Вы тут

У Пінскім раёне ўстановяць бюст партызанскага камбрыга Васіля Каржа


Помнік герою вайны, адважнаму партызанскаму камандзіру Васілю Захаравічу Каржу неўзабаве з'явіцца ў Пінскім раёне. Корж — ураджэнец Мінскай вобласці, доўгі час там працаваў, але яго ваенная біяграфія звязаная найперш з Піншчынай. Тут ён сфарміраваў адзін з першых у краіне партызанскіх атрадаў, тут партызаны далі першы бой ворагу.


Аддаць належнае герою

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Юрый БУШЫК назваў кампанію па вырабе помніка актам гістарычнай справядлівасці:

— Мы хочам аддаць належнае не толькі Герою Савецкага Саюза, партызанскаму генералу, але і ўсяму партызанскаму руху. Бюст Васілю Каржу плануецца ўстанавіць у вёсцы Ставок. Праз яе праходзіць дарога Пінск — Лагішын, дзе 28 чэрвеня 1941 года адбыўся першы партызанскі бой. У дзень рэспубліканскага суботніка работнікі ААТ «Ставокскае» і Ставокскага сельвыканкама добраўпарадкавалі пляцоўку, дзе будзе ўстаноўлены помнік. Гэта сквер каля сельвыканкама.

Работы па вырабе помніка знаходзяцца на фінальнай стадыі. Над праектам шчыравалі супрацоўнікі Пінскага райвыканкама і прадпрыемства Беларускага саюза мастакоў «Мастацтва». Сродкі традыцыйна сабралі талакой, свой унёсак зрабілі калектывы прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Эскіз прайшоў усе неабходныя ўзгадненні. Над увасабленнем вобраза героя працуюць брэсцкія скульптары, сужэнцы Павел і Алеся Герасіменкі. За аснову ўзяты фотаздымак, зроблены падчас партызанскага парада ў ліпені 1944 года.

Васіля Каржа ніколі не забывалі на Піншчыне, яго імя носіць адна з вуліц Пінска, гімназія № 3 горада (раней сярэдняя школа № 13), у навучальнай установе з 1976 года дзейнічае музей баявой славы. Экспазіцыя аб партызанскай біяграфіі героя ёсць у школьным музеі, багаты матэрыял захоўваецца ў музеі Беларускага Палесся. Гэта быў неардынарны чалавек, чалавек-глыба. І сёння асоба былога партызанскага камандзіра выклікае цікавасць даследчыкаў і навукоўцаў. Не ўсе старонкі яго біяграфіі яшчэ абнародаваны, чакаюць свайго часу мемуары генерала.

За гады вайны партызанскія атрады Каржа знішчылі больш за 20 тысяч чалавек жывой сілы праціўніка, разграмілі больш за 30 нямецкіх гарнізонаў, пяць чыгуначных станцый, пусцілі пад адхон 460 нямецкіх эшалонаў. Усяго ў тыле ворага партызаны правялі 1119 дзён. Адна з самых паспяховых аперацый народных мсціўцаў падчас Вялікай Айчыннай вайны атрымала назву «санны рэйд», калі за два месяцы пачатку 1942 года партызаны знішчылі мноства варожых гарнізонаў. Адну з ключавых роляў сыграла група Васіля Каржа. Менавіта пасля той аперацыі захопнікі пачалі ўспрымаць партызанаў сур'ёзна.

На шляху да ваеннай кар'еры

Васіль Захаравіч Корж нарадзіўся 13 студзеня 1899 года ў вёсцы Хорастава (цяпер Салігорскі раён Мінскай вобласці). У сакавіку 1921 года з вядомых прычын яго родная Старобіншчына аказалася пад Польшчай. І ўжо ў снежні 1921 года Васіля прызвалі ў польскую армію. Пазней у адной з анкет ён напіша: «У польскай арміі праследаваўся афіцэрамі як нядобранадзейны, 15 красавіка 1922 года ўцёк адтуль». З Познані «зайцам» на цягніках, а найбольш пешшу — праз лясы і балоты — дабіраўся на радзіму. Але ў родным Хораставе затрымаўся ненадоўга, хутка ўступіў у партызанскі атрад пад камандаваннем Кірыла Арлоўскага: атрад дзейнічаў у Заходняй Беларусі. Дружба, якая зарадзілася ў тую пару, доўжылася паміж Арлоўскім і Каржом усё жыццё.

