галін. Яшчэ адна маштабная маніфестацыя плануецца ў пачатку чэрвеня. Як падкрэсліла Айзсілніецэ, калі ўрад не пачуе пратэстоўцаў і ў бюджэце наступнага года на ахову здароўя будзе выдзелена менш сродкаў, то восенню будзе арганізавана маштабная забастоўка. «Латвіі трэба рэфармаваць спосаб распрацоўкі дзяржбюджэту, а не заяўляць чарговы раз аб тым, што патрэбны дадатковыя падаткі», — заўважыла кіраўнік Латвійскага таварыства ўрачоў.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».