Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Зерне містычнага страху»


Спалоханая Зоя ўбегла ў кабінет кладаўшчыцы Алы Антонаўны і паспешліва зачыніла дзверы на ключ.


Фота: pixabay.com

— Ала, паглядзі, што ў мяне на спіне! Хутчэй! — вішчала жанчына.

Што так напалохала бойкую забеспячэнку? Ала паднялася з-за стала, праціснулася бачком паміж скрынкамi і стала разглядаць спіну:

— Тут іголка.

— Дастань хутчэй! — як уджаленая, тузанулася Зоя.

— Ціха, — Ала выняла іголку і глядзела на яе, як на дзіва.

— Я села на крэсла і адчула ўкол! — заплакала Зоя.

— Здаецца, нехта злы на цябе.

— Ала, што рабіць? Ты ведаеш адрас бабкі? Трэба ехаць, здымаць гэта ўсё, — панікавала Зоя.

Ала асцярожна паклала іголку на ліст паперы.

— Хто гэта мог зрабіць? — здзіўлялася яна. — Каб трапіць у твой кабінет, трэба прайсці праз пакой, дзе сядзяць Оля і Іван Іванавіч. Ён іголкі на працу насіць не будзе, ды і Оле ні да чаго. Спытай у іх.

— Спытаць, хто іголку ўваткнуў? Смяяцца будуць, скажуць, сама ўваткнула і забылася.

— А ты не ўтыкала? Можа, чаго зашывала? Тады спытай, хто заходзіў у твой кабінет.

Зоя кінулася назад і ўжо праз дваццаць хвілін далажыла:

— Оля казала: калі я была ў дырэктара, заходзіла сакратар Лена паглядзець на маю герань. Уяўляеш, гэтая асоба раўнуе! Мне кожны дзень трэба ў яго падпісваць дакументы і ўзгадняць пытанні. Калі да дырэктара заходжу, Ленка глядзіць ведзьмай. І што мне цяпер рабіць?

На заводзе пагаворвалі, што Ленка робіць дзіўныя рэчы. Калі дырэктар ад’язджаў у камандзіроўку, рабочыя па яе ўказанні вынеслі ўсё з яго кабінета, адарвалі ліштва і перавярнулі дывановае пакрыццё. Так яно тры дні і ляжала. Перад прыездам шэфа ўсё вярнулі на месца. Жанчыны ў цэху, дзе раней працавала Ленка, казалі, быццам яна прычаравала дырэктара.

Пакуль жанчыны абмяркоўвалі сітуацыю, працоўны дзень падышоў да канца. Але патэлефанаваў начальнік аховы Пятровіч і пацікавіўся, ці доўга яна яшчэ будзе працаваць.

— Хутка сыходжу, — адказала Ала, а сама паставіла чайнік. — Зараз вып’ем гарбаты, будзе лепш думацца, — павярнулася яна да Зоі. — Дастань з халадзільніка печыва.

Зоя адчыніла дзверцы і пачала шукаць. Халадзільнік быў запоўнены: вада, бутэрброды, бананы, малако ў пакеце, каўбаса, соль... яе Зоя і зачапіла. Яна з жахам глядзела на рассыпаную соль: яшчэ адзін дрэнны знак.

Як усё геніяльнае, рашэнне прыйшло спантанна.

— Ведаю, што рабіць! — усклікнула Ала. — Трэба Ленке начараваць, хай сама пабегае да бабак.

У Алы ад гэтай ідэі нават заблішчалі вочы. Яна дастала са стала скрынку з ніткамі і дзвюма іголкамі. Да іголак дадала трэцюю, выцягнутую з Зоінага адзення. Затым сабрала з падлогі рассыпаную соль.

— Пайшлі чараваць.

Зоя збялела.

— А ты ўмееш? Ведаеш замову?

— Якая яшчэ замова? Галоўнае — каб яна ўбачыла іголкі. Кінем зерне містычнага страху ў яе галаву. У-у-у... — жартам завыла Ала. — Уяві сабе яе фізіяномію, калі прыйдзе на працу. Астатняе яна сама прыдумае.

Пачакаўшы трохі, каб усе сышлі напэўна, Зоя і Ала адправіліся «на справу». Ала назірала, ці не ідзе хто, а Зоя падышла да дзвярэй прыёмнай. Чараваць аказалася няпроста. Па-першае, ад страху трэсліся рукі. Па-другое, іголкі не хацелі ўтыкацца ў цвёрдыя дзверы.

Яна высыпала соль ля парога і сяк-так усунула іголкі. Галоўнаму інжынеру за яго непрыемны характар разгарачаная Зоя таксама сыпанула солі пад дзверы.

Адпомсціўшы Ленке, задаволеныя жанчыны сышлі з завода. На прахадной на іх не звярнулі ўвагі, затрымлівацца на працы лічылася звычайнай справай.

Ала паляпала Зою па плячы.

— Цяпер спі спакойна, няхай Ленка не спіць.

Раніца пачалася пазаштатна. Прыбіральшчыца наадрэз адмовілася прыбіраць соль і заходзіць у прыёмную. Ленка сядзела за сталом бялей снегу, а потым на машыне дырэктара з’ехала. Дырэктар быў змрочны і даў даручэнне начальніку аховы даведацца, хто гэта зрабіў. Дырэктар і галоўны інжынер сядзелі ў кабінетах моўчкі. Чуткі пра вядзьмарства у момант разляцеліся па заводзе. Да дзвярэй прыёмнай пралегла «народная сцежка». Паціху ўсе хадзілі паглядзець на «варажбу». Дзверы ў прыёмную адчынялі асцярожна, каб іголкі не ўпалі.