У атрадзе Арлоўскага за тры гады Корж стаў умелым канспіратарам і вопытным разведчыкам. Пачынаючы з 1925 года чатыры гады Васіль Корж ужо ў БССР працаваў старшынёй калгаса, гэты вопыт яму вельмі спатрэбіцца пасля вайны. А ў 1936 годзе, пасля вучобы на курсах АДПУ-НКУС, ён адпраўляецца добраахвотнікам у Іспанію. Ён ваюе там зноў побач з Кірылам Арлоўскім. І калі апошні, паранены, трапляе ў палон, Корж разам з групай байцоў праводзіць бліскучую аперацыю па вызваленні таварыша і літаральна на руках выносіць яго ў бяспечнае месца. За адвагу і гераізм на іспанскай зямлі наш герой атрымлівае першыя баявыя ўзнагароды — ордэны Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі... і першы данос. Менавіта з-за паклёпу нядобразычліўца ў 1938 годзе Васіля Каржа арыштоўваюць у Мінску, кідаюць у «Амерыканку» і дабіваюцца «прызнання» ў тым, што ён польскі шпіён. Але тут ужо Кірыл Арлоўскі ўзнімае на ногі ўсіх знаёмых чэкістаў і вызваляе ні ў чым не вінаватага сябра. У 1940 годзе Васіля Каржа накіроўваюць у Пінскі абкам партыі загадчыкам фінаддзела.

Партызанскі генерал

Ужо вечарам 22 чэрвеня намаганнямі Васіля Каржа ў Пінску ствараецца адзін з першых у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны партызанскіх атрадаў, куды ўвайшлі камуністы і камсамольцы горада. Сярод іх былі Сяргей Карнілаў і яго жонка Вера Харужая, Рыгор Карасёў, Эдуард Нордман. Са зброі атрад меў некалькі вінтовак, па 5—10 пачкаў патронаў на чалавека, гранаты і пару пісталетаў. Але праз тры дні, 26 чэрвеня, партызаны затрымалі нямецкіх разведчыкаў-парашутыстаў, а 28 чэрвеня на дарозе Пінск — Лагішын учынілі засаду на нямецкія лёгкія танкі, здабылі боепрыпасы, карты праціўніка, узялі палонных. Гэты бой, у якім партызаны, дарэчы, не страцілі ніводнага байца, лічыцца першым у гісторыі партызанскага руху СССР. Тая маленькая перамога мела найбольшы псіхалагічны эфект — захопнікі такога яўна не чакалі.

Ужо праз год актыўнай баявой работы злучэнне Каржа мела свой аэрадром, шпіталь для лячэння параненых, у лясной друкарні выходзіла газета «Палеская праўда». Аднак перад гэтым жыццё легендарнага партызанскага камандзіра зноў пэўны час вісела на валаску. І зноў з-за даносу. Васіля Захаравіча выклікалі ў Маскву. Усе думалі, для ўручэння ўзнагароды, а яго арыштавалі. Але, на шчасце, Кірыл Арлоўскі тады працаваў у цэнтральным апараце НКУС. Адным словам, Корж вярнуўся ў атрад, а ў верасні 1943 года яму прысвоілі званне генерал-маёра.

