Вы тут

Якія сюрпрызы чакаюць наведвальнікаў сталічных паркаў


Напрыканцы красавіка ў парках Мінска пачалі працаваць атракцыёны. Якімі навінкамі яны парадуюць гараджан і гасцей сталіцы? Ці з'явяцца новыя дзіцячыя гульнявыя комплексы? Ці будуць павялічаны цэны на білеты?


Фота: БелТА

— Мы робім усё неабходнае, каб гарадскія паркі сталі больш прывабнымі, утульнымі і бяспечнымі для наведвальнікаў, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара, галоўны інжынер УП «Мінскзелянбуд» Руслан КАСЕВІЧ. — Перад адкрыццём сезона ўсе атракцыёны прайшлі неабходную праверку на бяспеку і спраўнасць. Але хацелася б нагадаць, што бяспека часта залежыць не толькі ад стану атракцыёнаў, але і ад саміх людзей. Апошнім неабходна ўважліва слухаць дзяжурнага, выконваць усе ўказанні, не спяшацца.

Ужо стала добрай традыцыяй закупка новых атракцыёнаў да адкрыцця сезона. У прыватнасці, сёлета парк Чалюскінцаў папоўняць надзіманы комплекс і 5D-кінатэатр. Яшчэ адзін батутны комплекс з'явіцца ў парку 900-годдзя Мінска. У парку Горкага плануюць устанавіць басейн з электралодачкамі і 5D-атракцыён.

— У парку Горкага ўжо 20 гадоў працуе домік Дзеда Мароза, дзеці з задавальненнем наведваюць яго перад Новым годам, — адзначыла начальнік сектара культурна-масавай і спартыўнай работы «Мінскзелянбуда» Лідзія ВЕЖНАВЕЦ. — Мы падумалі, што інтэрактыў зімой у нас у парку ёсць, а летам яго не хапае. І вырашылі выправіць сітуацыю — зрабіць сюрпрыз для мінчан і гасцей сталіцы. Таму бліжэй да сярэдзіны сезона ў парку Горкага чакаецца адкрыццё інтэрактыўнай пляцоўкі «Лукамор'е». Яна будзе стылізавана і абсталявана па матывах дзіцячых казак. Там плануем устанавіць вялікія фігуры Змея Гарыныча, Бабы-ягі, хатку на курыных ножках і іншыя аб'екты. У гэтай зоне будуць працаваць аніматары, якія прапануюць наведвальнікам прайсці паласу перашкод, выканаць розныя заданні. Што цікава, казачныя фігуры будуць рэагаваць на эмоцыі наведвальнікаў. На тэрыторыі «Лукамор'я» можна будзе адзначаць дзіцячыя дні нараджэнняў. Праграма квэсту разлічана на 25-30 хвілін.

Усяго ў парках Горкага, Чалюскінцаў і 900-годдзя Мінска налічваецца 67 атракцыёнаў — як упраўлення «Гарадскія паркі» УП «Мінскзелянбуд», так і прыватных. Рэжым работы застаецца ранейшым. У парку Горкага і Чалюскінцаў наведаць атракцыёны можна ў любы дзень, акрамя панядзелка, а ў парку 900-годдзя Мінска выхадныя — панядзелак і аўторак. Працаваць паркі будуць з 11.00 да 21.00, а ў пятніцу, суботу, перадсвяточныя і святочныя дні — да 22.00. У месцах масавага адпачынку гараджан па традыцыі адчыняцца пункты пракату спартыўнага інвентару.

Цана білетаў, паводле слоў Руслана Касевіча, застанецца на ўзроўні мінулага года і складзе ад 1,5 да 8 рублёў (самы дарагі — гэта VR-атракцыён). У цэлым сярэдняя цана квітка — 2-2,5 рубля. «Самы папулярны атракцыён — кола агляду вышынёй 54 метры ў парку Горкага. Яго наведала летась больш за 1 млн 200 тыс. чалавек. Яшчэ з папулярных — аўтадром, «Задыяк», «Вальс», «Ладдзя».

Дарэчы, у парку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка атракцыёны сёлета запускаць не будуць. Зону адпачынку чакае рэканструкцыя са змяненнем канцэпцыі, у выніку якой парк набудзе спартыўную скіраванасць. Каруселі, якія выпрацавалі свой рэсурс, спішуць, астатнія размяркуюць па іншых парках.

— Летам сем'і наведваюць не толькі платныя, але і бясплатныя гульнявыя комплексы, якія знаходзяцца на тэрыторыі паркаў, — дадаў Руслан Касевіч. — Вялізная просьба да бацькоў: сачыце за сваімі дзецьмі! Перш чым пускаць іх на такія комплексы, азнаёмцеся з правіламі карыстання, якія размешчаны побач на стэндзе.

Лідзія Вежнавец нагадала, што ў парку Чалюскінцаў з 1 красавіка працуе любімая многімі танцавальная пляцоўка «Сустрэча».

— Да нас прыходзяць у асноўным людзі старэйшага пакалення ад 45 да 85 гадоў, але пры гэтым не забаронена прыйсці і патанцаваць любому чалавеку, пачынаючы з 16 гадоў. Вельмі кранальна, калі ўнукі прыводзяць сюды сваіх бабуль і дзядуль і танцуюць з імі разам. Праграма стартуе ў 16.00 па суботах і нядзелях. Па просьбах пастаянных наведвальнікаў апошнія два гады мы працуем ажно да 1 снежня.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?