Алу запрасіў да сябе галоўны інжынер. Яна падышла да дзвярэй і стала душыцца ад смеху: на парозе па-ранейшаму была соль, на яе ніхто не рызыкнуў наступіць.

Галоўны асцярожна спытаў:

— Антонаўна, ты не ведаеш, хто гэта ўчыніў? Ты ж заўсёды ў курсе ўсяго.

— Што? — яна зрабіла круглыя вочы.— Соль пад дзвярыма і іголкі, ты што, не чула? Увесь завод пра гэта кажа.

— Не, я ў кабінеце працавала, нічога не чула.

— А калі заходзіла, бачыла соль і іголкі ў дзвярах?

— Не.

— Пайшлі, пакажу.

Галоўны інжынер, мужчына атлетычнага складу, лёгка ўскочыў і пайшоў паказваць Але соль і іголкі.

— Вось, — ён вывучальна глядзеў у яе вочы.

Ала паціснула плячыма і скрывіла вусны.

— Глупства нейкае.

— А іголкі?

Яна ўбачыла, як у галоўнага пры поглядзе на іголкі пашырыліся зрэнкі. Ён папрасіў:

— Ала, гэта ж не табе іголкі ў дзверы ўсунулі, здымі іх.

Яго погляд стаў аксамітным. Калі галоўнаму не ўдавалася вырашыць асабістыя пытанні, карыстаючыся службовым становішчам, ён вырашаў іх праз жанчын пры дапамозе гэтага погляду. Выстаяць было цяжка, але Ала ведала яго прыёмы. І ад усёй яго сур’ёзнасці і гэтай жаласнай просьбы яна не ўтрымалася і засмяялася.

У вачах галоўнага бліснуў гнеў.

— Можа, гэта ты іх прычапіла? Прызнайся! — потым ён перайшоў на мяккі тон. — Вось прызнайся, ты ўзяла і засунула іголкі, каб проста потым пасмяяцца. Ну?

— Не, — адказала Ала, — але мне сапраўды смешна, цяпер не сямнаццатае стагоддзе.

Яна пайшла ад галоўнага інжынера ў поўным здзіўленні. Няўжо мужчына мог так спалохацца жменькі солі і іголак?

Ала ішла праз завадскі двор на склад, калі яе дагнаў начальнік аховы, палкоўнік у адстаўцы, высокі, худы і заўсёды добразычлівы. Часам, сустрэўшыся ў двары завода, яны спыняліся пагаварыць за жыццё.

— Ала Антонаўна! — ён задыхаўся. — Вы ўяўляеце, хтосьці ў дзверы прыёмнай засунуў іголкі. Што сёння робіцца!

Яна запытальна паглядзела на яго.

— Што здарылася?

— Дырэктар асабіста дапытвае па чарзе ўсіх ахоўнікаў, запатрабаваў спісы, хто апошні сыходзіў з адміністрацыі. Я вас не ўпісаў, каб не тузалі, ведаю —не вы. Лена з раніцы пакаціла на машыне дырэктара. Шафёр тэлефанаваў, што ўсіх бабак у горадзе аб’ехала, зараз возіць яе па вёсках. Ён застаўся без абеду. Дырэктар з кабінета не выходзіць. А ведаеце, як іголкі размешчаны?

— Як? — вельмі зацікавілася Ала.

— Магічным знакам.

— Якім?

— Такім... — Пятровіч панізіў голас да шэпту і, скурчыўшыся, накрэсліў у паветры дзвюма рукамі трохкутнік. Яго твар выказваў поўнае глыбокай пашаны трапятанне перад страшнай сілай чорнай магіі.

— Так, знак сапраўды таямнічы, — сказала Ала, з усіх сіл хаваючы ўсмешку.

Падзея абрастала здагадкамі. Усе сыходзіліся ў адным: дапяклі кагосьці не на жарт кіраўнік і сакратарка, вось ім і падаруначак. У Алы чарга на кватэру падышла, а кватэру дырэктар аддаў Ленкінай дачцэ, хоць тая прапрацавала на заводзе ўсяго месяц. І ўсе маўчаць, баяцца. Хоць хтосьці адпомсціў. А можа, гэта Ала

Завод бурліў, па сакрэце пыталіся ў Алы, ці не яна адпомсціла за кватэру. Тая абурана махала рукамі:

— Вы што?

А праз два тыдні галоўнага інжынера схапілі з доказамі злачынства на хабары. На завод прыйшлі рэвізоры, усе змоўклі. Сакратарка — на бальнічным, дырэктар — на абследаванні.

— Вось бачыце, як начаравалі? — сустрэўшы Алу на прахадной, шапнуў начальнік аховы. Ён пры размове пра містыку пераходзіў на шэпт, падобна, баяўся, што яго пачуюць тагасветныя сілы.

— Не выдумляйце, — адмахнулася Ала. — Галоўнага інжынера ўзялі, таму што страх страціў. Ленка часта на бальнічныя сыходзіць, дырэктар вырашыў пазбегнуць кантакту з рэвізорамі. Вось і ўся містыка.

— Не, — не пагадзіўся палкоўнік. — Увесь завод кажа, што гэта здарылася менавіта пасля іголак. Такога супадзення быць не можа.

— Пятровіч, вы ж разумны чалавек, як можаце верыць у гэта? — ужо сур’ёзна абурылася Ала.

Начальнік аховы пакрыўдзіўся:

— Як жа не верыць? Факты ў наяўнасці. Жанчыны начаравалі!

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».