Варта сказаць, што герой вайны адначасова быў і народным героем. Нездарма ж яго памяць так беражліва шануюць землякі. Сваім падначаленым ён казаў: «Мы ваюем за народ. Наша апора і надзея — мясцовае насельніцтва. Ніколі не крыўдзіце мужыка! Галодны — папрасі, людзі апошнім падзеляцца. Сілай возьмеш — ніколі не даруюць. Не крыўдзіць, а бараніць насельніцтва — наша задача!» Засталіся сведчанні таго, як жорстка абыходзіўся ён з рабаўнікамі, мог і застрэліць такога перад строем. Дарэчы, з пачаткам вайны Корж узяў псеўданім Камароў, а яго падшэфных называлі камароўцамі. Дык вось камароўцы стараліся своечасова атрымліваць разведданыя пра планы карных аперацый у вёсках і загадзя выводзілі жыхароў у лес. Такім чынам было выратавана нямала людзей.

Калгасны старшыня

Пасля вайны Каржа накіроўваюць у Акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР, яму прарочылі бліскучую вайсковую кар'еру, але «добразычліўцы» не спынялі спроб нашкодзіць гэтаму чалавеку. Тым больш што ён не змоўчваў дурням альбо баязліўцам. Адным словам, пасля акадэміі Корж вяртаецца ў Беларусь, працуе намеснікам кіраўніка аднаго з міністэрстваў. А потым нечакана для ўсіх звальняецца з міністэрства і едзе ў сваю родную вёску, каб стаць на чале сельгасарцелі «Партызанскі край». Тады яна знаходзілася ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Калі яго пыталі пра такія кар'ерныя метамарфозы, ён усміхаўся, часам казаў: «Ат, у сталіцы і без мяне гультаёў хапае». А яго ўнучка Вольга Корж у адным з інтэрв'ю казала: «Дзядуля заўсёды быў просталінейным, казаў праўду ў вочы. Пры гэтым, за што ні браўся, даводзіў справу да поспеху, ці то ў сельскай гаспадарцы, ці ў ваеннай справе. Не злічыць даносаў, у якіх яго спрабавалі паліць брудам, але да яго не прыставала, ён заставаўся чысты перад краінай, народам, сваім сумленнем. Дзе цяпер гэтыя пісакі і дзе мой дзед? Гісторыя ўсё расставіла па сваіх месцах».

Сапраўды, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Ён прыйшоў узнімаць калгас, а застаў руіны. Вяскоўцы жылі ў зямлянках. Якая тут барацьба за ўраджай, надоі, прывагі, калі людзям няма дзе жыць! Найперш узяліся за будаўніцтва жылля. Узвялі цагляны завод, вырабілі цэглу, якая ішла на будаўніцтва. У неверагодна хуткі тэрмін па тым часе з'явіліся дамы, дарогі, у вёску прыйшла электрычнасць. Вырасла прадукцыйнасць працы, прыйшоў першы поспех. Пры яго каласальным арганізатарскім вопыце, падтрымцы баявых сяброў ужо ў 1953 годзе гаспадарка стала адной з найлепшых у рэспубліцы. У вёсцы на вачах вырасталі фермы, мехдвор, адначасова ўзводзілі школу, бальніцу, паштовае аддзяленне. Пасадзілі сады, саджанцы Корж прывозіў ад свайго сябра Кірыла Арлоўскага.

У пачатку 1960-х калгас ужо ўдзельнічаў у Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. А дом сабе Корж у Хораставе так і не пабудаваў. Жылі з жонкай фактычна ў праўленні калгаса, сям'і адвялі частку будынка з асобным уваходам. У 1963 годзе Васіля Захаравіча праводзілі на пенсію. У 1967-м ва ўзросце 68 гадоў ён памёр: здароўе падарвалі шматлікія выпрабаванні, што выпалі на долю слаўнага партызана, чалавека-легенды. Землякі запомнілі яго надзвычай сціплым, простым, чалавечным. Генеральскую форму апранаў, калі трэба было выбіць што-небудзь для калгаса альбо памагчы былому баявому таварышу. Запомнілі і просталінейным, шчырым, калі трэба было выкрываць прыстасаванцаў, лайдакоў, дармаедаў у любой структуры і арганізацыі.

І вось цяпер герою вяртаюць належнае на Піншчыне. Летам чакаецца ўрачыстае адкрыццё помніка Васілю Захаравічу Каржу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?